ДУ́МЫ,

ліра-эпічны жанр украінскай нар. паэт. творчасці 15—17 ст. Узніклі ў перыяд разгортвання барацьбы ўкр. народа супраць іншаземных захопнікаў і адыгралі значную ролю ў развіцці яго культуры і л-ры, вуснай творчасці і муз. мастацтва. Ім уласцівы ўстойлівая кампазіцыя, разгорнуты сюжэт, імправізацыйнасць, адсутнасць строф. Выконваліся пераважна прафес. нар. спевакамі — кабзарамі ці бандурыстамі меладычнай дэкламацыяй-рэчытатывам, пад акампанемент кобзы, бандуры. Тэмы, ідэі, вобразы, некат. асаблівасці паэтыкі Д. выкарыстоўвалі К.​Рылееў, Т.​Шаўчэнка, І.​Франко, П.​Тычына і інш.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМЕ́ (Lomé),

горад, сталіца Тога. Адм. ц. Прыморскай вобласці. Каля 500 тыс. ж. (1995). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог у глыб краіны. Гал. порт краіны ў Гвінейскім заліве. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., металургічная, цэм., бавоўнаачышчальная, тэкст., харч., абутковая. Апрацоўка мармуру. Ун-т. Нац. музей. Манумент незалежнасці (1960). Турыстычны цэнтр. Засн. ў 1904 на месцы паселішча народа эве. Да 1-й сусв. вайны адм. ц. германскага ўладання Тога, пазней — адм. ц. Франц. Тога, з 1960 сталіца незалежнай рэспублікі.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КНІ́ГА СТРА́ШНАГА СУДА́»

(«Domesday Book»),

збор матэрыялаў першага пазямельнага перапісу ў сярэдневяковай Англіі, праведзенага Вільгельмам I Заваёўнікам у 1086. Перапіс меў на мэце высветліць матэрыяльныя рэсурсы каралеўства, зафіксаваў юрыд. статус сялянства, уключыў многіх раней свабодных сялян у катэгорыю феад.-залежных — віланаў. Кніга (складаецца з 2 тамоў) — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі сярэдневяковай Англіі (звесткі аб памерах вотчыны, размеркаванні зямлі паміж паплечнікамі Вільгельма I, царквой і інш.). У яе назве адлюстраваліся адносіны англ. народа да перапісу.

т. 8, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУКО́ЎСКІ (Мікалай Ігнатавіч) (н. 16.11.1923, в. Машкова Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1986), праф. (1988). Скончыў БДУ (1950). З 1963 у БДУ. З 1994 у Бел. ун-це культуры. Навук. працы па праблемах філасофіі, тэарэт. эстэтыкі, культуралогіі, станаўлення нац. самасвядомасці, узаемаадносін культуры і суверэнітэту народа.

Тв.:

Логика красоты. Мн., 1965;

Основные эстетические категории: Опыт систематизации. Мн., 1974;

Кибернетика и законы красоты. Мн., 1977;

Homo pulcher — Человек красивый. Мн., 1983.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАНЬЕ́ЛА (Masaniello, скарочанае ад Тамаза Аньела, Tommaso Aniello; чэрв. 1620, г. Пазітана, Італія — 16.7.1647),

правадыр нар. паўстання ў Неапалі ў чэрв. 1647, накіраванага пераважна супраць ісп. панавання; рыбак. Зачэпкай да паўстання паслужыла ўвядзенне падатку на садавіну. Паўстанцы спалілі падатковыя дакументы, аблажылі палац віцэ-караля і абвясцілі М. капітанам народа Неапаля. Да іх далучыліся сяляне, жыхары шэрагу паўд. італьян. гарадоў. Віцэ-кароль пайшоў на перагаворы і адмяніў падатак, адначасова арганізаваў забойства М. Паўстанне было задушана толькі ў крас. 1648.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

штотыднёвая паліт. і літ. газета афіцыёзнага вялікадзярж., шавіністычнага кірунку; неафіц. частка «Минских губернских ведомостей». Выдавалася з 11(24).7 да 25.12.1911(7.1.1912) у Мінску на рус. мове. Падтрымлівала палітыку П.​А.​Сталыпіна, выступала супраць рэв. руху, прапагандавала адзінства царызму і народа, аднак імкнулася стрымліваць чарнасоценны экстрэмізм газ. «Минское слово». Друкавала творы Д.​Бохана (вершы, гіст. аповесць «У мінскім трыбунале», краязнаўчыя нарысы), вершы, эцюды, допісы мясц. аўтараў. Пераўтворана ў газ. «Минские ежедневные ведомости».

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НІНГ ((Menning) Карл) (11.5.1874, г. Тарту, Эстонія — 5.3.1941),

эстонскі рэжысёр; заснавальнік прафес. рэжысуры ў эст. т-ры. У 1883—1901 вучыўся ў Тартускім ун-це. У 1904—06 вывучаў маст. практыку т-раў Парыжа, Вены, Берліна. У 1906—14 узначальваў т-р «Ванемуйне» (Тарту). У 1918—37 на дыпламат. рабоце. Сярод пастановак: «Стаўпы грамадства» (1907), «Вораг народа» (1908) Г.​Ібсена, «Возчык Геншэль» Г.​Гаўптмана (1907), «На дне» М.​Горкага (1909), «Ваўкалак» (1911), «Бог каліты» (1912) Кітцберга.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ РА́ДА»,

вайскова-грамадская і літ. газета. Выдавалася з 25.11(8.12).1917 да 5.2.1918 у Мінску на рус. мове, некаторыя матэрыялы друкавала па-беларуску. Адлюстроўвала нац.-кансалідацыйныя працэсы на Беларусі і за яе межамі, асабліва сярод беларусаў у вайск. фарміраваннях б. царскай Расіі, імкненне бел. народа да нац.-дзярж. самавызначэння з уласным войскам, прапагандавала свабодныя, раўнапраўныя адносіны на падставе федэратыўнага саюзу з інш. народамі сав. Расіі. Пашырала ідэю дзяржаўнасці бел. мовы, падкрэслівала сав.-адраджэнскую ролю нац. інтэлігенцыі.

А.​К.​Каўка.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЙДА,

герой укр. і бел. нар. песень-балад. Увасабляе ўяўленне народа пра мужнасць, адданасць радзіме, рыцарскую годнасць. За адмаўленне ажаніцца з турэцкай царэўнай павешаны за рабро на гак. Помсцячы за ганебнае для рыцара пакаранне, Байда забівае турэцкага цара, царыцу і царэўну.

Прататыпам Байды некаторыя даследчыкі лічаць чаркаскага і канеўскага старосту Дз.​Вішнявецкага, які ў час вайны з туркамі трапіў у палон і быў такім чынам пакараны смерцю. Бел. варыянт балады пра Байду вядомы па кн. А.​Рыпінскага «Беларусь» (Парыж, 1840).

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛАНТЫ́ЧНАЯ ХА́РТЫЯ,

міжнародная прававая дэкларацыя. Падпісана брыт. прэм’ер-міністрам У.​Чэрчылем і прэзідэнтам ЗША Ф.​Рузвельтам на борце ваен. карабля ў Паўн. Атлантыцы. Абвясціла прынцыпы пасляваен. ўладкавання свету: адмова ад тэр. захопаў і выкарыстання ваен. сілы, права кожнага народа выбіраць форму кіравання, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі, падтрыманне агульнай бяспекі і інш. Садзейнічала ўтварэнню антыгітлераўскай кааліцыі. 24.9.1941 да Атлантычнай хартыі далучылася 10 краін, у т. л. СССР. Прынцыпы Атлантычнай хартыі паступова ўведзены ў дэкларацыю 26 дзяржаў, падпісаную 1.1.1942 у Вашынгтоне.

т. 2, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)