тып балот з багатым мінер. жыўленнем пераважна за кошт грунтавых вод. Фарміруюцца пры забалочванні сушы, зарастанні вадаёмаў, у далінах рэк, па берагах азёр, у месцах выхаду крыніц на схілах і інш. Характарызуецца ўвагнутай або плоскай паверхняй, багатым відавым складам раслін (вольха, вярба, бяроза, елка, зялёныя мхі). У раёнах з умераным кліматам гэта лясныя (з бярозай, вольхай), травяныя (з асокамі, трыснягом, рагозам) балоты; травяныя балоты ў дэльтах рэк Дняпро, Дон, Волга, Кубань, Дунай наз.плаўнямі. На Беларусі Н.б. займаюць 82,7% плошчы ўсіх балот. Пашыраны пераважна на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне (гл. таксама Балота).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́НІКС (грэч. onyx першапачаткова ногаць),
мінерал, плоскапаралельная слаістая разнавіднасць агату. У залежнасці ад колеру слаёў адрозніваюць арабскі О. (чорны з белым), сардонікс (буры з белым), карнеол-онікс (чырвоны з белым). Выкарыстоўваўся для вырабу камей. О. мармуровы — горная парода нацёчнага паходжання, складаецца са шчыльнага паўпразрыстага агрэгату зерняў і валокнаў кальцыту або араганіту. Характэрна чаргаванне слаёў з рознай ступенню празрыстасці або афарбаваных у зеленаватыя, ружаватыя, залаціста-карычневыя тоны. Утвараецца з вуглякіслых вод у карставых пячорах, месцах выхадаў тэрмальных крыніц, тэктанічных трэшчынах, а таксама ў выглядзе прапласткаў у вапняках, траверцінах, пясчаніках і туфах. Вырабны і дэкаратыўна-абліцовачны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАМЯНЕ́ННЕ АРГАНІ́ЗМА,
прыроднае або штучнае ўздзеянне выпрамяненняў на жывы арганізм. У натуральных умовах жывыя істоты апраменьваюцца інфрачырвоным (цеплавое апрамяненне), бачным і ультрафіялетавым сонечным святлом, а таксама касм. прамянямі і іанізоўным выпрамяненнем зямнога паходжання (гл.Фон радыеактыўны). Пры штучным апрамяненні арганізма часцей скарыстоўваюць іанізавальныя, ультрафіялетавыя, ультравысокачастотныя выпрамяненні. Адрозніваюць апрамяненне арганізма татальнае (усяго цела) і лакальнае (частковае), вострае (за кароткі прамежак часу) і хранічнае, або пралангаванае (працяглае), аднаразовае і фракцыянаванае (сумарная доза паступае часткамі, з рознымі прамежкамі часу), вонкавае і ўнутранае (ад радыеактыўных рэчываў, што трапілі ў арганізм). Па даных Навук.к-таААН па дзеянні атамнай радыяцыі (НКДАР ААН; 1988) сярэднія дозавыя нагрузкі насельніцтва Зямлі ў пераліку на гадавыя эфектыўныя эквівалентныя дозы апрамянення складаюць у мілізівертах (мЗв): ад натуральных крыніц радыяцыі зямнога паходжання пры ўнутр. апрамяненні 1,325, пры вонкавым 0,35; касмічнага паходжання 0,3 і 0,015 адпаведна; ад крыніц, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне, 0,4; ад радыеактыўных ападкаў 0,02; ад атамнай энергетыкі 0,001. На тэр., што пацярпелі ад буйных радыяц. катастроф (напр., Кыштымская 1957, Расія; Чарнобыльская 1986, і інш.), пасляаварыйныя дозавыя нагрузкі на арганізм значна адрозніваюцца ад сярэдніх. Напр., праз 5 гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы на Гомельшчыне гадавая эфектыўная эквівалентная доза апрамянення складала (мЗв): у Брагіне 2,5, Ветцы 3,1, Буда-Кашалёве 1,3, Карме 2. У «Каталог дозаў апрамянення насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (1992) занесена 3326 нас. пунктаў, дзе шчыльнасць забруджвання цэзіем-137 складала 15—40 Кі/км² і сумарныя гадавыя эквівалентныя дозы да 2—3 мЗв. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖЭ́НАЎ (Васіль Іванавіч) (12.3.1737 ці 1738, с. Дольскае каля Малаяраслаўца, паводле інш.крыніц Масква — 13.8.1799),
рускі архітэктар, тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1758—60, акад. з 1765; віцэ-прэзідэнт з 1799), Парыжскай акадэміі архітэктуры (1760—62), у Італіі (1762—64). Стварыў праект рэканструкцыі Крамля (не ажыццёўлены; палац закладзены ў 1773), рамантычны палацава-паркавы ансамбль у Царыцыне пад Масквой (1775—85), дом Пашкова (1784—86, цяпер будынак Расійскай дзярж. б-кі ў Маскве), Міхайлаўскі замак у Пецярбургу (праект 1792—96) і інш. комплексы, адметныя смеласцю кампазіцыі, разнастайнасцю задум, творчым выкарыстаннем традыцый сусв. класічнай і стараж.-рус. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НЕНКАЎ (Павел Васілевіч) (1.7.1813, паводле інш. звестак 30.6.1812, Масква — 20.3.1887),
рускі крытык, гісторык літаратуры, мемуарыст. Вольны слухач Пецярбургскага ун-та. У «Отечественных записках» і «Современнике» апублікаваў цыкл артыкулаў «Парыжскія пісьмы» (1847—48). Аўтар кн. «Матэрыялы для біяграфіі А.С.Пушкіна» (1853), «Пушкін у Аляксандраўскую эпоху» (1874), складальнік першага пасмяротнага збору твораў А.Пушкіна (т. 1—7; 1855—57). Найб. значную частку спадчыны Аненкава складаюць мемуары, у т. л.кн. «Выдатнае дзесяцігоддзе (1838—1848)» (1880) — адна з асн.крыніц вывучэння літ. думкі і грамадскага руху 1830—40-х г.
Тв.:
Воспоминания и критические очерки 1849—1868. Т. 1—3. Спб., 1877—81;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУ́МЕ ((Blume) Фрыдрых) (5.1.1893, г. Шлюхтэрн, Германія — 22.11.1975),
нямецкі музыказнавец. Праф. ун-таў у Лейпцыгу, Берліне, Кілі. У 1927—29 кіраўнік Ін-та муз. навукі, з 1935 супрацоўнік Дзярж. ін-та ням. музыказнаўства. З 1951 кіраўнік створанай ім міжнар. камісіі па арганізацыі выдання «Міжнародны даведнік музычных крыніц». Асн. працы прысвечаны музыцы 16—18 ст., у т. л. І.С.Баху. Рэдактар выданняў «Спадчына нямецкай музыкі» (1935—43), «Нямецкая музычная культура» (1939—45), поўнага збору твораў М.Прэторыуса (1928—40). Заснавальнік і рэдактар энцыклапедыі «Музыка ў гісторыі і сучаснасці» (т. 1—18, 1949—85). Прэзідэнт Міжнар.т-ва музыказнаўства (1958—62).
Літ.:
Festschrift Fr. Blume zum 70. Geburstag. Kassel etc., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СБА́ДЭН (Wiesbaden),
горад на ЗФРГ, каля падножжа гор Таўнус. Адм. ц. зямлі Гесен. 270,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн (рачны порт у прыгарадзе Шырштайн). Хім., фармацэўтычная, маш.-буд. (у т. л. цяжкае, выраб электратэхн. абсталявання, гідраўлікі, прадметаў дакладнай механікі і оптыкі), цэментная, паліграф.прам-сць. Вытв-сць шампанскіх він. У Вісбадэне знаходзяцца федэральнае стат. ўпраўленне, дзярж.б-ка, гал.дзярж. архіў. Бальнеакліматычны курорт. Вядомасць набыў з сярэдзіны 18 ст. Вызначаецца мяккай зімой і цёплым летам. Каля 30 крыніцмінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб суставаў, органаў дыхання, абмену рэчываў. Санаторыі, шматлікія матэлі і пансіянаты, пітныя галерэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),
вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АА́ЗІС (грэч. oasis ад назвы егіп.г. Аасія),
1) месца ў пустынях і паўпустынях, забяспечанае вадой, з багатай расліннасцю. Адрозніваюць прыродныя аазісы, якія ўтвараюцца на месцы выхаду крыніц, пры высокім узроўні грунтавых водаў, перыядычных разлівах рэк, і штучныя — пры арашэнні з артэзіянскіх калодзежаў, свідравін, арашальных каналаў і рэк. Маюць пл. ад соцень квадратных метраў да дзесяткаў тысяч квадратных кіламетраў. Найб. старажытныя Хатанскі ў Зах. Кітаі, Фаюмскі ў Афрыцы; самыя вялікія — густа населеныя раёны з інтэнсіўным земляробствам (напр., даліна Ніла ў Егіпце, Ферганская даліна ў Сярэдняй Азіі).
2) Свабодны ад лёду ўчастак ў Антарктыдзе (аазіс Бангера, Вікторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНТА́КТАВАЯ КАМУТАЦЫ́ЙНАЯ АПАРАТУ́РА,
электратэхнічныя і электронныя прылады, у якіх камутацыя эл. ланцугоў (замыканне, размыканне, пераключэнне), а таксама пераўтварэнне току або напружання ажыццяўляецца без іх мех. разрыву. У стане «выключана» праз кіравальны элемент (транзістар, магнітны ўзмацняльнік, тырыстар), які ўключаны ў ланцуг паслядоўна з нагрузкай, працякае эл. ток нязначнай сілы з прычыны высокага супраціўлення элемента ў закрытым стане; у стане «ўключана» супраціўленне значна змяншаецца.
Бескантактавая камутацыйная апаратура адрозніваецца высокай надзейнасцю, павышаным хуткадзеяннем. Выкарыстоўваецца ў сістэмах камутацыі і аховы эл. установак (у т. л.крыніц сілкавання), у бескантактавых сістэмах кіравання і рэгулявання і інш., напр., сенсорныя пераключальнікі тэлевізійных каналаў, камутацыйныя блокі электронных АТС, тырыстарныя пераключальнікі электрапрыводаў.