ЛЕВАРУ́КАСЦЬ,

пераважнае карыстанне левай рукой пры выкананні розных дзеянняў. Абумоўлена генетычна дэтэрмінаваным дамінаваннем правага (а не левага, як у праўшы) паўшар’я галаўнога мозга. Выяўляецца ў канцы першага года жыцця. Назіраецца ў 1—7% людзей. Леварукія дзеці ў фіз. і псіхічным развіцці не адстаюць ад праварукіх, насільнае перавыхаванне не рэкамендуецца.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАПО́ЛІЯ (грэч. mētropolis ад mētēr маці + polis горад),

1) у Стараж. Грэцыі горад-дзяржава (поліс) у адносінах да заснаваных ім паселішчаў (калоній) у інш. землях.

2) Ва урбаністыцы — гал. горад, цэнтр паліт., духоўнага і эканам. жыцця краіны; буйная гарадская агламерацыя.

3) Дзяржава, якая мае ўладанні (калоніі, пратэктараты і інш.).

т. 10, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́ЛЬНАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

раздзел медыцыны, які вывучае стан здароўя грамадства. Даследуе ўмовы жыцця, вытв. адносіны, заканамернасці развіцця народанасельніцтва, дэмаграфічныя працэсы, а таксама неспрыяльны ўплыў сац. фактараў і ўмоў на здароўе насельніцтва. Выпрацоўвае навукова абгрунтаваныя рэкамендацыі па прадухіленні шкодных для здароўя насельніцтва сац. умоў. Гл. таксама Сацыяльныя хваробы.

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЫ́Н,

паэт-імправізатар і пясняр, майстар вусна-паэт. творчасці ў казахаў, кіргізаў і некат. інш. народаў. Імправізуе ў форме песеннага рэчытатыву пад акампанемент домбры. Мастацтва імправізацыі патрабуе высокай прафес. падрыхтоўкі, ведання нар. жыцця, нар. творчасці і мовы, чым вылучаліся многія непісьменныя акыны. Шырокае прызнанне акыны звычайна набывалі пасля айтысаў — песенных спаборніцтваў.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЙРЫ,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі тры багіні лёсу, дочкі Зеўса і Феміды. Першая з іх — Клота прадзе нітку чалавечага жыцця, другая — Лахесіс вызначае лёс, трэцяя — Атропас (Немінучая) у вызначаны момант няўхільна абразае нітку, што азначае смерць чалавека. М. былі няўмольныя і непадуладныя нават багам. У стараж.-рым. міфалогіі ім адпавядалі Паркі.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі бог, родапачынальнік жыцця. Увасабляў адзінства старажытнаслав. роду і дух продкаў, шанаваўся як апякун сям’і і дома. Узгадваўся ўслед за гал. язычніцкімі багамі разам з жаночымі божаствамі — рожаніцамі, якія вызначалі працяг роду і долю нованароджаных. Р. і рожаніцам прыносілі ахвяры ежай (кашамі, хлебам, сырамі) і пітвом (мёдам).

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛЯ́Д,

1) сціслае абагульненае паведамленне (у друку, на радыё і тэлебачанні) пра падзеі, што адбыліся за пэўны прамежак часу ў грамадскім жыцці, навуцы, тэхніцы, мастацтве, л-ры (агляд міжнар. падзей, навуковы, тэатральны, літаратурны).

2) Від паказу, у якім сродкамі тэатра (кіно, радыё, тэлебачання, эстрады) падаюцца падзеі, з’явы, факты жыцця. Складаецца з асобных сцэн, эстрадных, харэагр., муз., вак. нумароў, аб’яднаных агульным сюжэтам. Узнік у 1830-я г. ў Францыі, меў надзённы характар. З канца 19 ст. ператварыўся ў пацешлівыя відовішчы (рэвю, мюзік-хол). У бел. нар. тэатры своеасаблівай формай агляду былі ігрышчы, выступленні скамарохаў, школьнага тэатра, батлейкі, у якіх дэманстраваліся бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. У 1920—30-я г. форму агляду мелі агітац.-маст. паказы на актуальныя паліт. ці вытворча-быт. тэмы. Выкарыстоўваецца ў сучасных тэатрах сатыры і мініяцюр.

3) Форма паказу дасягненняў прафес. ці самадзейнага мастацтва — выстаўка, дэкада, конкурс, паказ, свята, фестываль і інш.

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕ́НА АСАБІ́СТАЯ,

раздзел гігіены, які вывучае ўплыў умоў і ладу жыцця на здароўе чалавека і распрацоўвае рэкамендацыі па захоўванні і ўмацаванні здароўя, прадухіленні заўчаснага старэння. Як стэрэатып паводзін чалавека, накіраваны на захоўванне здароўя, зарадзілася ў старажытнасці, калі людзі на вопыце пераканаліся ў неабходнасці ўдасканальвання свайго розуму і цела. Асн. элементы гігіены асабістай: догляд цела, рацыянальныя праца і харчаванне, правільна арганізаваны адпачынак, адэкватнае фізіял. і сац. патрэбнасцям размяшчэнне, наяўнасць сац.-псіхал. сумяшчальнасці з навакольнай рэчаіснасцю, выключэннем шкодных для здароўя звычак (выкарыстання наркотыкаў, таксічных рэчываў, алкаголю, нікаціну). Асаблівае значэнне ў гігіене асабістай маюць рацыянальнае харчаванне (правільнае размеркаванне спажывання ежы на працягу сутак і ее паўнацэннасць па наборы пажыўных рэчываў), прытрымліванне гігіены палавога жыцця і інш. У барацьбе са шкоднымі звычкамі найб. эфектыўнае павышэнне агульнай культуры насельніцтва і ўнутр. культуры кожнага чалавека.

Літ.:

Задачи по достижению здоровья для всех // Здоровье для всех. 1993. Вып. 4.

Х.​Х.​Лавінскі.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕР’Я́ДРЫ ў фізіцы,

ядрападобныя сістэмы, якія складаюцца з нуклонаў (пратонаў і нейтронаў) і аднаго або некалькіх гіперонаў (Λ, Σ і інш.). Утвараюцца пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з нуклонамі ядраў або пры захопе ядром павольнага K​−-мезона; выяўляюцца па прадуктах распаду. Вывучэнне ўласцівасцей гіпер’ядраў з’яўляецца адным з найб. важных кірункаў ядз. фізікі, дазваляе высветліць сувязі паміж фундаментальнымі барыён-барыённымі ўзаемадзеяннямі і ядз. структурай.

Λ-гіпер’ядры адкрыты эксперыментальна ў 1953 польскімі вучонымі М.​Данышам і Е.​Пнеўскім; у 1963 выяўлены гіпер’ядры з двума Λ-гіперонамі (падвойныя гіпер’ядры), у 1979 — Σ-гіпер’ядры. Большасць уласцівасцей гіпер’ядраў эксперыментальна вызначана пры ўзаемадзеянні K​−-мезонаў з ядром: гіпер’ядры маюць ненулявую дзіўнасць; іх структура вызначаецца моцным узаемадзеяннем нуклонаў і гіперонаў, час жыцця гіпер’ядраў — часам жыцця гіперона; большасць гіпер’ядраў могуць знаходзіцца ў некалькіх станах (асн. і ўзбуджаным) з пэўнымі значэннямі поўнага вуглавога моманту і цотнасці.

А.​В.​Берастаў.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Елісеевіч) (4.6.1909, г. Харкаў, Украіна — 16.9.1994),

украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1929. Першая кніга — зб-к нарысаў «Днепрэльстан» (1932). Аўтар аповесці, пабудаванай на матэрыяле жыцця Т.​Шаўчэнкі, «Сэрца чакае» (1939; перапрацаваны варыянт — п’еса «Пецярбургская восень», 1941, паст. 1954). Героіку Вял. Айч. вайны адлюстраваў у кн. апавяданняў і нарысаў «Байцы з нашых мясцін» (1941), «Горны пейзаж» (1942), «Крываўнік» (1946). У лірыка-гумарыстычным рамане «Казацкаму роду няма зводу, ці Мамай і Агонь-Маладзіца» (кн. 1—2, 1958) адлюстраваў гіст. падзеі на Украіне ў 2-й пал. 17 ст., у бурлескным стылі стварыў вобраз героя-запарожца, які ўвасабляе ідэю бессмяротнасці нац. духу, імкненне ўкраінскага народа да свабоды. Творы І. прасякнуты багатым укр. фальклорам. Зб. аповесцей, нарысаў і замалёвак «Аснова, або Хто там стукае ў дзверы? Пастскрыптум жыцця публіцыста» (1984) — філас. роздум пра жыццё, літ. творчасць, культуру.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1989.

В.​А.​Чабаненка.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)