СО́ШНА,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пінск — Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 23 км на ПнУ ад г. Пінск, 198 км ад Брэста, 4 км ад чыг. ст. Парахонск. 750 ж., 272 двары (2001). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква св. Вольгі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі 2 паселішчы эпохі мезаліту, бронзавага веку і пазнейшай пары.

т. 15, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙМАР, Ваймар (Weimar),

горад у ФРГ, у зямлі Цюрынгія. Размешчаны ў Цюрынгенскай катлавіне на р. Ін. 60 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Развіта камбайнабудаванне і выраб дакладных вымяральных прылад. Паліграф. прам-сць. У Веймары мемар. музеі: Нац. музей Гётэ, Паркавы дом Гётэ, Дом Шылера, Дом Ліста, а таксама Музей ням. л-ры, архіў Гётэ і Шылера, Ням. нац. т-р (1906—08), Вышэйшая школа архітэктуры і буд-ва (1904—07, арх. Х.К. ван дэ Велдэ). Каля Веймара — мемар. комплекс Бухенвальд. Турызм.

Упершыню ўпамінаецца ў 975. З 1254 горад. У 1573—1918 сталіца герцагства (з 1815 — Вял. герцагства) Саксен-Веймар-Айзенах. У 18—19 ст. адзін з асн. маст. і культ. цэнтраў Германіі. У Веймары працавалі І.​С.​Бах, І.​Г.​Гердэр, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, Ф.​Ліст. У 1919 у Веймары прынята рэсп. канстытуцыя Германіі (гл. ў арт. Веймарская рэспубліка). Аблічча Веймара вызначаюць маляўнічыя паркі (найбольшы — парк Гётэ) і арх. помнікі 16—18 ст.: Дом Кранаха (каля 1526), Герцагскі палац (цяпер музей; перабудаваны ў 1790—1803 у стылі класіцызму), палац Бельведэр (1726—32) і інш.

Да арт. Веймар. Герцагскі палац (перабудаваны ў 1790—1803, цяпер музей з мастацкім зборам).
Веймар. Старажытная плошча ў цэнтры горада.

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІСЛАВО́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 ст. на ўскраіне Гродна ў яго б. прыгарадзе Станіславова. Сфарміравана ў 1760—70-я г. паводле праекта арх. Дж. Сака. Была загараднай рэзідэнцыяй караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ансамбль уключаў сядзібны дом, 2 флігелі, гасп. пабудовы, парк. У планіроўцы ансамбля захаваліся элементы рэгулярнасці. Цэнтр. месца займаў сядзібны дом, размешчаны на вяршыні пакатага схілу. Дом — 1-павярховы (2-і паверх надбудаваны пазней) прамавугольны ў плане мураваны будынак з 2-павярховай цэнтр. ч., вылучанай на дваровым фасадзе паўкруглым эркерам з манаграмай караля на атыку, а на галоўным — рызалітам з атыкавым завяршэннем і шырокай тэрасай. У дэкоры выкарыстаны вязкі пілястраў, раскрапаваныя карнізы, філёнгі, лепка. Прамавугольныя і арачныя аконныя праёмы аздоблены лучковымі трохвугольнымі франтонамі, гірляндамі і інш. У вестыбюлі захаваліся 2 печы ў стылі неаготыкі, абліцаваныя паліванымі керамічнымі пліткамі (канец 19 ст.). Ніжэй за палац сіметрычна размешчаны 2 бакавыя флігелі, якія ўтвараюць парадны курданёр, абнесены з боку ўезда невысокай цаглянай агароджай з брамай. Флігелі — 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі з высокімі вальмавымі чарапічнымі дахамі. За зах. флігелем размешчаны гасп. пабудовы. За домам размяшчаўся парк рэгулярнага тыпу з радыяльна-прамянёвай схемай планіроўкі.

А.​М.​Кулагін.

Станіславоўская сядзіба. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Станіславоўская сядзіба. Сядзібны дом.

т. 15, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ТРЫКАТА́ЖНАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1962 у Мінску на базе камбіната мясц. прам-сці. У 1967—71 пабудавана нанава. З 1974 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. трыкат. аб’яднання «Прагрэс». У 1986—91 Рэсп. Дом мадэлей. З 1991 Мінская прамысл.-гандл. трыкат. фірма «Алеся». Асн. прадукцыя (1999): верхні трыкатаж з паўшарсцяной, сінт. і штучнай пражы (жаночыя, спарт., дзіцячыя касцюмы, жаночыя і мужчынскія жакеты, джэмперы, світэры і інш.). У складзе прадпрыемства фірменныя магазін «Мара», салон-магазін «Талісман», гандл. дом «Кросны».

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНУ́ШКАВІЧЫ,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад Лагойска, 58 км ад Мінска, на аўтадарозе Вілейка—Лагойск. 528 ж., 190 двароў (2003). Дом адпачынку «Лагойскі», пансіянат «Рудня». Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі: землякам, партызанам, у гонар Лагойскага падп. райкома КП(б)Б і Лагойскай партызанскай брыгады «Бальшавік».

т. 18, кн. 1, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НКА,

адна з назваў ракі Нарач.

Да арт. Курортны пасёлак Нарач. Дом адпачынку «Нарач».

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЕ́ЛІУС (Markelius) Свен Готфрыд (25.10.1889, Стакгольм — 27.2.1972),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і АМ у Стакгольме (1910-я г.). У 1944—54 гал. архітэктар Стакгольма. Для пабудоў М. ў Швецыі характэрны пошукі форм нац. архітэктуры на аснове прынцыпаў функцыяналізму: канцэртная зала ў Хельсінгбаргу (1932), дом з камунальным абслугоўваннем жыльцоў у Стакгольме (1935), Нар. дом у Лінчэпінгу (1954). Аўтар генплана Стакгольма, у аснове якога ляжыць прынцып паўаўтаномных гар. раёнаў, падзеленых зялёнымі зонамі; швед. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1939).

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКАЯ СЯДЗІ́БА «АЛЬБЯРЦІ́Н»,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга класіцызму ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Створана ў 1-й пал. 19 ст. ў б. прамысл. прыгарадзе Альбярцін (цяпер у межах горада) на заказ прамыслоўца В.​Пуслоўскага. У комплекс уваходзілі: сядзібны дом, флігель, гасп. пабудовы (стайня, млын і інш.), пейзажны парк і лесапарк з воз. Альбярцінскім, створаным запрудай і млыном на р. Іса. Побач з сядзібай размяшчаліся суконная і папяровая ф-кі ўладальніка. Сядзібны дом (пабудаваны на месцы старой карчмы) — 2-павярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак з асім. аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. На гал. фасадзе ў цэнтры 2-калонны іанічны порцік з антамі, завершаны трохвугольным франтонам, і бакавы рызаліт. У афармленні ўвахода выкарыстаны фігурныя скульптуры львоў. З гасп. пабудоў захавалася стайня (пач. 20 ст., мадэрн) — неатынкаваны мураваны будынак з арнаментальнай муроўкай. У цэнтры гал. фасада арачны партал у выглядзе падковы, ляпная маска каня.

А.​М.​Кулагін.

Слонімская сядзіба «Альбяруцін». Сядзібны дом. З малюнка 19 ст.

т. 15, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЧА,

1) дом у загараднай мясцовасці для летняга адпачынку гараджан.

2) Участак зямлі пад лесам, лясная дзялянка.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВІЧПО́ЛЬСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры стылю мадэрн з элементамі неаготыкі. Створана ў пач. 20 ст. ў в. Галавічполе (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.). Сядзібны дом (1909) — Г-падобны ў плане мураваны будынак. Складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць 1- і 2-павярховыя аб’ёмы, высокія стрэхі з фігурнымі люкарнамі, спічастымі фіяламі і шчытамі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкар. вырашэнне фасадаў заснавана на спалучэнні чырв. колеру цаглянай муроўкі з атынкаванымі ліштвамі, карнізамі і рустоўкай. Дом размешчаны ў пейзажным парку (пл. 18 га; захаваўся фрагментарна).

А.​М.​Кулагін.

Галавічпольская сядзіба.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)