ГАЗНЕВІ́ДЫ,

дынастыя цюркскага паходжання, якая правіла ў 10—12 ст. у Газневідскай дзяржаве на Сярэднім Усходзе (на тэр. Індыі і сучаснага Афганістана). Засн. ў 962 саманідскім палкаводцам Алп-Тэгінам. Найб. магутнасці дзяржава Газневідаў дасягнула ў часы Себук-Тэгіна [977—997], які ўвёў спадчыннасць улады, павялічыў дзяржаву за кошт Пешавара на Пд і Харасана на Пн, і яго сына Махмуда [998—1030]. Махмуд пашырыў тэр. дзяржавы ад Ірана і Каспійскага м. да р. Ганг і ад Аральскага м. да Раджпутаны, пры ім значнага росквіту дасягнулі навука і культура. Пры Масудзе I [1030—41] пачаўся распад дзяржавы Газневідаў. У канцы 1180-х г. Газневіды ліквідаваны Гурыдамі.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + мілітарызацыя),

у міжнародным праве ліквідацыя на падставе дагавора ваен. умацаванняў і збудаванняў на пэўнай тэрыторыі, а таксама забарона ўтрымліваць на ёй ваен. базы і ўзбр. сілы або іх абмежаванне. Адрозніваюць поўную (Антарктыка, Аландскі архіпелаг, Шпіцберген, нябесныя целы, у т. л. Месяц) і частковую Д. (напр., стварэнне бяз’ядзерных зон). Д. таксама ўстанаўліваецца з мэтай гарантавання бяспекі дзяржавы-пераможцы з боку пераможанай дзяржавы: напр. Д. Германіі пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і пасля 2-й сусв. вайны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945, Д. Японіі паводле Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЕМ-БО́РНУ,

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы ў 9 — канцы 19 ст. Першапачаткова ўключала вобл. Канем (на ПнУ ад воз. Чад), у 14 ст. цэнтр дзяржавы перамясціўся ў вобл. Борну (на З ад воз. Чад). Дзярж. лад — манархія, пануючая рэлігія — іслам, аснова эканомікі — сельская гаспадарка, заснаваная на працы залежных сялян і надзеленых зямлёй рабоў. Найб. росквіт у 13 і 16—17 ст. У канцы 19 ст. тэр. К.-Б. ўваходзіла ў склад Рабаха дзяржавы, у пач. 20 ст. — у калан. ўладанні Вялікабрытаніі (асн. частка), Германіі і Францыі; цяпер у складзе дзяржаў Нігерыя, Чад, Камерун.

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ННІКІ,

у Стараж. Грэцыі (Афіны, Фесалія і інш. гарады-дзяржавы) і Стараж. Рыме прывілеяванае саслоўе (другое пасля зямельнай арыстакратыі — набілітэту). У грэч. дзяржавах К. з’яўляліся ў войска на ўласным кані (адсюль назва) і з уласным узбраеннем. У Рыме да 4 ст. да н. э. К. — вайск. група (на ўтрыманне каня яны атрымлівалі дапамогу ад дзяржавы), пазней — асобае саслоўе, аснову багацця якога складала валоданне грашамі і рухомай маёмасцю. Сапернічалі з набілітэтам за права кіраваць паліт. жыццём. Займалі камандныя пасады ў войску, кіруючыя пасады ў Рыме і правінцыях. Як самаст. саслоўе існавалі да 4 ст. н. э.

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБАТЭ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава араб. племя набатэяў у канцы 3 ст. да н.э. — пач. 2 ст. н.э. на тэр. сучаснай Іарданіі. Першы гістарычна вядомы кіраўнік дзяржавы — Харытат I [169 да н.э. — ?]. Пры Харытаце III [87—62 да н.э.] падпарадкавала Дамаск. З сярэдзіны 1 ст. да н.э. ў васальнай залежнасці ад Рым. дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула пры Харытаце IV [9—40 н.э.]. У 106 н.э. заваявана рым. імператарам Траянам, які стварыў на тэр. Н.дз. рымскую прав. Аравія. Захаваліся рэшткі сталіцы Н.дз. — г. Петра — унікальнага комплексу храмаў, дамоў, тэатраў і інш. будынкаў, высечаных у скалах.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСО́НА НОН ГРА́ТА (лац. persona non grata непажаданая асоба) у дыпламатычнай практыцы, асоба, якой адмоўлена ў агрэмане, таксама дыпламат. прадстаўнік або іншы дыпламат, знаходжанне якога дзяржава аб’явіла непажаданым. Абвяшчэнне П.н.г. — заява дзяржавы пра тое, што далейшае знаходжанне дыпламата, членаў яго сям’і або іншага супрацоўніка дыпламат. прадстаўніцтва на яе тэрыторыі з’яўляецца непажаданым. Прававым вынікам такой заявы з’яўляецца ўзнікненне ў прадстаўляючай дзяржавы абавязку адклікаць адпаведную асобу ў тэрмін, пазначаны ў заяве, пры нявызначаным тэрміне — на працягу прымальнага часу. Калі дыпламат. асоба не пакідае краіну, мясц. ўлады могуць абвясціць дыпламата прыватнай асобай з вынікаючымі наступствамі.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ГУ ((Pigou) Артур Сесіл) (18.11.1877, г. Райд, Вялікабрытанія — 7.3.1959),

англійскі эканаміст, прадстаўнік кембрыджскай школы паліт. эканоміі. Скончыў Кембрыджскі ун-т. У 1908—43 кіраваў у ім кафедрай. З 1918 чл. валютнага К-та, у 1919 чл. каралеўскай камісіі па падаходных падатках, у 1924—25 чл. кабінета міністраў па пытаннях грашовага абарачэння. Даследаваў праблемы тарыфнай палітыкі, цыклічных ваганняў у прам-сці, занятасці, дзярж. фінансаў («Прамысловыя ваганні», 1929; «Даследаванне грамадскіх фінансаў», 3-е выд. 1947), распрацоўваў канцэпцыю «эканомікі дабрабыту». У кн. «Эканоміка дабрабыту» (1920) выклаў пачаткі тэорыі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, адно з палажэнняў якой — неабходнасць умяшання дзяржавы ў эканам. жыццё.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕРВА́ЦЫІ, рэзерваты,

спецыяльныя тэрыторыі ў краінах масавай еўрап. эміграцыі (ЗША́, Канада, Паўд. Афрыка, Аўстралія), якія былі замацаваны ўрадамі гэтых краін за карэнным насельніцтвам. Стварэнне Р. адбывалася пераважна прымусова, шляхам гвалтоўнага перасялення ў іх абарыгенаў, якія былі пастаўлены пад жорсткі кантроль дзяржавы і пазбаўлены грамадз. правоў. З 1930-х г. індзейцы Р. ЗША і Канады атрымалі правы грамадзянства, пашырана іх самакіраванне. Абарыгены Аўстраліі атрымалі падобныя правы ў 1960-я г. Улады Паўд.-Афр. Рэспублікі імкнуліся ператварыць Р. карэнных афрыканцаў у т.зв. «незалежныя дзяржавы» (гл. Бантустаны), але пасля скасавання апартэіду ў пач 1990-х г. усе яны ліквідаваны.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПРЭСА́ЛІІ (позналац. repressaliae ад reprehendere стрымліваць, спыняць),

правамерныя прымусовыя дзеянні дзяржавы, накіраваныя на аднаўленне сваіх правоў, парушаных інш. дзяржавай, без пагрозы і ўжывання сілы. Міжнар. права забараняе Р., якія спалучаны з выкарыстаннем сілы (узброеныя Р.). Важная ўмова правамернасці Р. — абавязак дзяржаў, што маюць намер звярнуцца да Р., выкарыстаць мірную працэдуру спагнання шкоды, нанесенай правапарушэннем. Адмова дзяржавы-правапарушальніцы ад такой працэдуры або ад выканання рашэння, прынятага з прычыны выкарыстання гэтай працэдуры, адкрывае правамерную магчымасць для звароту да Р. Меры, што выкарыстоўваюцца ў якасці Р., павінны быць прапарцыянальныя правапарушэнню, якое іх выклікала, і спыняюцца з моманту аднаўлення становішча, якое яму папярэднічала.

т. 14, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАЯ ЧЫРВО́НАЯ А́РМІЯ (РСЧА, Чырвоная Армія),

афіцыйная назва ўзбр. сіл Сав. дзяржавы (акрамя ВМФ), устаноўленая СНК РСФСР 15(28).1.1918. У 1946—91 наз. Савецкая Армія.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)