БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НАЧНАЯ ГРАМАДА́ ў Маскве,

грамадска-паліт. і прафес. арг-цыя бел. чыгуначнікаў — бежанцаў 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1918, зарэгістравана Беларускім нацыянальным камісарыятам 25.5.1918. Асн. задачы: нац.-культ. адраджэнне Беларусі, развіццё прам-сці, гандлю, асветы; беларусізацыя чыгункі, удасканаленне і развіццё чыг. сеткі і інш. шляхоў зносін на Беларусі. Паліт. платформа: федэрацыя дэмакр. Беларусі з Сав. Расіяй, роўнасць усіх нацый і рэлігій, роўнае выбарчае права, выбарнасць судовай адміністрацыі, права на арганізацыю нар. міліцыі, кантроль дзяржавы над вытв-сцю, свабода забастовак, 8-гадзінны працоўны дзень, аддзяленне царквы ад дзяржавы, адкрыццё на Беларусі сваіх ВНУ; увядзенне бел. мовы ў справаводства органаў мясц. самакіравання, судоў і навуч. устаноў.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВАЯ ПЛО́ШЧА,

рынак, адна з галоўных плошчаў стараж. гарадоў і мястэчкаў, дзе праходзілі таргі і кірмашы. На Беларусі ўзніклі ў эпоху Кіеўскай Русі з развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю. Звычайна размяшчаліся ў гіст. цэнтры горада, часам каля рэк (дзе былі прыстані), прылягалі да замкаў. Гандлёвая плошча была кампазіцыйным цэнтрам сялібнай тэр. гарадоў і мястэчкаў. Мела прамавугольны, радзей трохвугольны шматгранны план, ад яе ў радыяльных напрамках адыходзілі вуліцы, што вялі да гар. брам. У цэнтры плошчы гарадоў размяшчаліся ратушы (нярэдка аб’яднаныя з гандлёвымі радамі), гасціныя двары, у мястэчках — крамы. Перыферыйныя часткі займалі культавыя будынкі, корчмы і аўстэрыі, важніцы, каморы, жылыя дамы рамеснікаў і гандляроў.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНЕ́ЕЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (6.8.1896, в. Шыпічоўшчына Кацельніцкага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 12.10.1941),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. З 1915 на Зах. фронце. Удзельнік грамадз. вайны. Вучыўся ў прамысл. акадэміі ў Маскве. 3 кастр. 1937 старшыня выканкома Мінскага гарсавета, са жн. 1938 нарком гандлю БССР, з сак. 1939 нам. старшыні СНК БССР, з сак. 1941 3-і сакратар ЦК КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 брыгадны камісар, чл. ваен. савета 19-й арміі Зах. фронту. Загінуў у баі. Чл. ЦК КП(б)Б з 1940, чл. Бюро ЦК КП(б)Б з сак. 1941. Чл. ЦВК СССР у 1927—29. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ (Іван Антонавіч) (1894, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. У 1917—18 старшыня валвыканкома, нам. камісара, камісар па харчаванні Віленскай губ. З 1919 нам. наркома харчавання Літ.-Бел. ССР, кіраўнік харч. забеспячэння Паўд.-Зах. фронту, губхарчкамісар у Екацярынаславе, чл. РВС Харкаўскай ваен. акругі, кіраўнік падатковага ўпраўлення Наркамфіна СССР. У 1925 нарком унутр. гандлю, у 1926 нарком фінансаў БССР. У 1927—30 2-і сакратар, чл. Бюро ЦК КП(б)Б. З 1930 у органах Наркамзема СССР. Чл. ЦВК СССР у 1925—30. З 1932 кіраўнік зямельнага ўпраўлення Далёкаўсх. краю, старшыня Амурскага аблвыканкома, заг. сельгасаддзела Далёкаўсх. крайкома ВКП(б). У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.

І.А.Васілевіч.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РДЗЕНЬ (? — 1267),

полацкі і нальшчанскі князь. З дапамогай Войшалка ў 1264 стаў полацкім князем. 23.12.1264 ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў заключыў мірны дагавор з Рыгай і Готландам, які вызначаў правілы гандлю з імі і паводле якога Гердзень адмаўляўся ад Латгаліі і зямель, аддадзеных яго папярэднікам кн. Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за што ордэн абавязаўся не нападаць на Полацкую зямлю. Каб не дапусціць саюзу Полацка з Псковам, Войшалк аддаў Гердзеню заваяваную ім Нальшчанскую зямлю, адкуль прагнаў кн. Даўмонта, які потым з Пскова ў 1266—67 тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У апошнім баі Гердзень загінуў.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́НКІ ((Gronchi) Джавані) (10.9.1887, г. Пантэдэра, Італія — 17.10.1978),

палітычны і дзярж. дзеяч Італіі. Адзін з заснавальнікаў каталіцкай італьян. Нар. партыі (1919—23). Дэп. парламента (з 1919). У 1922—23 сакратар мін-ва прам-сці і гандлю ў 1-м кабінеце Б.Мусаліні. У 1924 — 25 чл. Авенцінскага блока апазіц. антыфаш. партый. У пач. 1925 пазбаўлены дэпутацтва фаш. ўладамі, адышоў ад палітыкі. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення, прадстаўнік Хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП) у Камітэце нац. вызвалення (1943—44). Пасля вайны лідэр левага крыла ХДП. У 1944—46 міністр прам-сці. Чл. (1946—55) і старшыня (1948—55) палаты дэпутатаў. У 1955—62 прэзідэнт Італіі, пасля — пажыццёвы сенатар.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ РАМЕ́СНІКА,

тып жылога дома.

Буд-ва Д.р. пашырылася з 2-й пал. 12 ст. ў Еўропе з ростам рамяства і гандлю. У Беларусі вядомы з сярэдневякоўя да пач. 20 ст. Складаўся з жылой (звычайна размяшчалася з боку двара) і службовай (арыентавана на вуліцу) частак, падзеленых капітальнай сцяной. меў ад 3 да 6 пакояў, будаваўся пераважна з дрэва. З 2-й пал. 18 ст. пашырыліся Д.р. мяшанай канструкцыі: зруб спалучаўся з мураванай сцяной фасада (гл. Нясвіжскі *дом на рынку»). Арх.-маст. афармленне канцэнтравалася на гал. фасадзе (драўляныя будынкі аздаблялі дэкар. разьбой, мураваныя мелі элементы стыляў барока і класіцызму). Д.р. групаваліся вакол гандлёвых плошчаў ці на прылеглых да іх вуліцах.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́СЫ ТАВА́РНЫЯ,

рэзервы гатовай да рэалізацыі (спажывання) прадукцыі, якая знаходзіцца ў сферы абарачэння, а таксама ў адпаведных запасах, што ствараюцца для бесперапыннага функцыянавання нар. гаспадаркі і насельніцтва на выпадак надзвычайных абставін (аварый, стыхійных бедстваў). Іх мэтай з’яўляецца своечасовасць і бесперапыннасць забеспячэння спажыўцоў (пакупнікоў) вызначаным відам прадукцыі і задавальненне спажывецкага попыту, выкананне дагаворных абавязкаў. З.т. ствараюцца ў аптовых і рознічных установах гандлю, у вытворца і спажыўца. Запасы сыравіны, матэрыялаў, топліва паліва*, некаторых відаў машын і абсталявання, харчовых і інш. тавараў, прызначаных на выпадак надзвычайных абставін, часта называюць дзяржаўнымі рэзервамі. З.т. не павінны быць залішнімі, бо пры гэтым павялічваюцца выдаткі вытворчасці і абарачэння. Гл. таксама Запасы вытворчыя. У.​Р.​Залатагораў.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАВА́ЛАЎ (Дзмітрый Пятровіч) (22.3.1856, с. Іванаўцы Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 6.1.1929),

расійскі хімік. Акад. АН СССР (1923, чл.-кар. 1921). Скончыў Пецярб. горны ін-т (1878). У 1882—1907 у Пецярб. ун-це (з 1886 праф.). У 1908—15 нам. міністра гандлю і прам-сці, з 1922 прэзідэнт Гал. палаты мер і вагі, адначасова праф. Петраградскага тэхнал. ін-та. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы і кінетыцы. Адкрыў Канавалава законы. Увёў паняцце актыўнай паверхні каталізатара, якое мае важнае значэнне ў тэорыі гетэрагеннага каталізу (1885), сфармуляваў уяўленне аб аўтакаталізе. Прэзідэнт Рус. фіз.-хім. т-ва (1923—24, 1927—28).

Літ.:

Соловьев Ю.И., Кипнис АЯ. Д.​П.​Коновалов, 1856—1929. М., 1964.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ МАРСКА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ (International Maritime Organization; IMO),

спецыялізаваная ўстанова AAH, міжнар. міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1959 як Міжурадавая марская кансультатыўная арг-цыя (да 1982) у мэтах садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву ў галіне марскіх перавозак і марскому гандлю. Мэты ІМО: служыць апаратам для супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй паміж урадамі па тэхн. пытаннях, якія адносяцца да міжнар. гандл. суднаходства; садзейнічаць адмене дыскрымінацыйных дзеянняў і залішніх абмежаванняў урадаў, закранаючых міжнар. гандл. суднаходства, а таксама прыняцце норм па забеспячэнні бяспекі на моры і папярэджанні забруджвання мора з суднаў. Вышэйшы орган ІМО — Асамблея, якая склікаецца раз у 2 гады. Паміж сесіямі Асамблеі работай ІМО кіруе Савет. Штаб-кватэра ІМО размешчана ў Лондане (Вялікабрытанія).

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)