КЛЕЙСТ, Кляйст (Kleist) Эвальд фон (8.8.1881, г. Браўнфельс-на-Лане, Германія — кастр. 1954), германскі военачальнік, адзін з нацысцкіх ваен. злачынцаў. Ген.-фельдмаршал (1943). З таго ж дваранскага роду (вядомы з 13 ст.), што і Г. фон Кляйст. Скончыў ваен. акадэмію (1913). У арміі з 1900, у 1-ю сусв. вайну на штабных, потым камандзірскіх пасадах у кавалерыі. У 2-ю сусв. вайну камандаваў танк. корпусам, танк. групай у час агрэсіі супраць Польшчы (1939), Францыі (1940) і на Балк. (1941), 1-й танк. арміяй на паўд. участку сав.-герм. фронту, з 1942 групай армій «А» на Паўн. Каўказе і Паўд. Украіне. У 1944 за паражэнні ням.-фаш. войск у Крыме, на Паўд. Бугу і нязгоду з ваен. стратэгіяй А.Гітлера звольнены ў адстаўку. У канцы вайны трапіў у палон да брыт. войск. Як ваен. злачынец у 1946 перададзены ў Югаславію, у 1948 — у СССР. Асуджаны сав.ваен. трыбуналам, памёр у лагеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІЛІЗА́ЦЫЯ (франц. mobilisation ад лац. mobilis рухомы),
комплекс мерапрыемстваў па пераводу на ваен. становішча ўзбр. сіл, эканомікі і дзярж. ін-таў краіны (агульная М.) або якой-н. іх часткі (частковая М.). Можа праводзіцца адкрытым або скрытым спосабам. Абвяшчэнне М. — кампетэнцыя вышэйшых органаў дзярж. улады; у Рэспубліцы Беларусь — Прэзідэнта з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. М. стала практыкавацца са стварэннем масавых армій, якія камплектуюцца на аснове ўсеаг. воінскай павіннасці (канец 18—19 ст.). У Расіі тэрмін «М.» стаў афіцыйна ўжывацца з 1870. М. ўзбр. сіл заключаецца ў іх пераводзе (разгортванні) на арганізацыю і састаў ваен. часу. Фактарамі паспяховага правядзення М. ўзбр. сіл з’яўляюцца: наяўнасць і падрыхтаванасць людскіх рэсурсаў для камплектавання разгортваемых вайск. фарміраванняў; назапашванне ў мірны час неабходных запасаў узбраення, ваен. тэхнікі і інш. матэрыяльных сродкаў; добра пастаўлены ўлік, апавяшчэнне і збор ваеннаабавязаных. М. эканомікі ўключае разгортванне ваен. вытв-сці, перабудову нар. гаспадаркі і навукі на патрэбы ваен. часу і забеспячэнне жывучасці і ўстойлівасці гасп. механізму краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРАЦКО́Ў (Кірыла Афанасьевіч) (7.6.1897, в. Назар’ева Зарайскага р-на Маскоўскай вобл. — 30.12.1968),
савецкі ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1944), Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1921), курсы ўдасканалення вышэйшага каманднага саставу (1928). У Чырв. Арміі з 1918. Пасля грамадз. вайны ў войсках і штабах Маскоўскай ваен. акругі і БВА. Удзельнік (1936—37) вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1937 нам.нач. Генштаба, з 1938 каманд. войскамі Прыволжскай, потым Ленінградскай ваен. акруг. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З 1940 нач. Генштаба, са студз. 1941 нам. наркома абароны СССР. У Вял.Айч. вайну ў Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання, з вер. 1941 камандаваў шэрагам армій, Волхаўскім і Карэльскім франтамі. З вясны 1945 каманд. Прыморскай групай войск, якая ў жн. 1945 перайменавана ў 1-ы Далёкаўсх. фронт (гл. ў арт.Маньчжурская аперацыя 1945). Пасля вайны камандаваў войскамі шэрагу ваен. акруг, быў нач.Цэнтр. курсаў «Выстрал». У 1955—64 нам. міністра абароны. Узнагароджаны ордэнам «Перамога».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНАЧЭ́Т УГА́РТЭ ((Pinochet Ugarte) Аўгуста) (н. 25.11.1915, г. Вальпараіса, Чылі),
ваенны і дзярж. дзеяч Чылі. Скончыў Ваен. акадэмію Чылі (1936). Генерал. У 1956—58 ваен. аташэ пры пасольстве Чылі ў ЗША. У 1959—64 нам.нач.Ваен. акадэміі Чылі. З 1968 нач. штаба, з 1969 камандзір дывізіі, з 1972 нач. штаба сухап. войск, са жн. 1973 каманд.сухап. войскамі Чылі. 11.9.1973 здзейсніў ваен. пераварот, у выніку якога скінуты ўрад «Народнага адзінства» і загінуў прэзідэнт С.Альендэ Госенс.
Узначаліў ваен. хунту (савет), у снеж. 1974 абвешчаны прэзідэнтам Чылі. Разам з жорсткімі паліт. рэпрэсіямі і масавымі грубымі парушэннямі правоў чалавека (у 1973—74 больш за 130 тыс.чал. арыштаваны, многія загінулі) праводзіў курс на эканам. рэформы, якія ператварылі эканоміку Чылі ў адну з найб. дынамічных у Лац. Амерыцы. У 1988 прайграў рэферэндум па працягванні сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, у 1989 прэзідэнцкія выбары. У 1990 вымушаны перадаць уладу цывільнаму прэзідэнту, захаваўшы да 1998 пасаду галоўнакаманд. ўзбр. сіламі. З 1998 пажыццёвы сенатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДАКТРЫ́НА,
прынятая ў дзяржаве сістэма поглядаў на сутнасць, мэты, характар, падрыхтоўку і спосабы вядзення магчымай вайны. Выпрацоўваецца паліт. кіраўніцтвам дзяржавы. Асн. палажэнні ваеннай дактрыны найчасцей абумоўлены сац.-паліт. ладам, узроўнем эканомікі і сродкаў вядзення вайны, а таксама геагр. становішчам сваёй дзяржавы, дзяржавы верагоднага праціўніка і суседніх дзяржаў. Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь — гэта сістэма навукова абгрунтаваных поглядаў на прадухіленне вайны, захаванне міру, абароннае буд-ва, падрыхтоўку краіны і Узбр. Сіл да адбіцця агрэсіі, а таксама на спосабы барацьбы па абароне суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны. Прынята Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь у 1992. Мае абарончы характар і накіравана на ўмацаванне дзярж. і міждзярж. бяспекі, на ўзбр. нейтралітэт і супрацоўніцтва з інш. краінамі для вырашэння задач абароны. Мае 2 узаемаабумоўленыя аспекты — ваен.-паліт. і ваен.-тэхнічны. Першы раскрывае адносіны дзяржавы да вайны і выкарыстанне ваен. сілы; нац. інтарэсы і фактары, якія супрацьдзейнічаюць ім; характар ваен. небяспекі, яе памеры і крыніцы, магчымасць ваен. пагрозы; магчымасць і спосабы прадухілення вайны, сілы і сродкі, неабходныя для гэтага; ваен.-паліт. мэты магчымых праціўнікаў і саюзнікаў. Ваен.-паліт. Аспект ваеннай дактрыны мае канцэпцыі «прадухіленне вайны» і «спыненне агрэсіі». Першая як сістэма поглядаў на шляхі і спосабы ліквідацыі перадумоў да ўзнікнення вайны прадугледжвае вырашэнне спрэчных пытанняў праз паліт. дыялог, адмаўленне ад выкарыстання ваен. сілы і ўмацаванне ролі ААН у вырашэнні пытанняў калект. бяспекі. Канцэпцыя «спыненне агрэсіі» — сістэма поглядаў на абарону і спыненне агрэсіі спалучэннем паліт., эканам., дыпламат., уласна ваен. і інш. мер. Ваенна-тэхн. бок аспекту ваеннай дактрыны заснаваны на канцэпцыі «стрымлівання» і «актыўнай абароны» і адлюстроўвае сістэму поглядаў на характар магчымай вайны, спосабы яе вядзення і склад узбр. сіл. У канцэпцыю «актыўнай абароны» закладзены прынцыпы збалансаванага развіцця ўсіх відаў Узбр. Сіл Беларусі, рознабаковага супрацоўніцтва і гатоўнасці да вядзення мабільнай абароны. Яна прадугледжвае наяўнасць ва Узбр. Сілах невялікіх, але моцных вайсковых груповак, падрыхтаваных для паспяховага выкарыстання ў раёнах рэальнай ваен. пагрозы. Абвясціўшы сутнасць сваёй ваеннай дактрыны, Рэспубліка Беларусь гарантуе безумоўнае выкананне ўсіх яе палажэнняў і кіруецца мэтамі і прынцыпамі Статута ААН, а таксама прынятымі абавязацельствамі ў межах Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Беларусь у якасці бяз’ядзернай дзяржавы далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, выступіла з ініцыятывай стварэння ў Цэнтр. і Усх. Еўропе бяз’ядзернай прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАВЕ́Ц (Георгій Кліменцьевіч) (18.1.1901, г. Віцебск — 27.5.1967),
савецкі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1944). Скончыў Віцебскія пях. камандныя курсы (1922), курсы «Выстрал» (1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік грамадз. вайны. З 1938 нач. штаба стралк. корпуса. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Ленінградскім, 3-м Бел., 1-м Укр. франтах: нач. штаба стралк. корпуса, камандзір дывізіі, нач. штаба арміі. Да 1953 нач. штаба ваен. акруг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЕЎ (Муса Гайсінавіч) (9.7.1922, в. Ілякшыды, Башкортастан — 17.9.1987),
двойчы Герой Сав. Саюза (люты, крас. 1945), палкоўнік (1956). Скончыў ваен.-авіяц. школу (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1951), Ваен. акадэмію Генштаба (1959). У Чырв. Арміі з 1940, на фронце з вер. 1942: пілот, камандзір звяна, эскадрыллі, штурман авіяц. палка. Удзельнічаў у вызваленні Барысава, Мінска, Гродна, у баях на Волзе, у Данбасе, Крыме, Польшчы, Германіі. Зрабіў каля 250 баявых вылетаў. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДА́НАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (1.10.1902, г.п. Алавяная Чыцінскай вобл., Расія — 21.4.1966),
ваенны дзеяч, ген.-палк. артылерыі (1955). Беларус. Канд.ваен.н. Скончыў Артыл. акадэмію (1937). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. З 1938 выкладчык, нач. кафедры ваен. акадэміі. У Вял.Айч. вайну на Ленінградскім фронце: камандзір палка, нач. штаба артылерыі арміі, фронту, камандуючы артылерыяй арміі, камандзір артыл. корпуса. З 1944 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. акадэміі. У 1955—65 у цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕ́ЗА (Ігнацій Іванавіч) (25.11.1898, в. Кугалеўка Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.1987),
генерал-лейтэнант (1946). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). З 1936 пам. камандзіра, камандзір дывізіі, нач.ваен. вучылішча, камандзір корпуса. У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Камандуючы 15-м механізаваным корпусам, удзельнічаў у танк. бітвах пад гарадамі Дубна, Луцк і Роўна (Украіна). Да 1959 пам. і нам. камандуючага войскамі ваен. акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎСКІ (Мікалай Арсенавіч) (22.2.1922, г. Гомель — 27.10.1989),
Герой Сав. Саюза (1945). Канд.ваен.н. (1953), дацэнт (1955). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1941), Ваен.артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1950). З 1940 у Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну на Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах. Камандзір артыл. дывізіёна маёр Н. вызначыўся ў Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 у баях на левым беразе Віслы каля г. Пулавы (Польшча). З 1972 выкладчык ваен. акадэміі, супрацоўнік НДІ.