гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.
Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААЧЫ́СТКА,
комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.
Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл.Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКЕНА́Н (Cuquenán),
вадаспад у Венесуэле, на р. Кукенан (прыток р. Карані) на Гвіянскім пласкагор’і. Выш. падзення вады 610 м (другі па вышыні ў Паўд. Амерыцы пасля вадаспада Анхель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРА́ЦЫЯ (франц. aération ад грэч. aēr паветра),
1) натуральнае (абмен з атмасферай) або штучнае насычэнне вадыатм. паветрам пры дапамозе тэхн. сродкаў у спец. збудаваннях (аэратэнках) або праз устараненне перашкод (лёд, масляная плёнка і да т.п.) натуральнаму доступу паветра да паверхні вады. Ажыццяўляецца распырскваннем вады ў паветры або прадзіманнем яе паветрам з мэтай насычэння атм. кіслародам. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы пітной і тэхн.вады, біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў у мэтах прадухілення замораў рыб і інш. жывых арганізмаў у прыродных і штучных вадаёмах, паляпшэння ўмоў існавання жывых арганізмаў у штучных збудаваннях і асяроддзях.
2) Газаабмен глебавага паветра з атмасферным. Адбываецца прыродным шляхам. Залежыць ад паветрапранікальнасці глебы і яе вільготнасці. Пры аэрацыі кісларод трапляе з атмасферы ў глебу і часткова прадуцыруецца рознымі глебавымі арганізмамі, што забяспечвае дыханне каранёў раслін, глебавых жывёл і аэробных мікраарганізмаў, спрыяе мінералізацыі і засваенню арган. рэчываў. Неабходная для паспяховага росту і развіцця раслін і глебавых жывёл. Паляпшаецца рознымі спосабамі апрацоўкі і меліярацыі глебы (дрэнаж, рыхленне і інш.).
3) Аэрацыя збудаванняў — арганізаваная натуральная вентыляцыя памяшканняў. Забяспечваецца за кошт рознасці шчыльнасцяў вонкавага і ўнутранага паветра, а таксама ўздзеяння ветру на сцены і пакрыцці збудаванняў. Вонкавае паветра паступае ў памяшканне праз вокны (праёмы) у яго ніжняй частцы і выцясняе цёплае і забруджанае паветра праз праёмы і аэрацыйныя ліхтары ў верхняй частцы. Аэрацыя выкарыстоўваецца гал. чынам у вытв. памяшканнях са значным выдзяленнем цеплыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРЫ (Great Lakes),
група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс.км²; аб’ём вады 22,7 тыс.км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р.Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.
Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р.Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).
Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКА-МІ́НСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма вадасховішчаў, каналаў, гідратэхн. збудаванняў, прыродных вадаёмаў і вадацёкаў у Вілейскім, Маладзечанскім і Мінскім р-нах Мінскай вобл. Пабудавана ў 1968—76 для перакідкі вады з р. Вілія (бас. Нёмана) у р. Свіслач (бас. Дняпра) з мэтай водазабеспячэння прам-сці і камунальнай гаспадаркі Мінска і воднага добраўпарадкавання яго прыгараднай зоны. Праходзіць па Нарачана-Вілейскай нізіне і Мінскім узв. Уключае Вілейскае вадасховішча, злучальны канал даўж. 62 км з 5 помпавымі станцыямі магутнасцю да 22 м³/с кожная, якія забяспечваюць пад’ём вады на 75 м да водападзелу каля г.п. Радашковічы, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, зарэгуляваны ўчастак р. Свіслач да ўпадзення ў яе р. Волма ніжэй Мінска. У склад Вілейска-Мінскай воднай сістэмы ўваходзіць Сляпянская водная сістэма.
Злучальны канал мае 2 самацёчныя, адносна неглыбокія ўчасткі: падвадны ад Вілейскага вадасх. да 1-й помпавай станцыі і адводны ад 5-й помпавай станцыі да Заслаўскага вадасх. Астатнія 4 участкі канала паміж помпавымі станцыямі маюць глыб. ад 4—6 м у пачатку да 7—8 м і больш у канцы. Для захавання і паляпшэння навакольнага асяроддзя і выключэння забруджвання вады пры перасячэнні канала з гідрасеткай пабудаваны дзюкеры, акведукі, плаціны, вадаспускі, ліўняспускі і інш. гідратэхн. збудаванні. Адхоны і бермы ўмацаваны жвірам, на асобных участках — інж. замацаваннямі. За год перакідваецца каля 382 млн.м³вады. Сістэма забяспечвае прам-сць Мінска тэхн. вадой і зберагае падземныя воды для пітнога водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,
карыстанне водамі (воднымі аб’ектамі) для забеспячэння патрэб насельніцтва і гаспадаркі.
У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адрозніваецца водакарыстанне: паводле мэт — гасп.-пітное, прамысл., с.-г., транспартнае, энергет. і інш.; паводле спосабаў карыстання — забор вады з крыніцы без вяртання ў водны аб’ект (водазабеспячэнне, водаспажыванне), з вяртаннем (гідраэнергетыка і інш.), без адбору вады (суднаходства, рыбагадоўля, гадоўля вадаплаўных птушак), а таксама для скідвання сцёкавых вод; паводле тэхн. умоў — агульнае, без выкарыстання гідратэхн. збудаванняў і абсталявання, і спец., з выкарыстаннем іх; паводле ўмоў перадачы водных аб’ектаў у карыстанне — сумеснае (калі водным аб’ектам карыстаецца некалькі арг-цый ці асоб) і адасобленае (калі крыніца вады замацавана за пэўнай арг-цыяй або асобай); паводле характару выкарыстання вады — як рэчыва з пэўнымі якасцямі, як масы і энергет. патэнцыялу, як асяроддзя жыцця; паводле падстаў узнікнення права водакарыстання — першаснае, калі водны аб’ект даецца ў карыстанне непасрэдна дзяржавай, і другаснае, калі даецца першым водакарыстальнікам. З улікам гэтай класіфікацыі вызначаюцца прававы рэжым розных аб’ектаў, права і абавязкі водакарыстальнікаў. Напр., агульнае водакарыстанне (купанне, вадапой жывёлы і інш.) ажыццяўляецца бясплатна і, як правіла, без дазволу дзярж. органаў; для спец. водакарыстання ва ўсіх выпадках патрабуецца папярэдні дазвол дзярж. органаў, у шэрагу выпадкаў яно можа быць платнае. Невыкананне пэўных патрабаванняў правіл водакарыстання цягне за сабой дысцыплінарную, крымін., адм. адказнасць. Парадак памежнага водакарыстання рэгулюецца міждзярж. дагаворамі і пагадненнямі.
графічнае адлюстраванне залежнасці паміж параметрамі стану фіз.хім. сістэмы (т-ра, ціск) ці паміж імі і некаторымі інш. яе параметрамі (саставам, структурай, канцэнтрацыяй). Звычайна Д.с. паказвае сувязь паміж т-рай, ціскам і саставам сістэмы, калі ў ёй больш чым адзін кампанент. Д.с. аднакампанентнай сістэмы паказвае сувязь паміж ціскам і т-рай.
Д.с. розных сістэм будуюцца на аснове эксперыменту метадамі фізіка-хімічнага аналізу. На Д.с. вады на гарыз. восі адкладваюцца т-ры (у градусах Кельвіна), на вертыкальнай — ціск (у паскалях). У т.зв. трайным пункце (т-ра 273,16 К і ціск 611 Па) сістэма складаецца з лёду, вады і пары, якія знаходзяцца ў раўнавазе. Лініі дыяграмы адлюстроўваюць стан раўнавагі: 1 — лёду з парай, 2 — лёду з вадой, 3 — вады з парай. У т.зв. палях паміж лініямі сістэма складаецца з рэчыва H2O толькі ў адным агрэгатным стане (лёд, вада, пара). З дапамогай Д.с. вызначаюць т-ру плаўлення сплаваў, выбіраюць т-ру гарачай апрацоўкі ціскам, устанаўліваюць рэжымы тэрмічнай апрацоўкі сплаваў, ствараюць сплавы з загадзя зададзенымі ўласцівасцямі і інш.
Літ.:
Захаров А.М. Диаграммы состояния двойных и тройных систем. 3 изд. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВА́ЛЬНЫ ЛАНДША́ФТ, аквакомплекс,
прыродная адзінка дзялення воднага асяроддзя (акіяна, возера, вадасховішча); участак, якому ўласцівы спецыфічныя асаблівасці характарыстык вады, газавага саставу, донных адкладаў і біёты. Аналагічны ландшафту геаграфічнаму на сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,
суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс.км³атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс.км³), мінус сцёк (47 тыс.км³), расход — выпарэнне (63 тыс.км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс.км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс.км³атм. ападкаў і 47 тыс.км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс.км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.
Літ.:
Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.
В.В.Дрозд.
Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.