навукова-даследчыя ўстановы па вывучэнні нябесных аб’ектаў і з’яў. Абсталёўваюцца астранамічнымі інструментамі і прыладамі, спец. лабараторыямі і сродкамі выліч. тэхнікі, могуць спецыялізавацца на пэўных кірунках даследаванняў у залежнасці ад віду ўстаноўленага тэлескопа (напр., сонечныя тэлескопы, спектрагеліёграфы, сонечныя магнітографы і інш.). Навук. даследаванні каардынуюцца Міжнародным астранамічным саюзам.
Астранамічныя абсерваторыі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Рэшткі стараж.астр. збудаванняў знаходзяцца ў Англіі, Арменіі, Мексіцы, Узбекістане і інш. Найстарэйшыя дзеючыя астранамічныя абсерваторыі — Парыжская (1667), Грынвічская (1675, Англія), Пулкаўская (1839, Расія), у 1753—1876 дзейнічала Віленская астранамічная абсерваторыя. Самыя вялікія астранамічныя абсерваторыі: на Гавайскіх а-вах (буйнейшы ў свеце тэлескоп, дыяметр люстра 10 м), Спец. астрафізічная абсерваторыя Расійскай АН (Паўн. Каўказ, станіца Зелянчукская; тэлескоп з дыяметрам люстра 6 м і самы вял. ў свеце радыётэлескоп), Маўнт-Паламарская астранамічная абсерваторыя (штат Каліфорнія, ЗША; тэлескоп з дыяметрам люстра 5 м), Нац. абсерваторыя Кіт-Пік (ЗША; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Паўднёвая астранамічная абсерваторыя ЗША (у Чылі; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Гал. астранамічная абсерваторыя Расійскай АН (Пулкава, пад г. Санкт-Пецярбург), Крымская, Бюраканская (Арменія), Абастуманская (Грузія) астрафізічныя абсерваторыі, Радыёастрафізічная абсерваторыя АН Латвіі і інш. З развіццём касманаўтыкі ствараюцца арбітальныя Астранамічныя абсерваторыі на ШСЗ і касм. станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛБАНДЗЯ́Н (Мікаэл Лазаравіч) (14.11.1829, г. Растоў-на-Доне, Расія — 12.4.1866),
армянскі пісьменнік, філосаф, рэв. дзеяч; пачынальнік арм.рэаліст. крытыкі і эстэтыкі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). У 1859—62 у краінах Зах. Еўропы і Азіі. У 1892 зблізіўся з пецярбургскім цэнтрам тайнага т-ва «Зямля і воля». Неўзабаве зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, з 1865 у ссылцы (г. Камышын). Філас., літ.-эстэт. погляды Н. сфарміраваліся пад уплывам рус.рэв.-дэмакр. эстэтыкі. Выступаў за сац. і нац. вызваленне арм. народа, асуджаў прыгонніцтва, самадзяржаўе. Дэбютаваў у 1851 вершамі, прасякнутымі ідэямі свабодалюбства, абвостранага пачуцця грамадскага абавязку. Яго верш «Свабода» (1859) спяваўся як гімн рэв. моладзі Арменіі. Аўтар раманаў «Аднаму — слова, другому — нявесту» (1858), «Благанне мёртвых» (1859, незакончаны), сатыр. «Дзённіка» (1858—60), антырэліг. паэмы «Прыгоды праайца» (1864, апубл. 1903), літ.-крытычных прац, «Уводзін» да «Граматыкі новай армянскай мовы» (1863, апубл. 1900), публіцыстычных твораў (памфлета «Два радкі», 1861), сацыялаг. трактата «Земляробства як верны шлях» (1862) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Избранные философские и общественно-политические произведения. М., 1954;
Стихотворения. М., 1967.
Літ.:
Даронян С.К. Микаэл Налбандян: Пробл. творчества и лит. связей. Ереван, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРА́ДЫ ПРАДСТАЎНІКО́Ў КАМУНІСТЫ́ЧНЫХ І РАБО́ЧЫХ ПА́РТЫЙ,
форма ідэйна-паліт. сувязей паміж камуніст. і рабочымі партыямі і каардынацыі іх дзейнасці. Праводзяцца міжнар. нарады і сустрэчы, рэгіянальныя сустрэчы, двухбаковыя перагаворы, навук. канферэнцыі і сімпозіумы. Пашырыліся пасля роспуску Камуністычнага інтэрнацыянала, пераважна з 1950-х г.Найб. значэнне ў гісторыі міжнароднага камуністычнага руху мелі маскоўскія нарады: 14—16.11.1957, прадстаўлены 12 партый сацыяліст. краін, прынята Дэкларацыя; 16—19.11.1957, прадстаўлены 64 партыі, прыняты Маніфест міру; 10.11—1.12.1960, прадстаўлена 81 партыя, прыняты Заява камуніст. і рабочых партый (у абарону адзінства камуніст. руху) і Зварот да народаў свету; 15—17.6.1969, прадстаўлены 75 партый, прыняты выніковы дакумент «Задачы барацьбы супраць імперыялізму на сучасным этапе і адзінства дзеянняў камуністычных і рабочых партый, усіх антыімперыялістычных сіл», зварот «Аб 100-годдзі з дня нараджэння У.І.Леніна» і інш. Найважнейшыя рэгіянальныя нарады адбыліся ў Берліне (1976), Парыжы (1980), Буэнас-Айрэсе, Дамаску (абедзве 1984) і інш. На Міжнар. сустрэчы ў Афінах (чэрв. 1999) прадстаўлены 55 камуніст. і рабочых партый з 50 краін. У снеж. 1999 у г. Лімасол на Кіпры адбылася 2-я міжнар. сустрэча камуніст., левых і прагрэс. партый краін Еўропы, Б.Усходу і Міжземнамор’я, дзе былі прадстаўлены 49 арг-цый з 28 краін, у т. л. кампартыі Расіі, Украіны і Арменіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,
гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс.км². Нас. 194 тыс.чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб.ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).
Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пн — хр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і Пд — Карабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды з прамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцы мінер. вод. Клімат на б.ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-растудз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх. з ГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч.гіст.Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст.н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст.цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.
Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс.га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс.га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн.пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАРО́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прам-сці, якая вырабляе віно вінаграднае, пладова-ягаднае, шампанскае, каньяк.
Вінаробства вядома з даўніх часоў у краінах развітога вінаградарства. Усяго ў свеце вырабляецца 26 млн.т вінаграднага віна, найб. (1994; млн.т) у Італіі (6,0), Францыі (5,5), Іспаніі (2,3), ЗША (1,7), Аргенціне (1,4) і Германіі (1,0). У 1969 СССР займаў 4-е месца ў свеце па памерах плошчаў вінаграднікаў і вырабе вінаграднага віна (240 млн. дал). У канцы 1980-х г. у сувязі з антыалкагольнай кампаніяй паменшыліся плошчы вінаграднікаў, многія вінаробныя з-ды былі закрыты. У 1994 Расія знаходзілася на 7-м месцы ў свеце па вырабе вінаградных він (0,7 млн.т). Значная вінаробная прамысловасць на Украіне, у Малдове, Азербайджане, Арменіі і інш.
Вінаробная прамысловасць Беларусі спецыялізуецца на вытв-сці пладова-ягаднага віна з мясц. і вінаграднага віна з прывазной сыравіны. Першыя вінзаводы пабудаваны ў 1925 у саўгасах «Лошыца» Мінскага і «Вымна» Віцебскага р-наў. У 1940 іх было 13 (выраблена каля 1 млн. дал віна), у 1975 — 21 з-д. Да 1990 большасць з іх закрыта. Дзейнічаюць буйныя вінзаводы ў Магілёве, Пінску, Гомелі і Полацку, з-д шампанскіх він у Мінску. У 1994 выпушчана 0,6 млн. дал вінаграднага віна (у 1985 — 11,6), 5,5 млн. дал пладова-ягаднага (у 1985 — 9,9), 670 тыс. дал шампанскіх він (у 1985 — 544).
Да арт.Вінаробная прамысловасць. На заводзе па выпуску херасу НВА «Ялавены» (Малдова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМЯРЫ́Ку архітэктуры,
васьмівугольны ў плане будынак або яго частка. Форма васьмерыка характэрная для архітэктуры Візантыі, паўд. славян (Балгарыя), Арменіі, Грузіі і інш. У Зах. Еўропе вядомы ў раманскай архітэктуры, готыцы, найб. пашыраны ў стылях рэнесансу, барока і класіцызму. Васьмерыкі ў завяршэнні культавых пабудоў вядомы ў стараж.-рус. дойлідстве і звязаны з уплывам візант. архітэктуры.
На Беларусі ў 16—18 ст. у форме васьмерыка будавалі некаторыя вежы гарадскіх умацаванняў (у Віцебску вядомыя пад назвай «круглікаў»), замкаў, палацаў, ратушаў, а таксама культавыя будынкі (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы манастыроў і кляштараў. У 16—19 ст. пашырыліся камбінаваныя формы васьмерыка і чацверыка (васьмярык узвышаецца над чацверыком — вежа Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы, вежа-званіца касцёла ў г. Барысаў). У культавым дойлідстве форму васьмерыка звычайна мелі барабаны, якія ўзвышаліся над гал. аб’ёмамі (Магілёўская Мікалаеўская царква). У драўляным, пераважна культавым, дойлідстве 17—19 ст. форма васьмерыка ўзнікла пад уплывам стылю барока. Была найб. пашырана ў вырашэнні цэнтр. аб’ёмаў цэркваў (Слуцкая Міхайлаўская царква) або цэнтр. аб’ёму і званіцы (царква ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на). Для Палескай школы дойлідства 2-й пал. 18—19 ст. характэрна чаргаванне васьмерыкоў і чацверыкоў у вырашэнні аб’ёмаў храмаў і званіц (Рубельская Міхайлаўская царква). У 1950-я г. форма васьмерыка выкарыстоўвалася ў жылых і грамадскіх будынках пры вылучэнні зальных памяшканняў, а таксама ў завяршэннях асн. частак бельведэрамі і інш. элементамі.
Ю.А.Якімовіч.
Да арт.Васьмярык. Васьмерыковая вежа-званіца царквы ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага раёна.Васьмярык вежы-званіцы касцёла ў Барысаве 1806—23.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЕ НАГО́Р’Е,
у Турцыі (пераважна), Іране, Арменіі, займае паўд. частку Грузіі і зах. частку Азербайджана. Пл. 400 тыс.км². Сярэдняя выш. 1700 м, найб. 5165 м (г.Вял. Арарат). Паверхня — спалучэнне лававатуфавых пласкагор’яў і плато выш. 1500—3000 м з міжгорнымі ўпадзінамі і далінамі. Шэраг хрыбтоў (Арсіянскі, Агрыдаг, Джавахецкі, Вардэнінскі) утвораны ланцугамі вулканаў. Найб. ўпадзіны: Арарацкая, Эрзурумская, Мушская і інш.; дно некаторых упадзін занята азёрамі Ван, Севан, Урмія (Рэзайе). Вулканічныя конусы (Сюпхан — 4434 м, Арагац — 4090 м і інш.) і лававае покрыва ўтварыліся ў неагене і антрапагене. Невулканічныя хрыбты: Зангезурскі, Паландзёкен, Бінгёль, Аладаг, Карадаг, Машудаг, Карабахскі і інш. Карысныя выкапні: нафта, мыш’як, медзь, храміты, жал. руда, поліметалічныя руды, каменны вугаль, каменная соль; мінеральныя і тэрмальныя крыніцы. Клімат субтрапічны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -3 да -15 °C, ліп. ад 15 да 20 °C (у катлавінах 25 °C). Гадавая колькасць ападкаў на зах. схілах 1000 мм і больш, у катлавінах 500—700 мм, на У 300—500 мм. З Армянскага нагор’я пачынаюцца рэкі Еўфрат, Тыгр, Кура, Аракс. Расліннасць стэпавая і паўпустынная на шэразёмах, светла-каштанавых, бурых і шэра-карычневых глебах. Па схілах гор — хмызнякі з маквісу, лясы з хвоі і дубу, фісташкавыя і арчовыя рэдкалессі. На менш увільготненых схілах зараснікі калючых падушкападобных хмызнякоў. На выш. 4000 м горны стэп, вышэй — альпійскія лугі, на вяршынях вечныя снягі і ледавікі. Жывёльны свет: шмат грызуноў, паўзуны, трапляюцца казуля, безааравы казёл, муфлон, мядзведзь, барс, паласатая гіена. Аазіснае земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РЫЙ,
імя цароў дынастыі Ахеменідаў у стараж.-перс.Ахеменідаў дзяржаве.
Дарый I Вялікі (550—486 да н.э.), цар у 522—486 да н.э. Стаў правіць пасля забойства Гаўматы. У выніку ліквідацыі ў 522—521 паўстанняў у Вавілоніі, Персіі, Мідыі, Маргіяне, Эламе, Егіпце, Парфіі, Сатагідыі і скіфскіх плямён у Сярэдняй Азіі, заваявання персамі ў 519—512 Фракіі, Македоніі і паўн.-зах.ч. Індыі аднавіў магутнасць дзяржавы Ахеменідаў. Каб палепшыць кіраванне дзяржавай, каля 519 ініцыіраваў правядзенне адм.-фін. і інш. рэформаў: падзел дзяржавы на 20 адм.-падатковых акруг (сатрапій) на чале з цывільнымі намеснікамі (сатрапамі), увядзенне агульнадзярж. манетнай адзінкі (гл.Дарык), рэарганізацыя кіравання арміяй (военачальнікі сталі незалежнымі ад сатрапаў і падпарадкоўваліся непасрэдна цару), наладжванне рэгулярнай паштовай службы і інш. У 513—511 здзейсніў няўдалы паход супраць скіфаў. Пры Д. I актывізаваліся знешні гандаль і буд-ва, пачаліся грэка-персідскія войны.
Дарый II Нот (?—404 да н.э.). цар у 424—404 да н.э. Сын Артаксеркса I. Правіў ва ўмовах аслаблення магутнасці дзяржавы Ахеменідаў (сепаратызм і міжусобіцы сатрапаў, антыперс. паўстанні паміж 411—408 да н.э. ў Малой Азіі, Мідыі, Егіпце).
Дарый III Кадаман (каля 380 — ліп. 330 да н.э.), апошні ахеменідскі цар [336—330 да н.э.]. Да ўступлення на прастол быў сатрапам Арменіі. У канцы 335 заваяваў Егіпет. Пасля разгрому сваёй арміі войскамі Аляксандра Македонскага пры р. Гранік (334), Ісе (333) і Гаўгамелах (331) уцёк у Бактрыю, дзе забіты сатрапам Бесам.
Аўдыенцыя ў Дарыя I Вялікага. Рэльеф са скарбніцы у Персеналі. 6—5 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ МІ́РНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1919—20,
міжнародная канферэнцыя, скліканая краінамі-пераможцамі ў першай сусветнай вайне 1914—18 для выпрацоўкі і падпісання мірных дагавораў з пераможанымі дзяржавамі (Германіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Турцыяй). Праходзіла ў Парыжы 18.1.1919—21.1.1920 (з перапынкамі). Удзельнічалі больш за 1 тыс. дэлегатаў ад 27 краін (прадстаўнікі Германіі і яе б. саюзнікаў дапушчаны толькі пасля выпрацоўкі праектаў мірных дагавораў з імі); гал. ролю адыгрывалі прэзідэнт ЗША Г.Вільсан, прэм’ер-міністры Д.Лойд Джордж (Вялікабрытанія) і Ж.Б.Клемансо (Францыя). У ходзе канферэнцыі падрыхтаваны Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй (падпісаны 28.6.1919), Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 з Аўстрыяй (10.9.1919), Нёіскі мірны дагавор 1919 з Балгарыяй (27.11.1919), Трыянонскі мірны дагавор 1920 з Венгрыяй (4.6.1920) і Сеўрскі мірны дагавор 1920 з Турцыяй (10.8.1920), прынята рашэнне пра стварэнне Лігі Нацый (яе Статут увайшоў у тэксты мірных дагавораў). Абмяркоўваўся і комплекс пытанняў, звязаных з інтэрвенцыяй у Сав. Расію і яе блакадай (рас. прадстаўнікі афіцыйна не былі запрошаны на канферэнцыю). Канферэнцыя дэ-факта прызнала незалежнасць Эстоніі, Латвіі, Літвы (20.8.1919), урады Грузіі, Азербайджана, Арменіі (студз. 1920), дала дазвол на часовае знаходжанне ням. войск на тэр. Прыбалтыкі, фактычна прызнала акупацыю Польшчай Усх. Галіцыі (26.4.1919), адмяніла эканам. блакаду Сав. Расіі (16.1.1920). У снеж. 1919 рабочы орган П.м.к. — Вярх. савет Антанты — вызначыў часовую граніцу Польшчы на У, прыняўшы за аснову этнагр. прынцып (у 1920 атрымала назву «Керзана лінія»). На канферэнцыі дзеячы БНР (місіі Д.Сямашкі, А.Луцкевіча) намагаліся ўзняць бел. пытанне, але беспаспяхова. Гл. таксама Версальска-Вашынгтонская сістэма.
Літ.:
Ціхаміраў А.В. Беларуская праблематыка на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—1920 гг. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1996. № 4.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЕ,
падземныя штуршкі і ваганні зямной паверхні, выкліканыя пераважна тэктанічнымі працэсамі, хуткімі зрухамі і разрывамі ў зямной кары ці верхняй ч. мантыі і вызваленнем назапашанай энергіі. З. могуць быць вулканічнага паходжання, зрэдку яны выкліканы дзейнасцю чалавека (запаўненне буйных вадасховішчаў, напампоўванне вады ў глыбокія свідравіны, горныя работы і выбухі).
Тэктанічныя З. прымеркаваны да зон і абласцей сучасных рухаў пліт, на якія разбіта літасфера; каля 95% іх адбываецца па краях такіх пліт, 4—5% — уздоўж сярэднеакіянічных хрыбтоў або ўнутры пліт. Месца ўзнікнення штуршка ў глыбінях Зямлі наз.ачагом З., цэнтр ачага — гіпацэнтр, праекцыя яго на зямную паверхню — эпіцэнтр. Ад ачага З. ва ўсе бакі распаўсюджваюцца сейсмічныя хвалі, сярод іх адрозніваюць падоўжаныя і папярочныя. Па паверхні зямлі ад эпіцэнтра разыходзяцца паверхневыя хвалі. Ачагі З. найчасцей узнікаюць на глыб. да 20—30 км. Энергію З. ацэньваюць велічынёй магнітуды (М) або энергет. класа (К), паверхневы эфект — у балах шкалы інтэнсіўнасці. Паводле міжнар. сейсмічнай шкалы існуюць 12 градацый — балаў. У выніку сейсмічнага раянавання праводзіцца падзел тэрыторыі па ступенях сейсмічнай актыўнасці. Прагноз З. ажыццяўляюць на аснове іх прадвеснікаў. Колькасць З., якія штогод рэгіструюцца на Зямлі сейсмічнымі станцыямі, дасягае соцень тысяч, але толькі малая доля іх выклікае разбурэнні, у т. л. катастрафічныя (напр., у Сан-Францыска ў 1906, Токіо ў 1923, Ашгабадзе ў 1948, Ташкенце ў 1966, Мехіка ў 1985, Арменіі ў 1988). Вывучае З. сейсмалогія.
На тэр. Беларусі З. звязаны з мясц. ачагамі сейсмічнасці або з’яўляюцца адгалоскамі моцных (М да 7,4) З. у Карпатах (напр., у 1977, 1990). Інтэнсіўнасць найб. значных мясц. З. Барысаўскага (1887) і Астравецкага (1908) да 6—7 балаў, Салігорскага (1978) да 5 балаў. Рэгістраваннем З., вывучэннем сейсмічнага рэжыму на тэр. Беларусі, эталоннымі вымярэннямі геафіз. і гідрагеахім. прадвеснікаў З., сейсмічным раянаваннем з 1980 займаецца Доследна-метадычная партыя пры Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі. Рэгіструюць З. станцыі, сеткі сейсмічных назіранняў Нац.АН Беларусі — Мінск, Гомель, Нарач, Салігорск, Плешчаніцы.
Літ.:
Болт Б.А. Землетрясения: Общедоступный очерк: Пер. с англ.М., 1981;
Гир Дж.М., Шах Х.Ч. Зыбкая твердь: Что такое землетрясение и как к нему подготовиться: Пер. с англ.М., 1988.