МІ́ЧЫГАН (Michigan, на мове мясц. індзейцаў — вял. возера),
возера ў ЗША, у сістэме Вялікіх азёр. Пл. 58 тыс.км², даўж. 494 км, шыр. да 190 км, глыб. да 281 м. Выш. ўзроўню 177 м. Берагі б.ч. узгорыстыя, слаба расчлянёныя, акаймаваныя тэрасамі; на Пд і ПдУ на берагах дзюны (выш. 10—20 м). Прылівы паўсутачныя (да 4 см). Паўн.ч. возера замярзае са снеж. да красавіка. М. злучаны з воз. Гурон прал. Макіна (шыр. каля 3 км), з сістэмай р. Місісіпі — суднаходным каналам Чыкага — Локларт. Буйныя парты і прамысл. цэнтры — Чыкага і Мілуокі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГІ́РЫНА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 27 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,48 км², даўж. 2,5 км, найб.шыр. 1,2 км, найб. глыб 26,2 м, даўж. берагавой лініі 7,3 кмПл. вадазбору 2,9 км². Схілы катлавіны на З і Пнвыш. 15—20 м (на Пд да 10 м), параслі хмызняком, на У невыразныя, забалочаныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на У забалочаныя. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Вада ў возеры высокай празрыстасці. Злучана канавай з воз. Паўазер’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНАКАЛЕ́Я (Gymnocolea),
род пячоначных імхоў сям. лафозіевых. Вядомы 2 віды. Адзін з іх пашыраны пераважна ў паўн. раёнах Паўн. паўшар’я, другі — ў Паўд. паўшар’і. На Беларусі 1 від — гімнакалея ўздутая (G. inflata), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Расце на алігатрофных балотах, па берагах азёр. Трапляецца толькі ў Мядзельскім р-не.
Двухдомная невялікая гіграфільная расліна. Дзярнінкі шырокія, ад светла-зялёных да чырванаватых або цёмна-бурых. Парасткі даўж. да 2,5 см, часта з падверхавінкавымі галінкамі. Лісце коса прымацаванае, да 1/4—1/3 двухлопасцевае. Перыянцый (абгортка архегоніяў) ад амаль шарападобнага да адваротнаяйцападобнага або грушападобнага. Каробачка на ножцы, цыліндрычная, раскрываецца ўздоўж створкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРКУ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА, Вяркуда,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 17 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,8 км², даўж. 2,2 км, найб.шыр. 1,3 км, найб.глыб. 12 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 9,1 км². Схілы катлавіны выш. 25—30 м, пераважна пад лесам, на У 5—7 м, разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія, забалочаныя. Падводная частка катлавіны складаецца з 2 плёсаў. Прыбярэжная зона пясчаная, глыбакаводная, выслана глеямі. Паласа расліннасці шыр. да 140 м. Упадаюць 3 ручаі, на ПнЗ злучана ручаём з Павульскім возерам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШНЭ́П (Lymnocryptes minimus),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн.ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАСА ПАЎДНЁВЫ, Волас Паўднёвы,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 5 км на ПнУ ад г. Браслаў. На тэр.нац. парку Браслаўскія азёры; уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,21 км², даўж. 2,5 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 40,4 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 6 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пад лесам, месцамі разараныя, на У стромкія. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбакаводная — глеістая. Каля 50% паверхні дна зарастае расліннасцю. Вада вызначаецца высокай празрыстасцю і чысцінёй. Сярод беспазваночных трапляюцца рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, рэліктавая мізіда, понтапарэя, бакаплаў Паласа. Злучана пратокай з воз.Воласа Паўночны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБ’І́,
возера ў Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Страча, за 33 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,46 км², даўж. 1,12 км, найб.шыр. 570 м, найб.глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі 2,9 км. Пл. вадазбору 8,2 км².
Схілы катлавіны выш. 12—13 м (на Пд да 5 м), пераважна разараныя, на Пд пад лесам. Берагі нізкія, на ПдУ і З сплавінныя, на Пн зліваюцца са схіламі. Дно плоскае, выслана сапрапелем, на мелкаводдзі пясчанае. 35% возера зарастае. На ПнЗ упадае ручай з воз. Гульбеза, на ПдУ выцякае ручай у р. Страча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́НЫ (ням. Düne, адз. л.),
выдмы, формы рэльефу пяскоў, утвораныя ветравой акумуляцыяй. Трапляюцца на ўзбярэжжах мораў, азёр, на рачных тэрасах, зандравых раўнінах, напр., на ўзбярэжжах Балтыйскага, Белага, Аральскага, Каспійскага мораў, на берагах Балхаша і інш. У адрозненне ад барханаў «рогі» Дз. накіраваны супраць ветру. Наветраны схіл доўгі і спусцісты, падветраны — стромкі і пукаты. Выш. да 30 м, зрэдку да 100 м. Не замацаваныя расліннасцю Дз. могуць перамяшчацца ў напрамку пануючых вятроў са скорасцю 1—20 м за год. Адрозніваюць папярочныя, падоўжаныя і парабалічныя Дз. На Беларусі стараж. Дз. трапляюцца на Палессі, Полацкай, Нарачана-Вілейскай і Нёманскай нізінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІШЫ́МСКАЯ РАЎНІ́НА,
раўніна на ПдЗах. Сібіры, у міжрэччы Іртыша і Табола у Курганскай, Цюменскай і Омскай абласцях Расіі і Паўн.-Казахстанскай вобл. Казахстана. Перасякаецца р.Ішым. Выш. 120—150 м. Складзена з пясчана-гліністых неагенавых адкладаў, перакрытых лёсавіднымі лёсападобнымі* суглінкамі. Плоская раўніна, слаба нахіленая на У, для яе рэльефу характэрны грывы і лагчыны, што падзяляюць іх. У паніжэннях і далінах шмат (больш за 1600) прэсных, горка-салёных і салёных азёр (Салтаім, Ік, Сазыкуль і інш.). Летам невял. азёры і рэкі перасыхаюць. Глебы пераважна чарназёмныя, таксама шэрыя лясныя. Пераважаюць ландшафты лугавых стэпаў і бярозавых лясоў (калкі). Землі паўд. раёнаў узараныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НА (Viburnum),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі дзікарослая К. звычайная, або чырвоная (V. opulus). Расце на ўзлесках, высечках, сярод хмызняку, па берагах рэк і азёр; вырошчваецца ў садах і парках. Інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі К.: бульдзенеж, або снегавы шар (V. o. Rosseum), канадская (V. lentago), карлікавая (V. o. Nanum), суцэльналістая (V. lantana).
Лістападныя або вечназялёныя кусты і дрэвы выш. да 4 м. Лісце трох-, пяцілопасцевае. Кветкі белыя ці ружова-белыя, сабраныя ў парасонападобныя мяцёлкі. Плады — ярка-чырв. касцянка, ядомыя. Лек., харч., фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна.