найбольшае на Беларусі і Зах. фронце выступленне салдат у 1-ю сусв. вайну. Адбылося каля Гомеля пад уплывам рэв. прапаганды чл. Палескага к-таРСДРП(б) і салдат-бальшавікоў. Росту незадаволенасці садзейнічалі ваен. паражэнні, разруха ў тыле, здзекі над салдатамі. Паўстанню папярэднічалі хваляванні салдат 15 крас., 20 мая, 10 ліпеня. У адказ на арышт казака М.Ф.Башкіна 4.11.1916 паўстала каля 4 тыс. салдат і матросаў. Яны абяззброілі варту, вызвалілі 800 арыштаваных і знішчылі ў канцылярыі гаўптвахты ўсе абвінаваўчыя дакументы. Выкліканыя камандаваннем каравульныя роты паўстанцы сустрэлі ружэйным агнём. Аднак зброі ў паўстаўшых было мала і іх выступленне задушылі. 8.11.1916 паўстанне аднавілася: каля 200 салдат разагналі атрад паліцэйскіх, разам з перасыльнымі яны абяззброілі варту і вызвалілі арыштаваных. Да іх далучыліся яшчэ 1000 чал. Паўстанне задушылі ўзбр. сілай. 16 найб. актыўных удзельнікаў былі асуджаны, 9 з іх — да пакарання смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАСІЯ́Н-І-МАРА́ЛЕС ((Gracián y Morales) Бальтасар) (8.1.1601, Бельмонтэ, каля г. Калатаюд, Іспанія — 6.12.1658),
іспанскі пісьменнік, філосаф-мараліст. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Сарагоскім ун-це. Уступіў у ордэн езуітаў, аднак у апошнія гады жыцця падвяргаўся ўціску за літ. дзейнасць; быў выгнаны. Аўтар паліт. і філас.-этычных трактатаў «Герой» (1637), «Палітык Фердынанд-Католік» (1640), «Разважлівы» (1646), «Штодзённы аракул, або Мастацтва разважлівасці» (1647), прысвечаных праблеме якасцей ідэальнага чалавека і на вяршыні ўлады, і ў штодзённым жыцці. Тэарэтык кансептызму, прынцыпы якога абгрунтаваў ў эстэт. трактаце «Востры розум, або Мастацтва вытанчанага розуму» (1648). У алегарычным рамане «Крытыкон» (ч. 1—3, 1651—57) стварыў усеабдымную песімістычную карціну свету, дзе пануе зло на ўсіх узроўнях грамадства — ад сям’і да дзяржавы.
Тв.:
Рус.пер. — Карманный оракул, или Наука благоразумия. Мн., 1991.
Літ.:
Пинский Л.Е. Жизнь и творчество Бальтасара Грасиана // Пинский Л.Е. Магистральный сюжет. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НЕЗАЛЕ́ЖНІЦКАЯ ПА́РТЫЯ (БНП),
арганізацыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана ў пач. 1942. У кіруючае ядро партыі ўваходзілі У.Родзька (старшыня ЦК), Ф.Аляхновіч, І.Гінько, Р.Зыбайла, Р.Рабуха, Ю.Саковіч, А.Сянькевіч і інш. Былі ўтвораны 5 акр. к-таў БНП. Мела кантакты з кіраўнікамі Палескай сечы Украінскай паўстанцкай арміі. Члены БНП, працуючы ў створаным гітлераўцамі бел. апараце, імкнуліся арганізаваць бел.нац. рух для выступлення і супраць ням. фашыстаў, і супраць бальшавікоў. Было створана некалькі ўзбр. і нелегальных груп (найбольш на Палессі — 12). Не маючы шырокай падтрымкі ў інш.бел. арг-цый, БНП не стала рэальнай паліт. сілай. У канцы чэрв. 1944 Родзька пры падтрымцы гітлераўцаў арганізаваў і накіраваў у сав. тыл некалькі ўзбр. груп. Аднак БНП не дамаглася масавай падтрымкі насельніцтва. Большасць яе атрадаў і падп. груп разгромлены органамі НКУС, шэраг дзеячаў БНП на чале з Родзькам арыштаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,
першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс.чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс.чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч.фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.
Літ.:
Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т. Т. 1. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́СТАЎ МО́ВА,
камунікатыўная сістэма на кінетычнай (жэстыкуляторна-мімічнай) аснове; асн. сродак зносін глухіх. Мінімальная адзінка Ж.м. — жэст — складаецца з херэм (ад грэч. hejr, hejrōs рука), якія паказваюць на месца, канфігурацыю і характар жэста. Колькасць херэм параўнальная з колькасцю фанем гукавой мовы. Ж.м. ўключае таксама позірк, выраз твару, рухі галавы і цела, функцыі якіх больш шырокія, чым у гукавых мовах. Структурна і катэгарыяльна такія Ж.м. не залежаць ад гукавых моў, іх роднасныя сувязі не вызначаюцца адпаведнымі нац. мовамі (напр., амслен, Ж.м. глухіх ЗША і большай часткі Канады, блізкі да мовы глухіх Францыі, аднак не роднасны мове глухіх Англіі).
Ж.м. называюць таксама жэставыя маніфестацыі гукавых моў. У развітых грамадствах большая частка глухіх двухмоўная (валодаюць роднай Ж.м. і нац. мовай). Ў час зносін на агульнанац. мове выкарыстоўваюць яе жэставы варыянт: захоўваецца сінтакс. структура, рэдуцыруецца марфалогія, словы замяняюцца жэстамі; безаналагавыя элементы гукавой мовы дактыліруюцца (палітарна перадаюцца пальцавай азбукай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́ЛЬВАННЕў карбюратарных рухавіках,
узгаранне гаручай сумесі ў цыліндрах у адпаведнасці з парадкам і рэжымам работы рухавіка. Адбываецца з дапамогай запальных свечак, паміж электродамі якіх пад уздзеяннем высокага напружання праскаквае эл. іскра. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.
З. ад эл. іскры дастаткова надзейнае, момант успышкі лёгка рэгулюецца. Для стварэння высокага напружання выкарыстоўваюць акумулятарныя батарэі разам з індукцыйнай шпуляй (найб. пашырана) або магнета. Батарэйнае З. забяспечвае надзейны пуск рухавіка, аднак абмяжоўвае яго быстраходнасць. Для павышэння эканамічнасці рухавіка павялічваюць ступень сціскання і абядняюць гаручую сумесь, што патрабуе павелічэння зазору паміж электродамі запальнай свечкі і, адпаведна, магутнасці іскравага разраду і суправаджаецца павышаным зносам кантактаў. Найб. дасканалыя кантактава-транзістарныя, бескантактава-транзістарныя і электронныя сістэмы З. забяспечваюць большую эканамічнасць, поўнае згаранне паліва і меншую таксічнасць выхлапных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ САЮ́З, Усерасійскі земскі саюз дапамогі хворым і параненым воінам,
агульнарасійскае грамадскае аб’яднанне з мэтай дапамогі ўраду ў арганізацыі тылу ў перыяд 1-й сусв. вайны. Засн. 30.7.1914 на з’ездзе ўпаўнаважаных губ. земстваў, які выбраў гал.к-т саюза на чале з кн. Г.Я.Львовым. Створаны пав., губ., франтавыя і абл. к-ты. Займаўся дапамогай хворым і параненым, выконваў заказы гал. інтэнданцтва на пастаўкі вопраткі і абутку для арміі, арганізоўваў дапамогу бежанцам.
З мэтай забеспячэння рас. арміі ўзбраеннем і амуніцыяй 10.7.1915 разам з Усерасійскім саюзам гарадоў стварыў аб’яднаны Земска-гарадскі саюз. Быў паліт. органам гандл.-прамысл. буржуазіі, адной з апор «Прагрэсіўнага блока», выступаў за абнаўленне царскага ўрада, чым выклікаў яго незадавальненне. У снеж. 1916 З.с. у Маскве разагнаны паліцыяй, аднак працягваў дзейнасць. Пасля Лют. рэвалюцыі кіраўнікі З.с. (Львоў і інш.) увайшлі ў склад Часовага ўрада. 4(17).1.1918 дэкрэтам СНКгал.к-т З.с. скасаваны.
англійскі педагог, адзін са стваральнікаў Бел-Ланкастэрскай сістэмы ўзаемнага навучання. Далучыўшыся да руху квакераў, адкрыў бясплатную школу (1798), дзе вучыў малодшых вучняў з дапамогай старэйшых і найб. падрыхтаваных. Свой вопыт «таннай школы» абагульніў і выклаў у кн. «Удасканаленне навучання...» (1803). Ідэю ўзаемнага навучання развіў у працы «Брытанская сістэма навучання» (1810). Сістэма Л., створаная незалежна ад Э.Бела, вызначалася дэталёвай рэгламентацыяй заняткаў, выкарыстаннем сістэмы заахвочвання і пакарання. У школы Л. прымаліся дзеці рознага веравызнання, а рэліг. навучанне, у адрозненне ад школ Бела, не было асноўным. Для падтрымкі школ у 1808 засн. Каралеўскае ланкастэрскае т-ва, якое садзейнічала іх пашырэнню ў Вялікабрытаніі і інш. краінах, у т.л. Расіі. З 1812 Л. імкнуўся ўкараніць сваю сістэму ў сярэднюю школу, аднак пацярпеў няўдачу (школы Л. былі раскрытыкаваны за механіцызм у навучанні і недастатковасць ведаў, якія яны давалі). У 1818 Л. выехаў у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭНЕРГЕ́ТЫКА (ад гідра... + энергетыка),
галіна энергетыкі, звязаная з выкарыстаннем мех. энергіі воднага патоку пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі. Аснова гідраэнергетыкі — гідраэнергетычныя рэсурсы, якія адносяцца да ўзнаўляльных. Электраэнергія выпрацоўваецца на гідраўлічных электрастанцыях (ГЭС), акумулятыўных і прыліўных ГЭС. Гідраэнергетыка значна менш за інш. віды энергетыкі забруджвае навакольнае асяроддзе, аднак гідратэхн. збудаванні, асабліва плаціны, нярэдка выклікаюць парушэнне экалагічнай раўнавагі.
Са старажытнасці чалавек выкарыстоўвае энергію цякучай вады для прывядзення ў рух вадзянога кола на млынах — першых гідрасілавых установак, якія захаваліся да нашых дзён. Да вынаходства паравой машыны вадзяное кола было асн. рухавіком у вытв-сці на металургічных, лесапільных, ткацкіх і інш. прадпрыемствах. Новае значэнне набыла гідраэнергетыка ў 1-й пал. 19 ст., калі былі вынайдзены гідраўлічная турбіна, электрамашына і спосабы перадачы эл. энергіі на вял. адлегласці. У канцы 19 ст. пачалося асваенне гідраэнергіі на ГЭС у ЗША, Расіі, Германіі, гідраэнергетыка аформілася ў самаст. галіну энергетыкі. У 1913 устаноўленая магутнасць усіх ГЭС Расіі (іх было 78) не перавышала 35 МВт; у ЗША працавала ГЭС Адамс на Ніягарскім вадаспадзе магутнасцю 37 МВт. У 1-й пал. 20 ст. доля гідраэнергетыкі ў сусв. выпрацоўцы электраэнергіі хутка расла, але з 1960 пачала сістэматычна скарачацца.
У 1994 у свеце выпрацавана 12,1 трлн. кВт·гадз электраэнергіі, з іх 17% на ГЭС. У некат. краінах доля воднай энергіі ў выпрацоўцы электраэнергіі можа быць значнай. Паводле некаторых даных яна можа быць большай за 90% у Парагваі, Нарвегіі, Гане, Бразіліі і інш. Сярод краін СНД адносна высокую долю ГЭС у вытв-сці электраэнергіі маюць Таджыкістан (97%) і Кіргізія (91%). На Беларусі гідраэнергетыка дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі (1995). Устаноўленая магутнасць 11 буйных ГЭС у сярэдзіне 1970-х г. дасягала 10 МВт, аднак з развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы частка іх закансервавана і перастала дзейнічаць. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт), Лукомская на р. Лукомка (500 кВт). Устаноўленая магутнасць 9 дзеючых ГЭС 6,8 МВт, яны выпрацоўваюць 20 млн.кВт·гадз электраэнергіі (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЦЫКЛО́Н (ад анты... + цыклон),
вобласць павышанага ціску ў атмасферы. Ціск з максімумам у цэнтры дасягае 1025—1070 мб на ўзр. м. У папярочніку ад соцень да 2—3 тыс.км; ахоплівае трапасферу. Вятры накіраваны ад цэнтра да перыферыі антыцыклону, пад уплывам вярчэння Зямлі адхіляюцца ў Паўн. паўшар’і па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. паўшар’і — супраць. Перамяшчаюцца са скорасцю 30—40 км/гадз з З на У, адхіляючыся да нізкіх шырот; некаторыя антыцыклоны маларухомыя.
У антыцыклонах пераважаюць сыходныя токі паветра, пры якіх адбываецца адыябатычнае награванне, таму т-ра на некалькі градусаў вышэй, чым у цыклонах. Аднак у зімовых маларухомых антыцыклонах над кантынентамі ўмераных шырот адбываецца моцнае выстуджванне паветра. Для тэрыторый, занятых антыцыклонамі, характэрны яснае і сухое надвор’е, тэмпературныя інверсіі, слабыя вятры. Узнікаюць антыцыклоны штодзённа, найб. у субтропіках (Азорскі антыцыклон) і над кантынентамі (Антарктычны антыцыклон, Азіяцкі антыцыклон і інш.). Па тэр. Беларусі за год праходзіць 15—16 антыцыклонаў, якія вызначаюць надвор’е каля 150 дзён.