КО́МА (ад грэч. komē валасы) у оптыцы, адна з аберацый аптычных сістэм. Выяўляецца пры праходжанні праз аптычную сістэму шырокіх пучкоў святла. Відарысы пунктаў прадмета, што знаходзяцца на некаторай адлегласці ад аптычнай восі, маюць выгляд выцягнутых і нераўнамерна асветленых плям, якія па форме нагадваюць каметы.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НФІКС (ад лац. соп з, разам + fixus прымацаваны),

цыркумфікс, службовая марфема (афікс), якая камбінуецца з прэфікса і постфікса, што нясуць адзінае непадзельнае значэнне (напр., бел. «пад-акон-нік», рус. «за-речь-е»), Выкарыстанне К. наз. парасінтэз — адначасовы ўдзел у сінтэзе слова двух розных афіксальных сродкаў.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РНЕР (ад англ. corner кут, to corner загнаць у кут),

скупка біржавых кантрактаў, тавараў адной ці некалькімі юрыд. ці фіз. асобамі з мэтай далейшага перапродажу. У выніку ствараецца ненатуральны дэфіцыт тавару на рынку, а іх цэны павялічваюцца, што забяспечвае атрыманне прыбытку. Біржавымі правіламі К. забараняецца.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАРЭ́,

мышачна-паралітычныя яды, што атрымліваюцца пры згушчэнні водных экстрактаў раслін сям. лунанасеннікавых, стрыхнас (чылібуха) і інш. Пры пападанні ў кроў К. блакіруе перадачу нерв. імпульсаў і выклікае расслабленне мышцаў (рэлаксацыю). Дзеючы пачатак — алкалоід групы курарынаў. Выкарыстоўваўся індзейцамі Паўд. Амерыкі ў якасці яду для стрэл.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТЫ́Н,

воскападобнае рэчыва, што выдзяляецца клеткамі эпідэрмісу раслін і адкладваецца (разам з воскам) у выглядзе плеўкі-кутыкулы на вонкавай паверхні клетачнай абалонкі. Па хім. будове — сумесь вышэйшых карбонавых оксікіслот і іх эфіраў. Устойлівы да знешніх уздзеянняў ахоўвае расліны ад страты вады і пашкоджання мікраарганізмамі.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДА́Т (ад лац. mandatum даручэнне),

дакумент, які сведчыць пэўныя паўнамоцтвы прад’яўніка; права на што-н. Напр., дэпутацкі М. прадстаўнічай установы сведчыць законнасць паўнамоцтваў, правоў і абавязкаў дэпутата, а таксама вызначае публічную функцыю, якая ўскладаецца на яго выбарамі, і змест якой вызначаецца канстытуцыяй і інш. законамі.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКІ́З (франц. marquis, ісп. marqués),

1) у раннесярэдневяковай імперыі Каралінгаў тое, што маркграф.

2) У сярэдневяковых Францыі і Італіі (з 10 ст.) буйны феадал, які паводле тагачаснай іерархіі знаходзіўся паміж герцагам і графам.

3) Спадчынны дваранскі тытул (паміж князем і графам) у Францыі, Іспаніі, Італіі.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАНТЭ́НК, метантанк (ад метан + англ. tank бак, цыстэрна),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых вод з дапамогай анаэробных бактэрый (без прысутнасці кіслароду, з утварэннем метану). Звычайна гэта рэзервуар значнай (да некалькіх тысяч кубічных метраў) умяшчальнасці для мінералізацыі арган. рэчываў, што збіраюцца ў адстойніках ачышчальных збудаванняў.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕТА́ЛЫ,

простыя рэчывы, што не маюць характэрных для металаў уласцівасцей. Для Н. характэрна кавалентная сувязь, нізкія цепла- і электраправоднасць. Многія з іх у звычайных умовах газападобныя. Да Н. адносяцца: вадарод, бор, вуглярод, крэмній, азот, фосфар, мыш’як, кісларод, сера, селен, тэлур, галагены і інертныя газы.

т. 11, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ПЕРАЎ ЛІК, лік e,

ліміт, да якога імкнецца выраз (1 + ​1/n)​n пры неабмежаваным узрастанні n; аснова натуральных лагарыфмаў. Н.л. e = lim(1 + ​1/n)​n = 2,718281828459045... з’яўляецца трансцэндэнтным лікам, што даказана франц. матэматыкам Ш.​Эрмітам (1873). Сувязь назвы Н.л. з імем Дж.Непера малаабгрунтаваная.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)