АЎТАГЕМАТЭРАПІ́Я (ад аўта... + гема... + тэрапія),
метад лячэння хворага ўласнай крывёю, якая ўзята з яго вены і ўведзена ўнутрымышачна або падскурна. Выкарыстоўваецца пры фурункулёзе, хранічных гнойна-запаленчых працэсах, анеміі, трафічных язвах, насавых і некаторых унутраных крывацёках (напр., пры кроватачывых язвах страўніка і дванаццаціперснай кішкі), пры інш. захворваннях, якія патрабуюць агульнастымулявальнага ўздзеяння. Стымулюе кроваўтварэнне, павышае неспецыфічны імунітэт.
т. 2, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,
горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння. Пераважна асадкавыя пароды (марскія, азёрныя, гідратэрмальныя і інш.). Найб. пашыраны ў платформавым чахле кантынентаў і ў ложы акіяна. Вывучэнне складу аўтахтонных адкладаў і пахаваных у іх рэшткаў арганізмаў дае магчымасць узнавіць прыроднае асяроддзе былых геал. эпох (напр., на Беларусі — гісторыю міжледавіковых эпох плейстацэну).
т. 2, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТБРЫ́ДЗІНГ (англ. outbreeding),
скрыжаванне асобін аднаго віду, якія не знаходзяцца ў непасрэднай роднасці (няма агульных продкаў у 4—6 пакаленнях); метад селекцыі, з дапамогай якога камбінуюць розныя каштоўныя якасці, каб стварыць новую пароду або сорт. Выкарыстоўваюць у жывёлагадоўлі і раслінаводстве для прадухілення шкодных вынікаў блізкароднаснага скрыжавання (інбрыдзінгу). Аўтбрыдзінг вядзе да павышэння жыццяздольнасці і прадукцыйнасці патомкаў.
т. 2, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬЭТА́Ж (ад франц. bel прыгожы + étage паверх),
1) у тэатр. будынках 1-ы ярус балконаў глядзельнай залы над бенуарам і амфітэатрам (ці партэрам і амфітэатрам).
2) Другі паверх дома, пераважна палаца, асабняка. У бельэтажы размяшчаюцца парадныя залы і пакоі, якія вылучаюцца большай вышынёй, якасцю аддзелкі. У сучаснай архітэктуры жылых дамоў тэрмін «бельэтаж» амаль не выкарыстоўваецца.
т. 3, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІПАТРЫ́ДЫ (ад бі... + грэч. patris (patridos) айчына, радзіма], біпаліды, у міжнародным праве асобы, якія адначасова знаходзяцца ў грамадзянстве двух і больш дзяржаў, г. зн. маюць двайное грамадзянства. Адбываецца пераважна з-за разыходжання законаў аб грамадзянстве розных дзяржаў. Сучаснае міжнар. права не валодае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыяй пытанняў, што ўзнікаюць у сувязі з біпатрыдамі.
т. 3, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДЫ,
у сярэдневяковых сканд. краінах назва ўсіх вольных людзей (земляробы, жывёлаводы, паляўнічыя, рыбакі), якія не належалі да знаці; вольныя сяляне. Мелі сваю гаспадарку, жылі на адасобленых хутарах (у Нарвегіі, Ісландыі і некаторых раёнах Швецыі) ці ў невялікіх вёсках (у Даніі і б.ч. Швецыі) і, акрамя дацкіх бондаў, захоўвалі асабістую свабоду на працягу ўсяго сярэдневякоўя.
т. 3, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЧКА ВІ́ЛЕНСКАЯ,
даўняя мера аб’ёму сыпкіх рэчываў. На Беларусі ў 16—18 ст. 1 бочка віленская = 4 чвэрцям = 8 асьмінам = 72 вял. гарцам = 144 гарцам малым = 406,7 л. Прыблізна адпавядае 19 пудам жыта, 18 пудам пшаніцы, 15 пудам ячменю, 10 пудам аўса. У розных раёнах Беларусі на розныя патрэбы існавалі мясц. «бочкі», якія адрозніваліся памерамі.
т. 3, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗОТАБАКТЭРЫ́Н, азотаген,
бактэрыяльны прэпарат для абагачэння глебы звязаным азотам. Вырабляецца на аснове аднаго з відаў азотабактэру. Выкарыстоўваюць пад агароднінныя і прапашныя культуры. Уносяць у глебу з насеннем або апрацоўваюць ім клубні, карані расады с.-г. культур, якія не належаць да сям. бабовых. На глебах Беларусі з высокай кіслотнасцю і малой урадлівасцю малаэфектыўны.
т. 1, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЧНАЕ ВЫДА́ННЕ,
1) выданне, якое змяшчае навукова вывераны тэкст і яго розныя варыянты, каментарыі і інш. даведачны апарат. Да акадэмічных выданняў належаць найб. поўныя зб. тв. класікаў л-ры, навукі, грамадскай думкі (напр., у 1991—95 АН Беларусі выдадзены Поўны зб. тв. М.Багдановіча; т. 1—3).
2) Выданні, якія публікуюцца акадэміямі.
т. 1, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАМПАНЕМЕ́НТ (франц. accompagnement),
музычнае суправаджэнне. 1) Партыі аднаго ці некалькіх інструментаў або пеўчых галасоў у ансамблі, падпарадкаваныя гал., сольнай партыі.
2) Кампанент муз. тканіны, які выконвае функцыю суправаджэння (інтанацыйна-меладычнага, рытмічнага, гарманічнага). Адрозніваюць монафанічны і поліфанічны (гарманічны) акампанемент, якія ў працэсе развіцця муз. творчасці набылі разнастайныя формы.
3) Выкананне муз. суправаджэння.
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)