РАЧУ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Рачуны. Створана ў 1958 на р. Ашмянка для энергет. мэт (Рачунская ГЭС, працавала да 1977). Пл. 1,5 км², даўж. 6,9 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 4,4 м, даўж. берагавой лініі 13,8 км, аб’ём вады 2,3 млн. м³. Катлавіна Р.в. складаецца з двух заліваў. Берагі пераважна высокія. У паўд. ч. вадасховішча востраў пл. каля 0,1 км². Зарастае. Ваганні ўзроўню нязначныя. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі і адпачынку.

т. 13, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЖА́ЎКА,

рака ў Рагачоўскім і Жлобінскі.м р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 396 км². Пачынаецца за 2,5 км на Пн ад в. Рыскоў Рагачоўскага р-на, вусце за 2 км на У ад г. Жлобін. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна на вялікім працягу трапецападобная (пераважна шыр. 1—2 км), у нізоўі невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча на працягу 35 км (ад вытоку да в. Асінаўка Жлобінскага р-на) каналізаванае.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭРА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

[ад лац. rudus (ruderis) друз, буд. смецце], смеццевыя расліны, якія растуць каля будынкаў, на пустках, уздоўж шляхоў зносін і на падобных другасных (не палявых) месцах. Пераважна нітрафілы. Часта маюць прыстасаванні, якія дазваляюць ім пазбегнуць знішчэння чалавекам і жывёламі (непрыкметны выгляд, ядавітыя рэчывы, шыпы, жыгучыя валаскі і інш.). На Беларусі больш за 350 відаў з родаў аксамітнік, блёкат, вапнаўка, вярблюдка, герань, дурнап’ян, дурнічнік, крапіва і інш. Разам з сегетальнымі раслінамі складаюць групу пустазелля.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫКЕ́ТСІІ (Rickettsiaceae),

сямейства бактэрый. Названыя імем амер. мікрабіёлага Х.Т.Рыкетса, які апісаў узбуджальніка плямістай ліхаманкі Скалістых гор.

Тыповы род Rickettsia — пераважна кокападобныя або палачкападобныя клеткі. Нерухомыя, грамадмоўныя. Размнажаюцца дзяленнем. Аблігатныя (абавязковыя) унутрыклетачныя паразіты членістаногіх (асабліва блох, вошай, кляшчоў) і цеплакроўных жывёл; ужываюць пажыўныя рэчывы з арганізма гаспадара. Узбуджальнікі сыпнога тыфу, клешчавага рыкетсіёзу Паўн. Азіі, плямістай ліхаманкі Скалістых гор, ліхаманкі Ку і інш. цяжкіх захворванняў чалавека і жывёл. Таксама Р. наз. рыкетсіяпадобныя бактэрыі парадкаў Rickettsiales і Chlamydiales.

А.​І.​Ерашоў.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДЖА-ДЫ-КАЛА́БРЫЯ (Reggio di Calabria),

горад на Пд Італіі, адм. цэнтр аднайм. правінцыі. Засн. ў 720 да н.э. З прыгарадамі каля 200 тыс. ж. (2000). Порт у Месінскім праліве; чыг. паромам звязаны з г. Месіна (в-аў Сіцылія).

Аэрапорт. Прам-сць: харч. і харчасмакавая, дрэваапр., машынабуд. (вагонабудаванне). База рыбалоўства. Ун-т. Геафіз. абсерваторыя. Нац. музей. Частыя землетрасенні; пасля разбуральнага землетрасення 1908 горад перабудаваны. Руіны стараж.-грэч. храмаў і жылых дамоў (пераважна 4 ст. да н.э.). Турызм.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭТАРДА́ЦЫЯ СЕКСУА́ЛЬНАЯ (лац retardatio спазненне, затрымка),

затрымка псіхасексуальнага развіцця — адставанне тэрмінаў палавога развіцця ад адпаведнага ўзросту дзіцяці. Вылучаюць Р.с. саматагенную, псіхагенную і сацыягенную. Саматагенная мае біял. аснову і звязана з адставаннем у развіцці першасных і другасных палавых адзнак. Значныя расстройствы эндакрыннай сістэмы могуць прывесці да поўнага выпадзення сексуальных кампанентаў у псіхічным развіцці асобы. Псіхагенная Р.с. выклікаецца рознымі парушэннямі псіхікі, агульным адставаннем псіхічнага развіцця. Сацыягенная Р.с. назіраецца пры няправільным палавым выхаванні. Пераважна бывае спалучэнне некалькіх варыянтаў Р.с.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЦЫ́,

глебы засушлівых абласцей, якія на невял. глыб. (20—80 см) утрымліваюць значную колькасць соды і інш. лёгкарастваральных солей. Фарміруюцца ва ўмовах непрамыўнога воднага рэжыму або пры рассаленні саланчакоў, пераважна ў комплексе з інш. глебамі.

Характарызуюцца вязкасцю і набраканнем у вільготным стане, моцным ушчыльненнем і цвёрдасцю ў сухім, слупкаватай, прызматычнай ці глыбістай структурай ілювіяльнага гарызонту, высокай рухомасцю калоідаў, малой водапранікальнасцю, маюць 0,5—8% гумусу ў верхнім гарызонце. Пакрыты саланцовай расліннасцю. Малаўрадлівыя, патрабуюць прамыўкі, гіпсавання і ўнясення арган. угнаенняў.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛІ ((Sully) Томас) (19.6.1783, г. Хорнкасл, Вялікабрытанія — 5.11.1872),

амерыканскі жывапісец. Вучыўся ў Бостане у Г.​Сцюарта (1808) і ў Лондане ў Б.​Уэста (1809). Працаваў пераважна ў Філадэльфіі. Пісаў партрэты, якім уласцівы рамант. адкрытасць вобразаў, мяккасць: партрэты маёра Томаса Бідла (1818), Томаса Джэферсана, «Парваны капялюш» (1820), а таксама карціны на тэмы амер. гісторыі («Вашынгтон на беразе Дэлавэра», 1818). Познім партрэтам уласцівы рысы салоннасці («Фані Кэмл у ролі Беатрычэ», 1833) або тэатралізаванага пафасу (партрэт каралевы Вікторыі, 1838).

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГВІ́НІК [ад лац. sanguis (sanguinis) кроў],

суб’ект, які мае адзін з чатырох асн. тыпаў тэмпераменту і характарызуецца высокай псіхічнай актыўнасцю, энергічнасцю, працаздольнасцю, хуткасцю і жвавасцю рухаў, разнастайнасцю і багаццем мімікі, хуткім тэмпам мовы. С. імкнецца да частай змены ўражанняў, лёгка і хутка адклікаецца на навакольныя падзеі, таварыскі. Эмоцыі, пераважна станоўчыя, хутка ўзнікаюць і змяняюцца. Адносна лёгка і хутка ён перажывае няўдачы. Пры неспрыяльных умовах і адмоўным выхаваўчым уплыве рухавасць можа перайсці ў адсутнасць засяроджанасці, неапраўданую паспешнасць учынкаў, павярхоўнасць.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛЯКІ́ (Lampyris),

род жукоў сям. Lampyridae, які раней адносілі да мяккацелак. Начныя насякомыя, свецяцца ў цемры. Органы свячэння размешчаны на канцы брушка. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі трапляецца С. звычайны, ці вялікі, нар. назва іванаў чарвяк.

Даўж. 10—20 мм. Самцы крылатыя, надкрылы буравата-шэрыя, пярэдняспінка жоўта-бурая, добра лятаюць, свецяцца слаба. Самкі бяскрылыя (нагадваюць лічынак), верх цела цёмна-буры, па краях больш светлы. Выпраменьваюць яркае святло, якое прываблівае самцоў, Драпежнікі, кормяцца насякомымі. Развіваюцца ў лясным подсціле.

т. 14, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)