ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ БАЛО́ТА,

у Ляхавіцкім, Івацэвіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., сцёк па Агінскім і інш. каналах у Выганаўскае возера. Нізіннага (94%) і мяшанага тыпу. Пл. 34,9 тыс. га, у межах прамысл. Пакладу 27,6 тыс. га. Глыб. торфу да 4,7 м, сярэдняя 2,1 м. Пад торфам трапляюцца мергель і сапрапель. Каля 5 тыс. га асушана, на іх вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжавыя і прапашныя культуры. Неасвоеная частка балота ўваходзіць у гідралагічны заказнік Выганашчанскае.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫШЭ́ЙШАЯ ШКО́ЛА»,

дзяржаўнае кніжнае выдавецтва. Засн. ў 1961 у Мінску на базе выд-ва БДУ і рэдакцыйна-выдавецкага аддзела. Да 1963 наз. Выд-вам вышэйшай, сярэдняй спец. і прафес. адукацыі БССР. Выдае падручнікі, навук. дапаможнікі і навуч.-метадычную л-ру для ВНУ, сярэдніх спец. навуч. устаноў сістэмы прафес.-тэхн. адукацыі, манаграфіі, навук.-папулярную л-ру, даведнікі, слоўнікі, міжведамасныя навук. і навукова-тэхн. зборнікі, кнігі па гісторыі Беларусі, тапаніміцы, гісторыі бел. культуры, фальклоры і інш.

т. 4, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ТЫ,

археалагічныя помнікі (гарадзішча 2—1 ст. да н.э., эпохі Кіеўскай Русі, ВКЛ і селішча 11—13 ст.) на зах. частцы вострава Замак на воз. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. На гарадзішчы выяўлены фрагменты ляпной керамікі, сляды агнішчаў, рэшткі каменных сякер днепра-дзвінскай культуры, рэшткі пабудоў 10—13 ст., прадметы побыту, жаночыя ўпрыгожанні, прылады працы 11—16 ст., манеты 16 ст. На селішчы знойдзена шмат вырабаў з жалеза, бронзы, косці і рогу.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́НБІ (Denbigh),

Крамянёвы комплекс Дэнбі, даэскімоская археал. культура Паўн. Амерыкі. Адкрыта ў 1948 у эскімоскім паселішчы Аятэет на мысе Дэнбі у зал. Нортан (Аляска). Блізкія да Д. культуры выяўлены на мысе ў зал. Кацэбу, на Арктычным узбярэжжы Аляскі, у Канадзе і ПнУ Грэнландыі. Для Д. характэрны дробныя ножападобныя пласцінкі, маленькія абабітыя бакавыя і канцавыя лёзы-ўкладышы, разцы, скрабкі і нажы, вастрыі стараж. амер. тыпаў. Датуецца часам больш за 2500 гадоў да н.э.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РНІЯ (Gurnia),

старажытны горад позняга бронзавага веку на ўсх. беразе в-ва Крыт (Грэцыя); адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Паселішча ўзнікла ў 3-м тыс. да н.э. Каля 1600 да н.э. мінойцы пабудавалі тут палац, вакол якога з 1550 да н.э. ўтвараецца горад. Жытлы гараджан размяшчаліся ўздоўж 3 вуліц, якія акружалі палац і невял. пляцоўку для грамадскіх сходаў. У 15 ст. да н.э. Гурнія — буйны цэнтр. металургіі. Разбураны каля 1400 да н.э.

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1858 у Каіры франц. егіптолагам А.​Марыетам. Да 1891 наз. Булакскі музей, у 1891—1900 Гізехскі, з 1900 сучасная назва. Адзін з гал. цэнтраў вывучэння стараж.-егіп. мастацтва. Найбуйнейшы збор помнікаў мастацтва і культуры Егіпта Старажытнага; сярод іх знаходкі з руін г. Ахетатон і грабніцы фараона Тутанхамона, статуі фараонаў Хефрэна, Аменемхета III, царэвіча Каапера і інш. Арганізуе археал. раскопкі. З канца 19 ст. выдае серыю каталогаў розных раздзелаў калекцыі.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЯЛЫ́ШЫН (Забялышына),

вёска ў Хоцімскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Хоцімск—Клімавічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на ПнЗ ад г.п. Хоцімск, 163 км ад Магілёва, 39 км ад чыг. ст. Клімавічы. 928 ж., 374 двары (1997). Спіртзавод, вінаробны цэх. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Іаана Прадцечы (1843).

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКВА́СКІ,

чыстыя культуры бактэрый (пераважна малочнакіслых), дражджэй або плесневых грыбоў, якія выклікаюць браджэнне і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ў асн. харчовых прадуктаў. Мікраарганізмы, якія ёсць у З., трапляючы ў натуральны субстрат (малако, сумесь мукі з вадой, сок вінаграду і інш.), размнажаюцца, выклікаюць малочнакіслае, прапіёнава-кіслае або спіртавое браджэнне і ўтвараюць араматычныя арган. рэчывы. З. ўжываюць для атрымання сыраквашы, ацыдафіліну, кумысу, кефіру, масла, некат. сартоў сыру, вінаграднага віна, кіслага хлеба, а таксама пры сіласаванні кармоў.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗГО́ДА»,

грамадска-палітычная газета. Выходзіць з 1992 у Мінску на бел. (часткова на рус.) мове 2 разы ў месяц. Засн. як орган Партыі нар. згоды, з 1995 незалежная газета. Мае падзагаловак «Палітыка». Асвятляе праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі, паліталогіі, паліт. культуры, нац. эканомікі і прыватнай гаспадаркі, бел. адраджэння і патрэб нац. меншасцей. Выступае за дэмакр. рэформы, прапагандуе ідэі міжнац. згоды, публікуе меркаванні шырокай грамадскасці, розных паліт. партый, рухаў і грамадскіх арг-цый.

А.​С.​Караль.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБКО́Ў (Уладзімір Анатолевіч) (н. 30.4.1948, г. Новасібірск, Расія),

бел. спартсмен (класічная барацьба). Засл. майстар спорту СССР (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). З 1978 трэнер (з 1981 у Рэсп. комплекснай школе вышэйшага спарт. майстэрства). Чэмпіён свету (1971, Сафія; 1973, Тэгеран; 1974, Катавіцы; 1975, Мінск). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1970, Эдмантан); бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы (1972, Катавіцы). Чэмпіён СССР (1973). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Выступаў у найлягчэйшай вазе.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)