РАДЫЯЦЫЙНАЯ ЗБРО́Я,
адзін з магчымых відаў зброі масавага паражэння, дзеянне якога заснавана на выкарыстанні баявых радыеактыўных рэчываў. Дастаўка іх у зону паражэння можа ажыццяўляцца з дапамогай авіябомбаў, распыляльных авіяц. прылад, беспілотных самалётаў, крылатых ракет і інш.
Баявыя рэчывы Р.з. — парашкі або растворы, якія маюць у сабе высокаактыўныя і караткадзейныя ізатопы хім. элементаў, здольных да іанізавальнага выпрамянення. Асн. крыніца іх атрымання — адходы ядз. рэактараў, а таксама апрамяненне спец. рэчываў у ядз. рэактарах. Знешняе і ўнутранае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў выклікае ў чалавека прамянёвую хваробу або лакальнае пашкоджанне асобных органаў, таксічнае атручэнне (чалавек страчвае працаздольнасць, мае патрэбу ў працяглым лячэнні). Дзеянне Р.з. параўнальнае з дзеяннем радыеактыўных рэчываў на арганізм чалавека, жывёл, расліннасці, якія ўтвараюцца пры выкарыстанні ядзернай зброі і заражаюць навакольнае асяроддзе. Інтэнсіўнае і працяглае выпрамяненне выклікае гібельныя наступствы для жывёльнага і расліннага свету ў мясцовасці паражэння.
І.Г.Дазараў, У.Г.Шахаў.
т. 13, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГІ О́РГАНЫ,
органы жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць змены стану цела ў прасторы, дзеянне на арганізм паскарэнняў і змен гравітацыйных сіл. У беспазваночных жывёл прадстаўлены статацыстамі (слыхавыя пузыркі), унутры якіх размешчаны своеасаблівыя цвёрдыя ўтварэнні — статаліты. У пазваночных жывёл і чалавека Р.о. прадстаўлены сенсаэпітэліяльнымі клеткамі паўкружных каналаў і мяшочкаў вестыбулярнага апарату ўнутр. вуха. У пазваночных звязаны з мазжачком і рэтыкулярнай фармацыяй, што абумоўлівае каардынацыю іх дзейнасці з інш. сенсорнымі сістэмамі. Узаемадзеянне паміж вестыбулярнымі цэнтрамі і нерв. механізмамі забяспечвае рэгуляцыю тонусу мышцаў. Сукупнасць сігналаў ад статарэцэптараў лабірынта, вачэй, механа- і прапрыярэцэптараў выклікаюць адпаведныя рэфлексы, якія рэгулююць у чалавека і жывёл нармальную арыентацыю ў адносінах да напрамку сілы цяжару. У захаванні раўнавагі ў чалавека важная роля належыць таксама скурнай адчувальнасці, мышачна-сустаўнаму пачуццю, зроку. Парушэнні Р.о. праяўляюцца пры шэрагу захворванняў нерв. сістэмы (атаксія), вестыбулярнага апарату (Меньера хвароба, галавакружэнне, марская хвароба).
А.С.Ленцюк.
т. 13, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗНІЧНЫ ТАВАРААБАРО́Т,
1) продаж тавараў нар. спажывання непасрэдна спажыўцам; завяршальная стадыя працэсу таварнага абарачэння. Уключае прададзеныя насельніцтву тавары і паслугі, якія аказаны прадпрыемствамі рознічнага гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, дробнааптовы продаж прадпрыемствам і арг-цыям, рэалізаваную на рынках прадукцыю.
2) Эканам. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць продажу тавараў нар. спажывання непасрэдна спажыўцам. У 1990 у Рэспубліцы Беларусь Р.т. склаў 18,7 млрд. руб., у 1995—46 853 млрд. руб., у 1999—1 502 028 млрд. руб. Для адлюстравання дынамікі Р.т. выкарыстоўваюць індэксы фіз. аб’ёму Р.т., якія разлічваюцца ў супастаўных цэнах. Калі за 100% фіз. аб’ёму Р.т. ў Рэспубліцы Беларусь лічыць Р.т. 1990, то ў 1995 Р.т. склаў 43,1%, а ў 1999—92,5%. За апошняе дзесяцігоддзе значна вырасла роля недзярж. прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання і быт. абслугоўвання: калі ў 1990 іх уклад у агульны Р.т. у Рэспубліцы Беларусь складаў 34,2%, то ў 1999—73,1%.
т. 13, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КЕРТ ((Rickert) Генрых) (25.5.1863, г. Гданьск, Польшча — 30.7.1936),
нямецкі філосаф, адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства. Праф. Фрайбургскага (з 1894) і Гайдэльбергскага (з 1916) ун-таў. Супрацьпастаўляў прыродазнаўчыя навукі як свабодныя ад каштоўнасцей, накіраваныя на вызначэнне агульных законаў, гіст. навукам, якія даследуюць непаўторныя з’явы і падзеі і адносяцца да сферы каштоўнасцей. Лічыў філасофію навукай пра каштоўнасці, якія ствараюць самаст. «свет трансцэндэнтнага сэнсу». Вызначаў 6 асн. катэгорый каштоўнасцей: ісціна, прыгажосць, безасобасная і асобасная святасць, маральнасць, шчасце. Распрацаваў анталагічную канцэпцыю свету, які разумеў як сукупнасць 4 сфер: фіз. і псіхічнага быцця; «інтэлігібільнага» быцця (свет каштоўнасцей і сэнсавых утварэнняў); неаб’ектывуемай суб’ектыўнасці (злучэнне каштоўнасцей і існага); «незямнога» быцця (супадзенне каштоўнасцей і існага, зразумелае толькі пры дапамозе рэліг. веры).
Тв.:
Рус. пер. — Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997;
Науки о природе и науки о культуре. М., 1998;
Философия жизни. Мн.;
М., 2000.
т. 13, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРАТАРЫЯ́Т ААН,
адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які дзейнічае пастаянна згодна са Статутам ААН. Асн. функцыя С. ААН — арганізац.-адм. абслугоўванне органаў структуры ААН, яе камітэтаў, канферэнцый. Выконвае адм.-тэхн. функцыі ААН, у прыватнасці, рыхтуе некат. матэрыялы; перакладае, друкуе і распаўсюджвае даклады, рэзалюцыі і інш. дакументы ААН; забяспечвае вусны пераклад прамоў, якія гаворацца на пасяджэннях гал. органаў ААН і іх дапаможных органаў; складае, друкуе і рассылае стэнаграфічныя і кароткія справаздачы пасяджэнняў; захоўвае дакументы ААН у архівах; рассылае ўсе дакументы Генеральнай Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН і інш. членам ААН і выконвае інш. работу, якая можа быць ускладзена на яго гал. органамі ААН. С. ААН складаецца з Генеральнага сакратара ААН і прызначанага ім персаналу ў адпаведнасці з правіламі, якія ўстанаўліваюцца Ген. Асамблеяй. У апошні час агульная колькасць персаналу С. ААН складала больш як 50 тыс. чалавек з 175 краін. Знаходзіцца ў Нью-Йорку.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНА́ЛЬНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
сістэмы ўмоўнарэфлекторных сувязей, якія фарміруюцца ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга пры паступленні ў яе імпульсаў ад вонкавых і ўнутр. раздражняльнікаў. Забяспечваюць дакладнае ўзаемадзеянне ч. арганізма і тонкае прыстасаванне арганізма да навакольнага асяроддзя. Тэрмін «С.с.» ўведзены І.П.Паўлавым (1932), які вылучыў агульную для жывёл і чалавека першую сігнальную сістэму і спецыфічную толькі для чалавека другую сігнальную сістэму. Першая сігнальная сістэма — сістэма канкрэтных, адчувальна непасрэдных вобразаў рэчаіснасці, якія фіксуюцца мозгам чалавека і жывёл у форме адчуванняў і ўспрыманняў. З’яўляецца сукупнасцю шматлікіх (нават вельмі складаных) умоўных і безумоўных рэфлексаў на непасрэдныя раздражняльнікі або іх сляды, на яе аснове функцыянуе вышэйшая нервовая дзейнасць. У чалавека характарызуецца большай, чым у жывёл, скорасцю нерв. працэсаў, рухомасцю, утварэннем умоўных рэфлексаў вышэйшых парадкаў. Першая і другая С.с. функцыянуюць у цесным узаемадзеянні і адзінстве, пры гэтым у чалавека другая С.с. адыгрывае вядучую ролю.
С.С.Ермакова.
т. 14, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА, іберамаўрская культура,
археалагічная культура плямёнаў канца верхняга палеаліту, якія 12—10 тыс. г. таму назад насялялі ўзбярэжныя раёны Марока, Алжыра і Туніса. Назва ад стаянкі каля г. Аран (Алжыр). Для аранскай культуры характэрны крамянёвыя пласціны з прытупленым краем і прылады з адшчэпаў, сустракаюцца касцяныя шылы, долаты, каменныя падвескі, прасвідраваныя ракавіны і інш. вырабы.
т. 1, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні металаў з мыш’яком. Вядомыя для ўсіх металаў (і паўметалаў), акрамя сурмы, вісмуту, свінцу і талію. Крышт. рэчывы з метал. бляскам, маюць высокія т-ры плаўлення (напр., для арсенідаў серабра tпл 1740 °C). Арсеніды галію (GaAs) і індыю (InAs) — паўправадніковыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў лазерах, выпрамніках і інш. Гл. таксама Мыш’яку злучэнні.
т. 1, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗАФІ́ЛЫ,
1) клеткі, якія маюць у пратаплазме зярністыя структуры, што афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі (адсюль назва). Тэрмінам «базафілы» абазначаюць адзін з відаў зярністых лейкацытаў (базафільныя гранулацыты) крыві (у норме базафілаў у чалавека 0,5 — 1% ад усіх лейкацытаў), таксама адзін з відаў клетак пярэдняй долі гіпофіза.
2) Арганізмы, што аддаюць перавагу шчолачным субстратам і шчолачнаму асяроддзю.
т. 2, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎКСАТРО́ФЫ [ад грэч. auxō вырошчваю, павялічваю + ...троф(ы)],
арганізмы (часцей мікраарганізмы), якія ў выніку мутацыі страцілі здольнасць сінтэзаваць адно з рэчываў, неабходных для іх росту (амінакіслату, вітамін, азоцістую аснову і інш.). Могуць жыць толькі на тым пажыўным асяроддзі, куды гэтае рэчыва прыўнесена. Аўксатрофы шырока выкарыстоўваюць у генет. і іншых біял. даследаваннях. Гл. таксама Прататрофы.
т. 2, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)