ПЭН, Пейн (Paine) Томас (29.1.1737, г. Тэтфард, Вялікабрытанія —8.6.1809), грамадскі і паліт. дзеяч ЗША і Вялікабрытаніі; асветнік радыкальнага кірунку.

З 1774 у Паўн. Амерыцы. У памфлеце «Здаровы сэнс» (1776) заклікаў англ. калоніі абвясціць сваю незалежнасць. Разам з Т.Джэферсанам выступаў за адмену рабства. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У 1777—79 П. — сакратар К-та кангрэса па замежных справах. Аўтар трактата «Правы чалавека» (1791—92), скіраванага ў абарону франц. рэвалюцыі, пасля яго забароны эмігрыраваў у Францыю; абраны чл. Канвента. У 1792—94 зняволены якабінцамі. У працы «Век розуму» (1794) выступіў як прыхільнік радыкальнага дэізму. У 1802 вярнуўся ў ЗША. Погляды П. зрабілі ўплыў на чартысцкі рух (гл. Чартызм) у Вялікабрытаніі.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч. арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц. папуляцыі (чароды) рыб. Часам геагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЛЬ ((Roussel) Альбер Шарль Поль Мары) (5.4.1869, г. Туркуэн, Францыя — 23.8.1937),

французскі кампазітар, педагог. Скончыў «Схола канторум» (1898, у 1902—14 выкладаў у ёй, з 1913 праф.), вучыўся ў В. д’Эндзі. Раннія творы вытрыманы ў імпрэсіяністычных традыцыях, пазней адзін з буйн. прадстаўнікоў неакласіцызму ў франц. музыцы. Значнае месца ў яго творах заняла ант. тэматыка. Адным з першых выкарыстаў у еўрап. музыцы кіт., інд. і інш. лады. Сярод твораў: оперы, у т. л. опера-казка «Нараджэнне ліры» (1924), опера-балет «Падмаваці» (паст. 1923); балеты, у т. л. «Баляванне павука» (1913), «Вакх і Арыядна» (1930); сімфоніі, камерна-інстр. творы і інш. З 1935 прэзідэнт Нар. муз. федэрацыі. Сярод вучняў Э.Саці, Б.Марціну і інш.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДА́КЦЫЯ (франц. rédaction ад лац. redactus прыведзены ў парадак),

1) працэс апрацоўкі рэдактарам (рэдагаванне) аўтарскага твора для публікацыі ў друку, на радыё, тэлебачанні. Р. твораў маст. ці навук. л-ры ў тых выпадках, калі выдаюцца кананізаваныя тэксты, зводзіцца да складальніцкай працы, удакладнення тэксту і падрыхтоўкі даведачнага апарата (гл. Тэксталогія, Каментарый).

2) Разнавіднасць (варыянт) тэксту літ. або фалькл. твора, этап у яго творчай гісторыі. Новая Р. ўзнікае, як правіла, у выніку свядомай мэтанакіраванай перапрацоўкі твора, выкліканай Пэўнымі ідэйна-маст. задачамі, зменай аўтарскай задумы і яе літ. выражэння, новымі грамадска-паліт. ўмовамі, эстэт. запатрабаваннямі часу, а таксама ў выніку значных пераробак у працэсе доўгага бытавання.

3) Установа сістэмы сродкаў масавай інфармацыі (Р. газеты, часопіса і інш.).

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. sacralis свяшчэнны),

наданне прадметам, з’явам, людзям свяшчэннага, рэлігійнага зместу; падпарадкаванне сац. ін-таў, культуры і быт. зносін рэліг. ўплыву. У аснове С. — вера ў існаванне свяшчэннага (сакральнага), процілеглага свецкаму. Сімвалам С. з’яўляецца цырымонія асвячэння, у выніку якой звычайная працэдура набывае трансцэндэнтны сэнс. У тэалогіі С. тлумачыцца як вытворнае ад Бога. Ням. тэолаг Р.​Ота вызначаў сакральнае як адзіную адметную ўласцівасць божага, якая з’яўляецца сапраўдным коранем рэлігіі. Франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм лічыў, што сакральнае выяўляе натуральна-прыродную аснову чалавецтва, яго грамадскую (калектывісцкую) сутнасць, якая супрацьстаіць індывідуалістычнаму існаванню. На розных этапах гіст. развіцця ступень распаўсюджанасці С. і яе характар былі неаднолькавыя. У ходзе гісторыі працэсам С. супрацьстаяла дэсакралізацыя (секулярызацыя) розных бакоў чалавечага існавання.

т. 14, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНТ’Я́ГА-ДЭ-КУ́БА (Santiago de Cuba),

горад на ПдУ Кубы. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Каля 500 тыс. ж. (2000). Порт на Карыбскім м., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі пасля сталіцы эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая (тытунёвая, вінна-лікёрная, цукр., рыбакансервавая), металаапр., суднабуд., тэкст., гарбарна-абутковая, буд. матэрыялаў. Паблізу нафтаперапр. з-д. Ун-т. Нац. гіст. музей.

Засн. ў 1514 іспанцамі як перадавы порт для заваявання Мексікі і Цэнтр. Амерыкі. У 1522 атрымаў гар. правы. У 1553 разбураны франц. піратамі, у 1662 — англ. войскамі. Горад неаднаразова зруйнаваны землетрасеннямі (1675, 1766, 1852, 1932). Каля С.-дэ-К. адбылася вырашальная марская бітва ў Іспана-амерыканскай вайне 1898.

т. 14, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З СПРАВЯДЛІ́ВЫХ»,

тайная паліт. арг-цыя ў эміграцыі перыяду ранняга ням. рабочага руху. Засн. ў 1836—37 у Парыжы. Ідэалогія — утапічны сацыялізм, пераважна ідэі В.​Вейтлінга (гал. тэарэтык саюза). Супрацоўнічаў з франц. тайнымі т-вамі: у 1839 у Парыжы ўдзельнічаў у паўстанні бланкістаў (гл. Л.​А.​Бланкі). Пасля яго паражэння цэнтр саюза перамясціўся ў Швейцарыю, потым у Лондан, інтэрнацыяналізаваўся, пад уплывам К.​Маркса і Ф.​Энгельса члены арг-цыі адышлі ад рэв.-змоўніцкіх поглядаў і засвоілі марксісцкае вучэнне. У 1847 Маркс і Энгельс уступілі ў арг-цыю і рэарганізавалі яе ў Саюз камуністаў.

Літ.:

Союз коммунистов, 1836—1849: Сб. док. М., 1977;

Павленко Г.В. Вильгельм Вейтлинг. М., 1985.

т. 14, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЬЯРЭ́ (Signoret; сапр. Камінкер; Kaminker) Сімона

(25.3.1921, г. Вісбадэн, Германія — 30.9.1985),

французская кінаактрыса. Вядомасць набыла выкананнем гал. роляў у фільмах рэж. Ж.​Бекера «Залаты шлем» (1952), М.​Карнэ «Тэрэза Ракэн» (1953), «Салемскія ведзьмы» (1956; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1957). Майстэрства С. найб. выявілася ў выкананні ролі Эліс («Месца наверсе», 1958; у сав. пракаце «Шлях у вышэйшае грамадства»; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах, прэмія «Оскар», прэмія Брыт. і Франц. акадэмій). Сярод значных работ — ролі ў фільмах «Цень і святло» (1951), «Смерць у гэтым садзе» (1956), «Дзень і час» (1963), «Карабель дурняў» (1965), «Чайка» (1968), «Кот» (1971, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Усё жыццё наперадзе» (1977, прэмія «Сезар»), «Гі дэ Мапасан» (1982) і інш.

т. 14, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СІЦЫЛІ́ЙСКАЯ ВЯЧЭ́РНЯ»,

паўстанне ў г. Палерма (в-аў Сіцылія) у 1282 супраць франц. прыхільнікаў караля Карла I Анжуйскага, які ў 1268 падпарадкаваў сваёй уладзе Сіцылійскае каралеўства. Карл рэзка павысіў у Сіцыліі падаткі, пазбавіў гарады прывілеяў, канчаткова заняволіў сялян, не лічыўся са стараж. звычаямі і вольнасцямі мясц. насельніцтва, перанёс сталіцу Сіцылійскага каралеўства з Палерма ў Неапаль. Паўстанне пачалося стыхійна 31 сак. (паводле пазнейшай легенды — пад сігнал звона да вячэрні; адсюль назва). Большасць французаў (3—4 тыс.) была забіта. Палермскім парламентам сіцылійская карона прапанавана арагонскаму каралю Педра III, які ў вер. 1382 прыбыў на востраў і авалодаў усёй Сіцыліяй. Вайна супраць французаў скончылася ў 1302 поўным адпадзеннем ад Паўд. Італіі Сіцыліі, дзе ўсталявалася Арагонская дынастыя.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЕ́НСКІ [Slavenski; сапр. Штоль цар

(Stolcer)] Іосіп (11.5.1896, г. Чакавец, Харватыя — 30.11.1955),

югаслаўскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў сучаснай нац. кампазітарскай школы. Вучань З.​Кодая і В.​Новака. У 1925—26 удасканальваў майстэрства ў Парыжы. Працаваў у Бялградзе, з 1949 праф. Муз. акадэміі. Для творчасці характэрны ўвасабленне фалькл. матываў у розных муз. жанрах, выкарыстанне сучаснай тэхнікі пісьма. Зазнаў уплывы франц. імпрэсіяністаў. Сярод твораў: «Усходняя сімфонія» («Рэлігіяфанія») для салістаў, хору і арк. (1934); кантаты; сімфонія з хорам «Сімфанічны эпас» (1945), сімф. сюіта Балканафанія (1927), 4 балканскія танцы і інш. для арк.; Слав. саната для скр. з фп. (1924); камерна-інстр. ансамблі, фп. творы, у т. л. «Танцы і песні з Балкан»; хары, песні і інш.

т. 14, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)