тэрмін, які абазначае старажытнасць, даўніну; пераважна ўжываецца ў дачыненні да грэка-рымскай даўніны і ўсёй сукупнасці яе праяў. Ахоплівае перыяд з 9 ст. да н.э. Да 476 н.э. (падзенне Зах.Рым. імперыі). Тэрмін «антычнасць» сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, калі разам з абуджэннем цікавасці да грэка-рымскай культуры ўзніклі паняцці антычнае мастацтва, ант.л-ра, антычная філасофія, ант. гісторыя і інш. У ант. грамадстве нарадзіліся агульначалавечыя каштоўнасці, якія пазней вызначаны як гуманізм, дэмакратыя, патрыятызм. Тыповай формай ант. дэмакратыі сталі дзяржава-поліс у грэкаў і цывітас (гарадская абшчына) у рымлян (адсюль паходжанне слоў «цывільны», «цывілізацыя»). У антычнасці расквітнелі розныя філас.сістэмы, развіваліся этыка, эстэтыка, гісторыя, тэатр, архітэктура і скульптура, асновай заканадаўства многіх краін стала антычнае права. Гуманіст. ідэі ант. культуры паўплывалі на развіццё культуры ўсіх еўрап. народаў, асаблівае месца ў навуцы заняла лац. мова. Больш падрабязныя і канкрэтныя звесткі пра антычнасць гл. ў арт.Грэцыя Старажытная, Рым Старажытны, Рабаўладальніцкі лад, Элінізм і інш.
Літ.:
Античная цивилизация. М., 1973;
Штаерман Е.М. Роль античного наследия в европейской культуре // История Европы. М., 1988. Т. 1.
К.А.Равяка.
Да арт.Антычнасць. Сход багоў. Размалёўка старажытнагрэчаскага келіха. Каля 510 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЙ (лац. Aluminium),
Al, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы Мендзялеева, ат. н. 13, ат. м. 26,98. Прыродны алюміній складаецца з аднаго стабільнага ізатопа 27Al (100%). У літасферы алюміній складае 8,8% па масе (першае месца сярод металаў). Атрыманы ў 1825 дацкім вучоным Х.К.Эрстэдам. Галоўныя носьбіты алюмінію — алюмасілікаты, асн. крыніцы атрымання — баксіты, алуніты, нефелін-апатытавыя руды.
Лёгкі серабрыста-белы метал, добра праводзіць цеплыню і электрычнасць, пластычны, шчыльн. 2,7∙103кг/м³, tпл 660 °C. Хім. актыўны: на паверхні стварае ахоўную аксідную плёнку, аднаўляе металы і неметалы з іх аксідаў, узаемадзейнічае з галагенамі, пры высокіх т-рах з азотам, вугляродам і серай. На алюміній не дзейнічаюць разбаўленыя і моцныя азотная, саляная і серная к-ты. Алюміній з шчолачамі ўтварае алюмінаты. Прамысловы спосаб атрымання заснаваны на электролізе раствору гліназёму (Al2O3) у расплаўленым крыяліце (Na3AlF6) пры t 950 °C. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, буд-ве (канструкцыйны матэрыял), электратэхніцы, металургіі (гл.Алюмінатэрмія), хім. і харч. прам-сці (тара, упакоўкі), вытв-сці выбуховых рэчываў (аманал, алюматол). Як мікраэлемент уваходзіць у склад тканак жывых арганізмаў і раслін; лішак алюмінію шкодны, акумулюецца ў печані, падстраўнікавай і шчытападобнай залозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛАГАВАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА (АВМ),
вылічальная машына, у якой апрацоўка інфармацыі выконваецца з дапамогай спецыяльна падабранага фіз. працэсу, што мадэлюе выліч. заканамернасць. Звычайна складаецца з суматараў, інтэгравальных і дыферэнцыравальных элементаў і інш. У адрозненне ад электроннай вылічальнай машыны рашэнне атрымліваецца практычна імгненна пасля задання параметраў задачы; мае простую канструкцыю і праграмаванне, але невысокую дакладнасць вылічэнняў і меншую універсальнасць.
Папярэднікамі сучаснай АВМ можна лічыць лагарыфмічную лінейку, графікі і намаграмы (гл.Намаграфія) для вызначэння функцый некалькіх пераменных, упершыню прыведзеныя ў дапаможніках па навігацыі (1971), аналагавую прыладу (планіметр) англ. вучонага Дж.Германа для вызначэння плошчы, якая ўтворана замкнутай крывой на плоскасці (1814). Першая мех. АВМ для рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў пры праектаванні караблёў прапанавана рус. вучоным А.М.Крыловым у 1904. Сав. Матэматык С.А.Гершгорын (1927) заклаў асновы пабудовы сеткавых мадэляў АВМ.
Выкарыстоўваюцца АВМ для рашэння задач па апераджальным аналізе, аналізе дынамікі і сінтэзе сістэм кіравання і рэгулявання, у эксперыментальных даследаваннях паводзін сістэмы з апаратурай кіравання ці рэгулявання ў лабараторных умовах, пры вызначэнні ўзбурэння ці карысных сігналаў, што ўздзейнічаюць на сістэму і інш. АВМ, у якой лікавыя характарыстыкі мадэлявальнага фіз. працэсу выяўлены ў лічбавай форме, наз. гібрыднай вылічальнай машынай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́ННАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
спецыфічны ўзаемны ўплыў тоесных часціц, які эфектыўна праяўляецца як вынік некаторага асаблівага ўзаемадзеяння. Чыста квантавы эфект, які не мае класічнага аналага і вынікае з тоеснасці прынцыпу.
Пры сілавым узаемадзеянні паміж часціцамі сярэдняя энергія сістэмы часціц неаднолькавая ў станах, што апісваюцца хвалевымі функцыямі з рознай сіметрыяй, напр. сістэма з 2 электронаў, калі не ўлічваць іх эл. ўзаемадзеяння, характарызуецца 2 хвалевымі функцыямі φ(r1, r2), якія адносна перастаноўкі каардынат электронаў (r1 ⇄ r2) мяняюць або не мяняюць знак Станам з φ± адпавядае сярэдняя энергія ўзаемадзеяння E± = Ek+Ea, дзе Ek — энергія электрастатычнага (кулонаўскага) узаемадзеяння электронаў, кожны з якіх знаходзіцца ў індывід, стане; Ea — т.зв. абменная энергія, што ўзнікае, калі электроны як бы абменьваюцца сваімі станамі (адсюль назва). Абменнае ўзаемадзеянне існуе ў сістэме тоесных часціц і пры адсутнасці сілавога ўзаемадзеяння (ідэальны газ тоесных часціц). Яно пачынае праяўляцца, калі сярэдняя адлегласць паміж часціцамі становіцца параўнальнай з даўжынёй хвалі дэ Бройля, мае характар адштурхоўвання для ферміёнаў (гл.Паўлі прынцып) і прыцяжэння — для базонаў. Паняццем абменнага ўзаемадзеяння карыстаюцца ў тэорыі многаэлектронных атамаў, гомеапалярнай хім. сувязі, ферамагнетызму. Тэрмін абменнае ўзаемадзеянне ўжываецца і ў ядз. фізіцы (гл.Ядзерныя сілы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФОНД СО́РАСА,
рэспубліканская грамадская арг-цыя, адзін з дабрачынных фондаў, створаных амер. мільярдэрам Дж.Сорасам у 27 краінах свету. Засн. ў 1993 як «Фонд Сораса — Беларусь», з вер. 1994 — Беларускі фонд Сораса. Асн. мэты і задачы: садзейнічаць фарміраванню і развіццю на Беларусі адкрытага грамадства (сац.сістэмы, асн. элементамі якой выступаюць паліт. дэмакратыя, культурны плюралізм, прыярытэт закону, забеспячэнне правоў і свабод асобы), павышэнню інтэлектуальнага патэнцыялу бел. грамадства (развіццё культуры, навукі, гуманіт. адукацыі), інтэграцыі бел. культуры ў сусв. супольніцтва, супрацоўніцтву паміж Беларуссю і інш. краінамі. Аказвае фінансавую і інфарм. дапамогу арганізацыям і прыватным асобам, якія спрыяюць дасягненню мэтаў і вырашэнню задач фонду. У 1994 на патрэбы нац. адукацыі, навукі і культуры ім было выдаткавана больш як 2 млн., у 1995 — каля 5 млн. долараў. Фінансавана каля 2 тыс. праектаў. Вылучаны сродкі на рэстаўрацыю помнікаў стараж.бел. мастацтва на базе калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі; стварэнне экспазіцыі па гісторыі і культуры Беларусі ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. (у Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі) і інш. Стварыў Ін-т прыватызацыі і менеджменту, інфармац. цэнтр па праграмах адукацыі ў ЗША і інш. Выдае «Информационный бюллетень».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗААБМЕ́Ну фізіялогіі,
працэс пастаяннага абмену газаў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем пры дыханні, фотасінтэзе і інш. Заключаецца ў паглынанні арганізмам кіслароду (O2) і выдзяленні вуглякіслага газу (CO2) — канчатковага прадукту акісляльнага метабалізму. Біял. роля газаабмену вызначаецца яго непасрэдным удзелам у абмене рэчываў, пераўтварэнні хім. энергіі засваяльных пажыўных прадуктаў у энергію, неабходную для жыццядзейнасці арганізма. Газаабмен адлюстроўвае інтэнсіўнасць працэсаў акіслення біялагічнага ва ўсіх органах і тканках. У раслін газаабмен адбываецца праз вусцейкі ліста; у чалавека і высокаарганізаваных жывёл — праз сістэмы органаў дыхання і кровазвароту і скуру, у прасцейшых — шляхам дыфузіі газаў праз паверхню цела. Патрэба ў газаабмене тым большая, чым вышэй арганізаваны жывы арганізм.
Газаабмен у чалавека і жывёл вызначаюць спец. прыладамі, з дапамогай якіх разлічваюць энергазатраты арганізма (непрамая каларыметрыя). Узровень газаабмену залежыць ад стану арганізма, умоў знешняга асяроддзя, інтэнсіўнасці мышачнай дзейнасці і інш. Рэгуляцыя газаабмену ідзе на ўсіх этапах транспарту газаў за кошт біяхім., біяфіз., нервовых і гумаральных уплываў. Газаабмен вывучаюць для ацэнкі дынамікі захворванняў і эфектыўнасці іх лячэння, у с.-г. жывёл — для распрацоўкі навукова абгрунтаваных нарматываў кармлення і ўтрымання.
Літ.:
Уэст Дж. Физиология дыхания: Основы: Пер. с англ.М., 1988;
Физиология дыхания. Л., 1991 (Руководство по физиологии).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ФЕРСАН ((Jefferson) Томас) (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),
дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).
Літ.:
Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;
Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.
Т.Джэферсан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУАЛІ́ЗМ (ад лац. dualis дваісты),
філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духа, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае ў якасці антыпода розных формаў манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духа. У гісторыі філасофіі Д. накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэзу ў межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «Д.» увёў ням. філосаф К.Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў Д. — Р.Дэкарт лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафіз. паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго. І.Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з’яў». Для філасофіі новага часу характэрны формы гнасеалагічнага Д. (Дж.Лок, Д.Юм і інш.). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб’екта пазнавальнаму аб’екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы. Паняцце «Д.» сустракаецца ў разнастайных маральных, эстэт., паліт. і інш. канцэпцыях, дзе аб’ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (дабро і зло, прыгожае і агіднае і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУ́ЗІЯ (ад лац. diffusio распаўсюджванне, расцяканне, рассейванне),
перанос рэчыва за кошт цеплавога руху часціц (малекул, атамаў і інш.) у адна- ці шматкампанентным газавым або кандэнсаваным асяроддзі; узаемнае пранікненне рэчываў, якія мяжуюць адно з адным. Адбываецца пры наяўнасці градыента канцэнтрацыі і вядзе да раўнамернага размеркавання рэчыва па ўсім аб’ёме сістэмы.
Д. ўласціва газам, вадкасцям і цвёрдым целам. Працякае з рознай скорасцю (найб. хутка ў газах), што абумоўлена характарам цеплавога руху. Дыфундзіраваць могуць завіслыя часцінкі прымесей (з прычыны броўнаўскага руху) і часціцы самога асяроддзя (самадыфузія), хім. састаў якога застаецца нязменны. Узнікае і пры адсутнасці градыента канцэнтрацыі: пад уплывам градыента т-ры (тэрмадыфузія), пры ўздзеянні знешняга эл. поля (электрадыфузія) ці градыента ціску (барадыфузія). Вызначае механізм і кінетыку хім. рэакцый, шматлікіх фіз.-хім. працэсаў і з’яў (мембранных, выпарэння, гарэння, крышталізацыі і інш); з’яўляецца асновай многіх працэсаў жыццядзейнасці жывёл і раслін (Д. кіслароду з лёгкіх у кроў, паглынанне пажыўных рэчываў, усмоктванне прадуктаў стрававання з кішэчніка і інш.), тэхнал. аперацый (гомагенізацыі сплаваў, зваркі металаў, дублення скуры і футра, афарбоўкі валокнаў і інш).
Літ.: Овчинников А.А., Тимашев С.Ф., Белый А.А. Кинетика диффузионно-контролируемых химических процессов. М., 1986; Чалых А.Е. Диффузия в полимерных системах. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІЯ́ЦЫЯ (ад позналац. deviatio адхіленне),
1) адхіленне рухомых цел (карабля, самалёта, снарада, кулі і інш.) ад зададзенага (вызначанага) напрамку руху (разліковай траекторыі). Напр., Д. снарада, кулі выклікаецца мех. парушэннямі руху ў канале ствала (зрыванне снарада з нарэзкі) ці ў паветры (няспраўнасць апярэння стабілізатара, выпадковыя рэзкія змены кліматычных умоў у час палёту, гл. таксама Дэрывацыя).
2) Адхіленне рухомай сістэмы компаса ад напрамку на магн. (у магн. компаса) ці геагр. (у гіракомпаса) полюс Зямлі. Узнікае пад уплывам магн. і эл. палёў, паскоранага руху, гайданкі і інш. Кампенсуецца з дапамогай адпаведна дадатковых магнітаў ці карэктараў.
3) Адхіленне частаты ваганняў ад сярэдняга значэння (найб. пры частотнай мадуляцыі). Уплывае на склад і значэнні амплітуд складальных спектра частотна мадуляваных ваганняў, перашкодаўстойлівасць радыёсістэм і інш. 4) У біялогіі — эвалюцыйнае адхіленне ў развіцці органа на сярэдніх этапах яго фарміравання (у час эмбрыянальнага развіцця); разнавіднасць філэмбрыягенезу. Прыводзіць да змены будовы гэтага органа ў дарослага арганізма ў параўнанні з продкамі. Напр., эпідэрмальная частка зачаткаў лускі ў паўзуноў на сярэдніх стадыях яе развіцця падвяргаецца арагавенню, а не акасцяненню, як у акул. У раслін прыклад Д. — клубні і цыбуліны, якія сфарміраваліся з першаснай эмбрыянальнай расліннай пупышкі. Тэрмін увёў ням. вучоны Ф.Мюлер (1864).