НАЎЕ́ ((Navier) Луі Мары Анры) (15.2.1785, г. Дыжон, Францыя — 23.8.1836),
французскі інжынер і вучоны, адзін з заснавальнікаў тэорыі пругкасці. Чл. Парыжскай АН (1824). Скончыў Політэхн. школу (1804) і Школу мастоў і дарог (1806), у якіх і працаваў. Навук. працы па буд. механіцы, тэорыі пругкасці, супраціўленні матэрыялаў, гідраўліцы і гідрамеханіцы. Вывеў агульныя ўраўненні раўнавагі і руху пругкага цела, ураўненні руху несціскальнай вязкай вадкасці (Н. — Стокса ўраўненні), распрацаваў метад разліку вісячых мастоў. Аўтар першага падручніка па супраціўленні матэрыялаў.
Літ.:
Тимошенко С.П. История науки о сопротивлении материалов: Пер. с англ.М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЙБЕР, Нейбер (Neuber) Фрыдэрыка Караліна (9.3.1697, г. Райхенбах, Германія — 30.11.1760), нямецкая актрыса, рэфарматар ням.т-ра. З 1717 выступала ў прыдворных т-рах Дрэздэна, Гановера, Гамбурга. У 1727—50 узначальвала ўласную трупу ў Лейпцыгу. Актрыса шырокага дыяпазону. Іграла ў трагедыях П.Карнеля і Ж.Расіна, камедыях (часта імправізацыйных); была першай ням. травесці. Імкнулася да пераўтварэння рэпертуару, выступала супраць грубага натуралізму, перабольшаных пафасу і буфанады, заклікала да адмовы ад імправізацыі, да ўмоўнасці акцёрскага выканання (дэкламацыі). Ставіла франц. класіцыстычныя трагедыі, асветніцкія драмы і літ. камедыі, юнацкія камедыі Г.Лесінга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЗЕРАЎ (Уладзіслаў Аляксандравіч) (11.10.1769, с. Боркі Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 17.9.1816),
рускі драматург. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус (1787). Друкаваўся з 1794 (вершы, вольныя пераклады). Першая п’еса — трагедыя «Яраполк і Алег» (1798). У вершаваных трагедыях «Эдып у Афінах» (1804), «Фінгал» (1805), «Дзмітрый Данскі» (паст. 1807), «Паліксена» (1809) спалучэнне рыс класіцызму і сентыменталізму. П’есы О. садзейнічалі фарміраванню рус.нац. школы акцёрскай ігры.
Тв.:
Трагедии. Стихотворения. 2 изд. Л., 1960.
Літ.:
Вяземский П.А. О жизни и сочинениях В.А.Озерова // Соч.М., 1982. Т. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НЯ,
ваенная павіннасць у ВКЛ. Згадваецца ў прывілеі караля польскага і вял.кн.літ. Ягайлы 20.2.1387 баярству ВКЛ: «У тым выпадку, калі прыйдзецца пераследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія б збягалі з нашай літоўскай зямлі, то дзеля гэтага роду пераследавання, якое па-народнаму завецца пагоняй, абавязаны адпраўляцца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, якога б ён ні быў паходжання або стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю». У лацінскім тэксце акта слова «пагоня» прыведзена ў форме «pogonia», што сведчыць пра існаванне гэтай павіннасці на слав. землях ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Пагост-Загародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, існаваў да канца 1930-х г.Найб. росквіту дасягнуў у канцы 19 — пач. 20 ст. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння: глякі (бунькі), збанкі, міскі, гладышы, макатры, гаршкі з вушкамі, формы, кубкі, фігурныя кветнікі. Вырабы вызначаюцца буйнымі лаканічнымі формамі, суцэльна глянцаванай паверхняй, коса зрэзанымі венчыкамі місак і макатроў.
Літ.:
Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.
Я.М.Сахута.
Чорнаглянцаваная пагост-загародская кераміка. Брэсцкая вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’Я́ЧАЎ (Сямён Паўлавіч) (8.2.1866, с. Пад’ячава Дзмітраўскага р-на Маскоўскай вобл. — 17.2.1934),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1888. Асн. тэмы апавяданняў, зб. нарысаў «Па этапе» (1903), аповесцей «Пакуты» (1902), «Сярод рабочых» (1904), «Забытыя» (1909) і інш. — жыццё вёскі, лёс сялянства. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Маё жыццё» (кн. 1—2, 1929—32). Яго творчасці ўласцівы тонкая назіральнасць, багацце нар. мовы, форма сказа, драм. напружанасць канфліктаў, гумар.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—11. М.; Л., 1927—30;
Избр произв. М., 1966;
Деревенские разговоры. М., 1975.
Літ.:
Макина М.А. Семен Подъячев: Лит. портрет. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЕ́ЎСКІ (Леў Сямёнавіч) (1850—1919),
бел. гісторык Бацька Мелхіседэка. Скончыў Люблінскую духоўную семінарыю. Служыў святаром у прыходах Холмска-Варшаўскай, потым Гродзенскай епархій. Удзельнік 7-га (1890), 9.-га (1893) і 10-га (1896) археал. з’ездаў. З 1903 чл. Гродзенскага губ. стат. к-та. Даследаваў царк. гісторыю 18—19 ст., гісторыю гарадоў і мястэчак Беларусі, пытанні археалогіі. Аўтар прац, змешчаных у перыяд.царк. і свецкіх выданнях Гродна, Вільні, Холма, Масквы.
Тв.:
Город Брест-Литовск и его древние храмы. Гродно, 1894.
Літ.:
Чарапіца В.М. Са скарбніцы кніжных паліц. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,
фанетычныя змяненні гукаў, якія залежаць ад месца гука адносна пачатку ці канца слова або націску ў слове. Супрацьстаяць камбінаторным змяненням гукаў. Вызначаюць наступныя П.з.г.: узнікненне пратэз (прыстаўных гукаў) на пачатку слова («леў — ільва», «вуліца»), аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова («род» [рот]), рэдукцыю ненаціскных галосных («малако» [мълʌко]). У бел. мове пашырана ўзнікненне пратэтычных гукаў, змена звонкіх зычных на канцы слова, колькасная рэдукцыя ненаціскных галосных. Пазіцыйныя змяненні зычных з’яўляюцца асновай амафонаў.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАБІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + біягеаграфія),
навука аб пашырэнні і размеркаванні арганізмаў і іх згуртаванняў у геал. мінулым; раздзел палеанталогіі. На падставе выяўленых спосабаў жыцця і ўмоў існавання выкапнёвых арганізмаў, асаблівасцей намнажэння і залягання іх рэшткаў і інш. высвятляе фізіка-геагр. становішча былых геал. эпох, што выкарыстоўваецца пры складанні палеагеагр. і прагнозных карт. Звязана з гіст. біягеаграфіяй і геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеаэкалогіяй, стратыграфіяй, тафаноміяй і інш. На Беларусі асобным пытанні П. вывучаюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ.
Літ.:
Палеонтология, палеобиогеография и мобилизм. Магадан, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́НСКІ (Міхаіл Мадэставіч) (1785, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 1848),
бел. матэматык. Д-р філасофіі (1814), праф. (1819). Скончыў школу ў Жыровічах, Віленскі ун-т (1808). З 1808 у Мінскай, з 1813 у Віленскай гімназіях. У 1817—19 у замежнай камандзіроўцы (Германія, Францыя, Італія) з мэтай удасканалення ў галіне матэм. навук і вывучэння сістэмы адукацыі. У 1816—32 у Віленскім ун-це (з 1823 дэкан фіз.-матэм. ф-та). Выкладаў алгебру, вышэйшую геадэзію, аналіт. геаметрыю, аналіт. механіку.
Літ.:
Беспамятных Н.Д. Математическое образование в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1975.