ДЖАБАРЛЫ́ (Джафар) (20.3.1899, в. Хізы Апшэронскага р-на, Азербайджан — 31.12.1934),
азербайджанскі пісьменнік, рэжысёр. Засл. дз. маст. Азербайджана (1932). Скончыў Азербайджанскі ун-т (1929). Друкаваўся з 1915. Выступаў у жанрах апавядання, сатыр. верша, п’есы. Сярод твораў: гіст. драмы «Насрэддзін-шах» (1916), «Нявеста агню» (паст. 1928), п’есы «Айдын», «Актай Эль-аглы» (паст. 1922—23), «Алмас» (паст. 1931), «Яшар» (паст. 1932) і інш. Вастрыня драм. канфліктаў, па-майстэрску пабудаваны дыялог — адметныя рысы яго твораў. Аўтар лібрэта опер, кінасцэнарыяў, літ.-крытычных артыкулаў. Пераклаў на азерб. мову асобныя творы Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗ,
графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «з», перадае афрыкату «дз». У помніках старабел. пісьменства адзначаецца з 16 ст. («дедзичъ», «жаръдзье», «медзь»). Як сродак паказу дзекання выступаў спарадычна, пераважна ў запазычаных словах. Асобнае вымаўленне «д» і «з» («д-зякуй», «д-зень»), а таксама вымаўленне «дз» як мяккага «д» з’яўляецца парушэннем нормы бел.літ. вымаўлення. У якасці 2 асобных гукаў спалучэнне «дз» вымаўляецца толькі ў словах тыпу «падзагаловак», «падзямелле», дзе «д» — канцавы гук прыстаўкі, а «з» — пачатковы гук кораня («пад-земны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТЫХ (Рыгор Рыгоравіч) (н. 1.12.1918, в. Бараноўшчына Кіраўскай вобл., Расія),
расійскі хімік-неарганік. Акад.Рас.АН (1974). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў Горкаўскі ун-т (1941) і працаваў у ім. З 1973 у Ін-це хіміі АНСССР (г. Ніжні Ноўгарад), з 1988 дырэктар ін-та хіміі высакачыстых рэчываў Рас.АН. Навук. працы па неарган. і аналіт. хіміі высакачыстых рэчываў, праблемах атрымання высакачыстых матэрыялаў. Распрацаваў метады глыбокай ачысткі лятучых неарган. гідрыдаў, хларыдаў і металаарган. злучэнняў. Ленінская прэмія 1986.
Тв.:
Высокочистые тугоплавкие и редкие металлы. М., 1993 (разам з Г.С.Бурханавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНІСЮ́К (Юрый Мікалаевіч) (н. 27.7.1927, г. Сочы, Расія),
расійскі фізік, адзін са стваральнікаў галаграфіі. Акад.Рас.АН (1992, чл.-кар. з 1970). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі (1954). З 1954 у Дзярж. аптычным ін-це, з 1989 у Фізіка-тэхн. ін-це Рас.АН (С.-Пецярбург). Навук. працы па фіз. оптыцы і галаграфіі. Абгрунтаваў і распрацаваў (1962) метад стварэння аб’ёмных галаграм, якія ўзнаўляюць каляровы відарыс аб’екта пры дапамозе звычайных крыніц святла. Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэмія СССР 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́МАЎ (Дзімітр) (25.6.1909, г. Ловеч, Балгарыя — 1.4.1966),
балгарскі пісьменнік і вучоны. Засл. дз. культ. Балгарыі (1963), праф. анатоміі (1953). Дэбютаваў раманам «Паручнік Бенц» (1938). Майстэрствам псіхал. аналізу адметны раман «Асуджаныя душы» (1945), падзеі якога адбываюцца ў Іспаніі напярэдадні і пасля ваенна-фаш. мяцяжу 1936. Сусв. вядомасць прынёс раман «Тытунь» (1951; Дзімітраўская прэмія 1952), прысвечаны жыццю балг. народа ў 1930—40-я г. Аўтар камедыі «Жанчыны з мінулым» (1959), драм «Вінаваты» (1961), «Перадышка ў Арка Ірыс» (1936), а таксама прац па анатоміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЯНІ́СІЙ [каля 1440 — пасля 1502—03(7)],
рускі жывапісец. Працаваў пераважна ў Маскве і сярэднярус. манастырах. Большасць твораў Дз. не захавалася і вядома па пісьмовых крыніцах. Абразам Дз., з іх вытанчаным малюнкам і каларытам, з вельмі выцягнутымі, грацыёзнымі фігурамі, уласцівы ўзнёсласць і ўрачыстасць: «Божая Маці Адзігітрыя» (1482), «Спас у сілах» і «Распяцце» (абодва 1500); абразы для Ферапонтава манастыра і размалёўкі яго сабора выкананы разам з сынамі Уладзімірам і Феадосіем (1500—02 ці 1502—03). Дз. прыпісваюць таксама абразы «Мітрапаліт Пётр у жыцці», «Мітрапаліт Аляксій у жыцці» і інш.
Літ.:
Данилова И.Е. Фрески Ферапонтова монастыря. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКІ (Іван Іванавіч) (9.4.1909, г. Тамбоў, Расія — 18.1.1978),
расійскі кампазітар. Унук ураджэнца Беларусі Лявонція Дзяржынскага, удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Тамбоў. У 1932—34 вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі ў Б.Асаф’ева і інш. Аўтар опер «Ціхі Дон» (1934, паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1938 і 1951), «Узнятая цаліна» (1937), «Князь-возера» (1947), «Далёка ад Масквы» (1954), «Лёс чалавека» (1959), «Рыгор Мелехаў» (1967), муз. камедый, 3 канцэртаў для фп. з аркестрам, 2 сімф. паэм, песень, рамансаў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНІПРО́ВА ЧА́ЙКА (сапр.Васілеўская Людміла Аляксееўна; 1.11.1861, с. Зялёны Яр Мікалаеўскай вобл., Украіна — 13.3.1927),
украінская пісьменніца. Скончыла гімназію ў Адэсе (1879). Майстар інтымнай і грамадз. лірыкі. Аўтар рытмізаваных лірычных мініяцюр, адметных сац. сімволікай, рамант. пафасам і філас. роздумам аб сэнсе жыцця: «Дзяўчына-чайка» (1892), «Скала» (1893), «Буравеснік» (1900), «Плаўні гараць» (1902) і інш. Побыт укр. сялянства і інтэлігенцыі канца 19 — пач. 20 ст. адлюстраваны ў апавяданнях «Знахарка» (1885), «Крыжанос» (1896), «У школе» (1909). Вядома як збіральніца фальклору, перакладчыца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ВІСАН ((Davisson) Клінтан Джозеф) (22.10.1881, г. Блумінгтан, штат Ілінойс, ЗША — 1.2.1958),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Чыкагскі (1908) і Прынстанскі (1911) ун-ты. З 1911 у Тэхнал. ін-це Карнегі, з 1917 у Лабараторыях Бэл-Тэлефон, у 1946—54 візіт-праф. Віргінскага ун-та. Навук. працы па электроніцы, цеплавым выпрамяненні, фізіцы крышталёў і квантавай фізіцы. Незалежна ад Дж.П.Томсана адкрыў разам з амер. фізікам Л.Джэрмерам (1927) дыфракцыю электронаў на крышталях нікелю, што стала эксперыментальным пацвярджэннем хвалевых уласцівасцей мікрааб’ектаў. Нобелеўская прэмія 1937.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 403—404.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ 1776. Прынята 4.7.1776 у г. Філадэльфія 2-м Кантынент. кангрэсам прадстаўнікоў 13 англ. калоній у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Аўтарам яе праекта быў Т.Джэферсан. Абвясціла аддзяленне калоній ад метраполіі і ўтварэнне новай незалежнай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі, роўнасць усіх каланістаў перад законам і іх неад’емныя правы на «жыццё, свабоду і імкненне да шчасця», прынцып нар. суверэнітэту як аснову дзярж. ладу і інш. Была першай у сусв. гісторыі дэкларацыяй правоў чалавека. Дзень 4 ліпеня з’яўляецца нац. святам ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976.