КАРПІЛО́ВІЧ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 2.4.1934, Мінск),

бел. канструктар і вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі. Канд. тэхн. н. (1984), праф. (1990). Скончыў БПІ (1957). З 1958 на Мінскім з-дзе ЭВМ, у 1974—94 гал. інжынер Аб’яднання выліч. тэхнікі, адначасова з 1976 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Удзельнічаў у распрацоўцы, стварэнні і асваенні ЭВМ тыпу «Мінск» і «АС», персанальных камп’ютэраў і сродкаў тэлекамунікацый. Дзярж. прэмія СССР 1970, Ленінская прэмія 1983.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́НІЧ (Ганна Трафімаўна) (4.8.1902, г. Магілёў — 12.4.1990),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. кансерваторыю (1937, клас П.​Ціханава). У 1933—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, акцёрскімі здольнасцямі. Сярод партый: Вольга і Ларына, Паліна і Гувернантка, Салоха («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Флора («Травіята» Дж.​Вердзі), Берта («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Кэт («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕСКЕ́ВІЧ (Валерый Георгіевіч) (н. 19.8.1951, г. Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1973). Працаваў у Гродзенскім філіяле ін-та «Белкалгаспраект», з 1974 у ін-це «Брэстграмадзянпраект» (з 1986 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы (усе ў Брэсце): комплекс гаражоў (1978), будынак выд-ва газ. «Зара» (1984), жылы дом на бульвары Касманаўтаў (1985), Брэсцкі аэравакзал (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988) — усе ў сааўт. Прэмія міжнар. конкурса ЮНЕСКА і Міжнар. саюза архітэктараў «Жыллё — заўтра» (1984).

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШЫЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1374 Выдадзены польскім каралём Людовікам I Анжуйскім (ён жа і венг. кароль) 17 вер. пасля перагавораў з прадстаўнікамі польскай шляхты на з’ездзе ў г. Кошыцы (Славакія). Шляхта задаволіла дынастычныя прэтэнзіі Людовіка, ён у адказ пашырыў на ўсю шляхту правы і прывілеі, якімі раней карысталіся вышэйшыя свецкія і духоўныя феадалы. К.п. вызваляў шляхту ад усіх павіннасцей, акрамя невял. падатку з зямельных уладанняў і нясення вайск. службы, гарантаваў ёй выключнае права займаць дзярж. пасады.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКЛАЧО́Ў (Юрый Дзмітрыевіч) (н. 12.4.1949, Масква),

расійскі артыст цырка, клоун-дрэсіроўшчык. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога і эстр. мастацтва (1971) і Ін-т тэатр. мастацтва (1983) у Маскве. Працуе ў многіх жанрах. У 1972 першы ў Расіі пачаў выступаць з катамі, у 1989 адкрыў у Маскве т-р катоў. Праграмам К. ўласцівы пацяшальная лёгкасць, мяккі гумар. Аўтар кніг «Мае сябры — каты» (1981), «120 катоў Юрыя Куклачова» (1997) і інш.

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НЕНКА (Васіль Аляксеевіч) (н. 29.6.1950, Магілёў),

бел. музыкант, кампазітар; збіральнік і выканаўца бел. муз. фальклору. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975). З 1974 канцэртмайстар, з 1978 муз. кіраўнік фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». З 1984 арганізатар і маст. кіраўнік Бел. дзярж. ансамбля нар. музыкі «Свята» Аўтар апрацовак нар. музыкі, у т. л. песень «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песня-балада», арыгінальных песень на вершы Я.​Чачота, Я.​Купалы і інш.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН (Ігар Канстанцінавіч) (н. 13.11.1923, г. Палтава, Украіна),

бел. вучоны ў галіне заалогіі і зоагеаграфіі. Д-р біял. н. (1965), праф. (1965). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1990). Скончыў Харкаўскі ун-т (1946). З 1970 у БДУ (да 1998 заг. кафедры). Навук. працы па таксаноміі насякомых, зоагеаграфіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Жуки-листоеды фауны Белоруссии и Прибалтики: Определитель. Мн., 1986;

Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989;

Каталог жесткокрылых (Coleoptera, Insecta) Беларуси. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСО́СНА, Ласасянка,

рака ў Польшчы і Гродзенскім р-не Беларусі, левы прыток р. Нёман. Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 468 км² Пачынаецца ў Польшчы, недалёка ад в. Брузгі перасякае дзярж. мяжу. Асн. прытокі на Беларусі — Каменка (справа) і Татарка (злева). Даліна выразная. Пойма перарывістая, шыр. 50—150 м. Рэчышча звілістае, шыр. ад 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні да 20—25 м у ніжнім. Створаны вадасх. Юбілейнае возера, 2 сажалкі.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКУ́РГ (Lykurgos),

легендарны старажытнагрэчаскі заканадаўца ў Спарце (9—8 ст. да н.э.). Паводле Плутарха, Л. быў дзядзькам і выхавацелем малалетняга цара. Грэч. аўтары 5—4 ст. да н.э. прыпісваюць яму стварэнне ін-таў спартанскага грамадскага і дзярж. ладу, у т. л. савета старэйшын (герусіі), нар. сходу (апелы) і інш. На ўзор Л. свае рэформы ў 3 ст. да н.э. праводзілі цары Агіс IV і Клеамен III. У Спарце існаваў асобны культ Л.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА ДУА́НЬЛІ́НЬ (1228, прав. Цзянсі, Кітай — 1322?),

кітайскі гісторык эпохі дынастыі Сун. Аўтар энцыклапедычнай працы «Вэньсянь тункао» («Сістэматызаваны збор пісьмовых помнікаў і меркаванняў»), якая побач з творамі сунскіх гісторыкаў Чэн Чао і Сыма Гуана стала ўзорам для кіт. гісторыкаў больш позняга часу. М.Д. імкнуўся даследаваць эвалюцыю шэрагу сац. і дзярж. ін-таў і выявіць прычынныя сувязі некаторых гіст. з’яў. Лічыў, што для чыноўніка-канфуцыянца гіст. веды таксама важныя, як і канфуцыянская л-ра.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)