БІЛО́ННАЯ МАНЕ́ТА (ад франц. billon нізкапробнае серабро),
разменная непаўнацэнная метал.манета, намінальная вартасць якой перавышае вартасць металу і затрат на яе выраб; заменнік золата. Як знак вартасці абслугоўвае пераважна рознічны тавараабарот, выконваючы функцыі сродку абарачэння і абмежаванага сродку плацяжу. З 1933 ва ўсіх краінах свету ў абарачэнне ўведзены толькі білонныя манеты, якія вырабляюць з серабра невысокай пробы, медзі, нікелю, алюмінію і інш. металаў. Колькасць білонных манет абумоўлена патрэбамі грашовага абароту, а гранічны тэрмін іх зносу вызначаецца на аснове практычнага вопыту. У наменклатуры дзярж. разліковых білетаў Нац. банка Беларусі (з 1992) білонная манета адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЛЕНКА (Соф’я Уладзіміраўна) (н. 17.7.1924, г. Варонеж, Расія),
бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі, мікалогіі і аховы раслін. Д-рбіял.н. (1975), праф. (1991). Скончыла Варонежскі ун-т (1947). У 1960—96 у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні хвароб інтрадукаваных раслін, рэгуляцыі фітапаталагічнай сітуацыі ў штучных фітацэнозах, біятэхналагічных праблемах.
Тв.:
Указатель возбудителей болезней цветочно-декоративных растений. Вып. 7. Л., 1980 (разам з Г.А.Дзьякавай);
Устойчивость древесных интродуцентов к биотическим факторам. Мн., 1988 (разам з А.І.Блінцовым, Н.А.Панько);
Болезни и вредители клюквы крупноплодной. Мн., 1996 (разам з С.У.Бугам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРА ((Vydra) Вацлаў) (29.4.1876, г. Пльзень, Чэхія — 13.4.1953),
чэшскі акцёр. Нар.арт. Чэхаславакіі (1946). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1893. У 1907—22 у Гарадскім т-ры ў Пльзене, потым у Празе, у Гарадскім т-ры на Вінаградах, з 1922 у Нац. т-ры (у 1945—49 маст. кіраўнік). Сцэн. вобразы, створаныя Выдрам, адметныя майстэрствам псіхал. аналізу, тэмпераментам: Атэла, Кароль Лір, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Геро, Войнар («Геро», «Войнарка» А.Ірасека), Ранк («Нора» Г.Ібсена) і інш. Аўтар кніг «Прашу слова» (1954) і «Мае падарожжы ў жыцці і мастацтве» (4-е выд., 1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫ ГАСПАДА́РЧЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
судовая ўстанова, якая вырашае ў межах сваіх паўнамоцтваў гасп. спрэчкі паміж прадпрыемствамі, установамі, арг-цыямі, калгасамі, сумеснымі прадпрыемствамі, дзярж. і інш. органамі, а таксама з’яўляецца нагляднай інстанцыяй за рашэннямі гасп. судоў ніжэйшых звёнаў. Створаны ў 1991. Складаецца з 16 суддзяў, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Саветам Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя, парадак дзейнасці і кампетэнцыя суда вызначаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Яго асн. задачы: абарона правоў і інтарэсаў арг-цый, захаванне законнасці ў эканам. адносінах; забеспячэнне аднолькавага і правільнага выкарыстання заканадаўства пры вырашэнні гасп. спрэчак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПУСТЫ́НЯ ВІКТО́РЫЯ (Great Victoria Desert),
пясчаная пустыня на Пд Аўстраліі. Пл. 350 тыс.км². Працягласць з У на З амаль 1200 км.
Вялікая пустыня Вікторыя — тэр. заходнеаўстралійскага пенеплену з пераважнымі выш. 150—300 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады і ўзгоркі (выш. 10—15 м), месцамі астанцовыя плато ці азёрныя засоленыя ўпадзіны. Ападкаў ад 125 да 250 мм за год. Сухія рэчышчы. Пяскі часта замацаваны дзярнінным злакам спініфекс, у міжградавых прасторах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. Пустыня практычна бязводная і цяжкадаступная; упершыню перасек яе ў 1875 англа-аўстр. даследчык Э.Джайлсам. Аднайменны нац. парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН (Grand Canyon),
Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАШКЛАПЛА́СТЫКІ,
машынабудаўнічыя матэрыялы, атрыманыя на аснове спалучэння драўніны з палімерамі, шкловалакном і інш. кампанентамі. Забяспечваюць работу вырабаў пры т-ры ад -60 да 150 °C ва ўмовах агрэсіўна-абразіўных асяроддзяў. Выкарыстоўваюцца ў тэхнал. абсталяванні хім., аўтамаб., трактарнай і інш. галін прам-сці. На Беларусі даследуюцца з 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН, дзе створаны канструкцыйныя Д. (атрымліваюць метадам гарачага ўшчыльнення кампазіту са здробненай драўніны, насычанай кандэнсавальнымі смоламі, і шклянога валакна, насычанага палімерамі) і самазмазвальныя (атрымліваюць напаўненнем лігнавугляводнай матрыцы драўніны тэрмастабільнымі калоіднымі актыўнымі сістэмамі; выкарыстоўваюцца як падшыпнікі слізгання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЯС ДЭ МЕНДО́СА ((Díaz de Mendoza) Фернанда) (7.7.1862, г. Мурсія, Іспанія — 20.10.1930),
іспанскі акцёр і тэатр. дзеяч. Творчую дзейнасць пачаў у 1895 у Мадрыдзе. У 1896—1906 кіраўнік (з М.Герэра) трупы «Герэра—Мендоса». У 1929 арганізаваў у Буэнас-Айрэсе т-р «Сервантэс», які стаў правадніком ісп.тэатр. культуры ў краінах Лац. Амерыкі. Значную ўвагу аддаваў пастаноўкам п’ес класікаў нац. драматургіі (Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона, Тырса дэ Маліны, А.Марэты) і тагачасных аўтараў (Х.Эчэгарай-і-Эйсагірэ, Х.Бенавентэ-і-Марцінеса, братоў С. і Х.Альварэсаў Кінтэра), садзейнічаў фарміраванню творчасці шэрагу ісп. і аргенцінскіх акцёраў 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІ́ЗЫ (франц. devises),
плацежныя сродкі ў замежнай валюце, якія выкарыстоўваюцца ў міжнар. разліках. Першапачаткова Д. пераважалі ў выглядзе камерцыйных пераводных вэксаляў (трат), выпісаных экспарцёрам на імпарцёра. З пашырэннем сусв. гандлю і карэспандэнцкіх сувязей банкаў набылі форму банкаўскіх плацежных сродкаў: вэксаляў, чэкаў, акрэдытываў, плацежных даручэнняў, а таксама ўзаемных міждзярж. кароткатэрміновых крэдытаў. Паняцце Д. ўзнікла пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі залаты монаметалізм быў заменены золатадэвізным стандартам, заснаваным на золаце і вядучых валютах зах. краін (долар ЗША, фунт стэрлінгаў, франц. франк). Цана Д. ў нац. валюце вызначаецца валютным курсам (гл. таксама Дэвізная палітыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ВІСАН ((Davisson) Клінтан Джозеф) (22.10.1881, г. Блумінгтан, штат Ілінойс, ЗША — 1.2.1958),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Чыкагскі (1908) і Прынстанскі (1911) ун-ты. З 1911 у Тэхнал. ін-це Карнегі, з 1917 у Лабараторыях Бэл-Тэлефон, у 1946—54 візіт-праф. Віргінскага ун-та. Навук. працы па электроніцы, цеплавым выпрамяненні, фізіцы крышталёў і квантавай фізіцы. Незалежна ад Дж.П.Томсана адкрыў разам з амер. фізікам Л.Джэрмерам (1927) дыфракцыю электронаў на крышталях нікелю, што стала эксперыментальным пацвярджэннем хвалевых уласцівасцей мікрааб’ектаў. Нобелеўская прэмія 1937.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 403—404.