ДУБЛІ́РАВАННЕ,

1) выкананне паралельна з кім-н. аднолькавай (падобнай) работы; паўтарэнне, выкананне чаго-н. у 2 экзэмплярах.

2) Д. тэкстыльных матэрыялаў — здвойванне і змацаванне матэрыялаў з дапамогай нітачных строчак ці клею (напр., склейванне 2 розных тканін) або пад ціскам пасля аплаўлення паверхні аднаго з матэрыялаў (напр., змацаванне паралону з тканінай ці трыкатажам).

3) Д. фільма, дубляж — узнаўленне моўнай ч. гукавога кінафільма на інш. мове з сінхранізацыяй рухаў губ акцёра на экране і дублёра.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬБЕРГ (Самуіл Іосіфавіч) (27.10.1898, г. Дубна Ровенскай вобл., Украіна — 28.1.1992),

бел. мікрабіёлаг. Д-р мед. н. (1956), праф. (1959). Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1924). З 1924 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, з 1934 працаваў у Маскве, Бішкеку. З 1959 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па туберкулёзе, воспе, ранавых інфекцыях, удасканаленні процітуберкулёзнай вакцынацыі з дапамогай вакцыны БЦЖ.

Тв.:

БЦЖ в профилактике туберкулеза. Фрунзе. 1970 (разам з Я.​А.​Фінкелем).

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДА́ТАК,

грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РКА ТРЭ́ННЕМ,

зварка металаў пластычным дэфармаваннем нагрэтых узаемным трэннем паверхняў і наступным сцісканнем дэталей. Робіцца на машынах, у якіх вырабы, што трэба зварыць, замацоўваюць сувосева; вярчальны рух звычайна надаюць аднаму з вырабаў. Выкарыстоўваецца для злучэння валоў, штокаў з поршнямі, частак металарэзных інструментаў, інш. малагабарытных вырабаў з разнародных металаў і сплаваў, якія рэзка адрозніваюцца сваімі цеплафіз. і хім. ўласцівасцямі (напр., сталь з алюмініем і меддзю, тытан з алюмініем). Пашырана ў маш.-буд. і інстр. вытв-сці.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНДЖА́НТРАП (ад Зіндж — стараж.-араб. назва Усх. Афрыкі + грэч. anthrōpos чалавек),

выкапнёвы прымат (гл. Прыматы), рэшткі якога (чэрап без ніжняй сківіцы) знойдзены англ. археолагам Л.​Лікі ў цясніне Олдувай (Танзанія) у 1959. Чэрап З. масіўны, з магутным тварам, зубы буйныя, але іклы не выступаюць над астатнімі зубамі. Аб’ём мозга каля 530 см³. Асаблівасці будовы чэрапа сведчаць, што З. хадзіў на дзвюх нагах. Існаваў 1750 тыс. гадоў назад. З. лічаць прадстаўніком аднаго з відаў аўстралапітэкаў.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ГАР СВЯТАСЛА́ВІЧ (1150—1202),

князь ноўгарад-северскі (з 1178), чарнігаўскі (з 1198). Сын чарнігаўскага князя Святаслава Ольгавіча. Удзельнік феад. войн 12 ст. за кіеўскі прастол. У 1172 за р. Ворскла разграміў войска полаўцаў на чале з ханамі Кабяком і Канчаком. Сумесна з інш. князямі ўдзельнічаў у шэрагу паходаў супраць полаўцаў. Узначаліў няўдалы паход 1185, які потым склаў сюжэтную аснову «Слова аб палку Ігаравым». Уцёкшы з палону, нанёс новыя паражэнні полаўцам у 1187, 1190 і 1191.

т. 7, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНА́Р (Inard) Жан Луі, французскі ткач і тэхнолаг 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. прыехаў у Рэч Паспалітую. У 1766—70 працаваў у Варшаве. З 1770 кіраўнік Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур (з В.Дзюпінэем), з 1777 у Цярэспалі на мануфактуры А.​Чартарыйскага, з 1779 — у Ружанах (Брэсцкая вобл.) на ф-цы А.​Сапегі. Яму прыпісваюць паясы з дэкорам у выглядзе двух асіметрычных букетаў на канцах. Сакрэты «прыгатавання лёну» і картаньернага мастацтва перадаваў вучням.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАДА́Г (цюрк. чорная гара),

вулканічны масіў у Крыме, на беразе Чорнага м., за 20 км на ПдЗ ад г. Феадосія, на Украіне. Складаецца з купалападобнай Святой гары, або г. Вял. Карадаг (выш. 577 м), і Берагавога хр. з арыгінальнымі формамі выветрывання. Складзены з туфаў і лаў. Радовішчы паўкаштоўных камянёў (сердалік, агат, яшма). З боку мора — бухты (Сердалікавая, Блакітная і інш.). Каля ўсх. падножжа — курорт Планёрскае ( б. Кактэбель). З 1979 К. — у складзе Карадагскага запаведніка.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЧСКІ РАН Вялікі і Малы,

саланчакі на З Індыі і ў Пакістане, на ПдУ ад дэльты р. Інд. Пл. больш за 20 тыс. км². Даўж. з У на З больш за 300 км, шыр. 40—80 км. Плоская нізінная паверхня (выш. да 200 м), укрытая чорным глеем з плямамі солей, з асобнымі ўзвышшамі (выш. да 465 м) і пясчанымі ўзгоркамі. У час летняга мусону саланчакі заліваюцца водамі мора і рэк Банас і Луні.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАЎС ((Klaus) Вацлаў) (н. 19.6.1941, Прага),

чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, эканаміст. Д-р эканам. н. (1967). З 1967 у Ін-це эканам. даследаванняў АН Чэхаславакіі, з 1970 у Дзярж. банку. Дзеяч Грамадзянскага форуму (з 1990 яго старшыня). Пасля расколу ў форуме з 1991 старшыня Грамадз. дэмакр. партыі. У 1989—92 міністр фінансаў (адначасова з 1990 віцэ-прэм’ер) Чэхаславакіі. У 1992—97 старшыня ўрада Чэхіі, праводзіў курс на прыватызацыю дзярж. сектара эканомікі.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)