звычай, што склаўся пры радавым ладзе як універсальны сродак абароны гонару, годнасці і маёмасці роду. Заключаўся ў абавязку родных забітага адпомсціць забойцу або яго родным. К. п. забаранялася, калі забойства было ўчынена па неасцярожнасці або выпадкова. К. п. існавала ў многіх краінах і рэгіёнах, а ў некаторых з іх (Албанія, Сербія, Паўд. Італія, Корсіка, Японія і інш.) захавалася да 20 ст. У Расійскай імперыі найдаўжэй захоўвалася ў некаторых народаў Каўказа і Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУШЧЭ́ННЕ,
адна з форм галінавання, што прыводзіць да ўтварэння куста. Пры К. з пупышак, якія знаходзяцца на цесна збліжаных вузлах каля асновы матчынага парастка, фарміруюцца прыземныя і падземныя бакавыя парасткі (часта на іх утвараюцца прыдатачныя карані). Бывае ў многіх злакаў, асок, некат. кустоў і кусцікаў. У аднагадовых збожжавых злакаў К. пачынаецца рана (фаза К.) і спыняецца пасля выхаду ў трубку. Забяспечвае павышэнне прадукцыйнасці. У культ. раслін залежыць ад сорту, умоў вырошчвання, агратэхн. прыёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАЛІ́Т (ад грэч. lakkos яма, упадзіна + lithos камень),
грыбападобнае (караваепадобнае) або лінзападобнае інтрузіўнае цела (гл.Інтрузія), што ўтвараецца на невял. глыбіні пры ўкараненні магмы ў тоўшчу асадкавых горных парод, якія купалападобна прыўзнімаюцца над інтрузівам. Бываюць пранізаны жыльнымі магматычнымі пародамі, якія адыходзяць ад ядра Л. Працэсы дэнудацыі могуць агаляць Л. на паверхні (напр., г. Аюдаг у Крыме, група Л. на Каўказе, у наваколлі гарадоў Пяцігорск і Кіславодск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТУЭ́НСКІ ДАГАВО́Р.
Падпісаны ў снеж. 1703 паслом Вялікабрытаніі ў Партугаліі лордам Метуэнам (адсюль назва) і партуг. ўрадам. Паводле М.д., у абмен на значнае памяншэнне мытных падаткаў на сваё віно партуг. ўлады дазволілі свабодны ўвоз у Партугалію англ. шарсцяных вырабаў. У выніку Вялікабрытанія заняла пануючае месца ў знешнім гандлі з Партугаліяй, што зрабіла вінаробства вядучай галіной партуг. эканомікі і прывяло да заняпаду інш. галін прам-сці. Дагавор узмацніў залежнасць Партугаліі ад Вялікабрытаніі. Фармальна скасаваны ў 1836.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТРАІ́ЗМ,
рэлігія стараж. Ірана, Індыі і інш., заснаваная на кульце Мітры. Узнікла ў апошнія стагоддзі дан.э. ў Іране і атрымала пашырэнне на тэр. Рымскай імперыі і ў Пярэдняй Азіі. Міфы, якія ляжаць у аснове М. і яго культу, супадаюць з міфамі і культамі хрысціянства, падобныя таксама формы і арганізацыі іх абшчын, што тлумачыцца аднолькавымі сац.-гіст. ўмовамі ўзнікнення і распаўсюджання гэтых рэлігій. У першыя стагоддзі існавання хрысціянства М. быў адным з гал. яго сапернікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЛ (італьян. molo ад лац. moles маса, насып),
гідратэхнічнае агараджальнае збудаванне ў выглядзе вузкай сценкі, якое адным канцом прылягае да берага і засцерагае партовую акваторыю ад хваль. Можа выкарыстоўвацца для размяшчэння прычалаў і перагрузачных прыстасаванняў. Размяшчаюць М. з улікам формы берага і дна, напрамку вятроў і цячэнняў. Спалучаюць з хваляломамі. Бываюць гравітацыйныя (масіўныя), і палевыя; жалезабетонныя, каменныя і драўляныя. На гал. частцы М., што выступае ў мора, устанаўліваюць партовы сігнальны агонь або маяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МО́ЛОТ»,
газета, орган Магілёўскага Савета сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася з канца мая 1917 дапач.студз. 1918 у Магілёве на рус. мове. Мела эсэра-меншавіцкі кірунак, таму што большасць дэпутацкіх месцаў у Савеце належала прадстаўнікам гэтых партый. Публікавала матэрыялы з пасяджэнняў Савета, афіц. дакументы, хроніку мясц. жыцця. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 трапіла пад уплыў бальшавікоў і левых эсэраў. З 10.1.1918 выдавалася пад назвай «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАМЕТАЛІ́ЗМ (ад мона... + металы),
грашовая сістэма, пры якой адзін метал з’яўляецца ўсеагульным эквівалентам і асновай грашовага абарачэння. У залежнасці ад таго, які метал адыгрывае гэтую ролю, М. можа быць медны, сярэбраны, залаты. Пры залатым М. побач с залатымі манетамі, якія з’яўляюцца асновай абарачэння, валодаюць неабмежаванай плацежнай сілай і ў адносінах да іх дзейнічае сістэма свабоднай чаканкі, абарачаюцца таксама медныя і сярэбраныя манеты, крэдытныя і папяровыя грошы, што падлягаюць свабоднаму абмену на золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШКЕЦЁРЫ (франц. mousquetaire ад mousquet мушкет),
разнавіднасць пяхоты, узброенай мушкетамі, у арміях еўрап. краін, у т. л.ВКЛ, 16 — пач. 18 ст. У Францыі акрамя М.-пехацінцаў у 1622—1775 былі каралеўскія М. (гвардз. кавалерыя, што складалася выключна з дваран). У некат. краінах (Расія, Прусія і інш.) палкі пяхоты, якія называліся М., існавалі дапач. 19 ст.
Мушкецёры: 1 — прадстаўнік наёмнай пяхоты Рэчы Паспалітай. 17 ст.; 2 — у час стральбы з цяжкага мушкета. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРЭ́ЖА,
у беларусаў традыц. рыбалоўная снасць. Складаецца з 2 сеткавых мяшкоў (кулёў), нацягнутых на абручы і злучаных з аднаго боку паміж сабою сеткай, што перагароджвала шлях рыбе і накіроўвала яе ў конусападобныя горлы сеткі. Мяшкі скіраваны горламі адзін да аднаго; з аднаго боку яны адкрытыя, каб заходзіла рыба, з другога — зацягнуты матузом. Ставяць М. пераважна на азёрах, найчасцей па некалькі ў рад. Найб. пашырана на Паазер’і, дзе ў наш час з’яўляецца прыладай прамысл. лову.