ДЭМАРКАЦЫ́ЙНАЯ ЛІ́НІЯ,

1) лінія (паласа), якая размяжоўвае ваюючыя бакі на час перамір’я (лінія спынення агню).

2) Лінія, якая падзяляе на зоны тэрыторыю пераможанай дзяржавы.

3) Лінія (паласа), якая ўстанаўліваецца часова на тэрыторыі, што аспрэчваецца суседнімі дзяржавамі, да вырашэння пытання аб пастаяннай граніцы.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХ ЦЕЛ ЗАДА́ЧА (у астраноміі),

задача нябеснай механікі пра рух 2 цел, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой пры дапамозе гравітацыйных сіл (гл. Сусветнага прыцягнення закон). Рашэнне Д.ц.з. паказвае, што целы (планеты) рухаюцца па адным з канічных сячэнняў (эліпс, парабала, гіпербала) паводле Кеплера законаў.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРТ (ням. Gurt літар. пояс, папруга),

у гатычнай архітэктуры арка з абчасаных клінападобных камянёў ці цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткаватага, зорчатага і інш. формы скляпення; тое, што і нервюра. Гуртам наз. таксама прафіляваную гарыз. цягу, якая расчляняе фасад будынка на ярусы.

Гурт.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д-БЕК (? — 1728),

кіраўнік армянскага нац.-вызв. руху супраць іранскіх і тур. заваёўнікаў. У 1722—25 узначаліў узбр. барацьбу армян супраць Ірана, якая прывяла да выгнання персаў з Усх. Арменіі. У 1726—28 армяне пад кіраўніцтвам Давіда разграмілі туркаў, што імкнуліся захапіць Закаўказзе.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛУЧЭ́ННЯ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі аб’яднання 2 малекул з утварэннем аднаго новага злучэння. Найб. пашыраны Д.р. паміж рэчывамі, што маюць кратныя сувязі, і вадародам (гідрагенізацыя), галагенавадародамі (гідрагалагенаванне) і інш. рэагентамі. Характэрныя для ненасычаных злучэнняў. Выкарыстоўваюцца ў арган. сінтэзе (напр., прамысл. атрыманне хларапрэну гідрахлараваннем вінілацэтылену).

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́СКАЯ СТАЛЬ,

1) тое, што булат.

2) Пругкая і цвёрдая ўзорыстая сталь, якую атрымліваюць кавальскай зваркай сплеценых стальных (з рознай колькасцю вугляроду) палос, або дроту. Назва — ад г. Дамаск, дзе вытв-сць сталі была развіта ў сярэдневякоўі, часткова і ў новы час.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РЛІНГ (Darling),

горны хрыбет на ПдЗ Аўстраліі. Даўж. каля 300 км. Выш. да 582 м (г. Кук). Уяўляе сабой моцна расчлянёны эрозіяй край Зах.-Аўстрал. пласкагор’я, што стромка абрываецца да прыморскай нізіны. На вільготных зах. схілах эўкаліптавыя лясы, якія раўнінах пераходзяць у рэдкалессе.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРФУ́НКЦЫЯ (ад гіпер... + функцыя),

павышаная дзейнасць органа, тканкі, сістэмы арганізма. Узнікае як прыстасавальная рэакцыя (напр., павелічэнне памераў і сілы скарачэння сардэчнай мышцы ў спартсменаў) ці як парушэнне ў арганізме, што выклікае хваробу (пры гіперфункцыі шчытападобнай залозы, павелічэнні выпрацоўкі ёй гармонаў узнікае гіпертырэоз).

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ АДЗІ́НКА (European Currency Unit; ЭКЮ). валютная адзінка, якая выкарыстоўваецца ў Еўрапейскай валютнай сістэме. Уведзена ў 1979. Суадносіны (парытэт) ЭКЮ з валютамі інш. краін вызначаюцца зыходзячы з таго, што ЭКЮ з’яўляецца прадстаўніком усяго «кошыка валют» краін, якія ўваходзяць у еўрап. валютную сістэму.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАРПА́ЦЦЕ,

1) прыродная вобласць на ПдЗ Украіны, у бас. р. Ціса, на стыку Сярэднедунайскай раўніны і Карпат. У межах З. вылучаюцца Закарпацкая нізіна і перадгор’і Украінскіх Карпат. Значная частка тэр. ўзарана. Участкі дубова-грабавых лясоў. Гл. Закарпацкая вобласць.

2) Тое, што Закарпацкая Украіна.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)