МЕ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць стабільныя ці радыеактыўныя ізатопы, што выкарыстоўваюцца як ізатопныя індыкатары. Атрымліваюць хім. сінтэзам і біясінтэзам (адзін з зыходных рэагентаў мае радыеактыўныя ізатопы), ізатопным абменам і некаторымі інш. спец. метадамі.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАСЕМІ́Я (ад мона... + грэч. sema знак),

наяўнасць у слова ці інш. моўнай адзінкі толькі аднаго значэння. Звычайна монасемічнасць уласціва тэрмінам (напр., косінус, сінонім, саленоід). Слова, якое мае некалькі значэнняў, лічыцца полісемічным (гл. Полісемія).

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛАРАСПА́ЗМА (ад грэч. pyloros прываротнік + спазма),

спазма мускулатуры прываротніка страўніка, у выніку якой адсутнічае ці затрымліваецца яго апаражненне. Назіраецца пераважна ў грудных дзяцей (часцей у першыя месяцы жыцця) у сувязі з функцыян. парушэннямі вегетатыўнай нерв. сістэмы.

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ФІЛЬ (франц. profil),

1) абрыс, від твару або прадмета збоку.

2) Вертыкальнае (папярочнае ці падоўжанае) сячэнне якога-н. участка, паверхні, прадмета; від, форма чаго-н. у разрэзе.

3) Сукупнасць асн. тыповых рыс, якія характарызуюць гаспадарку, прафесію, спецыяльнасць.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКВЕ́ТАК,

ліст, у пазусе якога развіваецца кветка і які ўкрывае кветкавы парастак. Ад вегетатыўнага лісця таго ж віду часта адрозніваецца больш простай формай і дробнымі памерамі; часам мае характар плеўкавых лускавінак ці падобны на звычайнае лісце.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАМЕ́РНЫ РУХ,

рух матэрыяльнага пункта ці паступальны рух цвёрдага цела, пры якім модуль скорасці пункта (цела) з цягам часу застаецца пастаянным. Вярчальны рух цвёрдага цела з’яўляецца Р.р., калі ён адбываецца вакол нерухомай восі з пастаяннай вуглавой скорасцю.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́РУС (ад грэч. sōros куча),

група спор ці органаў бясполага размнажэння (спарангіяў або гаметангіяў), размешчаных скучана на паверхні слаявіны ў чырв. і бурых водарасцей, на лісці ў папарацепадобных, а таксама група пладовых цел у ніжэйшых грыбоў.

т. 15, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЙМЕР (англ. timer ад time час; адзначаць час),

лічыльнік часу, які выдае сігнал праз зададзены прамежак часу. Выкарыстоўваецца як прылада, якая ўключае (выключае) машыну ці інш. апарат прамысл. або быт. прызначэння пасля сканчэння зададзенага прамежку часу.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЯ́СКА (італьян. fiasco ад far fiasco літар. — бутэлька),

правал, поўная няўдача. няпоспех. У сярэдневяковай Італіі спеваку ці акцёру, які праваліўся на выступленні, на шыю ў знак ганьбы вешалі бутэльку. Тэрмін «Ф.» шырокаўжывальны ў розных сферах грамадскай дзейнасці.

т. 16, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРО́ТАЎНІЦА, дробавая пушка,

гармата нерэгулярнай артылерыі канца 16—18 ст. Выкарыстоўвалася, як правіла, у час абароны ўмацаванняў.

Мела невял. даўжыню і малы калібр, страляла на кароткія адлегласці дробным метал. ці каменным шротам (адсюль назва). Гл. таксама Цюфяк.

т. 17, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)