МАРО́ЗАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (29.10.1904, г. Бранск, Расія — 14.6. 1979),
расійскі канструктар танкаў. Ген.-маёр-інжынер (1945). Д-ртэхн.н. (1972). Герой Сац. Працы (1942, 1974). З 1940 — гал. канструктар. Прымаў удзел у распрацоўцы першых сав. лёгкіх і сярэдніх танкаў БТ, Т-24 і інш. Разам з М.І.Кошкіным і інш. ўзначальваў распрацоўку сярэдняга танка Т-34. Пад яго кіраўніцтвам створаны шэраг новых тыпаў танкаў і інш. бранятанк. тэхнікі. Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ДА (стараж.-яўр.),
старажытнаіудзейская крэпасць каля паўд. берага Мёртвага мора ў Ізраілі. Засн. ў канцы 2 ст. да н.э. Пры Ірадзе I (73—4 да н.э.) пабудаваны палацавы комплекс і дадатковыя ўмацаванні. М. была апошняй апорай паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73. Пры раскопках у 1963—65 знойдзена шмат рэчаў матэрыяльнай культуры, у т. л. рымскія і іудзейскія манеты, гліняныя чарапкі з надпісамі фарбай, папірусы і надпісы на скуры, на якіх змешчаны гасп. запісы, пісьмы, літ.-рэліг. тэксты на стараж.-яўр., арамейскай і грэч. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТРУНЁНАК (Альфрэд Пятровіч) (н. 5.1.1940, в. Падобы Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1969). Скончыў БДУ (1962). Настаўнічаў, у 1968—93 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі. Даследуе праблемы тэорыі, метадалогіі л-ры, псіхалогіі творчасці, характару ў літ. творы, станаўлення жанру бел. рамана. Аўтар манаграфій: «Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане» (1972), «Псіхалагічны аналіз і станаўленне беларускага рамана» (1975), «Нараджэнне новага мастацтва» (1980, з Л.Я.Гараніным, А.С.Яскевічам), «Псіхалагічная проза: Традыцыі і час» (1988) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́ЗІУС ((Mathesius) Вілем) (3.8. 1882, г. Пардубіцы, Чэхія — 12.4.1945),
чэшскі мовазнавец. Заснавальнік і прэзідэнт Пражскага лінгвістычнага гуртка (гл. ў арт.Структурная лінгвістыка). Даследаваў агульную лінгвістыку, англ. мову, характаралогію мовы, пад якой разумеў супастаўленне элементаў розных моў для выяўлення тыповых уласцівасцей пэўнай мовы. Адзін з заснавальнікаў функцыянальнай лінгвістыкі. Абгрунтаваў сінхронны падыход да вывучэння мовы («Пра патэнцыяльнасць моўных з’яў», 1911). Распрацаваў тэорыю актуальнага члянення сказа. Аўтар прац «Чэшская мова і агульная лінгвістыка» (выд. 1947), «Функцыянальны аналіз сучаснай англійскай мовы на аснове агульнай лінгвістыкі» (выд. 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА ЮА́НЬ, Цыньшань (канец 12 ст., прав. Шаньсі, Кітай — 1-я пал. 13 ст.),
кітайскі жывапісец. Дзеяч акадэміі жывапісу ў Ханчжоў. Паслядоўнік Лі Тана. Ствараў манахромныя з тонкай падфарбоўкай пейзажы («Адзінокі рыбак на рацэ ў халодны час») і кампазіцыі жанру «птушкі-кветкі» («Кветкі слівы, камяні і дзікія качкі ў горным патоку»), якія вызначаюцца філасофска-сузіральным ладам, абагульненасцю форм, манерай пісьма рэзкімі шырокімі мазкамі, новай для кіт. жывапісу асіметрычнасцю кампазіцыі.
Літ.:
Николаева Н.С. Художник, поэт, философ: Ма Юань и его время. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМБРА́ННАЯ ТЭО́РЫЯ ЎЗБУДЖЭ́ННЯў фізіялогіі,
тэорыя ўзбуджэння мышачных і нервовых клетак. Асн. яе палажэнні сфармуляваны ням. нейрафізіёлагам Ю.Бернштэйнам (1902). Паводле гэтай тэорыі пры раздражненні ўзбудлівай клеткі ў яе вонкавай мембране адбываецца малекулярная перабудова, што вядзе да змены пранікальнасці мембраны і з’яўлення трансмембранных іонных токаў. Крыніца энергіі гэтых токаў — нераўнамернае размеркаванне асн. неарган. іонаў (іонны градыент) паміж цытаплазмай і пазаклетачным асяроддзем, якое абумоўлівае ўзнікненне рознасці эл. патэнцыялаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Іонная тэорыя ўзбуджэння.
Літ.:
Ходоров Б.И. Проблема возбудимости. Л., 1969;
Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕЛІК II, Мынілік (уласнае Сахле-Мар’ям; 17.8.1844, г. Анкабэр, Эфіопія — 12.12.1913),
імператар Эфіопіі [1889—1909]. Сын негуса (правіцеля) вобл. Шоа. З 1865 негус Шоа. Пасля гібелі імператара Іаханыса IV [1872—89] абвясціў сябе імператарам Эфіопіі. 1.3.1896 разбіў італьян. войскі пры Адуа, дамогся прызнання еўрап. дзяржавамі незалежнасці Эфіопіі. Пашырыў тэр. краіны да яе сучасных межаў. Ажыццяўляў палітыку цэнтралізацыі Эфіопіі, задушыў рэгіянальны сепаратызм, правёў шэраг адм. рэформ, садзейнічаў буд-ву дарог, развіццю гандлю, пры ім было створана рэгулярнае войска і ўведзена нац, валюта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСРО́П МАШТО́Ц (каля 362, с. Хацэкац, правінцыя Тарон, Арменія — 17.2.440),
армянскі вучоны, манах-асветнік; стваральнік арм. алфавіта (405—406), пачынальнік пісьменнасці, асветніцкага руху ў Арменіі. Адукацыю атрымаў у мясц. грэчаскамоўных школах. Валодаў некалькімі мовамі, у т. л. сірыйскай, перс., грэч. Займаўся прапаведніцкай і перакладчыцкай дзейнасцю. Разам з вучнямі пераклаў з сірыйскай мовы на арм. Біблію (часткова), філас. і рэліг. творы. Аўтар кнігі хрысц. павучанняў, духоўных песень («шараканаў-пакаянняў», усяго каля 130). Арм. царквой прылічаны да святых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЦЭНА́Т (Гай Цыльній) (Gaius Cilnius Maecenas; паміж 74 і 64—8 да н.э.),
рымскі дзярж. дзеяч, прыбліжаны імператара Аўгуста, прыхільнік манархіі. Не займаючы афіц. пасад, выконваў для Аўгуста важныя паліт. і дыпламат. місіі, у т. л. заключыў дагаворы з Маркам Антоніем у Брундызіі (40) і Тарэнце (37). У 31—30 замяшчаў у Рыме Актавіяна, які выехаў на Усход. Вядомы сваім уплывам на літ. жыццё Рыма, апекаваўся паэтамі Вергіліем, Гарацыем, Праперцыем і інш. Ад твораў М. захаваліся ўрыўкі. Прозвішча М. як апекуна дзеячаў навукі і мастацтва стала хадзячай (пераноснай) назвай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁБІУС ((Möbius) Аўгуст Фердынанд) (17.11.1790, г. Бад-Кёзен, Германія — 26.9.1868),
нямецкі матэматык і астраном. Вучыўся ў Лейпцыгскім ун-це (1809—13), з 1816 праф. гэтага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі. Навук. працы па геаметрыі, алгебры і тэорыі лікаў. Увёў у праектыўную геаметрыю аналіт. метады даследавання, прапанаваў барыцэнтрычную сістэму каардынат. Стварыў новую класіфікацыю крывых і паверхняў. Устанавіў існаванне аднабаковай паверхні (гл.Мёбіуса ліст), што адыграла важную ролю ў тапалогіі.
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969. С. 224—227.