абісальная зона, зона марскога дна, якая адпавядае ложу акіяна (3000—6000 м). Займае больш за 75% пл. дна акіяна. Характарызуецца адносна слабай рухомасцю вады, адсутнасцю сонечнага святла, пастаяннымі т-рай (блізкай да 0 °C ці ніжэй), салёнасцю (каля 35%), велізарным ціскам у 30—60 МПа (300—600 атм). Жывёльны свет збяднелы (жывёлы сляпыя ці з вял. вачыма, многія арганізмы свецяцца). Зона найб. акіянскіх глыбінь — ультраабісаль (6—11 тыс.м) прымеркавана да акіянскіх жалабоў уздоўж мацерыкоў ці астраўных дуг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ТКІ (Antennaria),
род шматгадовых травяністых або паўкусцікавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, асабліва ў арктычных і высакагорных раёнах (акрамя Афрыкі). На Беларусі трапляюцца агаткі двухдомныя (агаткі dioica), нар. назвы: сухотнік палявы, кацалапкі, сухапут, аўдулькі, коткі, пух. Растуць у хваёвых лясах, на сухіх лугах і схілах.
Расліны выш. 5—30 см, двухдомныя, густа апушаныя. Кветкі белыя (двухполыя) або ружовыя (песцікавыя). Суквецце — кошык шыр. 5—6 мм. Плод — сямянка з чубком. Выкарыстоўваецца ў лек. і дэкар. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМГА́,
рака ва Усх. Сібіры, левы прыток Алдана, у Рэспубліцы Саха (Якуція). Даўж. 1462 км, пл.бас. 69,3 тыс.км². Пачынаецца на Алданскім нагор’і, цячэ ў вузкай і глыбокай даліне з камяністым рэчышчам, у нізоўях — на Цэнтральнаякуцкай нізіне, даліна шырокая, рэчышча звілістае. Жыўленне снегавое і дажджавое. Высокае веснавое разводдзе і частыя летнія паводкі. Ледастаў з кастр. да мая. Зімой наледзі. Сярэднегадавы расход вады каля 190 м³/с. У бас. Амгі больш за 5,5 тыс. азёраў. Суднаходная на 472 км ад вусця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІДАСТО́МЫ (Amidostomum),
род нематодаў. Больш за 10 відаў. Паразітуюць у падслізістай абалонцы страўніка гусей, радзей качак, куранят і галубоў. Выклікаюць амідастамоз. Найб. пашырана Amidostoma anseris.
Даўж. самцоў да 14,5 мм, шыр. да 0,26 мм, самак адпаведна 20,3 і 0,39 мм. Яйцы выдзяляюцца ў вонкавае асяроддзе. Развіццё без прамежкавага гаспадара. Інвазійная лічынка пасля двухразовай лінькі пры т-ры паветра 16—26 °C праз 3—5 сутак выходзіць з яйца. У страўнік гаспадара трапляе з травой ці вадой, праз 17—22 сут дасягае палавой спеласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛА́ЧСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
на У ЗША, уздоўж паўд. схілаў Апалачаў, у Перадапалачскім перадавым прагіне; адзін з буйнейшых у свеце. Працягласць больш за 1200 км. Пл. каля 180 тыс.км². Вугляносныя адклады пермі і карбону. Агульныя запасы да глыб. 900 м — 1600 млрд.т. Каля 300 вуглездабыўных раёнаў.
Прамысл. распрацоўка з 1800. Вугалі ў асноўным бітумінозныя. Цеплыня згарання 28,9—35,4 МДж/кг. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі. Каля 65% вугалю выкарыстоўваецца эл. станцыямі, значная ч. каксавальнага вугалю экспартуецца ў Канаду, Японію, Зах. Еўропу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛІ́НЫ (Opalinatea),
клас паразітычных прасцейшых жывёл атр. эўгленавых. Жывуць у кішэчніку земнаводных, радзей рыб і паўзуноў. Больш за 100 відаў. Найб. вядома A. ranarum.
Даўж. да 1 мм. Цела лістападобнае, плоскае, несіметрычнае, укрытае тысячамі кароткіх жгуцікаў. Стрававальнай сістэмы няма, жывяцца ўсёй паверхняй цела. Ядзер ад 2 да некалькіх соцень. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем) і палавым — парным зліццём аднаядравых мікра- і макрагамет з утварэннем цысты, што трапляе ў ваду і праглынаецца апалонікамі. З цысты выходзіць маленькая апаліна, якая вырастае ў шмат’ядзерную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),
удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬ, капялюш,
мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Плеценыя з саломы, мятліцы, лазы, чароту брылі насілі летам, валеныя, лямцавыя — у любую пару года. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, тонкасцю паверхневай структуры вызначаліся саламяныя брылі, якія плялі звычайна са сцяблоў жыта (у зубчыкі ці прама) і прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі каляровай тасьмой і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Валеныя, лямцавыя брылі формай і памерамі амаль не адрозніваліся ад саламяных, аднак аздабленне іх было больш сціплае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БРЭСЛА́Ў»
(«Breslau», № 36),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬТМЕ́ТР,
прылада для вымярэння электрычнага напружання ў ланцугах пастаяннага і пераменнага току. Уключаецца паралельна да той часткі ланцуга, дзе вымяраюць напружанне. Бываюць аналагавыя (са стрэлачным або светлавым паказальнікам) і лічбавыя, паводле сістэм вымярэння — эл.-статычныя, эл.-магн., магнітаэл. і электронныя. Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, дзялільнікаў і трансфарматараў напружання. Можа спалучацца ў больш складаных прыборах з інш. электрычнымі вымяральнымі прыладамі (напр., ампервальтомметр).
Схема ўключэння вальтметра V у ланцуг: а — паралельна нагрузцы 1; б — праз транс-фарматар напружання 2.