ЦЫМЕРВА́ЛЬДСКАЯ ЛЕ́ВАЯ,

міжнародная група рэв. сацыялістаў — праціўнікаў удзелу пралетарыяту і пралет. партый у 1-й сусв. вайне; дзейнічала ў складзе т.зв. Цымервальдскага аб’яднання 1915—19. Створана па ініцыятыве У.А.Леніна напярэдадні Цымервальдскай канферэнцыі 1915, у час і пасля якой супрацьстаяла цэнтрыстам і блізкім да іх групам. Ідэі Ц.л. прапагандаваў Ленін, яе Бюро выпусціла 2 нумары час. «Vorbote» («Прадвеснік»). Ц.л. ўдзельнічала ў Кінтальскай канферэнцыі 1916. Спыніла існаванне з утварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала ў сак. 1919.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРЦЭ́Я, Кірка,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа-чараўніца. Лічылася дачкой Геліяса, жыла ў раскошным палацы сярод лясоў в-ва Эя. Калі на востраў трапіў Адысей, Ц. ператварыла яго спадарожнікаў у свіней, а яго самога цэлы год трымала каля сябе. Адысей хітрасцю пераадолеў чары Ц. і прымусіў яе зноў ператварыць яго спадарожнікаў у людзей, пасля чаго пакінуў з імі востраў. Ад сувязі Адысея з Ц. нарадзіўся сын Тэлегон, які пазней выпадкова забіў не пазнанага ім бацьку.

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭФЕ́Й (лац. Cepheus),

каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я зорнага неба. Часткова размешчана ў Млечным Шляху. Найб. яркая зорка — Альдэрамін 2,4 візуальнай зорнай велічыні; 60 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні, δ Ц. — першая зорка, аднесеная да тыпу пераменных зорак — цэфеід; μ Ц. — «гранатавая» зорка — адна з самых халодных зорак (яе т-ра не перавышае 2000 К). У Ц. знаходзіцца крыніца рэнтгенаўскага выпрамянення Сер. Х-І — рэштка звышновай зоркі. З тэр. Беларусі відаць круглы год.

Сузор’е Цэфей.

т. 17, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧХЕІ́ДЗЕ Рэваз Давідавіч (н. 8.12.1926, Тбілісі),

грузінскі кінарэжысёр. Нар. арг. СССР (1980). Скончыў Усерас. дзярж. ін-т кінематаграфіі (1953). З 1953 рэжысёр-пастаноўшчык, з 1974 дырэктар кінастудыі «Грузія-фільм». Паставіў фільмы: «Лурджа Магданы» (1955, з Т.​Абуладзе; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Кане, 1956), «Наш двор» (1957), «Мая з Цхнеты» (1959), «Бацька салдата» (1965), «Ну і моладзь!» (1969), «Саджанцы» (1973), «Твой сын, зямля» (1981) і інш. Ленінская прэмія 1986 (у 1991 ад яе адмовіўся).

т. 17, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫРВО́НАЯ КАПЭ́ЛА»,

нелегальная антыфаш. сетка ў Германіі і шэрагу акупіраваных ёю зах.-еўрап. краін у гады 2-й сусв. вайны, якая ўключала рэзідэнтуры НКУС СССР, Разведкіраўніцтва Чырв. Арміі і ням. падпольныя групы (у т. л. Шульцэ-Бойзеня — Харнака арганізацыю). Назву «Ч.к.» ёй дало гестапа (на яго жаргоне радыст — «піяніст», а некалькі іх — «капэла»), якое разграміла яе ў канцы 1941—1943.

Літ.:

Пещерский В.Л. «Красная капелла»: Сов. разведка против абвера и гестапо. М., 2000.

т. 17, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПУ́Р I (?—272),

правіцель Сасанідаў дзяржавы [239—272]. Сын Ардашыра I. Працягваў пачатае бацькам умацаванне і пашырэнне дзяржавы, усталяваў уладу Сасанідаў у Іране, далучыў да яе вял. вобласці на З і У ад Ірана. Вёў паспяховыя войны супраць Рым. імперыі, у 260 каля г. Эдэсы разбіў і ўзяў у палон рым. імператара Валерыяна і большую частку яго войска. Пры Ш. I у Іране праводзіліся ірыгацыйныя і буд. работы, заснавана шмат гарадоў; дзярж. рэлігіяй стаў зараастрызм.

т. 17, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЛІ́МЕТР (ад грэч. eklinō адхіляю + ...метр),

партатыўны геадэзічны інструмент для вымярэння вуглоў нахілу зямной паверхні або інш. ліній з дакладнасцю да 0,1°. Складаецца з круглай бляшанкі з прымацаванай да яе візірнай трубкай. Унутры бляшанкі на восі замацаваны дыск з дзяленнямі і грузікам, які прыводзіць дыск у верт. становішча. Бываюць Э. і інш. канструкцый. Э., які мае рабочую меру для вызначэння перавышэнняў, наз. экліметрам-вышынямерам. Гл. таксама Геадэзічныя прылады і інструменты.

т. 18, кн. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮВЕНІ́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды, якія вылучаюцца з магмы (пры яе падняцці з глыбінь Зямлі) у падземную гідрасферу і ўключаюцца ў агульны кругаварот прыродных вод. Утвараюцца ў выніку дэгазацыі рэчыва мантыі Зямлі пры магматызме і метамарфізме. Трапіўшы ў зямную кару, змешваюцца з водамі іншага паходжання. У чыстым выглядзе ў прыродзе адсутнічаюць; іх ускосным паказчыкам з’яўляецца павышаная колькасць вуглекіслаты, гелію і вадароду ў складзе падземных вод. Тэрмін «Ю.в.» ўвёў у 1902 аўстр. геолаг Э.​Зюс.

т. 18, кн. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НАЎШАК (Janoušek) Антанін (22.8.1877, г. Німбурк, Чэхія — 30.3.1941),

дзеяч чэхаславацкага і міжнар. рабочага руху. Рабочы на розных прадпрыемствах Аўстра-Венгрыі. З 1895 чл. Чэхаславянскай с.-д. рабочай партыі. У 1919 кіраўнік чэхаславацкай секцыі пры ЦК Кампартыі Венгрыі. Ініцыятар стварэння і старшыня ўрада Славацкай Сав. Рэспублікі (16.6—7.7.1919, на часова занятай войскамі Сав. Венгрыі тэр. Славакіі). Пасля яе разгрому войскамі Чэхаславакіі арыштаваны і зняволены. З 1922 жыў і працаваў у СССР.

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДВО́РЦЫ,

катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).

На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж. сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)