дадатковы прыбытак, які ствараецца ў выніку затрат працы на сярэдніх і лепшых зямельных участках пры павышэнні прадукцыйнасці ці дадатковых укладанняў капіталу і прысвойваецца ўласнікам зямлі; адна з форм зямельнай рэнты. Крыніца яе — лішак прыбавачнай вартасці, што ствараецца працай с.-г. наёмных рабочых над сярэднім прыбыткам, і ўзнікае праз больш высокую прадукцыйнасць працы на адносна лепшых зямельных участках (больш урадлівых ці размешчаных бліжэй да месца збыту або ў якія ўкладзены дадатковы капітал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМАВА́ЛЬНАЯ Я́МА,
месца масавай зімоўкі рыб у рэках і азёрах. У стаячых вадаёмах З.я. найчасцей размяшчаюцца насупраць або ніжэй вусцяў рэк і ручаёў, што ўпадаюць у вадаёмы, у месцах выхаду падводных крыніц; у праточных — рыбы зімуюць на глыбокіх месцах з павольным цячэннем. На Беларусі ахоўваюцца 215 З.я., збор у якіх найбольш уласцівы рыбам сям. карпавых (лешч, гусцяра, плотка і інш.). У вызначаных З.я. штогод з 1 кастр.да 15 крас. забараняецца рыбная лоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗРУХу супраціўленні матэрыялаў,
від пругкай дэфармацыі, які характарызуецца зменай (скажэннем) вуглоў элементарных паралелепіпедаў цела пры захаванні іх аб’ёму. Прыводзіць да ўзаемнага зрушэння паралельных слаёў матэрыялу з захаваннем нязменнай адлегласці паміж імі. Пры З. мае месца Гука закон: τ=Gγ, дзе τ — датычнае напружанне, што выклікае З., G — модуль З. дадзенага матэрыялу (гл.Модулі пругкасці), γ — вугал З. ці адносны З. Разлік на З. — асноўны для балтовых і заклёпачных злучэнняў і зварных швоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААЛЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. coalesco зрастаюся, злучаюся),
зліццё кропель вадкасці ці бурбалачак газу пры іх сутыкненні ў рухомым асяроддзі (вадкасць, газ). Ідзе самаадвольна пры пастаяннай т-ры з памяншэннем свабоднай энергіі сістэмы і ступені дысперснасці эмульсій і пен, што прыводзіць да іх распластавання на 2 фазы: вадкасць 1 — вадкасць 2 ці вадкасць — газ. К. — прычына выпадзення атм. ападкаў (дажджу, расы) з воблакаў і туману. Адбываецца пры абязводжванні нафты, нанясенні лакафарбавых пакрыццяў аэразольным метадам, пенатушэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКЦЫДЫЁЗ,
адна з інвазійных хвароб чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычнымі прасцейшымі — какцыдыямі. Узбуджальнікі развіваюцца ў клетках кішэчнага эпітэлію, праз сасуды гематагенным шляхам заносяцца ў печань, ныркі і інш. органы, дзе пачынаюць дзяліцца. Перадаюцца праз ежу, ваду, прадметы. Праяўляецца ліхаманкай з т-рай да 39 °C, слабасцю, дрэнным апетытам, паносам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вельмі пашыраны К. свойскіх жывёл. Ён прыносіць значныя эканам. страты, асабліва ў птушка- і трусагадоўлі. Найчасцей бывае ў веснавы і летні перыяды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАГЕ́Н (ад грэч. kolla клей + ...ген),
фібрылярны бялок, што ўтварае аснову калагенавых валокнаў злучальнай тканкі і забяспечвае яе трываласць. Складае каля 1/3 усіх бялкоў арганізма. Малекула К. ўтворана з 3 поліпептыдных ланцугоў; у саставе К. гліцын, аксіпралін і аксілізін. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Раствараецца ў шчолачы. Ад доўгага награвання ператвараецца ў жэлацін. Устойлівы да пратэалітычных ферментаў, расшчапляецца калагеназай. Парушэнне структуры і абмену К. — адна з прычын калагенавых хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВА́ТЫ́ЎНАЯ СІСТЭ́МА,
механічная сістэма, у час руху якой сума яе патэнцыяльнай і кінетычнай энергій застаецца пастаяннай (выконваецца закон захавання поўнай мех. энергіі). К. с. будзе кожная мех. сістэма, калі знешнія сілы, што дзейнічаюць на яе, не мяняюцца з цягам часу і з’яўляюцца патэнцыяльнымі (кансерватыўнымі), а ўсе ўнутр. сілы таксама патэнцыяльныя. Прыкладам К.с. можа быць матэм. маятнік, калі сіла трэння ў падвесе і сіла супраціўлення паветра (асяроддзя) зведзены да мінімальна магчымага значэння. Гл. таксама Дысіпатыўная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
метала- або дрэварэзны станок для апрацоўкі крывалінейных паверхняў па капіры (мадэлі, шаблоне, чарцяжы, якія служаць аналагам паверхні, якая капіруецца). Абсталяваны спец. капіравальным вузлом — мех., эл.-мех., гідраўл. прыстасаваннем, якое кіруе перамяшчэннямі супарта з разцом. Да К.с. адносяць і фрэзерна-гравіравальныя станкі, што ўзнаўляюць па капіры розныя знакі (літары, лічбы і г. д.), узоры, рысункі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТА́НАВЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб сухіх стэпаў, што ўтвараюцца ва ўмовах кантынентальнага засушлівага клімату з раслінным покрывам з кавылю, ціпчаку, розных відаў палыну. Асн. падтыпы: цёмна-каштанавыя, каштанавыя, светла-каштанавыя. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, на Пд Еўразіі.
Характарызуюцца непрамыўным тыпам воднага рэжыму, саланцаватасцю, нізкімі порыстасцю і водапранікальнасцю, насычанасцю кальцыем (да 80%), нейтральнай ці слабашчолачнай рэакцыяй. Гумусавы гарызонт 20—25 см. Выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых, алейных і кармавых культур, пашы і сенажаці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РА (ад грэч. korē дзяўчына),
статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы, якая стаіць прама. Вядома з 2-й чвэрці 6 ст.дан. э. ў іанійскай пластыцы, характэрна для мастацтва стараж.-грэч. архаікі. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучалася з тонкай дэкар. апрацоўкай паверхні мармуру, пераважна прычоскі і складак адзення. Асобныя дэталі (вочы, вопратка) часта таніраваліся фарбамі. Выкарыстоўваліся ў якасці ахвярных дароў, што прыносілі ў свяцілішча, а таксама выконвалі функцыю верт. апор у арх. канструкцыях.