група сваяцкіх моў карэннага белага насельніцтва Паўн. і Зах. Афрыкі. Належаць да семіта-хаміцкіх моў і ўтвараюць моўныя астраўкі ў араб. асяроддзі. Падзяляюцца на 2 дыялектныя групы: кабільская, берабер, шлех, туарэг, зенага і інш. (пераважна на тэр. Марока, Маўрытаніі і Сахары); сукупнасць моў пад агульнай назвай зенет (Алжыр, Туніс, Трыпалітанія). Берберскім мовам уласцівы афіксацыя і ўнутраная флексія кораня, які можа складацца з дзвюх ці трох зычных. Большая частка моў беспісьмовая. Да гэтай групы адносяцца і мёртвыя мовы: лівійская, нумідыйская і гетульская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПУСТЫ́НЯ ВІКТО́РЫЯ (Great Victoria Desert),
пясчаная пустыня на Пд Аўстраліі. Пл. 350 тыс.км². Працягласць з У на З амаль 1200 км.
Вялікая пустыня Вікторыя — тэр. заходнеаўстралійскага пенеплену з пераважнымі выш. 150—300 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады і ўзгоркі (выш. 10—15 м), месцамі астанцовыя плато ці азёрныя засоленыя ўпадзіны. Ападкаў ад 125 да 250 мм за год. Сухія рэчышчы. Пяскі часта замацаваны дзярнінным злакам спініфекс, у міжградавых прасторах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. Пустыня практычна бязводная і цяжкадаступная; упершыню перасек яе ў 1875 англа-аўстр. даследчык Э.Джайлсам. Аднайменны нац. парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,
у складзе Малайскага архіпелага. На астравах размешчаны б.ч.тэр. Інданезіі, частка Малайзіі і Бруней. Уключаюць а-вы Суматра, Ява, Калімантан, Сулавесі і інш. Агульная іх пл. каля 1,4 млн.км². Абмываюцца Індыйскім і Ціхім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. Размешчаны ў межах альпійскай геасінклінальнай вобласці. Рэльеф пераважна горны. Выш. да 4101 м (г. Кінабалу на в-ве Калімантан). Шматлікія вулканы. Клімат экватарыяльны з залішнім увільгатненнем на працягу года. Мнагаярусныя лясы з выключна багатай флорай і фаунай. Радовішчы алавяных руд і нафты. Трапічнае земляробства (вырошчваюць рыс, какосавыя пальмы, каўчуканосы, вострапрыпраўныя расліны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЦІЧЫ,
усходнеславянская племянная групоўка ў бас. Акі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», вяцічы разам з радзімічамі прыйшлі з ляшскіх (прапольскіх) зямель. У 9 — сярэдзіне 10 ст. плацілі даніну хазарам, потым — кіеўскім князям. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Археал. помнікі вяцічаў — селішчы, гарадзішчы, курганныя могільнікі з трупаспаленнем (8—11 ст.) і трупапалажэннем (11—14 ст.). У 11—12 ст. у зямлі вяцічаў узніклі гарады Масква, Колцеск, Дзедаслаў, Нерынск і інш. У 2-й пал. 12 ст.тэр. вяцічаў падзелена суздальскімі і чарнігаўскімі князямі. Як культурна-этнагр. група вяцічы зніклі ў 13—14 ст.
Упрыгажэнні вяцічаў 11—13 ст. з раскопак курганоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСЕ́КА (Golasecca),
археалагічная культура эпохі жалеза (каля 900—15 да н.э.) на тэр. П’емонта і Ламбардыі, у вярхоўях р. По (Італія). Назва ад могільніка каля г. Мілан. Вядома па грунтавых могільніках тыпу палёў пахавальных урнаў культур. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога ссыпаліся ў урну, часам абкладзеную камянямі, ці камеру з каменных пліт. У большасці пахаванняў бедны інвентар, сустракаюцца серыі метал. вырабаў (наканечнікі коп’яў, посуд, вазы з характэрным арнаментам, конская збруя, калясніцы і інш.). На познім этапе культуры трапляюцца надмагільныя стэлы з надпісамі этрускага пісьма (магчыма, гэта італьян. мова, якая зведала значны кельцкі ўплыў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬШТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура ілірыйскіх і кельцкіх плямён, што ў раннім жалезным веку (8—5 ст. да н.э.) жылі на Пд Сярэдняй Еўропы. Насельніцтва займалася земляробствам, здабывала медную руду, соль, вырабляла бронзавыя, пазней жал. рэчы; жыло ў драўляных жытлах слупавой канструкцыі, паўзямлянках і пабудовах на палях. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, на пазнейшым этапе ў драўлянай грабніцы пад курганом. Грамадскія адносіны характарызаваліся распадам роду і пераходам да класавага грамадства. Рэчы гальштацкага тыпу (жал. наканечнікі коп’яў, шкляныя пацеркі, бронзавыя шпількі, кельты і інш.) знойдзены на тэр. Гомельскай вобл. на помніках мілаградскай культуры.
Да арт.Гальштацкая культура. Культавая мадэль павозкі з Штрэтвега (Аўстрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў (Якаў Ігнатавіч) (5.4.1914, в. Казлоўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.3.1982),
Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Нерчынскую школу малодшых авіяспецыялістаў (1937). У Чырв. Арміі з 1931. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол (1939). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах. 24.6.1941 бамбіў варожыя войскі на шашы Гродна—Маладзечна. Удзельнік вызвалення Харкава, Кіева, Гомеля, Бабруйска, Мінска, Брэста, баёў на тэр. Германіі. Нач. сувязі авіяэскадрыллі ст. лейтэнант Ганчароў зрабіў 221 баявы вылет на разведку і бамбардзіроўку ваен. аб’ектаў праціўніка. Да 1954 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,
кампактная прасторавая групоўка пасяленняў (пераважна гарадскіх), аб’яднаных у адно цэлае інтэнсіўнымі вытв., працоўнымі, культ.-быт. і рэкрэацыйнымі сувязямі. Вылучаюць монацэнтрычныя гарадскія агламерацыі з адным горадам-ядром, які падпарадкоўвае свайму ўздзеянню астатнія паселішчы, размешчаныя ў прыгараднай зоне (прыгарады, гарады-спадарожнікі і інш.) і намнога пераўзыходзіць іх сваімі памерамі і эканам. патэнцыялам, і поліцэнтрычныя гарадская агламерацыя з некалькімі ўзаемазвязанымі гарадамі-цэнтрамі (гл.Канурбацыя). Гарадскія агламерацыі аказваюць моцны пераўтваральны ўплыў на навакольную тэр., змяняючы яе эканам. структуру і сац. ўмовы жыцця насельніцтва. Зрастанне значнай колькасці суседніх гарадскіх агламерацый вядзе да ўтварэння мегалопісаў мегаполісаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ТВА,
рака на тэр. Літвы і Воранаўскага і Лідскага р-наў Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 93 км (у межах Беларусі каля 90 км). Пл. вадазбору 1220 км². Пачынаецца каля г. Эйшышкес у Літве, цячэ ў межах Лідскай раўніны, у нізоўі — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Каменка, Восава, Няшкрупа, Крупка, Лідзея (злева), Радунька, Чарняўка (справа). Даліна выразная, яе шыр. да ўпадзення р. Крупка 1—2,5 км, ніжэй 600 м — 1,1 км. Рэчышча ад мяжы з Літвой на працягу 50 км каналізаванае, ніжэй моцназвілістае, падзяляецца на рукавы. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,2 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮБКО́ (Анатоль Фёдаравіч) (н. 15.12.1923, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскае артыл. вучылішча (1942), Ваенна-артыл. камандную акадэмію (1954). У Вял.Айч. вайну з ліст. 1942 на Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., Ленінградскім франтах. Камандзір батарэі артыл. палка лейтэнант Дз. вызначыўся ў баях на тэр. Латвіі: 29.8.1944 у час бою трапіў у акружэнне назіральны пункт батарэі і пях. батальён, дзе Дз. прыняў камандаванне на сябе, арганізаваў кругавую абарону, калі вораг прарваў яе, выклікаў на сябе агонь артылерыі, што дапамагло адбіць контратакі і ўтрымаць занятыя пазіцыі. Да 1976 у Сав. Арміі.