ПАДГА́ЙНЫ (Міхаіл Васілевіч) (н. 5.1.1954, в. Ізбішча Пухавіцкага р-на Мінскай вобл),

бел. дзярж. дзеяч. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1975), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1991). З 1975 працаваў інжынерам-тэхнолагам Мінскага вытв. аб’яднання вылічальнай тэхнікі. У 1977—91 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1991 нам. міністра культуры Рэспублікі Беларусь, з 1992 старшыня К-та па справах моладзі пры СМ Рэспублікі Беларусь, з 1995 дырэктар гуманітарных праграм Бел. цэнтра інфармацыі ЮНЕСКА, з 1996 начальнік гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1997 старшыня Дзярж. к-та Рэспублікі Беларусь па друку.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

сярэдневяковая рус. дзяржава ў сярэднім цячэнні р. Ака і ў вярхоўях Дона ў 1129—1521. Вылучылася з Чарнігаўскага княства. Цэнтр — г. Старая Разань, з сярэдзіны 14 ст.г. Пераяслаўль-Разанскі (сучасная Разань). У 1237 і 1239 спустошана мангола-татарамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Да пач. 15 ст. часта варагавала з Маскоўскім вял. княствам, уступала ў саюзы з мангола-тат. ханамі і ВКЛ, да якога пры Вітаўце трапіла ў часовую залежнасць (з 1427). З сярэдзіны 15 ст. ў залежнасці ад Маскоўскага вял. княства, да якога далучана ў 1521.

т. 13, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТО́Ў, Растоў-Яраслаўскі,

горад, цэнтр раёна ў Яраслаўскай вобл., у Расіі, на беразе воз. Нера. 36,6 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Агрэгатны з; ф-кі: ільнопрадзільная, мініяцюрнага жывапісу па эмалі «Растоўская фініфць», харч. прадпрыемствы. Растоўскі арх.-маст. музей-запаведнік. Турызм.

Упершыню згадваецца ў летапісе пад 862. У 10 ст. адзін з цэнтраў Растова-Суздальскай зямлі, у 11 — пач. 13 ст. ўваходзіў ва Уладзіміра-Суздальскае княства. У 12—17 ст. наз. Р. Вялікі. Росквіту дасягнуў пры князю Канстанціну Усеваладавічу (1186—1219). З 1207 сталіца Растоўскага княства. У 1237 захоплены мангола-татарамі, супраць якіх у 1262 жыхары Р. ўзнялі паўстанне. У 1328 горад падзелены на 2 палавіны: Срэценскую (з 1-й пал. 15 ст. ў складзе Маскоўскай дзяржавы) і Барысаглебскую (з 1474 у складзе Маскоўскай дзяржавы). З канца 10 ст. тут існавала архірэйская кафедра. У 15 ст. горад стаў буйным царк. цэнтрам, у 1589—1788 тут размяшчалася рэзідэнцыя мітрапалітаў. З 1777 Р. павятовы горад Яраслаўскага намесніцтва, з 1796 — Яраслаўскай губ. З 18 ст. буйны гандл.-кірмашны цэнтр (у 1-й пал. 19 ст. кірмаш у Р. трэці ў Расіі пасля Ніжагародскага і Ірбіцкага). З 1870 злучаны чыгункай з Масквой і Яраслаўлем.

Арх. дамінанта гіст. цэнтра — комплекс Растоўскага крамля. Сярод інш. арх. помнікаў цэнтра: ансамбль манастыра Раства Хрыстова (засн. ў канцы 14 ст.) з цэрквамі Раства Маці Божай з трапезнай (2-я пал. 17 ст.) і надбрамнай Ціхвінскай (1847), Успенскі сабор (каля 1589, фрэскі 1659, 1670, пахаванні растоўскіх князёў і мітрапалітаў) са званіцай з 13 званамі (1680-я г.); каля земляных валоў (1631—33) цэрквы: Ушэсця (1566), Толгскай Маці Божай з вежападобнай званіцай (1761), Міколы на Усполлі (1813, ампір; у інтэр’еры разны пазалочаны іканастас з фініфцевымі ўстаўкамі, абразы 15—19 ст.). Захавалася забудова вуліц пач. 19 ст., пераважна 2-павярховымі каменнымі жылымі дамамі з франтонамі, балконамі, чыгуннымі рашоткамі, з грамадскімі будынкамі і драўлянымі дамамі ў стылі правінцыяльнага мадэрну (канец 19 — пач. 20 ст.). На паўн.-ўсх. ускраіне Р., на беразе воз. Нера — Аўраміеў манастыр (засн. на мяжы 11—12 ст.) з Богаяўленскім саборам (1553), цэрквамі — Увядзенскай (1650, перабудавана), надбрамнай Нікольскай з 2 вежамі і класіцыстычнай званіцай (1691, 1826—37). На паўд.-зах. ускраіне — комплекс Якаўлеўскага манастыра (засн. ў 14 ст.) з цэрквамі Зачаццеўскай (1686, фрэскі, 3-ярусны разны пазалочаны іканастас, 1762—65), Дзімітрыеўскай (1794—1802), Якаўлеўскай (1836, абедзве класіцызм); брамы і вежы комплексу перабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў формах псеўдаготыкі. Непадалёку ад Р. ў сёлах Парэчча-Рыбнае і Багаслова комплексы арх. помнікаў 18—19 ст.; каля р. Вусце — Барысаглебскі манастыр (засн. ў канцы 14 ст.). З 2-й пал. 18 ст. ў Р. развіты мініяцюрны жывапіс па эмалі (гл. Растоўская фініфць).

Літ.:

Федотова Т.П. Вокруг Ростова Великого. М., 1987.

Г.​А.​Лаўрэцкі (архітэктура).

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАБА́СКА (Athabaska),

возера на З Канады, у сістэме р. Макензі. Пл. 7,9 тыс. км², даўж. 370 км, шыр. 60 км, глыб. да 60 м. Выцягнута ў форме паўмесяца з У на З. Паўн. берагі высокія, скалістыя, паўд. — нізінныя. Замярзае з кастр. да чэрвеня. Упадае р. Атабаска, выцякае р. Нявольніцкая. Рыбалоўства. Суднаходства.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЗ,

сям’я легкавых аўтамабіляў асабліва малога класа, якія выпускае Запарожскі аўтамабільны з (Украіна) з 1960. Характэрная асаблівасць — рухавікі з паветр. ахаладжэннем. Мадэлі, якія выпускаліся да 1994, наз. «Запарожац», мелі задняе размяшчэнне рухавіка. Іх замянілі пярэднепрывадныя мадэлі «Таўрыя» з бензінавым рухавіком магутнасцю 53 кВт; найб. скорасць да 148 км/гадз.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТНІ́К,

старажытная мера (адзінка) масы. Назва паходзіць ад златніка — стараж. рус. залатой манеты масай 4,2 г. Лікавае значэнне З. ў 16—19 ст. мянялася: у ВКЛ З. = 3,9 г (прыблізна), у Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. З. = ​1/96 фунта = 4,266 г. З. карысталіся пры вызначэнні пробы каштоўных металаў.

т. 6, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ТКА,

традыцыйная бел. страва з бульбы. Таркаваную бульбу перамешваюць з бульбяною кашаю, дадаюць мукі, солі, соды, раскочваюць на тонкі блін, рэжуць на невял. кавалкі і пякуць на змазанай тлушчам патэльні. Спечаную К. кладуць на 5—10 хвілін у падсолены кіпень або булён. Ядуць з малаком, маслам. Страва пашырана на З Беларусі.

т. 8, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНІНЕ́ЦКІ ЗАВО́Д «ПАЛЕССЕЭЛЕКТРАМАШ».

Пабудаваны ў 1975 у г. Лунінец Брэсцкай вобл. як Лунінецкі з электрарухавікоў для сельскай гаспадаркі. З 1979 працуе чыгуналіцейны цэх, з 1990 — цэх каляровага ліцця. Сучасная назва з 1992. Асн. прадукцыя (1999): электрарухавікі трохфазныя асінхронныя і аднафазныя кандэнсатарныя, электраканфоркі для быт. электрапліт, помпы бытавыя цэнтрабежныя, устаноўкі генератарныя.

т. 9, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1927—40. Цэнтр — г. Маладзечна. Створаны 1.4.1927 у складзе Віленскага ваяв. Польскай Рэспублікі. Падзяляўся на 8 гмін: Гарадоцкую, Красненскую, Лебедзеўскую, Маладзечанскую, Радашковіцкую (вылучаны з Вілейскага пав.), Беніцкую (з Ашмянскага), Палачанскую (з Валожынскага), Ракаўскую (са Стаўбцоўскага). З 4.12.1939 у Вілейскай вобл. БССР. 15.1.1940 скасаваны.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСУ́ЧАЯ ЧАСТАТА́,

частата гарманічнага вагання, якое мадулюецца (гл. Мадуляцыя ваганняў) з мэтай перадачы інфармацыі. У выніку змены аднаго з параметраў вагання (радзей двух) утвараецца спектр частот, шырыня якога залежыць ад віду мадуляцыі. Напр., пры амплітуднай мадуляцыі ў спектры радыё- ці інш. частот разам з Н.ч. ёсць бакавыя частоты з перададзенай інфармацыяй.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)