МІЖНАРО́ДНЫ ВАЛЮ́ТНЫ ФОНД (МВФ; International Monetary Fund),
спецыялізаваная ўстанова ААН, засн. ў 1947 паводле рашэнняў канферэнцыі ў Брэтан-Вудсе (ЗША, 1944). Рэспубліка Беларусь з’яўляецца чл. МВФ з 1992. Мэты МВФ: садзейнічаць міжнар. супрацоўніцтву ў валютна-фін. галіне і развіццю сусв. гандлю, рэгуляваць валютныя адносіны краін-удзельніц. Фонд прадастаўляе кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя крэдыты, яго актывы ствараюцца пераважна за кошт узносаў (квот) дзяржаў-удзельніц. Праўленне МВФ знаходзіцца ў Вашынгтоне (аддзяленне — у Парыжы).
т. 10, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ВЕРМАЕР (Overmyer) Роберт (н. 14.7.1936),
касманаўт ЗША. Палкоўнік марской пяхоты ў адстаўцы. Магістр навук па астранаўтыцы (1964). Скончыў каледж Болдуін-Уолес (1958), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). З 1969 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў (КК) «Спейс шатл»; 11—16.11.1982 — на КК «Калумбія» (як 2-і пілот), 29.4—6.5.1985 — на КК «Чэленджэр» (як камандзір). У космасе правёў 12,1 сут.
У.С.Ларыёнаў.
т. 11, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ДМАНТ (Piedmont),
перадгорнае плато, якое прымыкае да ўсх. краю Апалачаў, у ЗША. Выш. ад 40—80 м на У, да 200—400 м на З, шыр. ад 50 да 200 км. Складзена з крышт. і метамарфічных парод. Паверхня слабаўзгорыстая, на ПдУ стромка абрываецца да Прыатлантычнай нізіны. Астанцовыя ўзгоркі дасягаюць выш. 500—700 м. Рэкі, якія перасякаюць усх. край П., утвараюць серыю стром і вадаспадаў. Месцамі захаваліся мяшаныя лясы.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ДХА-БЕЙ (Prudhoe Bay),
буйное газанафтавае радовішча ў ЗША (штат Аляска). Размешчана ў зал. Прадха Бофарта м. Уваходзіць у Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1968, распрацоўваецца з 1977. Пачатковыя прамысл. запасы нафты з кандэнсатам 1,3 млрд. т, газу 730 млрд. м³. Пл. 607 км². 12 пакладаў у адкладах ад каменнавугальнага да палеагенавага ўзросту на глыб. 0,75—3,2 км. Нафта метана-нафтэнавая, шчыльн. 844—913 кг/м³. У газе 44% метану.
т. 12, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНА-Я́ДЗЕРНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкам паражэння з’яўляюцца ядзерныя боепрыпасы, а сродкам дастаўкі іх да цэлі — ракета. Гал. састаўная ч. ядзернай зброі, разнавіднасць зброі масавага знішчэння. З’явілася ў сярэдзіне 1950-х г. Знаходзіцца на ўзбраенні армій ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая. Асн. баявыя ўласцівасці: практычна неабмежаваная далёкасць дзеяння, вялікая паражальная магутнасць, магчымасць нечаканага прымянення, высокая дакладнасць паражэння цэлей, вялікая скорасць, незалежнасць прымянення ад умоў надвор’я і інш.
т. 13, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́МБА (ісп. rumba),
афра-амерыканскі песенна-танц. жанр, а таксама бальны танец. Сучасная Р. склалася на Кубе, з 1920-х г. распаўсюдзілася ў ЗША і Еўропе як эстрадны танец. Муз. памер двух- ці чатырохдольны, рытм вострасінкапіраваны, з акцэнтамі на слабых долях такта, тэмп ад умерана рухомага да хуткага. Уключае спеў саліста, рэплікі хору і ўласна танец, які выконваецца ў пары ці салістам у цэнтры кола гледачоў і музыкантаў.
т. 13, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЙМАН (Simon) Герберт Александэр (н. 15.6.1916, г. Мілуокі, ЗША),
амерыканскі эканаміст і псіхолаг, адзін з заснавальнікаў сац. мадэліравання. Навук. працы па выкарыстанні колькасных метадаў у эканоміцы і сацыялогіі, арганізацыі кіравання і планавання дзейнасці карпарацый і ўстаноў. Распрацаваў тэорыю і метадалогію прыняцця рацыянальных эканам. рашэнняў рознымі арг-цыямі. Выкарыстоўваў камп’ютэры пры аналізе паводзін людзей і грамадскіх сістэм. Аўтар твораў «Адміністрацыйныя паводзіны» (1947), «Мадэлі чалавека» (1957), «Арганізацыя» (1958) і інш. Нобелеўская прэмія 1978.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАДУМЕ́Н (ад грэч. spodumenos спапялёны), трыфан,
пародаўтваральны мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, LiAl [Si2O6]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае сплошчаныя, моцна выцягнутыя прызматычныя крышталі, зярністыя агрэгаты. Колер белы, шараваты, жаўтаваты, зеленавата-жоўты. Ювелірныя каштоўныя разнавіднасці (гідэніт — блакітна-зялёны і кунцыт — ружова-бэзавы) празрыстыя. Моцны дыхраізм. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,1—3,2 г/см³. Утвараецца ў гранітных натралітыевых пегматытах. Гал. руда літыю (гл. Літыевыя руды). Радовішчы ў ЗША, Аўстраліі, Расіі, Афганістане і інш.
т. 15, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІ́РЫЧУЭЛ (ад англ. spiritual song духоўная песня),
жанр амерыканскай духоўнай музыкі; някультавае песнапенне. Узнік на Пд ЗША на аснове афр. і англа-кельцкіх традыцый, быў пашыраны ў 2-й пал. 18 ст. — 1870-х г. Перадае настроі трагічнай адзіноты, вылучаецца паэт. глыбінёй. З 1930-х г. адроджаны на канцэртнай эстрадзе (П.Робсан, Махалія Джэксан, М.Андэрсан, Л.Прайс, Р.Чарлз, Р.Тарп), з 1960-х г. развіваецца у межах поп-музыкі.
т. 15, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЛСА (Tulsa),
горад на Пд ЗША. штат Аклахома. 381,4 тыс. ж., з прыгарадамі каля 750 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Арканзас. Аэрапорт. Гандл.-фін. і арганізац. цэнтр раёна здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Прам-сць: вытв-сць нафтавага абсталявання, дарожна-буд. машын, авіяц. дэталей і вузлоў; эл.-тэхн. і радыёэлектронная, аўтамаб., прыладабуд., чорная металургія, нафтаперапр., хім., сілікатна-керамічная, паліграф., харч., швейная. Ун-т.
т. 15, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)