1) выкананае ў вызначаным маштабе графічнае адлюстраванне гарыз. праекцыі будынка (або аднаго з яго паверхаў ці памяшканняў), арх. канструкцый, дэталей, комплексу будынкаў, населенага пункта ці асобных яго частак. Падзяляюцца на натурныя (зробленыя на аснове арх. абмераў) і праектныя (створаныя ў працэсе праектавання арх. збудаванняў). На П. могуць быць паказаны азеляненне тэрыторыі, схема трансп. сеткі ў горадзе і інж. камунікацый у ім і інш. З’яўляецца важнай характарыстыкай формы, памераў і канфігурацыі збудавання. П. выкарыстоўваліся з даўніх часоў (Стараж. Грэцыя, Рым). На Беларусі схематычныя П.-абрысы пачалі выкарыстоўваць з 17 ст. 2) Характарыстыка размяшчэння асобных ч. будынка або ансамбля на ўзроўні зямлі (у шматпавярховых будынках і ў комплексах, размешчаных на складаным рэльефе — на розных узроўнях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ДКІНА Марыяна Барысаўна (н. 10.2.1931, г. Краснадар, Расія),
расійская і бел. артыстка балета, педагог. Нар.арт. Расіі (1967). Скончыла Пермскае харэагр. вуч. (1950), у 1951—89 выкладала ў ім (з перапынкамі). У 1950—91 працавала ў рас. і замежных т-рах. З 1994 на Беларусі: рэпетытар-педагог у Дзярж. т-ры муз. камедыі, з 1998 у Нац.акад. т-ры балета Беларусі. Да 1974 выступала на сцэне. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы яркі, вобразны стыль танца, які вызначаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам. Першая выканаўца партый: Грушанька («Грушанька» Б.Машкова), Маці («Бераг надзеі» А.Пятрова), Марутка («Выбух» М.Крукава і Г.Церпілоўскага). Сярод інш. партый: Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗНЯК Вячаслаў Аляксандравіч (н. 30.4.1940, Мінск),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967), выкладаў у ім у 1968—69. Сярод твораў вітражы: «Музы» для Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі (1976), «Помнікі старажытнага беларускага дойлідства» для Галоўпаштамта (1980), у вестыбюлі корпуса Мінскага лінгвістычнага ун-та (1982), чыг. вакзала (1983), вітраж з размалёўкай Дамавой царквы (1987, усе ў Мінску), «Нарачанскія матывы» для гасцініцы «Нарач» (1983), для Палаца піянераў у Брэсце (1990—91), санаторыя «Радон» Гродзенскай вобл. (1993—94). Выканаў Вянок Славы і дэкар. афармленне столі ў Зале цырыманіялаў плошчы Перамогі ў Мінску (1985). Творы П. вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, гарманічнасцю колеравых і пластычных суадносін.
Л.Ф.Салавей.
В.Позняк. Вітраж у будынку Галоўпаштамта ў Мінску. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЦЫ ФЕ́РЭНЦ II (Rákóczi Ferenc; 27.3.1676, г. Борша, Румынія — 8.4.1735),
князь Трансільваніі [1704—11], рэгент Венгрыі [1705—11], кіраўнік вызв. антыгабсбургскага Ракацы Ферэнца II руху 1703—11. Сын князя Трансільваніі Ферэнца I Ракацы [1652—76], пасынак І.Цёкёя. У 1688—97 змушаны Габсбургамі жыць у Чэхіі і Германіі, вучыўся ў Пражскім ун-це і ў Італіі. З 1701 зняволены Габсбургамі ў крэпасці пад Венай. У 1703 уцёк у Польшчу і ўзначаліў ваен.-паліт. рух за вызваленне Венг. каралеўства ад габсбургскага панавання. У ліп. 1704 выбраны трансільванскім князем. У 1705 скліканы імДзярж. сход абвясціў Р. «правячым князем» Венгрыі. Пасля паражэння вызв. вайны не прызнаў Сатмарскі мір 1711 і эмігрыраваў у Францыю, потым у Турцыю, дзе і памёр. Аўтар успамінаў пра вызв. вайну 1703—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМСЕ́С II (троннае імя Усер-маат-Расатэп-ен-Ра),
старажытнаегіпецкі фараон [1290—1224 да н.э.] XIX дынастыі. Пры ім Егіпет дасягнуў значнай магутнасці. Працягваў палітыку свайго бацькі Сеці I, аднавіў уладу Егіпта ў Палесціне. Ваяваў з хетамі (у выніку бітвы каля Кадэша спыніў далейшае прасоўванне хецкага войска), у 1278 да н.э. падпісаў з імі мірны дагавор, чым забяспечыў Егіпту на доўгі час стабільнасць. Перанёс сваю рэзідэнцыю з Фіваў у паўн.-ўсх. Дэльту, пабудаваў «Пер-Рамсес» («Дом Рамсеса», цяпер рыбацкае паселішча Сан-эль-Хагор у Егіпце). Вёў вял.буд-ва: храмы ў Абідасе, Фівах, пячорныя храмы Абу-Сімбел, прыбудовы да храмаў у Карнаку, Луксоры і інш.
Літ.:
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992. С. 226—249.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ВОЙСК (сіл),
састаўная частка віду ўзбр. сіл, якая ўключае часці і злучэнні, што маюць зброю, ваен. тэхніку і тактыку дзеянняў, уласцівую толькі ім. Падзел войск на роды існуе ў большасці краін свету. З часоў старажытнасці найб. вядомыя Р.в. — пяхота, кавалерыя, з 16 ст. — артылерыя. З развіццём зброі і ваен. тэхнікі з’явіліся новыя Р.в., у т. л. ў ВМФ (ВМС) роды сіл: падводныя і надводныя, марская авіяцыя, марская пяхота і інш. Ва Узбр. Сілах Беларусі да Р.в. адносяцца мотастралк., танк., ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. і інш. войскі, а таксама роды авіяцыі (аб. Р.в. узбр. сіл, у т. л. Беларусі, гл. адпаведныя арт.). У баі Р.в. цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і са спец. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́РЭР (Rohrer) Генрых (н. 6.6.1933, Бухс, Швейцарыя),
швейцарскі фізік. Чл.Швейц. акадэміі тэхн. навук (1988). Замежны чл.Нац.АН ЗША (1988). Скончыў Швейц.тэхнал.ін-т у Цюрыху (1955). З 1963 у Цюрыхскай н.-д. лабараторыі фірмы «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс карпарэйшэн». З 1997 у н.-д. установах Іспаніі і Японіі. Навук. працы па звышправоднасці, фізіцы цвёрдага цела, мультыкрытычных з’явах, сканіруючай тунэльнай мікраскапіі, нанамеханіцы. Стварыў першы сканіруючы тунэльны электронны мікраскоп (1981; з Г.Бінігам), што дало пачатак новай галіне навукі — нанатэхналогіі. Нобелеўская прэмія 1986 (з Бінігам).
Тв.:
Рус.пер. — Растровый туннельный микроскоп (разам з Г.Бінігам) // В мире науки. 1985. Вып. 10;
Сканирующая туннельная микроскопия — от рождения к юности (з ім жа) // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЙКАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Савейкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Закладзены ў 1850 на пл. каля 10 га як сядзіба ў маёнтку Т.Навіцкага. Пейзажнага тыпу. Цэнтр паркавай кампазіцыі — палац (зруйнаваны ў Вял.Айч. вайну, адноўлены ў 1950-я г. ў стылі неакласіцызму, цяпер — будынак санаторыя «Савейкі»), перад ім — партэр, абсаджаны масівамі з мясц. лісцевых парод. На ПнЗ ад палаца вял. паляна з ахоўнымі масівамі па перыметры. З паўн. боку — вял. штучны вадаём, пратокай звязаны з сістэмай вадаёмаў уздоўж узлеску. Дэндрасклад уключае больш за 25 відаў дрэў і кустоў, у т. л. елка, таполя белая, вольха, ліпа галандская, бэз венгерскі, ірга каласацветная, каліна канадская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СА́ГА АБ Э́ЙМУНДЗЕ», «Пасма аб Эймундзе Хрынгсане»,
ісландская сага канца 13 ст., у якой найбольш звестак пра Стараж. Русь, у т. л. пра землі сучаснай Беларусі. Паведамляе пра княжацкую барацьбу пасля смерці вял.кн. Уладзіміра Святаславіча (1015) з удзелам наўгародскага кн. Яраслава Мудрага, тураўскага кн. Святаполка Акаяннага, полацкага кн. Брачыслава Ізяславіча і варажскіх конунгаў з дружынамі. Змяшчае шмат звестак, якія адсутнічаюць у стараж.-рус. летапісах або супярэчаць ім (напр., сведчыць, што кн. Барыс быў забіты Яраславам, а не Святаполкам; вараг Эймунд княжыў у Полацку, і інш.). У гістарыяграфіі існуюць супярэчлівыя погляды на верагоднасць звестак сагі.
Літ.:
Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990;
Джаксон Т.Н. Исландские королевские саги о Восточной Европе (первая треть XI в.): Тексты. Перевод. Коммент. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў Слава Макаравіч (н. 21.2.1937, Ерэван),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967), у 1968—79 выкладаў у ім. Працуе ў мазаіцы, габелене, маст. афармленні інтэр’ераў. Сярод лепшых работ: мазаікі на ўнутр. паверхні Кальца Славы Кургана Славы Сав. Арміі—вызваліцельніцы Беларусі (1969), «Беларусь партызанская» на тарцы гасцініцы «Турыст» у Мінску (1973, з А.Кішчанкам), «Мір» на будынку абутковай ф-кі (1985), маст. афармленне (1975) і габелен «Квітней, Беларусь» (1981, з З.Літвінавай) у Палацы культуры аб’яднання «Хімвалакно» (усе ў Магілёве), сграфіта «Радзіма», «Космас», «Мы за мір» на жылых будынках у Мазыры (1976—78, з В.Мігалем), дэкар. рэльеф у інтэр’еры Нац.акад.т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску (1985, з Г.Несцеравым). Працуе таксама ў станковым жывапісе.