КО́ФКА ((Koffka) Курт) (18.3.1886, Берлін — 22.11.1941),

нямецкі і амер. псіхолаг, адзін з заснавальнікаў гештальт-псіхалогіі. Прафесар ун-та ў г. Гісен (1918—24), з 1927 Смітаўскага каледжа ў Нартгемптане (ЗША). Разам з М.​Вертгаймерам і В.​Кёлерам заснаваў і выдаваў час. «Psychologische Forschung» («Псіхалагічныя даследаванні»). Даследаваў праблемы ўспрыняцця, псіхічнага развіцця, памяці, мыслення, выпрацоўкі навыкаў і інш., якія разглядаў у плане заканамернасцей цэласнай структуры. Першым сярод гештальт-псіхолагаў звярнуўся да праблем псіхічнага развіцця дзіцяці. Асн. працы: «Асновы псіхічнага развіцця...» (1921), «Прынцыпы гештальтпсіхалогіі» (1935).

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАТА́Ў (Krakatau),

дзеючы вулкан у Зондскім прал., паміж а-вамі Ява і Суматра, у Інданезіі. Утварыў востраў пл. 10,5 км². Складзены з базальтаў, андэзітаў, рыалітаў. Выш. 813 м, кальдэра дыям. 4—5,5 км. Вядомы выключна моцным вывяржэннем у жн. 1883, у час якога была разбурана б.ч. конуса вулкана (раней быў выш. каля 2000 м) і выкінута больш за 18 км³ вулканічнага попелу на вялізную тэрыторыю. Інтэнсіўныя зоры, абумоўленыя змяншэннем празрыстасці атмасферы, назіраліся некалькі гадоў. Апошняе вывяржэнне ў 1972—73. Запаведнік Кракатаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБА́НГА (Cubango),

Акаванга (Okavango), рака ў Афрыцы, у Анголе, Намібіі і Батсване. Даўж. каля 1600 км, пл. басейна каля 800 тыс. км². Пачынаецца на пласкагор’і Біе ў Анголе, у вярхоўі парожыстая. Заканчваецца ў вобласці ўнутр. сцёку Калахары, утварае балоцістую дэльту (балота Акаванга). Паўд. рукаў дэльты ўпадае ў воз. Нгамі, паўн. (перыядычны) — у р. Кванда (прыток р. Замбезі), рукаў Батлетле жывіць балота ўпадзіны Макгадыкгадзі. Гал. прыток — р. Квіта (злева). Сярэдні гадавы расход вады 255 м³/с. Высокі ўзровень і паводкі ў час летніх дажджоў.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Яўген Міхайлавіч) (3.1.1900, Варшава — 27.3.1958),

расійскі тэатразнаўца; заснавальнік сав. цырказнаўства. Засл. дз. маст. Расіі (1939). Працаваў у Ленінградзе ў музеі цырка (з 1928), у 1930—50-я г. маст. кіраўнік Ленінградскага цырка, Гал. ўпраўлення цыркамі СССР. Адзін з арганізатараў час. «Советский цирк». Аўтар прац па гісторыі сав. і еўрап. цыркаў («Цырк. Паходжанне, развіццё, перспектывы», 2-е выд. 1971), эстрады, відовішчаў («З былога рускай эстрады», 1958).

Тв.:

Арена и люди советского цирка. Л.;

М., 1947;

И.​Ф.​Горбунов. М., 1947.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБРА́КІС ((Lamprakēs) Грыгорыс) (3.4.1912, Керасіца, Грэцыя — 27.5.1963),

дзеяч грэч. і міжнар. руху прыхільнікаў міру. Па прафесіі ўрач. Удзельнік грэч. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. З 1961 дэп. парламента Грэцыі. Выступаў за мір і ўсеагульнае раззбраенне, супраць атамнага ўзбраення. З 1963 нам. старшыні Усягрэч. к-та барацьбы за аслабленне міжнар. напружанасці і за мір. 22.5.1963 смяротна паранены паліт. праціўнікамі ў час сходу грэч. прыхільнікаў міру ў г. Салонікі. Сусв. Савет Міру засн. у 1963 Міжнар. прэмію Міру імя Г. Ламбракіса.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙФ Э́ЙРЫКСАН (Leif Eriksson; Leiv Eiriksson; каля 975 — каля 1020),

нарвежскі і ісландскі мараплавец эпохі вікінгаў. Сын Эйрыка Раўдзі. Каля 1000 у час падарожжа ў Грэнландыю збіўся з курсу з-за шторму і трапіў да ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі (верагодна, тэр. п-ва Новая Шатландыя або п-ва Лабрадор), якое ён назваў Вінланд, дайшоў пад ветразем да раёна сучаснага г. Бостан (ЗША). Яго адкрыццё Амерыкі да Х.Калумба не мела гіст. вынікаў.

Літ.:

Ингстад Х. По следам Лейва Счастливого: Пер. с норв. М., 1969.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК XVI (Louis; 23.8.1754, г. Версаль, Францыя —21.1.1793),

кароль Францыі [1774—92]. З дынастыі Бурбонаў. Унук Людовіка XV [1715—74]. Правіў ва ўмовах вострага эканам. і сац.-паліт. крызісу. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 вымушана супрацоўнічаў з Устаноўчым сходам і Заканадаўчым сходам. У 1791 няўдала спрабаваў уцячы за мяжу. Скінуты з прастола ў выніку нар. паўстання 10.8.1792. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе (тайныя зносіны з урадамі краін антыфранц. кааліцыі, выдача ім ваен. планаў Францыі ў 1792) і паводле прыгавору суда Канвента пакараны смерцю (гільяцінаваны).

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬБАРА (Marlborough) Джон Чэрчыл

(Churchill; 26.5.1650, Аш, Вялікабрытанія — 16.6.1722),

англійскі палкаводзец і паліт. дзеяч, ген.-фельдцэйхмайстар (1702), герцаг (1702). У арміі з 1667, удзельнічаў у англа-галандскай вайне 1672—74. З 1685 пасол у Францыі. У 1690 кіраваў барацьбой з якабітамі (антыангл. рух) у Ірландыі. З 1701 галоўнакамандуючы англ. войскамі на кантыненце ў час вайны за іспанскую спадчыну 1701—1714, атрымаў шэраг перамог. У 1711 адхілены ад камандавання, у эміграцыі. У 1714—16 на службе ў англ. караля Георга I.

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІФЕ́СТ АБ ВО́ЛЬНАСЦІ ДВАРА́НСТВА 1762,

«Аб дараванні вольнасці і свабоды ўсяму расійскаму дваранству», закон Рас. імперыі, які пашырыў саслоўныя правы і прывілеі дваранства. Выдадзены 1.3.1762 імператарам Пятром III. Вызваляў дваран ад абавязковай цывільнай і ваен. (у мірны час) службы, дазваляў ім бесперашкодна выязджаць за мяжу з абавязкам вяртацца па патрабаванні ўрада. «Вызваленне» дваран паводле маніфеста спарадзіла ў прыгонных сялян неабгрунтаваныя спадзяванні на хуткае ўласнае вызваленне ад «службы» памешчыкам, што паўплывала на ўзмацненне сац. напружанасці ў рас. вёсцы напярэдадні сялянскай вайны 1773—75.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЖО́ТНЕ (Mežotnes pilskalns),

гарадзішча 9—13 ст. на беразе р. Ліелупе ў Баўскім р-не Латвіі. Побач размешчаны адначасовыя пасад і могільнік. М. ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах 12—13 ст. як эканам. і адм. цэнтр земгалаў. У 1219—20 тут адбываліся баі з крыжаносцамі. На гарадзішчы і пасадзе ў час археал. раскопак выяўлены рэшткі зрубных жытлаў з глінабітнымі печамі, мукамольняў, гасп. пабудоў, ювелірных майстэрань і інш. Знойдзены зброя, с.-г. і хатнія прылады працы, рамесніцкія інструменты, скарб упрыгожанняў і інш.

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)