ПЕПТЫДА́ЗЫ,
пратэалітычныя ферменты, якія адшчэпліваюць канцавыя амінакіслотныя астаткі ад малекул бялкоў і пептыдаў. У адпаведнасці з характарам уздзеяння на субстраты адрозніваюць амінапептыдазы (адшчэпліваюць амінагрупу), дыпептыдазы (каталізуюць гідроліз дыпептыдаў да свабодных амінакіслот) і карбоксіпептыдазы (адшчэпліваюць карбаксільную групу). У страўнікава-кішачным тракце сумеснае дзеянне групы П. раскладае бялкі ежы да свабодных амінакіслот.
т. 12, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАГІ́,
вёска ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПнЗ ад г. Дуброўна, 85 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. ст. Хлюсціна. 157 ж., 68 двароў (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія змяшчаюць плацінавыя металы ў прамысл. канцэнтрацыях. Гал. мінералы: плаціна самародная, паліксен, фераплаціна, плаціністы ірыдый, неўянскіт, сысерцкіт і інш. Карэнныя радовішчы пераважна магматычнага паходжання, маюць канцэнтрацыі плаціны ад доляў грама да некалькіх кілаграм на тону. Гал. здабыўныя краіны: Паўд. Афрыканская Рэспубліка, ЗША, Зімбабве, Канада, Калумбія.
т. 12, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МА (грэч. programma аб’ява, распараджэнне),
1) план прадстаячай дзейнасці, работ, мерапрыемстваў.
2) Дакумент, у якім выкладзены асн. задачы і мэты дзейнасці паліт. партыі, арг-цыі, асобнага дзеяча.
3) План правядзення свята, канцэрта, сходу, а таксама пералік нумароў, якія выконваюцца.
4) Кароткі змест курса пэўнага прадмета, які вывучаецца ў навуч. установе.
т. 12, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПО́Й,
метал ці сплаў, які запаўняе зазор паміж дэталямі, што злучаюцца пры пайцы. Т-ра плаўлення П. ніжэйшая за т-ру плаўлення матэрыялаў, што спайваюць. Расплаўлены П. павінен добра змочваць матэрыялы, якія злучаюць, а пры застыванні ўтвараюць шчыльныя, каразійнаўстойлівыя злучэнні. Пашыраны П. на аснове волава, свінцу, цынку, медзі, нікелю, серабра.
т. 13, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎЦЫ,
вёска ў Крэўскім с/с Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск-Ашмяны. Цэнтр калгаса. За 26 км ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 226 км ад Гродна. 426 ж., 149 двароў (2001). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАФІНЁР (франц. raffineur ад raffiner ачышчаць, рабіць больш тонкім),
апарат бесперапыннага дзеяння — дыскавы млын для размолу валакністых матэрыялаў (пераважна цэлюлозы), што ідуць на папяровую масу. Суспензія з валакністай масы размолваецца паміж двума дыскамі, якія аснашчаны спец. нажамі і круцяцца ў процілеглых напрамках, або паміж 3 дыскамі, з якіх круціцца толькі сярэдні.
т. 13, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД,
ва ўсходнеславянскай міфалогіі бог, родапачынальнік жыцця. Увасабляў адзінства старажытнаслав. роду і дух продкаў, шанаваўся як апякун сям’і і дома. Узгадваўся ўслед за гал. язычніцкімі багамі разам з жаночымі божаствамі — рожаніцамі, якія вызначалі працяг роду і долю нованароджаных. Р. і рожаніцам прыносілі ахвяры ежай (кашамі, хлебам, сырамі) і пітвом (мёдам).
т. 13, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́Ж,
вёска ў Рубежскім с/с Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 13 км на З ад г.п. Круглае, 78 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Слаўнае. 216 ж., 83 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БКА (ад нідэрл. roef каюта),
закрытае збудаванне на гал. палубе ці суднавых надбудовах. У Р., якія часта размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, знаходзяцца жылыя, гасп. і службовыя памяшканні. Таксама Р. наз. спец. службовае памяшканне на судне. У адпаведнасці з прызначэннем адрозніваюць рулявую, штурманскую, баявую Р. (на ваен. караблях), радыёрубку і інш.
т. 13, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)