ГАЛАЛЁД,

слой шчыльнага лёду, які намярзае на паверхні зямлі і прадметаў з пераахалоджаных кропляў дажджу, туману або імжы. Утвараецца пераважна з наветранага боку пры т-рах паветра ад 0 да -3 °C, зрэдку да -16 °C. Пры галалёдзе можа ўтварацца скарынка лёду таўшчынёй некалькі сантыметраў, што з’яўляецца прычынай траўматызму і трансп. аварый, пашкоджанняў дрэў і азімых пасеваў, абрыву правадоў электраперадач і тэлеф. сувязі. Галалёд — від абледзянення, асабліва небяспечнага для самалётаў. На тэр. Беларусі галалёд бывае ў сярэднім 7—19 сут за год.

т. 4, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́ЦКІ (Пётр Антонавіч) (май 1919, в. Майдан Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 21.10.1942),

Герой Сав. Саюза (1965). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. У канцы 1941 накіраваны ў тыл ворага ў партыз. атрад «Перамога», які дзейнічаў на Смаленшчыне і ў Віцебскай вобл. 21.10.1942 недалёка ад чыг. ст. Крынкі Лёзненскага р-на з узрыўчаткай кінуўся пад варожы эшалон, у складзе якога было больш за 40 цыстэрнаў з гаручым; падарваў яго і загінуў сам. На месцы подзвігу абеліск.

П.А.Галецкі.

т. 4, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВЫ СТАТУ́Т 1653,

закон, які рэгламентаваў нормы гандл. права ў Расіі. Прыняты ў інтарэсах і па ініцыятыве рас. купецтва. Увёў у рас. дзяржаве адзіную гандл. пошліну (рублёвую), адмяніў шэраг падарожных пошлін, павялічыў памер пошліны з замежных купцоў. На яго аснове была складзена Статутная грамата 1654, якая забараняла спагнанне падарожных пошлін ва ўладаннях свецкіх і духоўных феадалаў. Палажэнні статута атрымалі далейшае развіццё ў Новагандлёвым статуце 1667. Разам з апошнім Гандлёвы статут дзейнічаў да сярэдзіны 1750-х г. Заменены Мытным статутам 1755.

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЦЫІ (Horatii),

старажытны рымскі патрыцыянскі род. Яго легендарнымі прадстаўнікамі лічыліся тры юнакі-блізняты Гарацыі, якія перамаглі ў адзінаборстве трох блізнят Курыяцыяў з Альба-Лонгі ў час вайны Рыма з Альба-Лонгай (7 ст. да н.э.); Марк Гарацый Пульвіл, адзін з першых консулаў Рэспублікі, які заключыў дагавор Рыма з Карфагенам у 510—509 да н.э. і асвяціў Капіталійскі храм; Публій Гарацый Коклес (аднавокі). Праславіўся тым, што адзін абараняў мост цераз р. Тыбр ад этрускаў, якія ў 508 да н.э. наступалі на Рым.

т. 5, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯЧЭ́ВІЧ (Іпаліт Вікенцьевіч) (1800 — 46),

удзельнік паўстання 1830—31. Сын В.Гячэвіча. Валодаў маёнткамі Вязынь і Ізабелін у Вілейскім пав. Служыў у Мінскай казённай палаце. З 1826 маршалак шляхты Вілейскага пав. У крас. 1831 узначаліў павятовы паўстанцкі камітэт, які на кароткі тэрмін устанавіў кантроль над паветам. Пасля заняцця Вілейкі казакамі хаваўся ў сваякоў, потым арыштаваны і зняволены ў крэпасць. У вер. 1832 вызвалены пад нагляд паліцыі, але ў хуткім часе высланы ў Варонеж. Вярнуўся на радзіму ў 1837.

У.​П.​Крук.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС ((Hess) Вальтэр Рудольф) (17.3.1881, г. Фраўэнфельд, Швейцарыя — 12.8.1973),

швейцарскі фізіёлаг. Д-р медыцыны (1906). Вучыўся ва ун-тах Швейцарыі і Германіі (1900—05). З 1913 выкладаў фізіялогію ва ун-тах Цюрыха і Бона, у 1917—51 праф. і дырэктар фізіял. ін-та ў Цюрыху. Вызначыў механізм, які каардынуе ўздзеянне прамежкавага мозга на ўнутр. органы, яго інтэгратыўную ролю ў здзяйсненні вегетатыўных, паводзінскіх і рухальных рэакцый, тапаграфічнае прадстаўніцтва эмоцый «раз’юшанасці» і «страху» ў прамежкавым мозгу. Нобелеўская прэмія 1949 (разам з А.К.Монішам).

В.Ф.Гес.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАПЕ́ШЦКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Лоранда Этвеша,

буйнейшая вышэйшая навуч. ўстанова Венгрыі. Засн. ў 1635 у г. Тырнавія архіепіскапам Петэрам Пазманем як духоўны ун-т (на базе езуіцкага калегіума, які існаваў з 1561). З 1773 — свецкая навуч. ўстанова. У 1777 пераведзены ў Буду, у 1784 — у Пешт. У 1948 заснаваны ф-т прыродазнаўча-матэм. навук. У 1950 каталіцкі тэалагічны ф-т аддзелены ад ун-та. У 1986/87 навуч. г. 4 факультэты. Пры ун-це шэраг навук. ін-таў, бат. сад, б-ка (з 1635).

т. 3, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАНЖЭ́ ((Boulanger) Жорж Эрнест) (29.4.1837, г. Рэн, Францыя — 30.9.1891),

палітычны дзеяч Францыі, генерал. Удзельнік аўстра-італа-франц. (1859), франц. каланіяльнай (Індакітай, 1852—62) і франка-прускай (1870—71) войнаў, задушэння Парыжскай камуны 1871. У 1886—87 ваен. міністр. У 1887—89 узначальваў шавіністычны рух (буланжызм), які меў на мэце ўсталяванне ваен. дыктатуры, перагляд дэмакр. свабод і роспуск парламента, імкнуўся развязаць рэваншысцкую вайну з немцамі. У 1889 Б. абраны ў палату дэпутатаў, але абвінавачаны ў сувязі з манархістамі, уцёк у Бельгію, дзе скончыў самагубствам.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ХНЕР ((Buchner) Эдуард) (20.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 13.8.1917),

нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1895). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1888), дзе і працаваў. У 1893—1911 праф. у Кілі, Берліне, Брэславе, Вюрцбургу. Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў піразол (1889). У 1897 атрымаў з дражджэй сок, які не меў жывых клетак, але выклікаў энергічнае спіртавое браджэнне. Гэта адкрыццё заклала асновы сучаснай энзімалогіі. Нобелеўская прэмія 1907.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 81.

Э.Бухнер.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНЯЯ МА́НТЫЯ,

абалонка Зямлі, якая знаходзіцца паміж зямной карой і ніжняй мантыяй. Аддзяляецца ад кары Махаровічыча паверхняй, ніжняя граніца невыразная, на глыб. каля 900 км. У рэчыве верхняй мантыі пераважае алівін. Верхні слой верхняй мантыі (субстрат) разам з зямной карой утварае літасферу, пад якой залягае астэнасфера, ніжняя частка (глыбей за 400 км) — слой Галіцына, які характарызуецца інтэнсіўным нарастаннем скорасці сейсмічных хваль. У верхняй мантыі развіваюцца працэсы, з якімі цесна звязаны тэктанічныя рухі, магматызм, вулканізм, метамарфізм зямной кары, утварэнне карысных выкапняў.

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)