ЖУКО́ЎСКІ-ЗІ́ЛЬБЕР (Меер Шоламавіч) (23.8.1907, г. Брэст — 7.3.1985),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1924 кіраваў «тэхнікай» (друкарняй) Брэсцкага акругкома КСМЗБ, з 1928 — «цэнтральнай тэхнікай» КПЗБ. Адзін з арганізатараў падп. друкарняў КПЗБ у Гродне, Вільні, Беластоку, Брэсце, Варшаве. У 1936 арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў (вызвалены ў час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939). З 1941 на гасп. рабоце ва ўсх. абласцях СССР. Аўтар успамінаў «Цэнтральная тэхніка КПЗБ» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЖЭ́НКА (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 23.1.1931, г. Дарагабуж, Расія),
бел. перакладчык. Скончыў БДУ (1953). Настаўнічаў. З 1953 у Дзярж. выд-ве БССР, з 1964 на Бел. радыё, у 1969—94 у час. «Нёман». Друкуецца з 1953. Пераклаў на рус. мову раманы М.Лобана «Гарадок Устронь» (1972), Л.Арабей «Іскры ў папялішчы» (1973), А.Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» (1975), Б.Сачанкі «Вялікі Лес» (1986), В.Адамчыка «Голас крыві брата твайго» (1990), І.Чыгрынава «Вяртанне да віны» (1993), аповесць М.Гарэцкага «Дзве душы» (1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1927,
канферэнцыя міністраў замежных спраў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі і Японіі. Праходзіла 14—16 чэрв. ў час сесіі Савета Лігі Нацыі, склікана пасля разрыву англ.-сав.дыпламат. і гандл. пагадненняў (май 1927). Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі О.Чэмберлен прапанаваў прыняць дэкларацыю «супраць прапаганды Камінтэрна», якая магла б стаць платформай адзінага антысав. фронту. Удзельнікі Ж.к. не падтрымалі Чэмберлена і прынялі камюніке, дзе абавязваліся прытрымлівацца ўмоў Лакарнскіх дагавораў 1925 аб непарушнасці герм.-франц. і герм.-бельг. граніц, вызначаных Версальскім мірным дагаворам 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у Заслаўі ў 1676—1832. Засн. тагачаснымі ўладальнікамі горада Казімірам і Крыстынаю (з Глябовічаў) Сапегамі. У 1678 асвячоны віленскім біскупам. Размяшчаўся на замчышчы пры касцёле архангела Міхаіла, перабудаваным з кальвінскага збору. Пабудаваны ў 1772 корпус жылога будынка з часанага дрэва быў 2-павярховы, на каменным падмурку, франтонам звернуты на У. Б-ка ў 1818 мела 422 тамы. Пасля скасавання кляштара касцёл некат. час быў парафіяльным, у 1840 асвячоны як Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква. А.А.Ярашэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІГРА́НТЫ [ад лац. immigrans
(immigrantis) які ўсяляецца] у біялогіі, усяленцы, жывыя арганізмы, якія ўсяліліся ў якую-н. мясцовасць, дзе раней іх не было. Называюць па мясцовасці, адкуль арганізмы перасяліліся (напр., амерыканскія, ціхаакіянскія),
і па часе. ўсялення. Час іміграцыі і яе напрамак вызначаюць паводле назіранняў або гіст. звестак. На Беларусі І. з’яўляюцца андатра, каларадскі жук, рамонак пахучы (амер.), шэры пацук, сярэбраны карась, аер (азіяцкія). І. называюць таксама асобныя клеткі, якія выходзяць з зародкаў органаў і даюць пачатак новым тканкам або органам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́ЙШЧЫКІ, пікінёры,
пешыя і конныя воіны ў арміях краін Зах. Еўропы, Польшчы, ВКЛ і Расіі ў 16—18 ст., асн. зброяй якіх было доўгае (3—4 м) кап’ё (піка). Дзейнічалі пад прыкрыццем стралкоў і артылерыі, пасля залпу якіх самкнутым строем атакоўвалі праціўніка і наносілі яму паражэнне ў блізкім (рукапашным) баі. З увядзеннем штыка ў пач. 18 ст. паступова зніклі ў рэгулярных арміях. У час паўстанняў 1794, 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве як К. дзейнічалі сяляне-касінеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРВЕ́Т (франц. corvette),
1) лёгкі карабель для разведкі, пасыльнай службы і выканання інш. задач у ветразевым ваенным флоце 17—19 ст. У сярэдзіне 19 ст. з’явіліся колавыя, а потым вінтавыя ветразева-паравыя К.
2) Баявыя караблі спец. пабудовы для процілодачнай і проціпаветр. абароны і нясення вартавой службы ў флатах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін у час 2-й сусв. вайны.
3) У шэрагу сучасных марскіх дзяржаў тып найменшага ваен. карабля (водазмяшчэннем 500—1000 т) для канваіравання і абароны ад падводных лодак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАГРЫ́З (Алег Данілавіч) (н. 11.8.1960, г. Кабулеты, Грузія),
бел. жывапісец і графік, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1986). З 1989 выкладае ў Віцебскім ун-це. Яго творам, пераважна на фалькл., міфалагічныя, легендарна-казачныя і анімалістычныя сюжэты, уласцівы філас., часам рамант. скіраванасць, эксперыменты з колерам і фактурай: карціны «Крык пеўня», «Птушка райская Сірын», «Усходняя казка» (усе 1994), «Старая легенда», «Балада», «Час быка», «Шахерызада» (усе 1995), «Выкраданне Еўропы» (1996); афорты «Подых навальніцы» (1993), «Славянская казка» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЕ́НІЧ (Ерафей Васілевіч) (16.10.1854, в. Мужычок Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.1.1906),
вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р медыцыны (1887), праф. (1893). Скончыў Пецярбургскую ваен.-мед. акадэмію (1883). З 1894 праф. Варшаўскага ваен. шпіталя, з 1900 заг. вочнай клінікі і дырэктар вочнай лячэбніцы ў Пецярбургу.
У час адпачынкаў бясплатна лячыў і рабіў хірург. аперацыі сялянам на Беларусі. Навук. працы па пытаннях афтальмалогіі. Удасканаліў шэраг афтальмалагічных аперацый.
Тв.:
Развитие палочек, колбочек и наружного ядерного слоя в сетчатке зародыша человека. СПб., 1887.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ХЕЛЬ ((Kiechel) Самуэль) (1563, г. Ульм, Германія — 1619),
нямецкі падарожнік. У 1585—89 зрабіў вял. падарожжа па краінах Еўропы і Азіі. У 1586 праязджаў праз Беларусь, Літву, Інфлянты (Гродна—Вільня—Рыга). У сваёй справаздачы даў звесткі пра заняткі, лад жыцця, гандаль жыхароў ВКЛ, адзначыў іх верацярпімасць. Гэтая праца ўпершыню надрукавана ў 1820 у час. «Archiv zur Geografie, Historie, Staats- und Kriegskunst» («Архіў геаграфіі, гісторыі, дзяржаўнай палітыкі і ваеннага мастацтва»).
Літ.:
Грыцхевіч В., Мальдзіс А Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.