БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,

дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс. га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс. га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс. га (па 17%).

Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч.Браслаўская града, у паўд.Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс. га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс. га), Бяльмонт (каля 12 тыс. га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.

На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.

П.​І.​Лабанок.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗВА́ЖКАСЦЬ,

фізічны стан цела — складальнай часткі рухомай мех. сістэмы, пры якім вонкавыя сілы, што дзейнічаюць на цела і яго рух, не выклікаюць узаемнага ціску адных часцінак цела на іншыя. Узнікае пры свабодным руху цела ў гравітацыйным полі, калі такі рух з’яўляецца паступальным (напр., падзенне цела па вертыкалі, рух па арбіце штучнага спадарожніка Зямлі, палёт касм. карабля).

На цела, якое знаходзіцца ў гравітацыйным полі Зямлі на апоры (ці падвесе), дзейнічаюць сіла цяжару і ў процілеглым напрамку сіла рэакцыі апоры (ці сіла нацяжэння падвесу), што вядзе да ўзнікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую. У целе ўзнікаюць дэфармацыі і ўнутр. напружанні, якія чалавек успрымае як адчуванне ўласнай вагі (важкасці). У залежнасці ад умоў сіла рэакцыі апоры можа адрознівацца ад сілы цяжару нерухомага цела на паверхні Зямлі. Напр., калі касм. карабель рэзка павялічвае скорасць, касманаўта прыціскае да крэсла сіла, у некалькі разоў большая за нармальную вагу, што ўспрымаецца як павелічэнне ўласнай вагі касманаўта (т.зв. перагрузка). У стане свабоднага падзення на цела дзейнічае толькі сіла цяжару, а інш. вонкавыя сілы, у т. л. і сілы рэакцыі апоры, адсутнічаюць, што вядзе да знікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую, узнікае бязважкасць, якую чалавек успрымае як страту вагі.

Ва ўмовах бязважкасці зменьваецца шэраг функцый жывога арганізма: абмен рэчываў (асабліва водна-салявы), кровазварот, назіраюцца расстройствы вестыбулярнага апарату і інш. Неспрыяльны ўплыў бязважкасці на арганізм чалавека можна папярэдзіць або абмежаваць пры дапамозе фіз. практыкаванняў і заняткаў на спец. трэнажорах. Вынікі працяглых касм. палётаў сведчаць аб тым, што бязважкасць не з’яўляецца небяспечнай для арганізма чалавека і касманаўты ў такім стане могуць доўгі час жыць і працаваць, але павінны праходзіць курс рэабілітацыі пры вяртанні ў звычайныя гравітацыйныя ўмовы на паверхні Зямлі. Бязважкасць улічваецца пры стварэнні прыбораў і агрэгатаў касм. лятальных апаратаў. Напр., для вады і інш. вадкасцей выкарыстоўваюцца эластычныя пасудзіны і герметычныя кантэйнеры, якія папярэджваюць распырскванне; цыркуляцыя паветра забяспечваецца вентылятарамі і інш. Стан бязважкасці дае магчымасць праводзіць фізіка-тэхн. эксперыменты па вырошчванні паўправадніковых крышталёў, стварэнні звышправодных і магнітных матэрыялаў з аднародным размеркаваннем рэчыва па ўсім аб’ёме.

Літ.:

Левантовский В.И. Механика космического полета в элементарном изложении. 3 изд. М., 1980.

А.​І.​Болсун.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),

1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).

2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).

3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).

4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар. эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл. Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).

Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁ,

асобая форма існавання і руху матэрыі, здольная да развіцця (эвалюцыі) і якасна больш высокая, чым фіз. і хім. формы; асн. матыў існавання і змест перажывання чалавека, жыццёвы лёс наогул. Характарызуецца абменам рэчываў, раздражняльнасцю, самааднаўленнем, сістэмным самакіраваннем, перадачай энергіі і інфармацыі, прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя(адаптацыяй), а таксама адноснай самастойнасцю надарганізменных утварэнняў (біягеацэнозаў, экасістэм) пры агульным фізіка-хім. адзінстве жывога рэчыва біясферы Зямлі (магчыма, і ўсяго Сусвету). Існуюць розныя канцэпцыі паходжання і сутнасці Ж. Прыхільнікі крэацыянізму прызнаюць аднаактавае стварэнне арганізмаў Богам або шматлікія акты стварэння ўсё больш дасканалых форм Ж. пасля знішчэння папярэдніх у выніку «катаклізмаў». Тэорыя самаадвольнага і спантаннага зараджэння Ж. была пашырана ў Стараж. Кітаі (Канфуцый), Вавілоне і Егіпце. Віталізм, які абапіраецца на вучэнне Арыстоцеля аб энтэлехіі, растлумачвае працэсы Ж. дзеяннем нематэрыяльнай «энергіі душы», «жыццёвай сілы» або «жыццёвага парыву». Тэорыя біяхім. эвалюцыі прапануе сваю ўсеагульную схему ўзнікнення Ж. ў выніку працяглых пераўтварэнняў вугляродазмяшчальных злучэнняў, пераходу ад складаных арган. рэчываў да простых жывых арганізмаў; паводле палеанталагічных звестак, першыя жывыя арганізмы (аднаклетачныя) з’явіліся на Зямлі не менш як 3,5—3,8 млрд. гадоў назад. На глебе метафізічнага матэрыялізму распрацоўваліся канцэпцыі пра занясенне зародкаў жыцця на Зямлю з космасу (панспермія) і аб спрадвечным паралельным існаванні жывой і нежывой матэрыі. Франц. філосаф А.​Бергсон разглядаў Ж. як працэс чалавечага быцця і ўяўляў яго ў форме зыходнага «ўзрыву», які прывёў да разгортвання жыццёвага працэсу; пры гэтым у якасці 2 асн. форм Ж. і пазнання ён вылучаў інтэлект і інтуіцыю. З псіхааналітычнага пункту погляду Ж. ўяўляе сабой узаемадзеянне структурных элементаў псіхікі, жыццядзейнасці індывіда і асаблівасцей навакольнага асяроддзя. На думку З.​Фрэйда і Л.​Шапенгаўэра, «сапраўдным вынікам» і мэтай Ж. з’яўляецца дасягненне смерці, а сексуальныя схільнасці, якія ўзнаўляюць папярэднія станы праз зліццё дзвюх зародкавых клетак, ёсць увасабленне волі да Ж. Ідэі аб Ж. як рэдкай разнавіднасці смерці ляжаць у аснове канцэпцыі постструктуралізму, прадстаўнікі якога не проціпастаўляюць Ж. смерці, а ўводзяць іх у адносіны невырашальнай узаемаабарачальнасці. Гл. таксама Абіягенез, Гамеастаз, Дарвінізм, Філасофія жыцця.

Літ.:

Вернадский В.И. Живое вещество. М., 1978;

Фролов И.Т. О смысле жизни, о смерти и бессмертии человека. М., 1985;

Зеленков А.И., Водопьянов П.А. Динамика биосферы и социокультурные традиции. Мн., 1987;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФРАЧЫРВО́НАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел спектраскапіі, які займаецца атрыманнем, даследаваннем і выкарыстаннем спектраў вылучэння, паглынання і адбіцця ў інфрачырвонай вобласці спектра (гл. Інфрачырвонае выпрамяненне). Паводле сістэм, што вывучаюцца, І.с. адносіцца да малекулярнай спектраскапіі; паводле станаў, пераходы паміж якімі выклікаюць лініі і палосы інфрачырвонага спектра, — да вагальнай і вярчальнай спектраскапіі. Вывучае ў асн. малекулярныя спектры, бо ў інфрачырв. вобласці размешчана большасць вагальных і вярчальных спектраў малекул.

Найб пашыраны даследаванні інфрачырв спектраў паглынання, якія ўзнікаюць з прычыны паглынання інфрачырв. выпрамянення пры праходжанні яго праз рэчыва. Колькасную сувязь паміж інтэнсіўнасцю выпрамянення, якое падае на рэчыва, прайшло праз яго, і велічынямі, што характарызуюць паглынальнае рэчыва, дае Бугера—Ламберта—Бэра закон. На практыцы звычайна інфрачырв. спектр паглынання паказваюць графічна ў выглядзе залежнасці ад частаты (або даўжыні хвалі) шэрагу велічынь, якія характарызуюць паглынальнае рэчыва (каэф. прапускання, паглынання, аптычная шчыльнасць і інш.). Асн. характарыстыкі спектраў інфрачырв. паглынання: колькасць палос паглынання ў спектры, іх становішча (размяшчэнне), шырыня і форма, велічыня паглынання Яны вызначаюцца структурай і хім. саставам паглынальнага рэчыва, залежаць ад яго агрэгатнага стану, т-ры, ціску і інш. Характарызуюцца высокай выбіральнасцю і адчувальнасцю да розных хім. і структурных пераўтварэнняў рэчываў, саставу іх сумесей. Метады І.с. выкарыстоўваюцца для вызначэння структуры малекул, іх хім. саставу, для якаснага і колькаснага аналізу хім. груп і сувязей, сумесей розных рэчываў і матэрыялаў, біял. аб’ектаў і інш. (гл. Спектры аптычныя).

У Беларусі даследаванні па І.с. вядуцца з 1954—55 у БДУ і Нац. АН (Б.​І.​Сцяпанаў, М.​А.​Барысевіч, Р.​Г.​Жбанкоў, К.​М.​Салаўёў, Дз.​С.​Умрэйка, В.​Р.​Верашчагін і інш.). Асн. кірункі: вывучэнне вугляводаў (у т. л. цэлюлозы), іх фіз. і хім. мадыфікацый, іонных і іонарадыкальных злучэнняў, парфірынаў, каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў, пары арган. малекул, рассеяння інфрачырв. выпрамянення дысперснымі сістэмамі.

Літ.:

Кросс А Введение в практическую инфракрасную спектроскопию: Пер. с англ. М., 1961;

Малышев В.И. Введение в экспериментальную спектроскопию. М., 1979;

Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;

Колебания молекул. 2 изд. М., 1972.

Р.​Г.​Жбанкоў.

Да арт. Інфрачырвоная спектраскапія. Схема аднапрамянёвага ІЧ-спектрометра: К — крыніца неперарыўнага ІЧ-выпрамянення; Л1 і Л2 — люстэркі асвятляльніка і кандэнсатара; С — кювета з рэчывам, якое даследуецца; М — монахраматар; П — прыёмнік выпрамянення; У — узмацняльнік; В — вымяральная або рэгістравальная прылада.

т. 7, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСТАТУ́ТНЫЯ ЎЗАЕМААДНО́СІНЫ,

устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.

Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял. сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.​М.​Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».

Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у. як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.

Літ.:

Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;

Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;

Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.

В.​В.​Гумянецкі, У.​М.​Макараў, С.​А.​Савік.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТАД (ад грэч. methodos шлях даследавання або пазнання, тэорыя, вучэнне),

спосаб пазнання, сукупнасць прыёмаў і аперацый практычнага і тэарэт. асваення рэчаіснасці. М. могуць быць прыёмы навук. даследавання і маст. творчасці, сістэмы аперацый у тэхніцы, прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. У філасофіі пад М. разумеюць пэўны спосаб пабудовы і абгрунтавання сістэмы філас. і навук. ведаў. Зыходныя ўяўленні аб М. сфарміраваны ў антычнасці, але сістэмнае вывучэнне і распрацоўка М. адносіцца да Новага часу і звязана з узнікненнем і развіццём эксперым. навукі. Пачынальнік метадалогіі доследнай навукі Ф.​Бэкан параўноўваў М. з паходняй, якая асвятляе шлях у цемры. Выключная рознатыповасць аб’ектаў навукі і чалавечай практыкі абумоўліваюць разнастайнасць М., таму спробы выпрацаваць універсальны, прыдатны да пазнання ўсіх з’яў і аб’ектаў М. не прывялі да поспеху. Адрозніваюць агульныя М., якія выкарыстоўваюцца ў працэсе як навук., так і звычайнага пазнання, а таксама ў практычнай дзейнасці, і навук. М., уласцівыя толькі навук. пазнанню. Навук. М., у сваю чаргу, падзяляюцца на агульнанавуковыя, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, і канкрэтна-навук., або спецыяльныя, якія ўжываюцца ў рамках асобных навук. дысцыплін. Тэндэнцыя інтэграцыі навук. ведаў вядзе да пашыранага выкарыстання М. адных навук у інш. навуках, што актуалізуе пытанне пра М. міждысцыпліннага даследавання. У залежнасці ад суаднясення з вопытам вылучаюць М. эмпірычныя і тэарэтычныя; адрозніваюць таксама лагічныя М., звязаныя з абстрактным, разумовым узроўнем пазнання (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя, аналогія і інш.), і практычныя М., непасрэдна звязаныя з матэрыяльнай, практычна-прадметнай дзейнасцю (назіранне, рэальны эксперымент і інш.). Павялічваецца роля М. навук.-тэхн. творчасці, дзе навук. пошук спалучаецца з вынаходствам і дзе творца спалучае ў сабе якасці даследчыка і інжынера. У залежнасці ад мэты М. падзяляюць на эўрыстычныя (скіраваныя на адкрыццё новага) і алгарытмічныя. Паводле характару дэтэрмінацыі адрозніваюць адназначна дэтэрмінаваныя і імавернасныя М. Ужываецца таксама класіфікацыя М. на колькасныя і якасныя. У залежнасці ад сферы выкарыстання бываюць М. хім., фіз., біял., лінгвістычныя, сацыялагічныя і інш. Развіццё М., іх ускладненне і дыферэнцыяцыя абумовілі стварэнне вучэння аб М. — метадалогіі.

Літ.:

Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;

Степин В.С., Елсуков А.Н. Методы научного познания. Мн., 1974;

Кочергин А.Н. Научное познание: формы, методы, подходы. М., 1991.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРАЛО́ГІЯ (ад метэа... + ...логія),

навука пра атмасферу Зямлі, фіз. працэсы і з’явы, якія ў ёй адбываюцца і ствараюць надвор’е і клімат. М. вывучае састаў і будову атмасферы, цеплаабарот і цеплавы рэжым у атмасферы і на зямной паверхні, вільгацеабарот і фазавыя пераўтварэнні вады ў атмасферы, рух паветр. мас, эл. і акустычныя з’явы ў атмасферы. Гал. задачы М.: забеспячэнне нар. гаспадаркі метэаралагічнай інфармацыяй з мэтай найб. поўнага і эфектыўнага выкарыстання спрыяльных умоў надвор’я і памяншэння страт ад небяспечных з’яў, удасканаленне метадаў прагнозу надвор’я, распрацоўка навук. асноў мэтанакіраванага ўздзеяння чалавека на атм. працэсы і кіравання імі. Падзяляецца на фізіку атмасферы (уключае фізіку прыземнага слоя паветра, аэралогію, фізіку верхніх слаёў атмасферы, актынаметрыю, атм. оптыку і атм. акустыку), дынамічную М. (вывучае атм. працэсы ў трапасферы і ніжняй стратасферы, распрацоўвае лічбавыя метады прагнозаў надвор’я), сінаптычную метэаралогію. Раздзел М., які вывучае клімат, вылучаецца ў кліматалогію. Існуе шэраг прыкладных галін М. (с.-г., лясная, авіяц., касм., марская, мед., ваенная і інш.). Асн. метад атрымання фактычных звестак пра атмасферу, надвор’е і клімат — назіранні, якія праводзяцца метэаралагічнымі станцыямі на зямной паверхні і ў верхніх слаях атмасферы з дапамогай метэаралагічных спадарожнікаў, метэаралагічных ракет, радыёзондаў і інш. Дзейнасць метэаралагічных службаў розных краін аб’ядноўвае Сусветная метэаралагічная арганізацыя.

Узнікла ў 17 ст., калі вынайдзены метэаралагічныя прылады — тэрмометр і барометр (Г.​Галілеем з вучнямі). У 2-й пал. 18 ст. стала самаст. навукай. У 2-й пал. 19 ст. закладзены асновы дынамічнай М. (вучоныя амер. У.​Ферэль, ням. Г.​Гельмгольц), узнік сінаптычны метад даследавання (вучоныя франц. У.​Левер’е, англ. Р.​Фіцрой), пачаліся сістэм. аэралагічныя назіранні. Дасягненні М. ў 20 ст. звязаны з працамі вучоных нарв. В.​Б’еркнеса, аўстр М.​Маргулеса і Г.​Фікера, франц. Л.​Тэйсеран дэ Бора, рас. А.​І.​Ваейкава, А.​А.​Фрыдмана, П.​А.​Малчанава і інш.

На Беларусі метэаралагічныя назіранні пачаліся ў пач. 19 ст. Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў А.І.Кайгарадаў, даследаванні па зборы, аналізе і абагульненні матэрыялаў выканалі Н.​А.​Малішэўская, Я.​Б.​Фрыддянд, І.​А.​Савікоўскі, Г.​В.​Валабуева (Гідраметэацэнтр), А.​Х.​Шкляр (БДУ), У.​Ф.​Логінаў (Нац. АН Беларусі) і інш.

Літ.:

Хромов С.П., Петросянц М.А. Метеорология и климатология. 4 изд. М., 1994.

П.​А.​Каўрыга.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЗМ (ад грэч. mēchanē прылада, машына),

1) сістэма злучаных паміж сабой цел (звёнаў) для пераўтварэння (перадачы, узнаўлення) руху аднаго або некалькіх цел у патрэбныя рухі інш. цел; аснова машын, апаратаў, прылад, тэхн. прыстасаванняў. Звычайна ў М. ёсць уваходнае (вядучае) звяно, што атрымлівае рух ад якога-н. рухавіка, і выхадное звяно, злучанае з нейкім рабочым органам.

Звяно М. можа складацца з 1 або некалькіх нерухома злучаных дэталей. Спалучэнне 2 судатыкальных звёнаў, якое дапускае іх адносны рух, наз. кінематычнай парай. Найб. пашыраныя кінематычныя пары: вярчальная (шарнір), паступальная (паўзун і накіравальная), вінтавая (вінт і гайка), сферычная (шаравы шарнір). Перадатачныя М. — карданныя (гл. Карданны шарнір), а таксама зубчастыя, ланцуговыя і інш. перадачы; пераўтваральныя (узнаўляльныя) — крывашыпныя механізмы, кулачковыя механізмы, кулісныя механізмы, шарнірныя механізмы, мальтыйскія. М. наз. гідраўл. або пнеўматычным, калі ў пераўтварэнні руху, акрамя цвёрдых цел (звёнаў), удзельнічаюць вадкасці або газы. Адрозніваюць таксама М.: плоскія (траекторыі руху пунктаў усіх звёнаў ляжаць у паралельных плоскасцях) і прасторавыя (траекторыі ляжаць у непаралельных плоскасцях або некат. з іх з’яўляюцца прасторавымі крывымі; прасторавымі з’яўляюцца, напр., чарвячныя перадачы, шарнірныя муфты, часткі некат. маніпулятараў); М. рухавікоў, пераўтваральнікаў, прылад; кіроўныя, выканаўчыя механізмы і інш. Найб. пашыраны М. з 1 ступенню свабоды, у якіх для пэўнага руху ўсіх звёнаў трэба задаць закон руху аднаго (вядучага) звяна; ёсць і М. з 2 ступенямі свабоды (напр., дыферэнцыялы ў трансп. сродках). Рухі М. і іх звёнаў, рэакцыі элементаў кінематычных лар вывучаюць кінематыка механізмаў, кінетастатыка механізмаў, дынаміка механізмаў і машын, метады даследавання і праектавання М. складаюць ч. механізмаў і машын тэорыі. Унутр. будова, сістэма чаго-н., парадак якога-н. віду дзейнасці (напр., дзярж. М. кіравання, гасп. М.).

3) Сукупнасць і паслядоўнасць станаў, стадый, працэсаў, з якіх складаецца якая-н. фіз., хім., фізіял. і падобная з’ява (напр., М. выпрамянення, М. хім. рэакцыі, М. мыслення).

Літ.:

Кожевников С.Н., Есипенко Я.И., Раскин Я.М. Механизмы. 3 изд. М., 1965;

Артоболевский И.И. Механизмы в современной технике Т. 1—2. М., 1970—71;

Кожевников С.Н. Основания структурного синтеза механизмов. Киев, 1979.

У.​М.​Сацута.

Механізмы: а — зубчастай перадачы з эліптычнымі коламі; б — крывашыпна-кулісны для пераўтварэння вярчальнага руху ў паступальны (1 — куліса, 2 — крывашып, 3 — паўзун); в — мальтыйскі для пераўтварэння неперарыўнага вярчальнага руху ў перарывісты (1 — вядучы дыск, 2 — вядзёны дыск, т.зв. мальтыйскі крыж); г — зубчастай рэйкі.

т. 10, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ АДДЗЕ́Л РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА, Паўночна-Заходні аддзел імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Існаваў у 1867—1915 у Вільні як тэр. філіял Рус. геагр. т-ва. Узначальваў яго папячыцель Віленскай навуч. акругі; першы кіраўнік І.​П.​Карнілаў, члены — вайскоўцы, чыноўнікі, духавенства. Паводле палажэння ад 2.7.1867 павінен быў займацца вывучэннем 6 губерняў Паўн.-Зах. краю, пераважна ў галіне археаграфіі, археалогіі, этнаграфіі, статыстыкі. Меў секцыі: фіз.-матэм., этнаграфіі, археалогіі і археаграфіі, статыстыкі. Секцыя этнаграфіі выпусціла праграму па збіранні этнагр. і фалькл. матэрыялаў (паўтарала праграму Рус. геагр. т-ва без уліку нац. асаблівасцей нар. творчасці беларусаў). У выніку актывізацыі дзейнасці настаўнікаў сабраны запісы розных фалькл. жанраў, апісанні нар. календара і абрадаў, стану сельскай гаспадаркі, промыслаў, побыту і інш. Секцыя археалогіі і археаграфіі падрыхтавала і выдала шэраг апісанняў архіваў, у т. л. архіва віленскага ген.-губернатара М.​В.​Рапніна (1783—84). Да 1876 работа аддзела фактычна прыпынілася. У 1910 па ініцыятыве папячыцеля Віленскай навуч. акругі д-ра астраноміі Р.​В.​Лявіцкага віленскі губернатар Дз.​М.​Любімаў аднавіў дзейнасць аддзела. Яго старшынёй стаў Лявіцкі, кіраўніком спраў — Дз.І.Даўгяла; у кіраўніцтва ўвайшлі мясц. этнографы, фалькларысты, гісторыкі, археолагі, археографы, біёлагі і географы. На канец 1911 аддзел яднаў больш за 300 чал., пераважна сельскіх настаўнікаў, чыноўнікаў; створаны 4 секцыі: геаграфіі і статыстыкі, этнаграфіі і археалогіі, археаграфіі, гісторыі. У 1910—12 праведзены навук. экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У 1910—14 выдаваліся «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». У 1910 па ініцыятыве аддзела выдадзены шэраг кніг па гісторыі Беларусі, у т. л. «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» М.​К.​Любаўскага, «Апошняе ўз’яднанне з праваслаўнай царквой уніятаў Беларускай епархіі» Г.​Шавельскага, «Гродзенская даўніна» Я.​Ф.​Арлоўскага (ч. 1). На працягу ўсёй гісторыі аддзела ў яго працы прымалі ўдзел гісторыкі і архівісты П.​М.​Бацюшкаў, Я.​Ф.​Галавацкі, М.​І.​Гарбачэўскі, Ф.​М.​Дабранскі, М.​А.​Дзмітрыеў, Ю.​Ф.​Крачкоўскі, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, У.​Г.​Сакалоў, А.​М.​Семянтоўскі, І.​А.​Сербаў, М.​М.​Чуркін, П.​В.​Шэйн, А.​М.​Энгель і інш. Дзейнасць аддзела спынілася ў сувязі з акупацыяй Вільні герм. войскамі.

Літ.:

Довгяло Д.И. К истории Северо-Западного отдела: (Материалы и заметки) // Зап. Северо-Западного отд. имп. Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1.

М.​Ф.​Шумейка, В.​Ярмоленка.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)