«ТЭА́ТР ПО́ЛЬСКІ» ў Варшаве.

Адкрыты ў 1913 па ініцыятыве А.​Шыфмана (дырэктар у 1913—57 з перапынкам). У 1918—39 меў яшчэ адну сцэн. пляцоўку — «Малы т-р»; з 1949 «Камерны т-р». Пасля 2-й сусв. вайны т-р узначальвалі Л.​Шылер, Е.​Крэчмар, А.​Кавальчык, К.​Дэймек, А.​Лапіцкі, Я.​Кілян і інш. У рэпертуары пераважаюць творы польскай (А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, З.​Красінскі, С.​Выспянскі, А.​Фрэдра) і сусв. (У.​Шэкспір, Мальер, Б.​Шоу) класічнай драматургіі, а таксама сучасныя п’есы (С.​Мрожак, М.​Гласка).

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР АНДРЭ́ЕВІЧ (?—28.1.1170),

князь берасцейскі. Сын пераяслаўскага кн. Андрэя Васілевіча. У летапісах упамінаецца з 1149. У 1150 атрымаў Белгародскую воласць, у 1151 — Дарагабужскую, у 1153 — Бярэсце (у гэтым годзе дапамагаў вял. кіеўскаму кн. Ізяславу Мсціславічу, які ваяваў з галіцкім кн. Яраславам Уладзіміравічам). В.​М.​Тацішчаў меркаваў, што Бярэсце разам з Драгічынам У.А. атрымаў ад Ізяслава ў 1149. У 2-й пал. 1150-х г. У.А. атрымаў ад Юрыя Далгарукага Перасопніцу і ўсе гарады па цячэнні Гарыні. У далейшым быў пазбаўлены Бярэсця, бо ў 1169 дамагаўся вяртання гэтага горада.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР ВАЛАДА́РАВІЧ,

мяркуемы князь менскі і берасцейскі ў 2-й пал. 12 ст. Сын менскага кн. Валадара Глебавіча. В.​М.​Тацішчаў у «Гісторыі Расійскай» паведамляе, што У.В. валодаў Менскам і Бярэсцем. Драгічынскі кн. Васілька Яраполчыч з дапамогай палякаў і мазаўшан адабраў у яго Бярэсце, але хутка за 9 дзён У.В. жорсткімі штурмамі вярнуў горад і адкінуў палякаў да р. Нур. Васілька з дапамогай свайго цесця польскага кн. Лешка прымусіў У.В. пакінуць Падляшша і вярнуцца ў Бярэсце. У летапісах У.В. не ўпамінаецца, таму яго рэальнасць спрэчная.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́НІІ (англ. Fenians ад стараж.-ірл. fiann — назвы легендарнай ваен. дружыны стараж. ірландцаў),

ірландскія рэвалюцыянеры-рэспубліканцы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., члены тайных арг-цый «Ірл. рэсп. брацтва» (ІРБ, 1857—1924). Дзейнічалі ў Ірландыі, Вялікабрытаніі, сярод ірл. эмігрантаў ЗША, Канады, краін Паўд. Амерыкі, выступалі за вызваленне Ірландыі ад брыт. калан. панавання і стварэнне незалежнай Ірл. рэспублікі. Прытрымліваліся змоўніцкай, тэрарыст. тактыкі. Узнятае імі ў Ірландыі паўстанне 1867 пацярпела паражэнне. Члены ІРБ удзельнічалі ў Ірландскім паўстанні 1916. У 1905 на базе руху Ф. ўзнікла партыя Шын фейн.

т. 16, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАФЕ́Й,

рускі публіцыст 1-й пал. 16 ст., адзін з ідэолагаў іасіфлян. Манах Елеазарава манастыра ў г. Пскоў. Аўтар шматлікіх пасланняў да вял. кн. Васіля III, цара Івана IV і інш. асоб. У лістах да Васіля III найб. паслядоўна выклаў канцэпцыю «Масква — трэці Рым» (пераемнасць Масквы як сусв. паліт. і царк. цэнтра пасля страты гэтай ролі «другім Рымам» — Канстанцінопалем і, адпаведна, улады маскоўскіх вял. князёў ад рым. і візант. імператараў, «богаабранасць» рус. народа і г.д.), якая разам з «Паданнем аб князях уладзімірскіх» пакладзена ў аснову афіц. ідэалогіі рас. самадзяржаўя.

т. 16, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАМІНІ́Н Ціт Квінкцый (Titus Quinctius Flamininus; каля 226—174 да н.э.),

палітычны дзеяч і палкаводзец Стараж. Рыма. Ваен. трыбун 208, прапрэтар 205/204, консул 198, цэнзар 189 да н.э. На чале рым. арміі ў 2-й Македонскай вайне разбіў каля Кінаскефалаў македонскую армію Філіпа V і заключыў дагавор, паводле якога Філіп V адмовіўся ад усіх уладанняў у Грэцыі. На Істмійскіх гульнях (196) абвясціў свабоду грэч. полісаў. У 195 да н.э. разбіў войскі спартанскага тырана Набіса і абмежаваў яго ўладу. Праводзіў палітыку падтрымкі арыстакратыі ў грэч. полісах.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫД (Fried) Альфрэд Герман (11.11.1864, Вена — 5.5.1921),

аўстрыйскі публіцыст і дзеяч пацыфісцкага руху. З 1891 выдаваў у Берліне пацыфісцкі час. «Die Waffen nieder» («Прэч зброю»). У 1892 адзін з заснавальнікаў Герм. т-ва міру (у 1903 выйшаў з яго з-за разыходжанняў у пытаннях тактыкі захавання міру). З 1894 рэдактар і выдавец час. «Die Friendenswarte» («Варта міру»). Выступаў з пазіцый фундаментальнага пацыфізму, супраць усялякай вайны. З пач. 1-й сусв. вайны эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе выдаў шэраг антываен. памфлетаў. Нобелеўская прэмія міру 1911 (з Т.Асерам).

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДРЫХ ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III (Friedrich Wilhelm; 3.8.1770, г. Патсдам, Германія — 7.6.1840),

кароль Прусіі [1797—1840]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха Вільгельма II. У 1806 далучыўся да 4-й антыфранц. кааліцыі (гл. Руска-пруска-французская вайна 1806—07), але ў выніку паражэння прускай арміі ў Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 мусіў заключыць Тыльзіцкі мір 1807. Пры ім у Прусіі праведзены Штайна—Гардэнберга рэформы. Пасля перамогі Расіі ў вайне 1812 абвясціў у сак. 1813 вайну Францыі. Удзельнічаў ва ўтварэнні Свяшчэннага саюза (1815), садзейнічаў падаўленню паўстання 1830—31 у Каралеўстве Польскім.

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЙДА́Р АЛІ́ (1722—7.12.1782),

правіцель паўд.-інд. дзяржавы Майсур. Быў камандзірам ваен. атрада на службе раджы Майсура, у 1758—60 адхіліў раджу ад рэальнай улады і стаў фактычным правіцелем дзяржавы. Рэарганізаваў войска, узмацніў артылерыю. У войнах 1761—64 значна павялічыў тэр. Майсура і зрабіў яго адной з наймацнейшых дзяржаў Індыі. У 1767—69 вёў вайну з англ. Ост-Індскай кампаніяй (гл. Англа-майсурскія войны). У 1770-я г. ваяваў з Маратхскімі княствамі і Хайдарабадам за гегемонію ў Паўд. Індыі. Памёр у час 2-й англа-майсурскай вайны 1780—84.

т. 16, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМАФЕ́ЕЎ Іван (?—1631),

расійскі гісторык і дзярж. дзеяч. У пач. 17 ст. дзяк у шэрагу маскоўскіх прыказаў, з 1607 у Вял. Ноўгарадзе, Астрахані, Яраслаўлі, Ніжнім Ноўгарадзе. Аўтар «Летапісу», у якім ёсць карысныя звесткі па гісторыі Расіі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст.: аб праўленнях Івана IV, Фёдара Іванавіча, Барыса Гадунова, Ілжэдзмітрыя I, Смуце, якую лічыў вынікам парушэння спрадвечнага сац. і паліт. ўладкавання грамадства.

Тв.:

Временник. М.; Л., 1951.

Літ.:

Корецкий В.И. Новые материалы о дьяке Иване Тимофееве, историке и публицисте XVII в. // Археографический ежегодник за 1974 г. М., 1975.

т. 17, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)