НО́ЭЛЬ-БЕ́ЙКЕР (Noel-Baker) Філіп Джон (1.11.1889, Лондан — 8.10.1982),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дзеяч міжнар. руху прыхільнікаў міру. Барон (з 1977). Чл., з 1946 старшыня Лейбарысцкай партыі. Удзельнік 1-й сусв. вайны, Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні 1932—35. З 1924 праф. у галіне міжнар. адносін Лонданскага ун-та. Удзельнік летніх Алімп. гульняў 1912, 1920, 1924 і 1928 (лёгкаатлет). У 1928—31 і 1936—70 дэп. палаты абшчын. У 1945—51 дзярж. міністр, міністр па справах Садружнасці; выступаў за міжнар. раззбраенне. Аўтар кніг «Ліга Нацый у дзеянні», «Раззбраенне» (абедзве 1926), «Гонка ўзбраенняў: праграма сусветнага раззбраення» (1958) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1959.

Ф.Ноэль-Бейкер.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІКО́Н (лац. Rubico),

рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э. па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЦКАЯ Алена Віталеўна (н. 11.1.1950, в. Дзякаўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса, педагог. Засл. настаўніца Беларусі (1987). Скончыла БДУ (1971). Настаўнічала на Слонімшчыне, Магілёўшчыне, у 1977—93 у Слонімскай СШ № 2. З 1993 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Друкуецца з 1966. Выдала зб-кі вершаў «Надзея» (1983), «Роздум» (1988), у якіх эмац. тонкае і па-народнаму мудрае ўспрыманне маральных каштоўнасцей, сатырычна трапнае адчуванне духоўных заган жыцця. У паэме «Вытокі» (1999) усведамленне арганічнай лучнасці лёсу чалавека з лёсам народа Зах. Беларусі ў 20 ст. Аўтар навучальна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў «Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе» (1999), «Пазакласная праца па беларускай літаратуры» (2000).

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

прылада для вызначэння дзённага часу па Сонцы; адзін з найб. старажытных гадзіннікаў. Па ценю, што адкідваецца пласцінай (стрыжнем) на цыферблат, вызначаецца сапраўдны сонечны час з дакладнасцю некалькіх мінут. Вядомы з 3-га тыс. да н.э.; у наш час выкарыстоўваецца ў дэкар. мэтах (для ўпрыгожвання садоў, паркаў), аднаўляецца ў гіст. месцах.

Адрозніваюць С.г. экватарыяльныя (плоскасць цыферблата паралельная плоскасці нябеснага экватара), гарызантальныя (цыферблат гарызантальны) і вертыкальныя (цыферблат вертыкальны, размяшчаецца звычайна на сценах збудаванняў). Ва ўсіх тыпах С.г. стрыжань (край пласціны), што адкідвае цень, арыентаваны паралельна восі свету і перасякае цыферблат у яго цэнтры; дзяленне цыферблата, адпаведнае поўдню, знаходзіцца ў плоскасці мерыдыяна, што праходзіць праз гэты цэнтр.

С.​В.​Багдановіч.

Сонечны гадзіннік.

т. 15, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,

даследаванне, якое праводзіцца экспертам у парадку, прадугледжаным працэсуальным заканадаўствам, для ўстанаўлення па матэрыялах крымін., цывільнай або гасп. справы фактычных даных і акалічнасцей. Падставай для правядзення С.э. з’яўляецца пастанова асобы, якая вядзе следства або дазнанне, пракурора, вызначэнне суда. У працэсе С.э. на аснове спец. ведаў, неабходных для экспертызы па канкрэтнай справе, устанаўліваюцца факты, акалічнасці. С.э. вызначаецца пытаннямі, якія ставяць следчы або суд. Аб’ектам С.э. могуць быць рэчавыя доказы, месца здарэння, параўнальныя ўзоры і г.д. С.э. праводзіцца з дапамогай пэўных прыёмаў, з выкарыстаннем розных тэхн. сродкаў, з улікам прадмета экспертызы. Адрозніваюць экспертызы крыміналістычныя, мед. і псіхіятрычныя (гл. Судова-псіхіятрычная экспертыза), біял., фін.-эканам., аўтатэхн., пажарна-тэхн., буд. і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАРАЎ Яўграф Сцяпанавіч (22.12.1853, г. Арэнбург, Расія — 21.5.1919),

расійскі геолаг, мінералог, петрограф; адзін з заснавальнікаў структурнай крышталяграфіі. Акад. Рас. АН (1919). Скончыў Ваен.-інж. вучылішча (1872), Пецярбургскі горны ін-т (1883). З 1885 у Геал. к-це, з 1895 праф. Маскоўскага с.-г. ін-та. У 1905—10 дырэктар Пецярбургскага горнага ін-та. Навук. працы па тэорыі сіметрыі і будове крышталёў (вывеў 230 законаў будовы крышт. рашоткі; 1890); распрацаваў метады крышталеграфічнага даследавання, спраектаваў двухкружны тэадалітны ганіёметр (1889), вынайшаў універсальны аптычны столік, т.зв. фёдараўскі столік. Заснаваў крышталехім. аналіз (вызначэнне рэчыва па форме крышталёў).

Тв.:

Симметрия и структура кристаллов: Основные работы. М., 1949.

Літ.:

Кумок Я.Н. Евграф Федоров. М., 1971.

Я.​П.​Фёдараў.

т. 16, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЛІПС (Phillips) Уільям Даніэль (н. 5.11.1948, г. Уілкс-Барэ, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1995), Нац. АН ЗША (1997). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1976). З 1978 у Нац. ін-це стандартаў і тэхналогіі ЗША. Навук. працы па атамнай і лазернай фізіцы. Прапанаваў метады ахаладжэння лазерным выпрамяненнем пучка атамаў (1985), стварыў магнітааптычную пастку для лазернага захопу невялікіх ансамбляў ахалоджаных атамаў (1987). Сканструяваў высокадакладны атамны эталон часу. Нобелеўская прэмія па фізіцы 1997 (з С.Чу і К.Н.Каэнам-Тануджы).

Тв.:

Рус. пер. — Охлаждение и локализация атомов (разам з Г.​Дж.​Меткалфам) // В мире науки. 1987. №5;

Лазерное охлаждение и пленение нейтральных атомов // Успехи физ. наук. 1999. Т. 169, №3.

М.​М.​Касцюковіч.

У.Д.Філіпс.

т. 16, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́ЦІЙ [Phōtios; паміж 810 і 827, Канстанцінопаль (цяпер Стамбул) — паміж 891 і 897],

візантыйскі царкоўна-паліт. дзеяч, пісьменнік. Патрыярх Канстанцінопаля ў 858—867 і 877—886. Прыхільнік цэнтралізаваных манархіі і царквы на чале з патрыярхам. У 867 выступіў супраць падпарадкавання візант. царквы папе рымскаму, што прывяло да канфлікту з папствам (гл. Падзел цэркваў). Садзейнічаў пашырэнню ўплыву візант. царквы на слав. землі (у Балгарыі, Маравіі, сербскіх княствах, Русі). У 886 скінуты імператарам Львом VI, памёр у ссылцы. Асн. праца «Мірыябібліён», у якім даследаваў творчасць 280 ант. і ранневізант. пісьменнікаў са шматлікімі цытатамі з арыгіналаў (страчаныя, захаваліся толькі ў працы Ф.). Аўтар прац па філасофіі, багаслоўі, царк. праве. Яго пропаведзі за 860 і 866 маюць каштоўныя звесткі па гісторыі Русі 9 ст.

т. 16, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛО́ПІН Віталь Рыгоравіч (26.1.1890, г. Перм, Расія — 10.7.1950),

расійскі радыехімік; адзін з заснавальнікаў рас. радыехіміі і радыевай прам-сці. Акад. АН СССР (1939; чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1949). Скончыў Гётынгенскі (1911) і Пецярбургскі (1912) ун-ты. У 1915—21 у Радыелагічнай лабараторыі, з 1922 у Радыевым ін-це АН СССР (з 1939 дырэктар). Навук. працы па радыехіміі, тэхналогіі радыеактыўных рэчываў, вызначэнні геал. ўзросту Зямлі. Атрымаў першыя ў Расіі прэпараты радыю, арганізаваў даследаванні па хіміі і геахіміі радыеактыўных элементаў. Адкрыў закон размеркавання мікракампанента паміж цвёрдымі і вадкімі фазамі (закон Х.). Арганізатар прамысл. здабычы радыю і гелію ў СССР. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1949.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М.; Л., 1957.

т. 17, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎСКІ Юрый Пятровіч (н. 6.1.1952, в. Мхінічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне сардэчна-сасудзістай хірургіі. Д-р мед. н. (1996), праф. (2002). Скончыў Мінскі дзярж. мед. ун-т (1974). З 1994 працуе ў НДІ кардыялогіі (з 2001 рэсп. навукова-практычны цэнтр «Кардыялогія»), з 2001 нам. дырэктара па хірург. дапамозе. Навук. працы па распрацоўцы арыгінальных канструкцый адна- і двухстворкавых штучных клапанаў сэрца (залаты медаль міжнар. выстаўкі 1998), стварэнні штучнага жалудачка сэрца, распрацоўцы агрэсіўных метадаў лячэння вострага каранарнага сіндрому і сардэчнай недастатковасці. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Хирургия сердца. Мн., 1999 (у сааўт.);

Защита миокарда в хирургии сердца. Мн., 1999;

Руководство по кардиологии. Мн., 2003.

т. 18, кн. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)