ЛАВІ́С ((Lavisse) Эрнест) (17.12.1842, Ле-Нув’ён-ан-Цьераш, Францыя — 18.8.1922),
французскі гісторык. Чл.Франц. акадэміі (1892), праф. Сарбоны (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1865), у 1904—19 яе дырэктар. Пасля паражэння Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71 вывучаў гісторыю Германіі, пераважна Прусіі, спрабуючы знайсці тлумачэнне яе ваен. і паліт. поспехам. Адзін з рэдактараў (з А.Рамбо) і аўтараў калект. прац «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901), «Гісторыя Францыі са старажытнасці да рэвалюцыі» (т. 1—9, 1903—11) і «Гісторыя сучаснай Францыі ад рэвалюцыі да міру 1919» (т. 1—10, 1920—22).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЬКО́Ў (Рыгор Мацвеевіч) (14.2.1899, с. Васільеўка Акцябрскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 17.12.1961),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў ваен. эл.-тэхн. акадэмію (1938). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял.Айч. вайну з вер. 1941 камандзір дыверсійна-разведвальнага партыз. атрада, які ў 1941—42 зрабіў 600-кіламетровы рэйд па тылах праціўніка ў паўд. раёнах Беларусі. З мая 1943 камандзір дыверсійна-разведвальнай групы, што дзейнічала ў раёне Брэст—Баранавічы—Ваўкавыск, потым на тэр. Польшчы і Чэхаславакіі. Аўтар кн. «Вайна ў тыле ворага» (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРАТУ́РА (ад лац. magistratus саноўнік, начальнік),
1) у Стараж. Рыме сукупнасць найвышэйшых дзярж. пасад, т.зв. магістратаў рымскіх (найвышэйшымі былі дыктатар, консул, прэтар, ваен. трыбун). Выбіраліся нар. сходамі, т.зв.каміцыямі, тэрмінам на 1 год. У 1 ст. н.э. з пераходам вышэйшай улады да імператара страцілі значэнне.
2) У сучасным канстытуцыйным праве карпарацыя службоўцаў, якія непасрэдна ажыццяўляюць функцыі суда і пракурорскага нагляду; у ЗША — сукупнасць усіх дзярж. чыноўнікаў.
3) Сістэма і форма падрыхтоўкі спецыялістаў з закончанай вышэйшай адукацыяй (са ступенню бакалаўра) у большасці краін на працягу 1—2 гадоў, на Беларусі — 1,5—2 гады. Гл. таксама Магістр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЖЫНО́ ЛІ́НІЯ»,
сістэма доўгатэрміновых фартыфікацыйных умацаванняў і загарод на паўн.-ўсх. граніцы Францыі. Пабудавана ў 1929—36 (удасканальвалася да 1940) па ініцыятыве ваен. міністра А.Мажыно. Агульная працягласць па фронце 400 км і на глыб. 6—8 км. Мела з боку граніцы паласу забеспячэння глыб. 4—14 км. У час 2-й сусв. вайны ням. войскі ў маі 1940 ударам праз Бельгію прарвалі фронт франц. арміі на паўн. флангу, дзе буд-ва «М.л.» не было скончана, і выйшлі ў яе тыл. Пасля адыходу франц. палявых армій ад «М.л.», ням. войскі пераадолелі яе на вузкім участку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІТА́НТЫ (ням. Marketender ад італьян. mercatante гандляр),
дробныя гандляры прадуктамі харчавання і прадметамі салдацкага ўжытку, якія суправаджалі войскі ў паходах, на манеўрах і вучэннях, а таксама ў час вайны; мелі свае крамы ў ваен. гарнізонах. Вядомы з антычнасці. Найб. пашыраны ў эпоху феадалізму (у т. л. ў арміі ВКЛ), калі не было цэнтралізаванага забеспячэння войск. У Зах. Еўропе М. лічыліся неад’емным элементам войска. У Францыі і інш. краінах М. часцей былі жанчыны (маркітанткі); зрэдку яны насілі асобную форму адзення і выконвалі ролю сясцёр міласэрнасці. Дзейнасць М. рэгламентавалася адпаведнымі палажэннямі і вайсковымі статутамі. Служба М. існавала да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ (Арсен Іванавіч) (23.1.1922, в. Слабодка Цвярской вобл., Расія — 24.7.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Батайскую ваен. авіяшколу пілотаў (1941). У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнічаў у вызваленні Бабруйска, Слуцка, Баранавіч, зрабіў 150 баявых вылетаў, збіў асабіста 13 самалётаў праціўніка і 9 у групавых баях. Нам. камандзіра авіяэскадрыллі ст. лейт. М. вызначыўся ў баях на подступах да Брэста: у час вяртання з паспяховай разведкі заўважыў скопішча варожых войск і тэхнікі і бамбардзіраваў яго; смяротна паранены пасадзіў падбіты самалёт на свой аэрадром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Андрэй Іосіфавіч) (1914, в. Колбава Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1936), Харкаўскае ваен.-паліт. вучылішча (1941). У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра па палітчасці артыл. дывізіёна капітан М. вызначыўся на Украіне ў баях за г. Бахмач, дзе паспяхова кіраваў стральбой 4 гармат. 26.9.1943 з групай разведчыкаў пераправіўся цераз Дняпро на Пн ад Кіева, дзе карэкціраваў агонь дывізіёна, у выніку якога знішчаны мінамётная і процітанкавая батарэі, 4 кулямётныя кропкі, шмат жывой сілы праціўніка. М. загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТО́ПА (грэч. metōpon літар. прастора паміж вачыма),
прамавугольная або квадратная пліта паміж двума трыгліфамі ў фрызе дарычнага ордэра. З’явілася ў архітэктуры Стараж. Грэцыі (напачатку як прамежкі паміж тарцамі бэлек перакрыцця, якія выступалі на фасадзе, у мураванай архітэктуры набылі дэкар. значэнне), аздаблялася рэльефамі або жывапісам. У бел. архітэктуры найб. пашырана ў стылі ампір (1-я трэць 19 ст.), часам аздаблялася геральдычнымі выявамі і ваен. атрыбутамі.
Метопы ў выглядзе разетак на фасадзе храма Асклепія ў г. Эпідаўр. 4 ст.Метопа з выявай антычнага шлема ў фрызе дома па вул. Замкавай у Гродне. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕЗІ́НГЕРЫ (ням. Minnesinger ад Minne каханне + Singer спявак),
нямецкія рыцарскія паэты-спевакі. Мастацтва М. узнікла ў 2-й пал. 12 ст. пад уплывам лірыкі правансальскіх трубадураў. Апявалі рыцарскае каханне, служэнне прыгожай даме, Богу і сюзерэну, ваен. жыццё рыцараў і крыжовыя паходы. Найб. вядомыя паэты-М. — Вольфрам фон Эшэнбах, Гартман фон Аўэ, Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ. З крызісам рыцарскай культуры і ўзнікненнем т.зв. сельскага мінезангу паэзія М. заняпала і ў 14 ст. на змену ёй прыйшоў бюргерскі майстэрзанг (гл.Майстэрзінгеры). Вобраз М. ўвасоблены ў оперы Р.Вагнера «Тангейзер і спаборніцтва спевакоў у Вартбургу» (1845).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕ́ЙКА (Зыгмунт) (Мінейка Газдава Сігізмунд Станіслававіч, псеўд.Баравы, 1840, в. Зялёны Бор Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., паводле інш. звестак Вільня — 27.12.1925),
удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Парыжы (1868). У 1861 вёў рэв. агітацыю сярод сялян Ашмянскага пав., у 1863 у атрадах М.Лянгевіча, паўстанцкі ваен. начальнік Ашмянскага пав., камандзір атрада. 3.6.1863 атрад разбіты пад Расолішкамі, М. схоплены і прыгавораны да 12 гадоў катаргі. У Сібіры адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі ссыльных. У 1865 уцёк за мяжу. З 1891 у Грэцыі, удзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.