МЕТЫ́СЫ (франц. métis ад позналац. misticius змяшаны ад лац. misceo змешваю),

нашчадкі міжрасавых шлюбаў. У антрапалагічных адносінах займаюць прамежкавае становішча паміж расамі, якія змешваюцца (напр., у Амерыцы М. наз. нашчадкаў ад шлюбу белых і індзейцаў). Інтэнсіўнасць працэсу метысацыі ўвесь час павялічваецца. М. — большасць насельніцтва Лац. Амерыкі, Новай Зеландыі, а-воў Акіяніі.

т. 10, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

элементарныя хім. рэакцыі, у якіх адбываецца хім. ператварэнне (змена саставу ці будовы) адной малекулы, радыкала, іона. Да М.р. адносяцца рэакцыі распаду малекул, якія часта з’яўляюцца пачатковай стадыяй складаных працэсаў (напр., крэкінгу, дэструкцыі палімераў), і рэакцыі ізамерызацыі. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

Літ.:

Кузнецов Н.М. Кинетика мономолекулярных реакций. М., 1982.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБО́Р,

1) сукупнасць прадметаў аднолькавага прызначэння, якія ўтвараюць нейла цэлае, камплект, напр., Н. інструментаў, Н. фарбаў.

2) Аздабленні з металічных прадметаў на вупражы, рэмені і г.д. 3) Масавае найманне на працу ці прыём у навуч. ўстановы.

4) Рэкруцкі Н. — у дарэформеннай Расіі прызыў на вайсковую службу асоб з падатковых саслоўяў.

т. 11, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАСЕ́ЛЛЕ,

вёска ў Валожынскім с/с Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл., на аўтадарозе Шаркаўшчына—Міёры. Цэнтр калгаса. За 4 км на Пн ад гар. пасёлка і чыг. ст. Шаркаўшчына, 222 км ад Віцебска. 310 ж., 115 двароў (1999). Пач. школа, клуб, б-ка. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАБІЁЗ (ад грэч. nekros мёртвы + ...біёз),

неабарачальныя фізіялагічныя або паталагічныя змены ў клетцы, што адбываюцца перад яе смерцю. Спалучаюцца з парушэннямі абмену рэчываў, якія прыводзяць да перараджэння клеткі (напр., Н. ліпоідны, Н. ліпоідны дыябетычны). Найб. характэрныя адзнакі Н.: зморшчванне ядра, яго распад і растварэнне, змена шчыльнасці цытаплазмы, аўтоліз.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСКРЫЖАВА́ЛЬНАСЦЬ,

немагчымасць свабоднага скрыжавання паміж асобінамі розных відаў, якія ў прыродных умовах насяляюць адну тэрыторыю, і пры аддаленай гібрыдызацыі. Прычына — рэпрадуктыўная ізаляцыя. Адыгрывае важную ролю ў відаўтварэнні, адзнака адасаблення віду. У селекцыі для пераадолення Н. выкарыстоўваюць спец. прыёмы: поліплаідыю, вегетатыўнае збліжэнне ў раслін, штучнае асемяненне ў жывёл.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЗЬКІ,

вёска ў Забычанскім с/с Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 9 км на Пн ад г. Касцюковічы, 155 км ад Магілёва, 6 км ад чыг. ст. Камунары. 359 ж., 133 двары (2000). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я ПРЫКМЕ́ТЫ,

марфалагічныя і функцыянальныя прыкметы, якія вызначаюць асн. адрозненні паміж самцом і самкай у жывёл, мужчынам і жанчынай у чалавека Адрозніваюць першасныя і другасныя палавыя прыкметы. Да першасных П.п. самцоў млекакормячых і чалавека адносяць семяннікі, семяправод, палавы член, прастату, у самак — яечнікі, яйцаводы, матку, похву. Гл. таксама Палавыя органы.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАБІЯСФЕ́РА (ад пара... + біясфера),

слаі атмасферы паміж 6—7-м і 60—80-м км над паверхняй Зямлі, куды жывыя арганізмы трапляюць выпадкова і могуць часова існаваць, але не ў стане нармальна жыць і размнажацца; верхні аналаг гіпабіясферы. Да П. адносяць таксама населеныя касм. апараты, якія знаходзяцца на арбітах над Зямлёй.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ МЕ́СА,

пласкагор’е ў Мексіцы і ЗША, паўн. ч. Мексіканскага нагор’я. Характэрны вялізныя катлавіны (бальсоны), якія ляжаць на выш. 900—1200 м, раздзеленыя адасобленымі горнымі хрыбтамі (адносныя выш. 600—1000 м). У катлавінах пустынная расліннасць, гал. ч. з кактусаў, на схілах гор — рэдкастойныя хваёвыя і дубовыя лясы. Здабыча поліметалаў, золата.

т. 12, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)