ГАРА́ЦЫІ (Horatii),

старажытны рымскі патрыцыянскі род. Яго легендарнымі прадстаўнікамі лічыліся тры юнакі-блізняты Гарацыі, якія перамаглі ў адзінаборстве трох блізнят Курыяцыяў з Альба-Лонгі ў час вайны Рыма з Альба-Лонгай (7 ст. да н.э.); Марк Гарацый Пульвіл, адзін з першых консулаў Рэспублікі, які заключыў дагавор Рыма з Карфагенам у 510—509 да н.э. і асвяціў Капіталійскі храм; Публій Гарацый Коклес (аднавокі). Праславіўся тым, што адзін абараняў мост цераз р. Тыбр ад этрускаў, якія ў 508 да н.э. наступалі на Рым.

т. 5, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮМО́Н-ДЗЮРВІ́ЛЬ ((Dumont d’Urville) Жуль Себасцьен Сезар) (23.5.1790, г. Кандэ-сюр-Нуаро, Францыя — 8.5.1842),

французскі мараплавец і акіянограф. У 1826—28 здзейсніў кругасветнае плаванне на караблі «Астралябія», у час якога знайшоў сляды загінуўшай экспедыцыі Ж.Лаперуза, даследаваў некалькі астраўных груп у Ціхім ак., нанёс на карту частку берагоў Новай Зеландыі і Новай Гвінеі. У 1837—40 ажыццявіў плаванне ў Антарктыку на суднах «Астралябія» і «Зеле»; адкрыў Зямлю Луі Філіпа, в-аў Жуанвіль, Зямлю Адэлі. У яго гонар названа Дзюрвіля мора ў Антарктыцы.

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПРАГНО́З,

навуковае прадказанне пэўнага працэсу на рэках, каналах, азёрах і вадасховішчах; раздзел гідралогіі сушы. Бывае доўгатэрміновы (заўчаснасць больш за 15 сут) і кароткатэрміновы (менш за 15 сут). Адрозніваюць гідралагічныя прагнозы водныя (найб. аб’ёмы сцёку і ўзроўні ў час разводдзя і паводкі, макс. і мінім. расходы вады, тэрмін вызвалення ад вады заліўных зямель і інш.) і лядовыя (тэрміны замярзання і ўскрыцця рэк). Гідралагічныя прагнозы робяць для папярэджання гасп. арганізацый і ўстаноў пра небяспечныя гідралагічныя з’явы. На Беларуі складаюцца з 1931.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАГО́ЛЕЎ (Васіль Васілевіч) (4.3.1898, г. Калуга, Расія — 21.9.1947),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943), ген.-палк. (1944). У арміі з 1916. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на фронце, камандзір дывізіі, корпуса, камандуючы арміямі. Камандаваў 31-й арміяй, якая ў час Беларускай аперацыі 1944 прарвала абарону ворага пад Дуброўнам, удзельнічала ў вызваленні Оршы, Барысава, Мінска, Гродна. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.

В.В.Глаголеў.

т. 5, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКАЯ ((Glińska) Тэафіля) (сапр. Букатова; 1762 ці 1763, в. Вял. Косічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1799),

польская паэтэса. Некаторы час жыла ў Шчорсах (Навагрудскі р-н). Яе творчасць развівалася ў рэчышчы сентыменталізму. Аўтар апісальнай паэмы «Шчорсы» (1784), вершаванага пералажэння фрагмента рамана Ж.​Ф.​Мармантэля «Інкі, або Знішчэнне Перу» («Перуанскія гімны смерці», 1785). Ёй прыпісваюць таксама не зусім дакладны пераклад драмы А. фон Кацэбу «Бянёўскі».

Літ.:

Mikulski T.T. Glińska // Mikulski T. Ze studiów nad oświeceniem. Warszawa, 1956.

В.​В.​Саладоўнікаў.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛ ((Goll) Яраслаў) (11.7.1846, г. Хлумец, Чэхія — 8.7.1929),

чэшскі гісторык, паэт. Заснавальнік школы крыніцазнаўчага кірунку ў чэш. гістарыяграфіі (школа Гола). Вучань В.Томека. Скончыў Пражскі ун-т (1870), дзе і працаваў (праф. 1880—1910), адначасова праф. Гандл. акадэміі (1874—80). З 1895 выдаваў час. «Český časopis historycky» («Чэшскі гістарычны часопіс») і да 1918 яго кіраўнік. Чл. аўстр. палаты паноў (1909—18). Аўтар прац па сярэдневяковай гісторыі Чэхіі (пераважна 15—18 ст.), якую выкладаў з пазіцый пазітывізму. Пісаў вершы, перакладаў творы Ш.Бадлера.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБАЎ (Уладзімір Ільіч) (7.11.1908, г. Віцебск — 12.1.1948),

тэатральны крытык, балетазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1947). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1931). З 1945 адказны сакратар час. «Тэатр», у 1945—47 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва. Аўтар сцэнарыя балета «Міліца» Б.​Асаф’ева (1947, з А.​Басехесам). Адзін з першых сярод рас. балетазнаўцаў выступіў супраць падмены харэагр. малюнка сюжэтам, збяднення танц. мовы і навязвання балету неўласцівых яму нормаў, за вывучэнне прынцыпаў класічнай харэаграфіі як самаст. мастацтва. Аўтар кн. «Танец Галіны Уланавай» і інш.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМАЛЬД (Helmold; каля 1125 — пасля 1177),

нямецкі сярэдневяковы храніст. З 1156 свяшчэннік у г. Босаў (каля сучаснага г. Ольдэнбург), місіянер. У 1162—72 склаў на лац. мове «Славянскую хроніку», у якой апісаў заваяванне, каланізацыю зямель палабскіх славян (бодрычаў, ваграў) і іх хрысціянізацыю герм. феадаламі ў час праўлення Генрыха Льва. Для часткі хронікі (9—11 ст.) выкарыстаў пераважна творы Адама Брэменскага, але падзеі 12 ст. (да 1171) апісаў на падставе ўласных назіранняў і звестак відавочцаў. Пазней «Хроніку» прадоўжыў (да 1209) манах Арнольд Любекскі.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БЕРСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 17 — пач. 18 ст. Размяшчаўся за 3 км на ПнЗ ад в. Жабер Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Належаў кн. Вішнявецкім. Прамавугольнае ў плане ўмацаванне абкружана з трох бакоў вадзяным ровам (шыр. да 20 м, глыбіня 5 м), з захаду — ракой. Быў умацаваны высокім земляным валам з бастыёнамі на вуглах (пл. каля 1,5 га) і дубовым частаколам. З наваколлем злучаўся брамай і мостам. Замак разбураны ў час Паўн. вайны 1700—21. Збярогся фундамент брамы.

т. 6, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖВА́ЧКА,

перажоўванне корму, перыядычна адрыгнутага з пач. аддзелаў мнагакамернага страўніка жвачных жывёл. Уяўляе сабой біял. прыстасаванне, пры дапамозе якога жвачныя жывёлы могуць лепш, чым інш. траваедныя, ператраўліваць пажыўныя рэчывы грубых кармоў. Адбываецца рэфлекторна ў прамежках паміж кармленнем. Корм невял. порцыямі адрыгваецца з рубца і сеткі ў ротавую поласць, дзе перажоўваецца, увільгатняецца слінай і зноў заглынаецца; праз пэўны час цыкл паўтараецца. Паяўляецца ў жывёл з 3-га тыдня і стабілізуецца к 8—10 месяцам. У дарослых жывёл за суткі адбываецца 6—10 жвачных перыядаў.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)