АЛІ́ЕВА Фазу Гамзатаўна (н. 5.12.1932, с. Гінічутль Хунзахскага р-на, Дагестан),
аварская паэтэса. Нар. паэтэса Дагестана (1969). Скончыла Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Піша на аварскай і рус. мовах. Лірыка Аліевай тэматычна і вобразна звязана з рэчаіснасцю, метафарычна перадае шматграннасць жыцця (зб-кі «Роднае сяло», 1959; «Вясёлку раздаю», 1963; «Васемнаццатая вясна», 1968; «Вочы дабра», 1983). Раманы «Камяк зямлі вецер не знясе» (1967), «Радавы герб» (1970), «Арол вострыць дзюбу аб камень» (1974), «Восьмы панядзелак» (1978) і інш. пра сучаснае жыццё Дагестана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМЕ́НТЫ,
сродкі, якія ва ўстаноўленых законам выпадках адны члены сям’і абавязаны выплачваць другім. Склад суб’ектаў і асновы ўзнікнення аліментных абавязацельстваў, памер і тэрміны выплаты вызначаюцца заканадаўствам. На Беларусі асн. крыніца прававых нормаў рэгулявання гэтых пытанняў — Кодэкс аб шлюбе і сям’і. Паводле суб’ектнага складу адрозніваюць аліментныя абавязацельствы паміж мужам і жонкай; бацькамі і дзецьмі; айчымам, мачахай і пасынкамі (падчарыцамі); братамі і сёстрамі; дзедам, бабкай і ўнукамі. Пры адмаўленні ад добраахвотнай выплаты аліменты могуць быць спагнаны праз суд. За наўмыснае ўхіленне ад выплаты прысуджаных аліментаў на карысць непрацаздольных дзяцей або бацькоў прадугледжана крымін. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. alteratio змяненне) у музыцы, 1) павышэнне або паніжэнне ступені асн. гукарада без змены яе назвы. Знакі альтэрацыі: ♯ (дыез, павышэнне на паўтон), ♭ (бемоль, паніжэнне на паўтон), 𝄪 (дубль-дыез, павышэнне на тон), ♭♭ (дубль-бемоль, паніжэнне на тон), ♮ (бекар, адмаўленне ад папярэдняга павышэння ці паніжэння гуку). Знакі альтэрацыі, выстаўленыя ў пач. нотнага радка пры ключы, дзейнічаюць ва ўсіх актавах, пакуль іх не зменяць, знакі альтэрацыі перад нотай (выпадковыя) — толькі ў адной актаве ў межах аднаго такта.
2) У вучэнні аб гармоніі — адзін з тыпаў храматыкі (гл.Храматызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯШКЕ́ВІЧ Мікалай Восіпавіч (1873, г. Ліда — 1903 ?),
дзеяч адной з першых с.-д. арг-цый у Расіі — Бруснева групы. Вучыўся ў Лідскім і Пецярбургскім гар. вучылішчах. З 1889 вёў заняткі ў рабочых гуртках у Пецярбургу, друкаваў на гектографе і распаўсюджваў с.-д. выданні. Пасля арышту М.І.Бруснева (1892) аднавіў дзейнасць разгромленай арг-цыі. Падрыхтаваў рэферат «Аб рабочым пытанні ў Расіі і на Захадзе», склаў праект статута арг-цыі. У 1893 арыштаваны. Пасля вызвалення жыў у Ноўгарадзе, у 1896 заснаваў там падп. друкарню. У 1897 зноў арыштаваны, высланы на 3 гады ў Валагодскую губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ ХІМІ́ЧНЫ,
сукупнасць метадаў навук. даследавання, заснаваных на выкарыстанні хім. рэакцый; расшыфроўка структуры і саставу хім. злучэнняў ці рэчываў арган. і неарган. прыроды, колькаснага і якаснага іх вызначэння. Уключае колькасны аналіз і якасны аналіз. «Класічны» аналіз хімічны (гравіметрычны, цітрыметрычны, газавы і інш.) грунтуецца на выкарыстанні рэакцый асаджэння, нейтралізацыі, комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення, сучасны — на вывучэнні фізіка-хім., фіз. уласцівасцяў рэчываў метадамі спектраскапіі, мас-спектраметрыі, радыехім., радыяцыйнымі, электрахім., што дазваляе атрымліваць комплексную інфармацыю абхім. злучэннях і рэчывах, аўтаматызаваць аналітычны кантроль працэсаў у вытв-сці, а таксама кантроль сыравіны, гатовай прадукцыі, вады, паветра і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ШАТЛА́НДСКАЯ У́НІЯ 1707,
пагадненне аб саюзе Англіі і Шатландыі, заключанае паміж іх парламентамі. Прадугледжвала аб’яднанне дзвюх краін у адзіную унітарную дзяржаву (Вялікабрытанію) з агульным 2-палатным парламентам (513 дэпутатаў ад Англіі, 61 — ад Шатландыі). У Шатландыі захоўвалася традыц. сістэма мясц. самакіравання, судаводства і адукацыі; уводзілася аднолькавая з Англіяй сістэма падаткаабкладання, ліквідаваліся ўсе мытныя бар’еры і інш.Спец. артыкулы пацвярджалі прэсвітэрыянскі лад шатл. царквы. Пагадненне ініцыіравала Англія, каб умацаваць дынастычную унію з Шатландыяй, якая пахіснулася пасля смерці караля Вільгельма III (1702). Унія спрыяла стварэнню адзінай брыт. дзяржавы, паскорыла развіццё капіталізму ў Шатландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА БАЛКА́НСКАЯ,
саюз Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі. Заключаны 9.2.1934 у Афінах пад эгідай Францыі з мэтай захавання суадносін сіл на Балканах, што склаліся пасля 1-й сусв. вайны. Першапачаткова адпавядаў інтарэсам Францыі як сродак узмацнення яе пазіцый у краінах Паўд.-Усх. Еўропы. Дагавор аб стварэнні Антанты Балканскай прадугледжваў узаемную гарантыю бяспекі балканскіх граніц краін-удзельніц, а таксама ўзаемную дапамогу ў выпадку нападу на адну з іх. Дзеянні Германіі і Італіі, якія абапіраліся на фаш. групоўкі ў Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі, падарвалі франц. ўплыў на краіны Антанты Балканскай, у 2-ю сусв. вайну яна распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКІШВІ́ЛІ (Аракчыеў) Дзмітрый Ігнатавіч
(23.2.1873, Уладзікаўказ — 13.8.1953),
грузінскі кампазітар, музыказнавец. Нар.арт. Грузіі (1929). Акад.АН Грузіі (1950). Скончыў Маскоўскае муз.-драм. вучылішча (1901), археал.ін-т (1917). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі ў Маскве (1906). Праф. і дырэктар Тбіліскай кансерваторыі (з 1921). Адзін з заснавальнікаў груз.нац.муз. школы і фалькларыстыкі, стваральнік жанру груз. класічнага раманса. Сярод твораў: адна з першых груз. опер «Паданне пра Шата Руставелі» (1919), 3 сімфоніі, хары і інш. Сабраў і апублікаваў больш за 500 груз.нар. песень і інстр. мелодый. Аўтар прац абгруз. музыцы. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАФА́Т Ясір (н. 4.8.1929, г. Іерусалім),
лідэр нац.-вызв. руху Палесціны, старшыня (з 1969) Выканкома Арганізацыі вызвалення Палесціны (АВП). Скончыў Каірскі ун-т (1955). Адзін з заснавальнікаў (1956) і кіраўнікоў (з 1965) палесцінскай арг-цыі аль Фатах, вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Палесцінскага руху супраціўлення (з 1970). У сак. 1989 прызначаны Выканкомам АВП прэзідэнтам Дзяржавы Палесціна, абвешчанай на сесіі Нац. савета Палесціны (парламент у выгнанні) у ліст. 1988 у г. Алжыр. У 1993 падпісаў ізраільска-палесцінскае пагадненне аб узаемапрызнанні АВП і Ізраіля і аўтаноміі Палесціны. Нобелеўская прэмія міру (1994, з І.Рабінам і Ш.Перасам).
англійскі дзярж. дзеяч, лорд з 1922, адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі. З 1874 чл. парламента. У 1877—91 міністр па справах Ірландыі, у 1891—92 і ў 1895—1902 міністр фінансаў. У 1902—05 прэм’ер-міністр. Урад Бальфура заключыў Англа-французскае пагадненне 1904, якое стала асновай Антанты. У 1915—16 марскі міністр, у 1916—19 міністр замежных спраў. Аўтар т.зв. дэкларацыі Бальфура (1917) аб стварэнні ў Палесціне яўр.нац. асяродка. У 1910—22 і 1925—29 уваходзіў у склад урада. Узначальваў англ. дэлегацыю на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22.