раздзел спектраскапіі, які займаецца атрыманнем, даследаваннем і выкарыстаннем спектраў вылучэння, паглынання і адбіцця ў інфрачырвонай вобласці спектра (гл.Інфрачырвонае выпрамяненне). Паводле сістэм, што вывучаюцца, І.с. адносіцца да малекулярнай спектраскапіі; паводле станаў, пераходы паміж якімі выклікаюць лініі і палосы інфрачырвонага спектра, — да вагальнай і вярчальнай спектраскапіі. Вывучае ў асн. малекулярныя спектры, бо ў інфрачырв. вобласці размешчана большасць вагальных і вярчальных спектраў малекул.
Найб. пашыраны даследаванні інфрачырв спектраў паглынання, якія ўзнікаюць з прычыны паглынання інфрачырв. выпрамянення пры праходжанні яго праз рэчыва. Колькасную сувязь паміж інтэнсіўнасцю выпрамянення, якое падае на рэчыва, прайшло праз яго, і велічынямі, што характарызуюць паглынальнае рэчыва, дае Бугера—Ламберта—Бэра закон. На практыцы звычайна інфрачырв. спектр паглынання паказваюць графічна ў выглядзе залежнасці ад частаты (або даўжыні хвалі) шэрагу велічынь, якія характарызуюць паглынальнае рэчыва (каэф. прапускання, паглынання, аптычная шчыльнасць і інш.). Асн. характарыстыкі спектраў інфрачырв. паглынання: колькасць палос паглынання ў спектры, іх становішча (размяшчэнне), шырыня і форма, велічыня паглынання Яны вызначаюцца структурай і хім. саставам паглынальнага рэчыва, залежаць ад яго агрэгатнага стану, т-ры, ціску і інш. Характарызуюцца высокай выбіральнасцю і адчувальнасцю да розных хім. і структурных пераўтварэнняў рэчываў, саставу іх сумесей. Метады І.с. выкарыстоўваюцца для вызначэння структуры малекул, іххім. саставу, для якаснага і колькаснага аналізу хім. груп і сувязей, сумесей розных рэчываў і матэрыялаў, біял. аб’ектаў і інш. (гл.Спектры аптычныя).
У Беларусі даследаванні па І.с. вядуцца з 1954—55 у БДУ і Нац.АН (Б.І.Сцяпанаў, М.А.Барысевіч, Р.Г.Жбанкоў, К.М.Салаўёў, Дз.С.Умрэйка, В.Р.Верашчагін і інш.). Асн. кірункі: вывучэнне вугляводаў (у т. л. цэлюлозы), іхфіз. і хім. мадыфікацый, іонных і іонарадыкальных злучэнняў, парфірынаў, каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў, пары арган. малекул, рассеяння інфрачырв. выпрамянення дысперснымі сістэмамі.
Літ.:
Кросс А. Введение в практическую инфракрасную спектроскопию: Пер. с англ.М., 1961;
Малышев В.И. Введение в экспериментальную спектроскопию. М., 1979;
Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;
Колебания молекул. 2 изд. М., 1972.
Р.Г.Жбанкоў.
Да арт.Інфрачырвоная спектраскапія. Схема аднапрамянёвага ІЧ-спектрометра: К — крыніца неперарыўнага ІЧ-выпрамянення; Л1 і Л2 — люстэркі асвятляльніка і кандэнсатара; С — кювета з рэчывам, якое даследуецца; М — монахраматар; П — прыёмнік выпрамянення; У — узмацняльнік; В — вымяральная або рэгістравальная прылада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́ЛІў біялогіі,
структуры, з’явы, працэсы, якія ствараюцца і выкарыстоўваюцца для мадэліравання біял. утварэнняў, функцый і працэсаў на розных узроўнях арганізацыі жывога: ад малекулярнага да папуляцыйна-біяцэнатычнага. Ствараюцца таксама М. біял. феноменаў, умоў жыццядзейнасці арганізмаў, папуляцый і экасістэм. М. спрашчаюць біял. з’явы і працэсы, але іх стварэнне і выкарыстанне мае вял. значэнне ў развіцці тэарэт. біялогіі, біёнікі, медыцыны і інш. Адрозніваюць М біял.. матэм. (логіка-матэм., імітацыйныя) і фізіка-хімічныя.
М. біялагічныя ўзнаўляюць на лабараторных жывёлах пэўныя станы або захворванні, якія сустракаюцца ў чалавека ці жывёл, што дае магчымасць вывучаць у эксперыменце механізмы ўзнікнення, працякання і зыходу стану або хваробы, уздзейнічаць на арганізмы (напр., штучна выкліканыя генет. парушэнні, інфекц. працэсы, інтаксікацыі, злаякасныя новаўтварэнні, гіпер- або гіпафункцыі некат. органаў, неўрозы і інш.). Выкарыстоўваюцца ў генетыцы, фізіялогіі, фармакалогіі. М. матэматычныя — матэм. і логіка-матэм. апісанні структуры, сувязей і заканамернасцей функцыянавання жывых сістэм, якія ўяўляюць сабой ураўненні, што апісваюць працэс ці з’яву. Пры іх стварэнні ў асн. выкарыстоўваюць метады матэм. статыстыкі. сістэмы дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў. Яны будуюцца па выніках эксперыменту або абстрактна, фармалізавана апісваюць гіпотэзу, тэорыю ці заканамернасць біял. феномена, што патрабуе далейшай праверкі эксперыментам (прыклад матэм. М. — фізіял. з’явы — М. узбуджэння нерв. валакна). М. імітацыйныя — логіка-матэм. прадстаўленні сістэм, якія запраграмаваны для рашэння з выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій. Такія М. выкарыстоўваюць для мадэліравання ўмоўных рэфлексаў, распазнавання вобразаў, працэсаў навучання. М. фізіка-хімічныя ўзнаўляюць фіз. або хім. сродкамі біял. структуры, функцыі або працэсы і з’яўляюцца далёкім падабенствам біял. з’явы, што мадэліруецца. Больш складаныя М. будуюцца на прынцыпах электратэхнікі і электронікі, напр., электронныя схемы, якія мадэліруюць біяэл. патэнцыялы ў нерв. клетцы, мех. машыны з электронным кіраваннем, што мадэліруюць складаныя акты паводзін (утварэнне ўмоўнага рэфлексу, працэсы цэнтр. тармажэння і інш.). М. фіз.-хім. умоў існавання жывых арганізмаў або іх органаў ці клетак імітуюць унутр. асяроддзе арганізма і падтрымліваюць існаванне ізаляваных органаў або клетак, культывуемых па-за арганізмам. М. біялагічных мембран дазваляюць вы вучаць фіз.-хім. асновы працэсаў транспарту іонаў і ўздзеянне на іх розных фактараў.
Літ.:
Процессы и структуры в открытых системах: Сб. науч. тр.М., 1992;
Биомоделирование. М., 1993;
Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотац. справ.). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́ШЧЫКІ,
дваране-землеўладальнікі ў Расіі ў канцы 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова П. наз. дваран, якім вял. князь (з 1547 цар) даваў, пры ўмове службы яму, зямлю з сялянамі — памесце (гл.Памесная сістэма). Указ «аб адзінаспадчыннасці» (1714) зліў памесці з вотчынамі ў адзіны від дваранскай уласнасці — «нерухомыя маёмасці», або маёнткі. Тэрміны «памесце» і «П.» працягвалі ўжывацца як сінонімы слоў «маёнтак» і «дваране-землеўласнікі». Маніфест аб вольнасці дваранства 1762 дазволіў дваранам пакідаць службу і займацца гаспадаркай у маёнтках. Да адмены прыгоннага права (1861) паказчыкам багацця П. была колькасць «душ» прыгонных сялян, якімі яны валодалі. У 1860 103,2 тыс.рас. П. валодалі 10,7 млн. душ сялян. 43,7% прыгонных належалі 3,8% П. (1000 і болей душ у кожнага), дробнапамесныя П. (100 і менш душ) валодалі толькі 3,2% сялян, хоць самі складалі 41,6% усіх П. З адменай прыгоннага права паказчыкам дабрабыту П. стала валоданне зямлёй. Б.ч.іх поўнасцю або часткова здавала зямлю ў арэнду сялянам, іншыя здолелі наладзіць капіталіст. гаспадарку, якую вялі сіламі наёмных работнікаў. З прычыны разарэння многіх П. і набыцця зямлі прадстаўнікамі інш. саслоўяў працэнт дваранскіх зямель за 1861—1907 паменшыўся з 95% да 44%. У 1905 налічвалася каля 30 тыс. сем’яў П., большасць з якіх былі дробнапамеснымі. Да 1917 9—10% П. валодалі 70—73% усіх дваранскіх зямель. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 ліквідавала П. як клас, іх землі нацыяналізаваны дэкрэтам аб зямлі (9.11.1917). У л-ры П. часам называюць буйных землеўласнікаў Рас. імперыі незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасці, а таксама буйных землеўласнікаў феад. і паўфеад. тыпу ў інш. краінах.
На Беларусі паводле 10-й рэвізіі (1859) былі 9072 П., яны мелі 1 146 712 прыгонных сялян мужчынскага полу. З іх дробныя П. (да 100 душ на ўладальніка) складалі 73,3% і валодалі 16,5% прыгонных; буйныя П. (больш за 500 душ) складалі 4,2%, але мелі 44,4% прыгонных. У бел.-літ. губернях у канцы 1850-х г. паншчыну выконвалі 92,3% прыгонных. З сярэдзіны 19 ст. П. ўсё часцей закладалі ў крэдыт сялян сваіх маёнткаў, у 1856 на Беларусі было закладзена 56,5% сялян. Пасля адмены прыгону працэс памяншэння дваранскай зямлі ў бел. губернях адбываўся больш павольна, чым у астатніх губернях Расіі, бо з-за антырас. настроенасці шляхты царскі закон 1865 забараніў палякам набываць зямлю ў Зах. краі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХу вайну 1812, баявыя дзеянні ўзброеных сялян, апалчэнцаў і атрадаў рас. арміі ў тыле напалеонаўскіх войск. Супраціўленне сялян чужынцам пачалося стыхійна як пратэст супраць гвалту, рабаванняў і марадзёрства. Ужо ў ліп. 1812 некат. сяляне Беларусі і Літвы з сем’ямі і маёмасцю ўцякалі ў лясы, дзе частка з іх аб’ядноўвалася ў партыз. атрады і выступала супраць франц. рабаўнікоў і марадзёраў. Больш шырока П.р. разгарнуўся ў канцы лета ў Смаленскай, Калужскай і Маскоўскай губ., дзе дзейнічалі атрады Е.Чацвертака, Г.Курына, Самуся (Ф.Патапава), старасціхі В.Кожынай і інш. Толькі за 5 тыдняў пасля Барадзінскай бітвы 1812 у сутычках з партызанамі захопнікі страцілі каля 30 тыс.чал.Вял. значэнне П.р. надаваў галоўнакаманд. рас. арміяй М.І.Кутузаў, па ініцыятыве якога ў тыле ворага створаны спец. армейскія партыз. атрады. У вер. 1812 у іх складзе дзейнічала 36 казацкіх, 7 кав. і 5 пях. палкоў, 5 эскадронаў і 3 батальёны. Атрадамі камандавалі генералы і афіцэры Дз.Давыдаў, І.Дорахаў, А.Сяславін, А.Фігнер і інш. Пры садзеянні партызан-сялян яны раптоўна нападалі на акупантаў, знішчалі жывую сілу, парушалі сувязь з тылам, збіралі і перадавалі камандаванню звесткі разведкі. На тэр. Беларусі найб. значны П.р. быў ва ўсх. раёнах. Прыкладам эфектыўнай дзейнасці партызан, якія дапамагалі рас. войску, можа быць атрад сялян в. Жарцы (Полацкі пав.) на чале з М.Маркавым. Гэта вёска апынулася паміж 2 корпусамі — франц. маршала Н.Ш.Удзіно і рас.ген. П.Х.Вітгенштэйна. Усё дарослае насельніцтва сяла разам з казакамі ўдзельнічала ў 2 бітвах з захопнікамі, разам з дружыннікамі пецярбургскага і наўгародскага апалчэння вызваляла Полацк. 22 чал. з іх былі ўзнагароджаны крыжамі і «Пахвальнымі граматамі». Сяляне некаторых вёсак Барысаўскага, Ігуменскага і інш.пав. нападалі на хлебазапасныя магазіны, рабавалі памешчыкаў, палілі іх маёнткі. П.р. і народнае апалчэнне ў вайне 1812 садзейнічалі разгрому арміі Напалеона, выгнанню яго з Расіі.
Літ.:
Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.Мн., 1962;
Жилин П.А. Гибель наполеоновской армии в России. М., 1968;
Троицкий Н.А. 1812. Великий год России. М., 1988;
Кузьмичев А.П., Аверченков И.А. «Я зашел на дорогу Бонапартьеву». Смоленск, 2000.
Да арт.Партызанскі рух у вайну 1812. Напад сялян на французскіх фуражыраў. Мастак М.Дамашчанка.Да арт.Партызанскі рух у вайну 1812. Партызаны. Невядомы мастак пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя ў межах якой-н. дзяржавы, дзе ўстанаўліваюцца пэўныя льготныя ўмовы (прэферэнцыі) гасп. і прадпрымальніцкай дзейнасці мытнага, валютнага, падатковага, візавага характару. Задачы С.э.з.: стымуляванне ў зоне дзейнасці, звязанай з апрацоўкай тавараў, што павялічвае іх вартасць, рост экспарту; прыцягненне замежных інвестыцый і новых тэхналогій; стварэнне ўмоў для выхаду нац. кампаній і фірм на знешнія рынкі; паскарэнне эканам. развіцця краіны. Іх вырашэнне дасягаецца праз стварэнне за кошт дзярж. інвестыцый вытв. інфраструктуры, адмены мытных пошлін і падаткаабкладання экспарту, вызвалення або змяншэння падаткаў на даходы прадпрыемстваў і фірм зоны, ільготнага перамяшчэння даходаў замежных інвестараў за межы краіны, надання права набыцця ўчасткаў зямлі на тэр. зоны па льготных стаўках, ільготнага крэдытавання для будаўніцтва вытв. пабудоў і інш. Больш як 40-гадовая сусв. практыка сведчыць, што ў сваім развіцці С.э.з. праходзяць 3 асн. этапы. На першым ствараецца вытв. і абслуговая інфраструктура, аддаецца перавага прадпрыемствам, якія забяспечваюць хуткае абарачэнне капіталу ў гандлі, сельскай гаспадарцы, сферы паслуг. Другі этап характарызуецца ростам прамысл. прадпрыемстваў у спалучэнні са знешнім гандлем. На наступным этапе ажыццяўляецца пераход ад працаёмкіх працэсаў вытв-сці да перавагі тэхналогій перадавых галін.
Найб. пашырэнне атрымалі экспартна-вытворчыя і імпартна-вытворчыя С.э.з., бязмытныя зоны або зоны свабоднага гандлю (парты, аэрапорты), спецыялізаваныя зоны навук.-тэхн. развіцця, зоны страхавых і банкаўскіх паслуг. У свеце дзейнічае каля 480 С.э.з. рознай спецыялізацыі.
На Беларусі С.э.з. ствараюцца з 1990-х г.Іх дзейнасць рэгулюецца заканадаўствам. Нарматыўна-прававая база закладзена ў 1996 Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб свабодных эканам. зонах на тэр. рэспублікі. На 1.1.2001 на Беларусі функцыянуюць 4 С.э.з.: «Брэст», «Мінск», «Гомель-Ратон», «Віцебск», зарэгістравана 169 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў. Фактычна працуюць 144 прадпрыемствы-рэзідэнты (85,2%), з іх 50% знаходзіцца ў Брэсцкай зоне, большасць рабочых месц (52,6%) прыпадае на Гомельскую зону. Прамыя замежныя інвестыцыі ў 2000 на ўсе зоны склалі 6896,7 млн.руб.Асн. галіны вытв-сці ў бел. С.э.з. — прадпрыемствы электратэхн., лясной, дрэваапр. і цэлюлознапапяровай, харч. прам-сці. Аб’ём прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі-рэзідэнтамі ўсіх зон, склаў менш за 1% ад агульнай па рэспубліцы. Гэта сведчыць, што С.э.з. істотнага ўплыву на эканоміку краіны пакуль што не робяць.
Літ.:
Данько Т.П., Окрут З.М. Свободные экономические зоны в мировом хозяйстве. М., 1998;
Абрамчук С.Н. Свободные экономические зоны в Республике Беларусь: пробл. и перспективы развития. Брест, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ СПА́ДЧЫНА,
прыродныя аб’екты і помнікі культуры краін і народаў свету, якія маюць унікальную каштоўнасць, з’яўляюцца здабыткам усяго чалавецтва і падлягаюць калектыўнай адказнасці за іх захаванне. У рамках Канвенцыі аб ахове культ. і прыроднай спадчыны, прынятай Ген. канферэнцыяй ЮНЕСКА (1972, дакумент набыў сілу ў 1975, калі колькасць дзяржаў-бакоў дасягнула 20), дзейнічае Камітэт С.с. з прадстаўнікоў 21 краіны. На падставе вызначаных крытэрыяў ён разглядае унікальныя культ. і прыродныя аб’екты і ўключае іх у спіс С.с. Помнікі культуры С.с. павінны адпавядаць наступным крытэрыям: складаць унікальны ансамбль; быць аб’ектам, які значна паўплываў на жыццё краіны; служыць сведчаннем зніклай цывілізацыі; ілюстраваць пэўны важны перыяд у гісторыі дзяржавы ці народа; з’яўляцца унікальным узорам традыц. ладу жыцця; звязаны з ідэямі або вераваннямі, што маюць сусв. значэнне. Прыродныя аб’екты С.с. павінны: ілюстраваць пэўны этап эвалюцыі Зямлі; наглядна адлюстроўваць сучасныя геал. працэсы; быць унікальнымі прыроднымі аб’ектамі, выключнымі сваёй прыгажосцю; з’яўляцца месцам пражывання знікаючых відаў раслін і жывёл. Шэраг помнікаў і аб’ектаў, уключаных у спіс С.с., адпавядае некалькім названым крытэрыям. Кожная дзяржава, што падпісала Канвенцыю, падае ў к-т пералік культ. і прыродных каштоўнасцей, якія маюць агульначалавечае значэнне. Гэтым яна бярэ на сябе абавязак ахоўваць названыя нац. скарбы. Калі К-т уносіць іх у спіс, у рамках Фонду С.с., заснаванага Канвенцыяй, дзяржава можа ў той ці іншай форме атрымаць дапамогу для забеспячэння захаванасці помніка ці аб’екта. Фонд фарміруецца з узносаў дзяржаў-бакоў і грашовых сум, унесеных краінамі, установамі і прыватнымі асобамі. З яго сродкаў аказваецца матэрыяльная і тэхн. дапамога краінам, якім яна патрэбна, а таксама фінансуецца падрыхтоўка спецыялістаў. Да Канвенцыі далучыліся (2000) 122 краіны, у т. л. Беларусь (з 1988). У спіс С.с. (вядзецца ў алфавітным парадку) уключаны 690 аб’ектаў (529 культурных, 138 прыродных, 23 мяшаныя), сярод іх асобныя арх. збудаванні і ансамблі — Афінскі акропаль, Ам’енскі сабор, Шартрскі сабор, Кіеўскі Сафійскі сабор; гіст. цэнтры Варшавы, Вільнюса, Рыгі, Крэмль Маскоўскі і Красная плошча (Расія); гарады — Бразілія, Венецыя і інш.; нац. паркі — Вялікага Бар’ернага Рыфа (Аўстралія), Белавежскі нацыянальны парк (Польшча) і інш. На Беларусі ў спіс С.с. ўключаны Белавежская пушча (1979) і Мірскі замкава-паркавы комплекс (2000).
Літ.:
Кисель В.П. Памятники Всемирного наследия. 2 изд. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,
адзін з кірункаў лінгвістычных даследаванняў, што ўстанаўлівае падабенствы і адрозненні моў свету (моўнага ладу), якія карэняцца ў найб. агульных і найб. важных якасцях мовы і не залежаць ад іхгенет. роднасці. Засн. на прынцыпах тыпалогіі моўнай. Узнікла ў 19 ст., грунтавалася на вывучэнні падабенства і адрознення ў марфал. структуры моў незалежна ад іх роднасных сувязей (гл.Марфалагічная класіфікацыя моў). Паводле гэтай класіфікацыі натуральныя мовы падзяляюцца на 4 тыпы: коранеізаляваныя мовы, аглюцінатыўныя мовы, інкарпараваныя мовы і флектыўныя мовы. Аднак многія мовы не падпадаюць пад «чыстыя» тыпы марфал. класіфікацыі, бо маюць асаблівасці розных тыпаў. Інш. канцэпцыя была пакладзена ў аснову Т.к.м. у 20 ст. Э.Сепірам: улічваліся тыпы функцыянавання фармальна-грамат. элементаў і перадаваемых імі грамат. паняццяў: каранёвых, канкрэтных, дэрывацыйных, канкрэтна-рэляцыйных і чыста-рэляцыйных. Камбінацыі гэтых прыкмет даюць 2 асн. тыпы моў: чыста-рэляцыйныя і змяшана-рэляцыйныя. Спробу зменшыць расплывістасць тыпаў моў паводле Сепіра зрабіў Дж.Грынберг, які ўвёў колькасныя паказчыкі і стварыў т.зв. квантытатыўную тыпалогію моў. Істотнае навук. значэнне мае падзел на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Крытэрыем Т.к.м. можа служыць сінтаксіс, а менавіта — структура сказа. На гэтай падставе мовы падзяляюць на намінатыўныя (уся будова сказа падпарадкавана максімальнаму адрозненню суб’екта дзеяння і яго аб’екта), эргатыўныя (сказы проціпастаўляюцца паводле актыўнасці суб’екта: актыўны суб’ект перадаецца адмысловым эргатыўным склонам), актыўныя (вылучаюцца наяўнасцю семантыка-сінтакс. апазіцыі актыўнай і пасіўнай канструкцый), класныя [істотнае значэнне маюць разрады (класы) назоўнікаў і дзеясловаў, спалучэнні якіх рэалізуюцца ў розных структурах сказаў] і нейтральныя (вылучаюцца тым, што не фіксуюць выразна суб’ектна-аб’ектныя адносіны). Акрамя ўнутр. асаблівасцей моў, у аснову Т.к.м. могуць быць пакладзены іх знешнія сац. характарыстыкі: функцыянальная разнастайнасць і аб’ём зносін на пэўнай мове, наяўнасць пісьменства і працягласць пісьмовых традыцый, ступень унармаванасці мовы, дыялектная і сацыялектная разгалінаванасць нар. мовы, прававы, канфесіянальны, пед. і інш. статус мовы. Стварэнне сучасных несупярэчлівых структурных і сац. Т.к.м. ідзе пераважна па шляху ўдакладнення і эксплікацыі крытэрыяў іх падзелу на тыпы, а таксама распрацоўкі апарату універсальнай метамовы. Значныя дасягненні ў галіне Т.к.м. належаць мовазнаўцам Т.Мешчанінаву, Т.Мілеўскаму, Н.Мячкоўскай, У.Скалічку, Б.Успенскаму і інш.
Літ.:
Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;
Успенский Б.А. Структурная типология языков. М., 1965;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;
Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЯ,
абарона дзяржавай сваіх грамадзян пры парушэнні іх правоў і інтарэсаў у замежнай дзяржаве. Ажыццяўляецца праз дыпламат. і консульскія прадстаўніцтвы за мяжой. Рэгулюецца міжнар. пагадненнямі, двухбаковымі консульскімі канвенцыямі і нац. Заканадаўствам. Абарону і заступніцтва грамадзян Беларусі на яе тэр. і за межамі дзяржавы гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНІЛЮ́КС,
скарочаная назва мытнаэканам. саюза паміж Бельгіяй, Нідэрландамі і Люксембургам. Заключаны 3.2.1958 на 50 гадоў, набыў сілу 1.11.1960. Прадугледжвае стварэнне адзінага рынку для яго ўдзельнікаў, свабодны рух людзей, тавараў, капіталаў і паслуг паміж гэтымі краінамі, каардынацыю іхэканам., фін., сац. палітыкі і інш. Кіруючыя органы знаходзяцца ў Бруселі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯПАЛІМЕ́РЫ,
прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія з’яўляюцца структурнай асновай усіх жывых арганізмаў. Забяспечваюць іх нармальную жыццядзейнасць, выконваюць розныя біял. функцыі. Да асноўных біяпалімераў належаць бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды. Існуюць таксама змешаныя біяпалімеры: ліпапратэіды (комплексы бялкоў і ліпідаў), глікапратэіны (злучэнні, у якіх аліга- ці поліцукрыдныя ланцугі звязаны з пептыднымі), ліпаполіцукрыды.