КСЕРАМАРФІ́ЗМ [ад грэч. xēros сухі + ...марф(а)],

сукупнасць анатама-марфал. асаблівасцей раслін, якія прыстасаваліся да недахопу вады. Выражаецца ў памяншэнні памераў лісця, клетак, павелічэнні колькасці клетак, вусцейкаў, сеткі жылак (абумоўлівае павышэнне засухаўстойлівасці). Тоўстая кутыкула і апушэнне паніжаюць транспірацыю. К. найбольш выражаны ў лісці верхніх ярусаў у сувязі з недастатковым водазабеспячэннем.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., каля р. Лучайка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад горада і чыг. ст. Паставы, 264 км ад Віцебска. 339 ж., 136 двароў (1998). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТА (ад грэч. lēthē забыццё),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі персаніфікацыя забыцця, дачка багіні разладу Эрыды. Імем Л. названа рака ў Аідзе. Лічылася, што душы памерлых, якія папілі вады з гэтай ракі, забываюць пра сваё зямное жыццё. Адсюль другая назва Л. — «рака забыцця» і выраз «кануць у Лету» — быць забытым, знікнуць без следу.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАФІ́ТЫ [ад літа... + ...фіт(ы)],

петрафіты, расліны, якія растуць на камянях, скалах ці ў іх расколінах. Першасныя агенты разбурэння скал. Напачатку на камянях пасяляюцца бактэрыі і водарасці, потым лішайнікі і імхі, на якіх вырастаюць вышэйшыя расліны — аўсяніца, званочкі, папараці, з дрэвавых парод — хвоя, ядловец і інш. Каранёвая сістэма Л. паглыбляецца і пашырае расколіны горных парод.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛАЖЫН,

вёска ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на У ад г.п. Брагін, 154 км ад Гомеля, 50 км ад чыг. ст. Хойнікі. 582 ж., 207 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАВІЧЫ,

вёска ў Гомельскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад Гомеля, 4 км ад чыг. ст. Краўцоўка. 923 ж., 450 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ХАРАВА,

вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 230 км ад Гомеля. 451 ж., 194 двары (1999). Гасп.-разліковае гандл.-вытв. аб’яднанне. Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯ́К,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад горада і 16 км ад чыг. ст. Слуцк, 100 км ад Мінска. 358 ж., 161 двор (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАЗО́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

сукупнасць працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага магматызму, якія адбываліся на працягу мезазойскай эратэмы (групы). Найб. інтэнсіўна праявілася ў межах Ціхаакіянскага рухомага пояса (гл. Ціхаакіянская складкавасць). Адрозніваюць старажытнакімерыйскую, або індасінійскую (канец трыясу — пачатак юры); юнакімерыйскую (гл. Кімерыйская складкавасць); аўстрыйскую (на мяжы ранняга і позняга мелу); ларамійскую (позні мел — ранні палеаген).

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНЮ́ (франц. menu),

1) набор страў на абед, снеданне і інш.; лісток з пералікам такіх страў у сталовай, рэстаране, кафэ.

2) М. ў інфарматыцы — спіс варыянтаў (рэжымаў, каманд, адказаў ці інш.), якія выводзяцца на экран дысплея і прапануюцца карыстальніку на выбар. Выбраны варыянт вызначае наступнае дзеянне сістэмы, напр., персанальнай ЭВМ.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)