АФІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. ophis змяя + ...літ(ы)],

асноўныя і ультраасноўныя інтрузіўныя (дуніты, перыдатыты, піраксеніты, габра), эфузіўныя (пераважна базальты і іх туфы) і асадкавыя (глыбакаводныя асадкі акіянскага тыпу) горныя пароды, якія трапляюцца разам. Афіяліты разглядаюць як рэлікты акіянскай кары геал. мінулага, перамешчаныя на ўскраіны мацерыкоў. Важна даследаваць афіяліты, каб выяўляць радовішчы рудаў, генетычна звязаныя з пародамі афіялітавага комплексу (хрому, нікелю, плаціны, золата, ртуці і інш.), а таксама вывучаць развіццё зямной кары.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́П,

манеўр войскаў у баі (аперацыі), які дае магчымасць нанесці ўдар па адным ці абодвух флангах групоўкі праціўніка. Выкарыстоўваецца ў сустрэчным баі, пры наступленні на праціўніка, які абараняецца ці адыходзіць, а таксама пры контратаках у абароне. Ажыццяўляецца ў цесным тактычным і агнявым узаемадзеянні з войскамі, што наступаюць з фронту, авіяцыяй і дэсантна-штурмавымі падраздзяленнямі; найчасцей пасля прарыву абароны праціўніка, калі ўтвараюцца адкрытыя флангі ці ёсць прамежкі ў баявых парадках.

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІЯ ГАРБА́РНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў 1835—1914 у г. Ашмяны. Было 6 прадпрыемстваў, якімі валодалі купцы і мяшчане. Выкарыстоўваліся конныя рухавікі і вадзяное кола. Выраблялі скуры рознага гатунку: для простага абутку, шчыгрын (мяккая, шурпатая авечая ці казіная скура, аздобленая адмысловым узорам), гамбургскі тавар з конскіх скур, а таксама шавецкія загатоўкі. На кожным прадпрыемстве працавала ад некалькіх да 95 чалавек. За год выраблялі 2—7 тыс. пудоў скур (1885).

т. 2, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁНКА, бронзаўка касматая (Epicometis hirta),

жук сям. пласцініставусых. Пашыраны ў Еўропе ад лясной зоны да гор Крыма і Каўказа.

Даўж. да 13 мм, цела матава-чорнае. Надкрылы з жаўтаватымі плямамі. Зверху густыя жоўта-шэрыя валаскі (адсюль другая назва). Лятае вясной і напачатку лета, жывіцца кветкамі і пупышкамі пераважна пладовых дрэў, а таксама злакамі. Зімуе ў глебе, вясной адкладвае 15—20 яец. Поўнасцю развіваецца за год. Шкодзіць дэкар. і пладовым раслінам.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАЙКЕ́ВІЧ Ян Андрэй Гінтоўскі (1599 ці 1609—1674),

бел. і польскі пісьменнік, педагог, царкоўны дзеяч. Са шляхецкага роду Андрайкевічаў герба «Побуг» Ваўкавыскага пав. Быў рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума. Аўтар «Мемарыяла бессмяротнай памяці...» (Вільня, 1667), дзе змешчаны партрэты і гербы Сапегаў, а таксама твора «Гарчычнае зерне горкай пакуты... Хрыста...» (Вільня, 1673), перавыдадзенага ў Вільні (1688, 1757), Замосці (1701), Калішы (1746, 1756), Кракаве (1881); у 1719 перакладзены на ням. мову.

У.​Г.​Кароткі.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСЕРМЭ́ (Ansermet) Эрнест (11.11.1883, г. Веве, Швейцарыя — 20.2.1969),

швейцарскі дырыжор, кампазітар. У 1915—23 муз. кіраўнік трупы «Рускі балет С.​Дзягілева». Арганізатар і кіраўнік (з 1918) аркестра Раманскай Швейцарыі. Адзін з лепшых інтэрпрэтатараў музыкі франц. імпрэсіяністаў, а таксама І.​Стравінскага (кіраваў першай паст. «Гісторыі салдата», 1918, Лазана, і інш.). Аўтар муз. твораў, кніг «Гутаркі аб музыцы» (1963, рус. пер. 1976); «Артыкулы аб музыцы і ўспаміны» (1971, рус. пер. 1986).

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БА-АФРЫКА́НСКІ МІЖНАРО́ДНЫ БАНК (Arab-African International Bank; ААМБ),

міжнародная фінансавая акцыянерная камерцыйная ўстанова. Засн. ў 1964 як Араба-Афрыканскі банк. Акцыянеры ААМБ: Егіпет, Алжыр, Ірак, Іарданія, Кувейт, Катар, а таксама 2 камерцыйныя банкі — Саюз арабскіх і франц. банкаў (Францыя) і Араба-Афрыканскі банк (Маўрытанія). Месца знаходжання — Каір. ААМБ мае на мэце стаць магутным фін. ін-там на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы, здольным пацясніць пазіцыі банкаўскіх устаноў зах. краін.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЗНІ́,

кліматабальнеалагічны курорт у Арменіі. У цясніне р. Раздан на выш. 1300 м, паблізу Ерэвана. Засн. ў 1925. Клімат умерана цёплы з гарачым летам і цёплай восенню. Субтэрмальныя мінер. воды, прыдатныя на ванны, арашэнні, кішэчныя прамыванні, піццё. Санаторыі спецылізаваныя на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама спадарожных хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, гінекалагічнай сферы. Завод па разліву мінер. вады «Арзні». Паблізу арх. комплексы Эчміядзіна, Гегарда, крэпасці Гарні, воз. Севан.

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБІ́СТЫ НУ́МАР (ваен.),

умоўны нумар (знак), які надаецца афіцэрам Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь адначасова з прысваеннем 1-га афіцэрскага звання для іх персанальнага ўліку.

Асабісты нумар — металічны жэтон устаноўленага ўзору, на якім нанесена вял. літара кірылічнага алфавіту і шасцізначная лічба (напр., А-100105). Захоўваецца за афіцэрамі на ўвесь час службы ва ўзбр. сілах і занатоўваецца ў дакументах персанальнага ўліку. Ва ўзбр. сілах інш. дзяржаў таксама ёсць адпаведныя знакі персанальнага ўліку.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ О́ПТЫКА-МЕХАНІ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БелОМА). Створана ў 1971 на базе Мінскага мех. з-да

(галаўное прадпрыемства, працуе з 1957, выпускаў фотаапараты і станкі для апрацоўкі аптычных дэталяў). Уключае з-ды «Зеніт» (г. Вілейка),

«Дыяпраектар» (г. Рагачоў), «Свет» (г. Жлобін) і ЦКБ «Пеленг» (г. Мінск). Спецыялізуецца па выпуску фота-, відэа-, дыяпраектарнай, мед. і экалагічнай тэхнікі, назіральных прылад, оптыкі для акуляраў, перыферыйных устройстваў для вылічальнай тэхнікі, а таксама оптыка-электронных сістэм абарончага прызначэння.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)