БАРЫСО́ЎСКІ (Вадзім Васілевіч) (19.1.1900, Масква — 2.8.1972),

рускі альтыст, выканаўца на віёль д’амур, педагог. Нар. арт. Расіі (1965). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1922), з 1935 яе прафесар. Адзін са стваральнікаў сав. альтовай школы. Арганізатар і ўдзельнік Квартэта імя Л.​Бетховена (1923—66). Першы выканаўца многіх твораў для альта сучасных кампазітараў, а таксама адноўленай ім незакончанай санаты для альта і фп. М.​Глінкі. Аўтар апрацовак і транскрыпцый твораў для альта, віёль д’амур і інш. інструментаў.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЛАЎ (Мікалай Пятровіч) (6.12.1899, Масква — 10.11.1937),

рускі акцёр. Засл. арт. Расіі (1933). З 1916 у трупе МХТ. Яго мастацтву ўласцівы тэмперамент, абаяльнасць, пачуццё гумару. Майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Васька Окарак («Браняпоезд 14-69» У.​Іванава), Луп Кляшнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля). З 1923 здымаўся ў кіно: «Аэліта», «Маці», «Пуцёўка ў жыццё» і інш.

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙБУТАЎ (Рашыд Маджыд аглы) (14.12.1915, Тбілісі — 9.6.1989),

азербайджанскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1980). З 1944 саліст Бакінскай філармоніі, у 1953—60 — Азерб. т-ра оперы і балета. Заснавальнік (1966) і кіраўнік Азерб. т-ра песні. Сярод партый Балаш («Севіль» Ф.​Амірава), Аскер («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава; здымаўся ў аднайм. кінафільме). Дзярж. прэмія СССР 1946; Дзярж. прэмія Азербайджана 1978.

Літ.:

Абасова Э. Рашид Бейбутов. Баку, 1965.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕК-НАЗА́РАЎ (Бекназаран) Амо

(Амбарцум) Іванавіч (31.5.1892, Ерэван — 27.5.1965),

акцёр і рэжысёр кіно, сцэнарыст. Нар. арт. Арменіі (1935). Адзін з заснавальнікаў кінамастацтва Арменіі, Грузіі, Азербайджана. Лепшыя фільмы — гістарычныя і экранізацыя твораў арм. класікі: «Намус» (1925), «Дом на вулкане» (1928), «Севіль» (1929), «Пэпо» (1935), «Зангезур» (1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Давід-Бек» (1944), «Насрэдзін у Хаджэнце» (1959, з Э.​Карамянам). Яго фільмы вылучаліся тэмпераментам, нац. каларытам. Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў. Яго імя прысвоена кінастудыі «Арменфільм».

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў б. СССР, з 1992 у Расіі; адна з формаў аўтаноміі (да кастр. 1977 — нацыянальная акруга). Уваходзіць у склад краю ці вобласці. На 1995 у Расіі 10 аўтаномных акруг: Агінская Бурацкая, Карацкая, Комі-Пярмяцкая, Ненецкая, Таймырская (Даўгана-Ненецкая), Усць-Ардынская Бурацкая, Ханты-Мансійская, Чукоцкая, Эвенкійская, Ямала-Ненецкая (пра кожную гл. асобны арт.). Некаторыя аўтаномныя акругі абвясцілі сябе рэспублікамі, але паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі іх статус застаецца нязменным.

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАМБАМЁТ,

артылерыйская гармата для навясной стральбы асколачнымі гранатамі і бомбамі. Калібр 20—152 мм. У 1-ю сусв. вайну бамбамёты былі на ўзбраенні многіх армій. Будовай падобныя да мінамётаў, аднак зараджаліся з казённай часткі. Выкарыстоўваліся як гарматы суправаджэння пяхоты ў баі для знішчэння праціўніка ў траншэях і акопах; саступілі месца мінамётам. На сучасных надводных ваен. караблях бамбамёты — устаноўкі для стральбы глыбіннымі бомбамі па падводных лодках і тарпедах.

Да арт. Бамбамёт. Рэактыўная бамбамётная ўстаноўка.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУМАХМА́ТАЎ (Асанхан Джумахматавіч) (н. 16.7.1923, г. Арашан, Кыргызстан),

кіргізскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1958, клас Б.Хайкіна). З 1948 дырыжор (з перапынкам), у 1973—83 гал. дырыжор Кіргізскага т-ра оперы і балета. У 1962—76 адначасова гал. дырыжор Аркестра нар. інструментаў імя К.​Арозава, з 1969 Сімф. аркестра радыё і тэлебачання Кыргызстана. Муз. кіраўнік многіх оперных і балетных спектакляў. Старшыня Кірг. муз. т-ва (з 1987). Дзярж. прэмія Кыргызстана 1972.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САЎ (Павел Ферапонтавіч) (н. 26.8.1911, г. Шахты, Расія),

бел. музыкант, трубач. Засл. арт. Беларусі (1954). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1935—38). З 1938 у аркестры Свярдлоўскага т-ра оперы і балета. У 1944—67 першы трубач і канцэртмайстар групы труб Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вёў клас трубы ў Бел. кансерваторыі (1944—69) і Мінскім муз. тэхнікуме (1944—65). Кіраўнік самадз. духавых аркестраў у Мінску (1970—75) і Маскве (1976).

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭДНО́ЎТ (англ. dreadnought літар. бясстрашны),

клас лінейных караблёў, якія ў пач. 20 ст. замянілі эскадраныя браняносцы. Мае адзіныя калібры ўсёй гал. і проціміннай артылерыі, павялічаную скорасць руху (у параўн. з браняносцамі), процімінную ахову, рамбічнае размяшчэнне артыл. вежаў і інш. Першым з іх у 1906 пабудаваны англ. лінкор, які меў назву «Д.»; у Расіі Д. тыпу «Севастопаль» праектаваліся і будаваліся з 1909 пад кіраўніцтвам А.М.Крылова і І.​Р.​Бубнава.

Да арт. Дрэдноўт. Англійскі карабель «Дрэдноўт».

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЯНЕ́ЦКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ўсходнепалескай школы (гл. ў арт. Палескія школы дойлідства). Пабудавана ў 1718 у в. Дубянец (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.). Мае рысы стылю барока. Трохзрубны аб’ём глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага бабінца (у 19 ст. да яго прыбудавана званіца), квадратных у плане нефа і алтара з рызніцай. Неф завершаны масіўным светлавым васьмерыковым барабанам, накрытым купалам. Сцены гарызантальна ашаляваныя. У інтэр’еры ветразі барабана аздоблены размалёўкай.

Дубянецкая Прачысценская царква.

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)