НАЎСІКА́Я, Наўзікая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара феакаў (жыхароў казачнага в-ва Схерыя) Алкіноя. Паводле «Адысеі», Н., дзеянні якой накіроўвала багіня Афіна, сустрэла на беразе мора Адысея, якога напярэдадні бура выкінула на востраў феакаў. Н. накарміла і апранула Адысея, падказала яму, як прайсці да палаца Алкіноя і дамагчыся ад феакаў дапамогі ў вяртанні дадому. Паводле аднаго з міфаў, сын Адысея Тэлемах пасля смерці бацькі ажаніўся з Н. і меў ад яе сына Персептоліса.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПУС (лац. opus праца, твор),

музычны твор з нададзеным яму пры публікацыі парадкавым нумарам, часам зборнік твораў аднаго жанру, пазначаных адным нумарам. Напачатку (з канца 16 ст.) нумар О. ставіў выдавец. Пачынаючы з Л.​Бетховена, кампазітары пры публікацыі сваіх твораў самі пазначаюць нумар О. (напр., opus 17 або варыяцыі ор. 17). Пры выданні твораў кампазітарскай спадчыны выкарыстоўваюць абазначэнне opus posthumum (о́пус по́стумум, лац. — пасмяротны твор, скароч. ор. posth.). У пераносным значэнні О. — увогуле твор, праца.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКАПАЛАЖЭ́ННЕ, хіратонія,

абрад узвядзення ў свяшчэнніцкі сан (дыякана, свяшчэнніка, епіскапа і інш.) у хрысціянстве. У праваслаўі і каталіцызме разглядаецца як таінства, калі пры ўскладанні рук вышэйстаячага служыцеля культу на галаву таго, каго пасвячаюць, яму як бы перадаецца «боская ласка». У пратэстанцкіх цэрквах праз Р. пасвячаюцца на служэнне прэсвітэры, дыяканы і інш. служыцелі, выбраныя царквой. У шэрагу пратэстанцкіх цэркваў, прынята рашэнне аб Р. таксама і жанчын не толькі ў сан дыякана, але і прэсвітэра.

т. 13, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́МАР Віктар Андрэевіч (2.3.1919, в. Пеліка Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.5.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, удзельнік баёў на Украіне, у Румыніі. Радавы Т. вызначыўся 30.5.1944 у баі каля с. Кірчыц (Румынія); з групай знішчальнікаў танкаў падбіў 2 танкі і бронетранспарцёр праціўніка, у крытычны момант бою са звязкай гранат кінуўся пад варожы танк і падарваў яго. У пас. Чырвоны Сцяг Смалявіцкага р-на яму пастаўлены помнік.

В.А.Тумар.

т. 16, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСАЧО́Ў Аляксандр Фёдаравіч (23.11.1907, Масква — 22.11.1949),

бел. харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1942). Скончыў Маск. муз. тэхнікум імя Кастр. рэвалюцыі (1930), вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі. Кіраваў армейскімі хар. аматарскімі калектывамі. З 1938 маст. кіраўнік і дырыжор арганізаванага ім Ансамбля песні і танца БВА. Яму ўласцівы музыкальнасць, тонкі густ, імкненне да чысціні хар. гучання. Аўтар ваенна-патрыят. песень, у т. л. «Песні пра Даватара», «Песні пра Бялова», апрацовак бел. нар. песень для ансамбля.

Б.​С.​Смольскі.

т. 16, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ШНІК,

пасада (урад) у Польшчы ў 13—18 ст. і ў ВКЛ у 15—18 ст. Загадваў віннымі скляпамі князя або караля, у час застолля падносіў яму чашу з віном. У Польшчы з 14 ст. ганаровы тытул. У ВКЛ Ч. вял. князя вядомы з 1409. Пры двары вял. кн. Аляксандра [1492—1506] было некалькі Ч. З цягам часу пасада ператварылася ў намінальную. У паветах існавалі павятовыя Ч. З 17 ст. ўсталявалася польская форма назвы пасады — чэснік.

т. 17, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК ВАЕ́ННЫ,

ваенна-паліт. саюз або пагадненне дзяржаў для сумесных дзеянняў у вырашэнні агульных паліт., эканам. і ваен. задач. Ствараюцца пераважна ў мірны час.

Блокі ваенныя існавалі са стараж. часоў. У гісторыі найб. вядомыя блокі ваенныя: ваен. саюз Францыі, Даніі, Швецыі, Галандыі і італьян. дзяржаў супраць Іспаніі ў Трыццацігадовай вайне 1618—48, «Паўночны саюз» (Расія, Данія, Рэч Паспалітая, Саксонія, пазней Францыя і Турцыя), які выступіў супраць Швецыі ў Паўночнай вайне 1700—21, і інш. Да 1-й сусв. вайны ўтварыліся 2 асн. блокі ваенныя: Траісты саюз 1882 (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія); яму процістаялі ваен. саюз Францыі і Расіі (1892) і Антанта — саюз Вялікабрытаніі і Францыі (1904), якія ў 1907 аб’ядналіся ў «Траістую згоду» («Траістая Антанта) — саюз Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны створаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт» 1936 паміж Германіяй і Японіяй, да якога далучыліся ў 1937 Італія, у 1939 Венгрыя, Іспанія і інш. Яму процістаяла антыгітлераўская кааліцыя (1942), у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя і інш. (усяго 26 краін). У перыяд «халоднай вайны» ўзнікла сістэма блокаў ваенных, гал. сярод якіх Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО, 1949) і Варшаўскі дагавор 1955 (распушчаны ў 1991). Створаны таксама Арганізацыя дагавору Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО, 1954), Арганізацыя Цэнтральнага дагавору (1955), Азіяцка-Ціхаакіянскі савет (АЗПАК, 1966), Ціхаакіянская ваенная групоўка (АНЗЮС, 1971).

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Прачыстай Божай Маці,

фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял. кн. літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.​Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх. рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.​Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.​Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.​Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.​Генеберг) і 1935 (арх. А.​Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.

А.​М.​Кушнярэвіч, А.​У.​Мілінкевіч, Е.​Пашэнда.

Гродзенскі фарны касцёл.

т. 5, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДАРАХМА́Н III ан-Насір

(Перамаганосны; 7.1.891—961),

эмір (з 912), халіф (з 929) Кардоўскага эмірата. У выніку 30-гадовай барацьбы з мясц. феадаламі і плямёнамі аднавіў адзінства эмірата, які распаўся пры яго папярэдніках. Падначаліў Сеуту (Марока), Таледа (Іспанія); яму плацілі даніну Леон і Навара. Устанавіў дыпламат. адносіны з Візантыяй і Атонам I у Германіі. Стварыў мацнейшы на Міжземным моры флот. Сфарміраваў гвардыю з еўрап. (пераважна славянскіх) рабоў. Спрыяў развіццю навук і мастацтва. Яго праўленне — вяршыня магутнасці кардоўскіх Амеядаў.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІ СТАДЫЯ́Л,

апошні на тэр. Беларусі стадыял дняпроўскага зледзянення. Адбыўся 140—230 тыс. г. назад у час распаду ледавіковага покрыва. Ледавіковы фронт займаў паўн. частку Беларускай грады, яму былі ўласцівы актыўныя асцыляцыі, што стварылі разнастайныя гляцыядыслакацыі. У час Ашмянскага стадыялу ўзніклі ледавікова-акумулятыўныя ўзвышшы паўн. галіны Беларускай грады (Ашмянскае, Докшыцкая галіна Мінскага узв. і інш.) і марэнна-водналедавіковы рэльеф каля яе падножжа. Некаторыя даследчыкі антрапагену Беларусі лічаць, што Ашмянскі стадыял адбыўся ў час сожскага зледзянення.

М.​Я.​Камароўскі.

т. 2, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)